Прыватнае жыцьцё дрэваў

Пераклад: 
сучасная чылійская проза па-беларуску, псыхалягічная, чылійская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(урывак)

У мяне няма ўспамінаў пра дзяцінства.
  Жорж Пэрэк

...як прыватнае жыцьцё дрэваў
   або тапельцаў.
  Андрэс Анвандтэр

Хульян забаўляе дачушку «Прыватным жыцьцём дрэваў» – цыклам гісторый, якія ён прыдумаў, каб яна хутчэй засынала. Пэрсанажы – топаль і баабаб, што ўначы, калі іх ніхто ня бачыць, гутараць пра фатасынтэз, вавёрак ці пра незьлічоныя выгады быцьця дрэвам, а не чалавекам ці жывёлінай або, як яны кажуць, тупым кавалкам цэмэнту.

Даньеля – не ягоная дачка, але ён ня можа ня думаць пра яе як пра дачку. Хульян прыйшоў у сям'ю тры гады таму, так, прыйшоў менавіта ён, Вэроніка з дачушкай ужо былі, гэта ён ажаніўся з Вэронікай, і ў пэўным сэнсе таксама з Даньеляй, якая спачатку яго не любіла, але паступова пагадзілася з сваім новым жыцьцём: Хульян больш брыдкі за майго тату, але ўсё адно сымпатычны, казала яна сяброўкам, якія зь нечаканай і нават трагічнай сур'ёзнасьцю згодна ківалі галовамі, быццам адразу зразумелі, што прыход Хульяна – не выпадковасьць. Зь цягам месяцаў айчым нават займеў сваё месца ў школьных малюнках Даньелі. Адзін зь іх Хульян паставіў так, каб заўжды яго бачыць: на ім яны ўтраіх, на пляжы, малая з Вэронікай лепяць зь пяску пірожныя, а ён, апрануты ў сінія джынсы і кашулю, чытае і курыць пад беззаганна круглым і жоўтым сонцам.

Хульян больш брыдкі за тату Даньелі, затое маладзейшы за яго; ён больш працуе і менш зарабляе, больш курыць і менш п'е, менш займаецца – зусім не займаецца – спортам, і больш ведае пра дрэвы чым пра краіны. Ён не такі бледны і не такі просты, але большы разява за Фэрнандо – Фэрнандо, так зваць бацьку Даньелі, ён жа мусіць неяк звацца, не такі ўжо ён і вораг Хульяну ці камусьці яшчэ. У сапраўднасьці ворагаў няма. Праблема менавіта ў гэтым: у гэтай гісторыі няма ворагаў: у Вэронікі няма ворагаў, у Фэрнандо няма ворагаў, ані ў Даньелі, калі не лічыць таго хлопчыка, які ў жыцьці апроч грымасаў больш нічога ня робіць.

Часам Фэрнандо – пляма на жыцьці Даньелі, але хто ж час ад часу не бывае плямай на чыімсьці жыцьці.
Хульян – гэта Фэрнандо мінус пляма, але часам наадварот, Фэрнандо – гэта Хульян мінус пляма.
А Вэроніка – яна хто:

На цяперашні момант Вэроніка – гэта хтосьці, хто пакуль не прыйшоў дамоў, не вярнуўся яшчэ з свайго ўроку маляваньня, Вэроніка – хтосьці, каго амаль незаўважна не хапае ў сінім пакоі – у пакоі Даньелі, белы пакой – пакой Вэронікі з Хульянам. Ёсьць яшчэ зялёны пакой, які яны называюць гасьцявым, жартам, бо ў тым гармідары кніг, тэчак і алоўкаў спаць было б нялёгка. У якасьці няўтульнай канапы яны паставілі там агромністы куфар, дзе яшчэ колькі месяцаў таму захоўвалася летняя вопратка.

Апошнія гадзіны нармалёвага дня звычайна ўтвараюць дасканалую рутыну: калі Даньеля засынае, Хульян і Вэроніка пакідаюць сіні пакой, а потым, у гасьцявым, Вэроніка малюе, а Хульян чытае. Пэрыядычна яна перарывае яго, ці ён яе перарывае, і гэтыя ўзаемныя ўмяшаньні ператвараюцца ў дыялёгі, гутаркі ні пра што, а часам – у важныя, вырашальныя гутаркі. Потым яны перамяшчаюцца ў белы пакой, дзе глядзяць тэлевізар або займаюцца каханьнем, ці пачынаюць спрачацца – нічога сур'ёзнага, нічога такога, чаго нельга залатвіць адразу ж, яшчэ перад заканчэньнем фільму, ці нешта такое, у чым адзін зь іх абавязкова саступіць: ці таму, што хоча спаць, ці таму, што хоча сэксу. Найчасьцей гэтыя спрэчкі заканчваюцца хуткім і маўклівым сэксам, або наадварот, доўгім, цягам якога яны ня могуць стрымаць кароткіх сьмешак ці стогнаў. Потым настаюць пяць ці шэсьць гадзінаў сну. Пасьля якіх пачынаецца наступны дзень.

