...а я ў белым

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Алена Брава. Садомская яблыня (Мінск, Галіяфы, 2018)

У гэтай кнізе Алены Брава ёсць усё, каб быць у трэндзе на абсягах сучбелліта:
— біблейскія матывы;
— парэшткі рамана ў рамане плюс вершы;
— шчымлівае — ажно да слёз — замілаванне роднай мовай;
— самадастатковая і самаахвярная (усё сама, усё сама) гераіня;
— сатыра і выкрыццё заганаў сучаснага грамадства, савецкага мінулага і не толькі.

Дык вось пра сатыру. Вобраз Інгі Курыдом — галоўнай гераіні і адначасова апавядальніцы рамана атрымаўся вельмі рэалістычным. Не ведаю, як вам, а мне і ў жыцці трапляліся такія аматары юзаць чужыя вушы. І калі юзарам тыпу «радыё» дастаткова намінальнай наяўнасці гэтых самых вушэй (для прыкладу возьмем тую ж Мінерву Кувырчык — адзіную сяброўку Інгі ў Мірапольску, нават калі сама Інга гэтае сяброўства адмаўляе), то такім, як Інга, патрэбныя вушы актыўныя. Тут ужо не абмяжуешся дзяжурнымі «ага, угу, ыгы», актыўнасць і эмоцыі мусяць ісці па сцэнары, створаным юзарам. Крый вас божа паводзіцца не так, як чакае сам сабе рэжысёр гэтага спектаклю: сімвалічнае спальванне мастоў уваходзіць у абавязковую праграму разам з сыходам з трагічнай мінай у цемру, дождж, лес, густое высокае жыта ці што там яшчэ можа пасаваць для наступнага маналогу «Я яму (ёй) душу выварочваю, а ён (яна)...».

Не, я дапускаю такія сітуацыі, калі ты «адзін, зусім адзін... а яны... натоўп нягоднікаў...», і буду ў якасці вушак без досведу нават пэўны час верыць, але дэталі...

Усё выдаюць дэталі. Інга не стала выключэннем. Вось тут ад мяне дзякуй аўтарцы: «пáліць» яна Інгу прыгожа, па-жаночы (аўтары-мужчыны на такое каварства не здатныя, бо не адчуваюць і не бачаць усіх нюансаў) і вельмі дакладна перадае манеру такіх асобаў (тут без прывязкі да полу) апавядаць пра сваё жыццё. Між іншым, яшчэ адзін з несумненных плюсаў кнігі: яе можна праз хвілін дваццаць чытання проста адкінуць без усялякай крыўды з ейнага боку.

Напачатку Інга падаецца адзінай прыгожай кветачкай у брудным садзе Мірапольска сярод усіх гэтых Шалёных, Гнілазубавых, Пукалаў, Светачак, Ярыкаў, Зізюновічаў, цётак у бручках з начосамі, нахабных, тупаватых ці хітразробленых мужыкоў і інш. І ты нават рагочаш разам з апавядальніцай у тых месцах, дзе трэба, але потым пачынаеш лавіць сябе на думцы, што ўсе персанажы чамусьці як на падбор — з цырку нейкіх маральных уродцаў, і толькі адна Інга «зусім не такая»:

«...я сядзела над альбомам і, сапучы ад стараннасці, намагалася з дапамогай танных акварэлек выказаць... Тым часам мае ідыёты-аднагрупнікі...»

«Маё