Але сёньня не звычайны вечар, прынамсі, пакуль што. Пакуль ён ня пэўны, што заўтра будзе наступны дзень, таму што Вэроніка яшчэ не вярнулася з уроку маляваньня. Калі яна вернецца – аповесьць скончыцца. Але пакуль яна не вяртаецца, кніга працягваецца. Кніга працягваецца да таго моманту, як Вэроніка вернецца ці Хульян ужо будзе пэўны, што яна ня вернецца. На дадзены момант Вэронікі няма ў сінім пакоі, дзе Хульян забаўляе дачушку гісторыяй з прыватнага жыцьця дрэваў.

Акурат цяпер, у бясьпецы бязьлюднага парку, дрэвы абмяркоўваюць горкую долю аднаго дуба, на чыёй кары двое чалавек выдрапалі свае імёны на знак свайго сяброўства. Ніхто ня мае права зрабіць табе татуіроўку без твайго ведама, мяркуе топаль, а баабаб яшчэ больш узрушана кажа: дуб стаў ахвярай подлага вандалізму. Гэтыя людзі мусяць быць пакараныя. Я абшукаю ўсё неба, мора і зямлю, але яны ад мяне не ўцякуць.

Дзяўчынка задзёрыста сьмяецца, не выяўляючы найменшага жаданьня спаць. І задае сур'ёзныя пытаньні – два ці тры, пытаньняў заўжды больш за адно, і яна задае іх зь нецярплівасьцю, прагнучы адказу: Што такое вандалізм, Хульян? Прынясеш мне ліманаду, з трыма лыжачкамі цукру? А вы з мамай калі-небудзь выразалі нешта на дрэве на знак сяброўства?

Хульян адказвае цярпліва, па парадку: Вандалізм – гэта тое, што робяць вандалы, а вандалы – гэта такія людзі, што прычыняюць шкоду толькі дзеля таго каб шкодзіць, ім гэта да спадобы. Так, я прынясу табе ліманаду. Не, мы з тваёй мамай ніколі не выразалі на кары дрэва нашыя імёны.

Спачатку гісторыя Хульяна і Вэронікі не была гісторыяй каханьня. Насамрэч, яны пазнаёміліся хутчэй з мэркантыльных прычын. У той час ён перажываў сьмяротныя сутаргі зацягнутых адносін з Карляй, халоднай і змрочнай жанчынай, якая неўзабаве ператварылася ў ягоную варагіню. У іх не было важкіх падстаў нешта сьвяткаваць, але Хульян усё адно, на рэкамэндацыю аднаго з калег па працы, пазваніў Вэроніцы й замовіў ёй торт «Напалеон», які, канец канцоў, зрабіў народзіны Карлі крыху весялейшымі. Калі Хульян прыехаў забіраць торт да Вэронікі на кватэру, тую самую, дзе яны цяпер жывуць разам, ён убачыў высокую смуглявую жанчыну з доўгімі гладкімі валасамі, чорнымі вачыма, так бы мовіць, тыповую чылійку, з нэрвовай жэстыкуляцыяй, адначасова сур'ёзную й вясёлую; прыгожую жанчыну з дачкой, напэўна замужнюю. Чакаючы ў гасьцёўні, пакуль Вэроніка запакуе торт, Хульян вобмільгам заўважыў бялявы тварык маленькай дзяўчынкі. Тут жа між Даньеляй і ейнай маці адбыўся кароткі дыялёг, упіклівы й сардэчны, будзённы, магчыма, нешта накшталт таргаваньня, чысьціць зубы ці не.

Сказаць, што ў той вечар Хульян закахаўся ў Вэроніку, было б недакладна. Што праўда, мелі месца тры-чатыры сэкунды няёмкасьці, гэта значыць, што Хульяну варта было сысьці адтуль на тры-чатыры сэкунды раней, але ён не сышоў, бо яму было прыемна на тры-чатыры сэкунды даўжэй бачыць цёмнаскуры і дасканалы твар Вэронікі.

Хульян заканчвае апавядаць сваю гісторыю, ён ёю задаволены, але Даньеля ня сьпіць, наадварот, здаецца, яна ажывілася і гатовая працягваць гутарку. Яна абачліва пачынае здалёк, заводзіць пра школу, і ўрэшце зь нічога ніякага прызнаецца яму, што хацела б мець сінія валасы. Ён усьміхаецца, бо думае, што гэта мэтафарычнае жаданьне, накшталт мары паляцець або вандраваць у часе. Але яна зусім сур'ёзна: Дзьве дзяўчынкі і нават адзін хлопчык з нашай паралелі пафарбавалі валасы, кажа Даньеля, я таксама хачу мець прынамсі адну пасму сінюю – а можа чырвоную, яшчэ ня ведаю, мармыча яна, быццам гэта ёй вырашаць. Тэма для Хульяна новая: відаць, сёньня дзяўчынка ўжо гутарыла пра яе з мамай, таму цяпер шукае падтрымкі ў айчыма. І айчым навобмацак спрабуе заняць у гэтай гульні нейкую пазыцыю: Табе ж толькі споўнілася восем гадоў, навошта табе з маленства псаваць сабе валасы, кажа ён, і тут жа прыдумляе цьмяную сямейную гісторыю, якая так ці іначай даказвае, што фарбаваць сабе валасы – гэта вар'яцтва. Дыялёг працягваецца, пакуль дзяўчынка, крыху расчараваная, не пачынае пазяхаць.

Ён глядзіць на Даньелю, якая сьпіць, і ўяўляе сябе самога васьмігадовым хлопчыкам, які сьпіць. Гэта ў яго адбываецца аўтаматычна: Хульян бачыць сьляпога – і ўяўляе сябе сьляпым, чытае добры верш – і ўяўляе, што яго піша, ці што чытае яго ўголас сабе самому, падбадзёраны змрочным гучаньнем словаў. Ён бачыць нейкі вобраз, прымае яго за свой, а пасьля забывае. Магчыма, ён заўжды абмяжоўваўся тым, што ішоў за вобразамі: ён не прымаў рашэньняў, не выйграваў і не прайграваў, проста паддаваўся прыцягненьню пэўных вобразаў і ішоў за імі, бяз страху і без адвагі, пакуль не набліжаўся да іх або пакуль яны не згасалі.

Разьлёгшыся на ложку ў белым пакоі, Хульян запальвае цыгарэту – апошнюю, перадапошнюю, ці можа першую за гэтую доўгую, вельмі доўгую ноч, цягам якой яму наканавана ўзважыць плюсы і мінусы сваёй па шчырасьці досыць туманнай мінуўшчыны. На дадзены момант мітрэнга ягонага жыцьця ўладкаваная: яго запрасілі ў новую сям'ю, у сьвет, дзе яму належыць быць кімсьці накшталт бацькі для Даньелі, дзяўчынкі, якая сьпіць, і мужам Вэронікі, жанчыны, якая ўсё ніяк ня вернецца з свайго ўроку маляваньня. Далейшая гісторыя распадаецца й працягваць яе амаль няма як, але пакуль што Хульян ад яе дыстанцыюецца, каб паглядзець у запісе, з уважлівай і зразумелай зацікаўленасьцю, колішнюю гульню між «Інтэрам» і «Рэгінай». Відавочна, што «Інтэр» вось-вось заб'е, і Хульян нізавошта ў сьвеце ня хоча прапусьціць гэты гол.    

*
Вэроніка была на другім курсе мастацкай вучэльні, калі зьявілася Даньеля і ўсё перамяшала.

Загадзя ўяўляць сабе боль – гэта быў ейны спосаб адчуваць боль, малады яшчэ боль, што нарастаў і зьмяншаўся, а часам, у асабліва цёплыя гадзіны, меў тэндэнцыю зьнікаць. Цягам першых тыдняў цяжарнасьці яна пастанавіла нікому нічога не казаць, ані Фэрнандо, ані найлепшай сяброўцы, хаця, строга кажучы, у яе не было найлепшай сяброўкі, то бок было шмат сябровак, якія ўсе як адна зьвярталіся да Вэронікі па раду, але давер ніколі ня быў узаемным. Той час затойваньня быў апошняй раскошай, якую Вэроніка магла сабе дазволіць, заменьнікам прыватнасьці, прасторай, каб у трывожным спакоі спраектаваць свае далейшыя крокі. Я не хачу быць цяжарнай студэнткай, не хачу быць маладой маці-студэнткай, думала яна; і дакладна ўжо не хацела празь месяц-другі бачыць, як яна ў футарале шырачэзнай і празьмерна квяцістай сукенкі тлумачыць прафэсару, што не змагла падрыхтавацца да іспыту, або, двума гадамі пазьней, падчас заняткаў пакідаць дзяўчынку зь бібліятэкаркамі. У яе выклікала паніку ўява прыдуркаватых абліччаў бібліятэкарак, што рэзка ператвараліся ў верных вартаўніц чужых дзяцей.

Цягам тых тыдняў яна наведала дзясяткі мастацкіх галерэй, бяз боязі задавала выкладчыкам пытаньні, і змарнавала колькі гадзін на спатканьні з навучэнцамі старэйшых курсаў: тыя, як і варта было чакаць, аказаліся невыноснымі мамчынымі сынкамі – слухмянымі дзецьмі, што апавядалі пра тое, якія яны неслухі, і тым ня менш выбіваліся ў людзі раней за сваіх братоў-інжынэраў у прыватным сэктары і сясьцёр-псыхолягаў у адукацыйнай.

Хутчэй раней чым пазьней Вэроніка ўсьвядоміла-такі, што яе бянтэжыла: яна не хацела быць часткай гэтага сьвету, гэта быў зусім ня той сьвет, часткай якога яна магла б быць. З таго часу, штораз, як яе апаноўвалі чорныя думкі пра няскончаную адукацыю, яна прыводзіла ў сваю абарону назапашаныя анты-прыклады. Замест здаровай пагарды да мастацкіх модаў, вызнаваных тым ці іншым выкладчыкам, яна з абурэньнем згадвала заняткі ў двух ці трох шарлятанаў, якія заўжды знойдуць магчымасьць уплішчыцца ў мастацкія ВНУ. І замест таго, каб згадаць шчырыя, праўдзівыя творы сваіх сяброў, яна вярталася ў думках у праставатыя галерэі, дзе выдатнікі ейнага курсу дэманстравалі свае адкрыцьці.

Маладыя мастакі з дасканаласьцю імітавалі дыялект акадэміі і нястомна запаўнялі бясконцыя фармуляры на атрыманьне дзяржаўных стыпэндый. Але хутка грошы скончыліся, і мастакі былі вымушаныя задаволіцца выкладаньнем для аматараў на курсах кшталту тых, на якія цяпер ходзіць Вэроніка, у негасьціннай актавай залі паблізнага муніцыпалітэту. У першай палове дня Вэроніка пячэ слодычы і адказвае на тэлефонныя званкі. У другой палове дня яна разносіць замовы і ходзіць на свае курсы, якія часам яе нудзяць, часам цешаць: яна працуе разьняволена і зацята, у становішчы аматаркі ёй урэшце камфортна. Ужо больш за гадзіну таму яна мусіла вярнуцца з урока, яна пэўна ўжо ў дарозе, думае Хульян, гледзячы тэлевізар. На 88-й хвіліне, насуперак усім прагнозам, «Рэгіна» забівае гол. Матч так і заканчваецца: «Інтэр» 0, «Рэгіна» 1.

На мінулым тыдні Хульяну споўнілася трыццаць гадоў. Сьвята было дзіўнае, адзначанае роспаччу юбіляра. Як некаторыя жанчыны адбаўляюць свае гады, так ён пэрыядычна мае патрэбу накінуць сабе годзік-другі, зірнуць у мінулае з капрызным асадкам горычы. Апошнім часам ён убіў сабе ў галаву, што мусіў быў стаць дантыстам, геолягам або мэтэаролягам. Акурат цяпер яму здаецца дзіўнай ягоная прафэсія: выкладчык. Насамрэч, ягоная прафэсія, думае ён – мець перхаць. Ён уяўляе, як адказвае на пытаньне:
Чым вы займаецеся?
Перхацьцю.

Вядома, ён перабольшвае. Усе мы ў гэтым жыцьці крыху перабольшваем. Калі жыцьцё Хульяна мусіла б мець нейкую пэрыядызацыю, можна было б стварыць яе на падставе індэксу перабольшаньня. Да дзесяці гадоў ён перабольшваў мала, амаль зусім не перабольшваў. А вось зь дзесяці да сямнаццаці пастаянна хлусіў. У васямнаццаць ён стаў спэцыялістам па самых розных спосабах перабольшваньня. З часу, як ён жыве з Вэронікай, перабольшваць ён пачаў значна меней, нягледзячы на цалкам зразумелыя рэцыдывы, што здараюцца зь ім раз-пораз.

Ён выкладае літаратуру ў чатырох унівэрсытэтах у Сант'яго. Ён хацеў бы спэцыялізавацца на чымсьці адным, але закон попыту і прапановы змушае яго да гнуткасьці: ён выкладае і паўночна-амэрыканскую літаратуру, і гішпанаамэрыканскую літаратуру, і нават італьянскую паэзію, хаця па-італьянску не гаворыць. Ён уважліва прачытаў Унгарэцьці, Мантале, Павэзэ, Пазаліні, а таксама навейшых паэтаў, такіх як Патрыцыя Кавальлі і Валер'ё Магрэльлі, але ён ні ў якім разе ня знаўца італьянскай паэзіі. Зрэшты, у Чылі ня так цяжка выкладаць італьянскую паэзію бяз веданьня італьянскай: Сант'яго поўнае выкладчыкаў ангельскай, якія ня ведаюць ангельскай, і дантыстаў, што ледзь-ледзь здолеюць вырваць зуб – а таксама асабістых трэнэраў з абтлусьценьнем і настаўніц ёгі, якія ня могуць весьці заняткі, не прыняўшы перад гэтым грунтоўнай колькасьці супакаяльнага. Дзякуючы сваёй несумненнай здольнасьці да імправізацыі, Хульян звычайна з гонарам выходзіць з сваіх пэдагагічных авантур. Ён заўжды ўмее ўратаваць сытуацыю, прыкрыўшыся якой-небудзь фразай з Вальтэра Бэньяміна, Борхэса ці Ніканора Парры.

Ён выкладае, а па нядзелях піша. Бываюць тыдні, у якія ён працуе калі толькі можа, у апантаным рытме, нібыта ў яго наперадзе дэдлайн. Гэта ён называе «гарачай парой». Але нармалёвай для яго ў любым разе ёсьць «халодная пара», калі ён адкладае свае літаратурныя амбіцыі да нядзелі, гэтак жа як іншыя прысьвячаюць выходныя загараднаму ўчастку, цясьлярству ці алькагалізму.

Кагадзе ён дапісаў караценькую кніжку, праца над якой заняла ў яго некалькі гадоў. Спачатку ён зьбіраў для яе матэрыял: назьбіралася амаль трыста старонак, але потым пачаў выкідаць цэлыя пасажы, быццам хацеў ня скласьці гісторыі ў адну, а адняць адну ад другой, ці зусім іх сьцерці. Вынік мізэрны: вымучаны стосік сарака шасьці аркушаў, якія ён намагаецца з усіх сіл лічыць раманам. Хаця яшчэ сёньня ўвечары ён прыйшоў да высновы, што кнізе варта даць адпачыць некалькі тыдняў, цяпер ён выключыў тэлевізар і ўзяўся ў чарговы раз чытаць рукапіс.

Цяпер ён чытае: спрабуе ўдаваць, быццам ня ведае працягу гісторыі, і ў пэўныя моманты яму гэта ўдаецца – яго апаноўвае наіўнасьць і нерашучасьць, калі ён пераконвае сябе, што ў яго перад вачыма тэкст некага іншага. Аднак няправільна пастаўленая коска ці немілагучны зьбег літар, тым ня менш, штораз вяртаюць яго ў рэальнасьць; тады ён зноў робіцца аўтарам, аўтарам чагосьці, – гэткі сам сабе паліцыянт, што штрафуе сябе за ўласныя памылкі, перабольшаньні, сарамлівасьць. Ён чытае, ходзячы па пакоі: яму варта было б прысесьці ці прылегчы, але ён застаецца на нагах, з напятай сьпінай, не набліжаючыся залішне да лямпы, нібы баіцца, што большы паток сьвятла зьвідочніць новыя недакладнасьці ў рукапісе.

Першы вобраз – вобраз маладога чалавека, які спрабуе вырасьціць бансай. Калі б Хульяна папрасілі падсумаваць зьмест ягонай кнігі, ён напэўна адказаў бы, што яна пра маладога чалавека, які спрабуе вырасьціць бансай. Можа, ён не сказаў бы «маладога чалавека», а проста ўдакладніў бы, што галоўны герой – ня хлопчык, ня сталы чалавек і не стары. Аднойчы, колькі гадоў таму, ён абмяркоўваў гэты вобраз з сваімі сябрамі Сэрхьё і Бэрнардытай: чалавек сам-насам з сваім бансаем, клапоціцца пра яго, узрушаны магчымасьцю стварыць сапраўдны твор мастацтва. Празь некалькі дзён яны змовіліся і пажартавалі: падаравалі яму маленькі вяз. Каб ты напісаў сваю кнігу, сказалі яны.

У той час Хульян жыў адзін, ці меней-болей адзін, гэта значыць, з Карляй, гэтай дзіўнай жанчынай, што мусіла неўзабаве стаць ягонай варагіняй. Карля ў тую пару амаль не бывала дома, і асабліва імкнулася ня быць дома тады, калі Хульян вяртаўся з працы. Зрабіўшы сабе гарбаты зь лікёрам «амарэта» – сёньня гэтая ўява яго гідзіць, але тады ён быў вялікі аматар гарбаты з «амарэта» – Хульян займаўся дрэвам. Ня толькі ставіў яго ў ваду ці падразаў, калі было трэба: ён на працягу як мінімум гадзіны за ім назіраў, чакаючы, напэўна, што яно зварухнецца, гэтак жа як некаторыя дзеці ўначы доўга ляжаць нішчачкам у ложку і засяроджваюцца на думцы, што зараз будуць расьці.

Толькі паназіраўшы за тым, як расьце бансай, Хульян сядаў пісаць. Бывалі плённыя ночы, калі ён запаўняў старонкі а старонкі зь нечаканай пэўнасьцю. А бывалі горшыя ночы, калі ён быў няздольны пасунуцца далей за першы абзац: сядзеў на мелі перад экранам кампутара, незасяроджаны і нецярплівы, быццам чакаў, што кніжка напішацца сама. Ён жыў на трэцім паверсе, насупраць пляцу Нюнёа. На першым паверсе дома быў бар, адкуль даносіўся хаос галасоў і нязмоўчная аддача музыкі тэхна. Яму падабалася працаваць на фоне гэтага гоману, хаця час ад часу нейкая асабліва сьмешная ці грубая гутарка абавязкова адцягвала ягоную ўвагу. Яму запамятаўся, у прыватнасьці, прапіты голас жанчыны старэйшага веку, што заўсёды расказвала першаму-лепшаму пра сьмерць ейнага бацькі, а таксама панічны лямант падлетка, які адной зімовай раніцы бажыўся, што больш ніколі ня будзе трахацца без гандону. Ня раз ён думаў, што мела б сэнс захаваць гэтыя галасы, занатаваць іхныя дыялёгі; ён бачыў, як мора словаў падымаецца зьнізу да вакна, ад вакна да вуха, да рукі, пераліваецца ў кнігу. У гэтых выпадковых бачынах было б, без сумневу, больш жыцьця, чым у той кнізе, якую ён заплянаваў. Але замест таго, каб скарыстаць з гісторый, якія сам лёс даваў у ягонае распараджэньне, Хульян упарта важдаўся з сваёй ідэяй-фікс пра бансай.

*
Вон з майго дому мудак.

Неяк увечары, вярнуўшыся з працы, Хульян знайшоў гэтае паведамленьне, якое было тоўстымі мазкамі намаляванае на сьцяне гасьцёўні. Праз пэўную любоў да жахлівых дэталяў ён падумаў, што паведамленьне напісанае крывёй. І хаця потым ён наткнуўся на бляшанку з фарбай і знайшоў некалькі пралітых кропель на дыване, у ягонай памяці засталася зафіксаванай гэтая несапраўдная сцэна: да сёньня ён часам зьдзіўляе сябе тым, што ўяўляе, як Карля надразае сабе скуру і мачае ківун у лужыну крыві, якая ўсё павялічваецца. Да сёньня ён лічыць несправядлівым, што ягоная дзяўчына напісала на сьцяне гасьцёўні «мудак», бо ў гэтай гісторыі ён быў кім-заўгодна, толькі не мудаком. Ён быў ідыётам, прыдуркам, нечульлівым, эгаістам, але ніяк не мудаком. Зрэшты, былі часы, калі кватэра была для іх супольнай, гэта Карля раптам пачала яго цурацца. Хульян хутка, амаль імгненна зьмірыўся з адсутнасьцю Карлі, і гэта была ягоная адзіная памылка – неабходная памылка, думае ён цяпер, калі Карлі больш няма: яна назаўжды пакінула ягонае жыцьцё.

З валізай у адной руцэ і бансаем у другой Хульян у той жа вечар сышоў з кватэры, а наступныя тыдні правёў у поўным запоі, начуючы па хатах сяброў, ахвочы апавесьці сваю гісторыю любому, хто захацеў бы яе выслухаць. Але апавядаць яе ён ня ўмеў. Ён спрабаваў трымацца за некалькі канкрэтных рысаў сваёй нядаўняй мінуўшчыны, але гэтых рысаў было няшмат, пра што Хульян добра ведаў. Табе нават пяць брэнды з колай язык не разьвязалі, сказаў яму неяк ягоны сябар Вісэнтэ пасьля доўгіх начных пасядзелак. І меў рацыю. Між тым бансай вельмі цярпеў ад перамен месца жыхарства. Нягледзячы на Хульянавы спробы яго даглядаць, пакуль яны зь ім дасягнулі пункту прызначэньня, дрэўца пачало ўжо засыхаць.

Давялося б напісаць не адзін абзац ці можа нават цэлую кнігу, каб патлумачыць, чаму Хульян не правёў той час у доме сваіх бацькоў. Пакуль будзе дастаткова сказаць, што ў тыя гады Хульян гуляў у гульню «адсутнасьць сям'і». Ёсьць людзі, якія гуляюць у наяўнасьць сям'і: арганізоўваюць нудныя сустрэчы, дзе пасьля тостаў і загадзя падрыхтаваных фразаў адбываюцца пасьпешлівыя замірэньні. Хульян, наадварот, гуляў у тое, што сям'і ў яго няма: былі сябры, вельмі добрыя і меней добрыя, але сям'і не было.

Аднае нядзелі, прагледзеўшы ў газэце абвесткі пра здачу жыльля, ён натрапіў на адрас былой кватэры Вэронікі. Трэці паверх, кааператыў побач зь Ля Рэйна, далёка ад цэнтру, завялікая для аднаго чалавека і задарагая для выкладчыка без катэгорыі. Хульян шукаў цесную і танную кватэру, бярлог, у якім бы мог пачаць новае жыцьцё, ня надта адрознае ад старога, таму ў тую нядзелю ён паслухаўся здаровага сэнсу і адкінуў гэтую ідэю. Але ж у наступную нядзелю ён зноў убачыў тую ж абвестку, і тут ужо здаровага сэнсу не паслухаўся: не марудзячы, выдаўся зірнуць на кватэру, а сам думаў, што яму будзе прыемна вярнуцца ў месца, дзе калісьці жыла Вэроніка. Даехаўшы, ён тут жа пазнаў крыху ідыёцкую ўхмылку кансьержа і назолістую жоўць біручынаў, падстрыжаных, падумалася яму, зь нейкай незразумелай мастацкай задумай. Высознага кактусу на двары ані тлустых чорных кратаў на вокнах ён ня памятаў, але месца яму спадабалася, спадабаліся балконы, і што дзеці ў чаканьні абеду ганялі туды-сюды на роварах.

Замест Вэронікі з Даньеляй ён убачыў тры ня самыя вялікія пакоі і ўжо знаёмую яму гасьцёўню. Для Хульяна, ягоных некалькіх кніг і паўдохлага бансая месца было зашмат, але ён ужо прыняў рашэньне: патаргаваў з гаспадаром, каб крыху зьнізіць кошт, і заключыў шаламкаваты кантракт, які меўся дакладна прымусіць яго браць болей заняткаў ці арганізаваць для падлеткаў з раёну якую-небудзь вандроўную паэтычную майстроўню.

Гэтак ён і пачаў жыць у той паўпустой кватэры. А восьмай раніцы выходзіў, прыцемкам прыходзіў, замыкаўся і пісаў, назіраючы за беспаваротнай агоніяй свайго дрэўца.

Аднаго вечара Сэрхьё з Бэрнардытай прыйшлі да яго ў пераведы. У ягонай халасьцяцкай хаце быў недахоп лыжак, рондляў, падушак, попельніц, лямпаў, дый пара фіранак не зашкодзіла б – таму Хульяну было крыху сьмешна, калі ён дзякаваў гасьцям за падарункі: кніжку Джанэт Ўінтэрсан і неверагодную колькасьць араматычных сьвечак ды крыштальных куляў, якія Бэрнардыта тут жа разьмеркавала па ўсіх кутах кватэры.

Папрасіўшы прабачэньня за незайздросны лёс бансая, Хульян апавёў ім пра тое, пра што насамрэч хацеў апавесьці: што ён ужо быў у гэтай кватэры раней, пазнаёміўся з папярэднімі наймальнікамі (ён ужыў гэтае крыху пампэзнае слова, наймальнікі), маладзіцай і ейнай дачкой. Было няцяжка заўважыць у ягоным аповедзе пэўную таямнічую ўрачыстасьць, штосьці накшталт захапленьня, якое, здалося ягоным сябрам, гаварыла само за сябе.

Таму ты і зьняў гэтую кватэру, сказала Бэрнардыта зь мілай іроніяй у голасе. Празь любоў да супадзеньняў.
Не, адказаў Хульян, засаромеўшыся. З націскам, і нават зь непатрэбнай рэзкасьцю, ён запярэчыў: Я яе зьняў, бо яна мне пасавала.
Ды прызнайся, Хульян, сказаў Сэрхьё. Ты яе зьняў, бо абчытаўся кніжак Пола Остэра.

Сэрхьё з Бэрнардытай ня здолелі стрымаць неабачлівага выбуху сьмеху. Хульян таксама засьмяяўся, але без асаблівага жаданьня, дакладней, з жаданьнем, каб ягоныя сябры выйшлі й вярнуліся толькі пасьля таго, як у іх пройдзе прыступ рогату. Праз тую падколку Хульян перастаў чытаць раманы Пола Остэра. Ён нават некалькі разоў адгаворваў ад іх чытаньня іншых, аргумэнтуючы тым, што Остэр, за выключэньнем некалькіх старонак з «Вынаходжаньня самоты», гэта ўсяго толькі разбаўлены вадою Борхэс.

Але гэта ўжо іншая, пабочная гісторыя, якая тут не дарэчы – хаця, магчыма, было б лепей выдацца па зманлівым сьледзе, Хульяну дзіка спадабалася б дылетанцкая кніга, поўная зманлівых сьлядоў. Без сумневу, нашмат лепей было б упасьці зараз на падлогу і рагатаць, ці састроіць красамоўную пагардлівую грымасу. Лепей было б закрыць кнігу, закрыць усе кнігі, і проста зірнуць у твар – не, не жыцьцю, яно надта вялікае, а крохкай канструкцыі цяперашняга. Але пакуль што гісторыя працягваецца і Вэроніка не прыходзіць, гэта трэба падкрэсьліць тысяча і адзін раз, каб было бачна: калі яна вернецца, аповесьць скончыцца, кніга будзе працягвацца, пакуль Вэроніка ня вернецца ці пакуль Хульян ня будзе пэўны, што яна ўжо ня вернецца.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Я не палітычны ўцякач. Я ўцякач татальны. Часам мне здаецца, што калі б я нарадзіўся ў Бразіліі, Вэнэсуэле або Скандынавіі, я таксама ўцёк бы з тамтэйшых вуліц, партоў і папасаў.

—І што ж мне цяпер рабіць? Што ж я цяпер партыярху Педафілу перад усім народам падару, ціамат? — Гаспадар прыкінуўся задуменным. — Так ён мне душу з гэтаю кнігай даставаў...

—Сраку яму цяпер пацалуй, свайму Педафілу, — прабуркатаў сабе пад нос незадаволены Мазгаўнюк.

—Сраку, кажаш? — зірнуў на яго другі консул. — Гэта думка. Хаця гэта лепей адкласьці на неафіцыйную частку, я лічу...

— Хто, Гегемонавіч? — пацікавіўся змрочны Мазгаўнюк.
— А хто ж яшчэ можа быць? Кум твой прыпісчаны, называецца кумандант горада! Трубу ў іх прарвала!
— Ізноў усё гаўном заплыве, — уздыхнуў Мазгаўнюк.
— Ды не — гэтым разам з вадою, птамаць... Ва ўсім горадзе вады ня будзе да панядзелку. Ні гарачай, ні халоднай. Балазе хоць сьнегу нападала.
— На тэрарыстаў сьпішам, — прапанаваў Мазгаўнюк.

Пераклад:
Макс Шчур

Раптам з ваннай выйшаў нейкі чувак. Ён быў незнаёмы, да таго ж чысьціў зубы. У мэтах самаабароны Лявон інстынктыўна адарваў ад сьценкі батарэю і раз’ябошыў яе аб чувака. Той з апошніх сіл закрычаў: «Яшчэ! Яшчэ!»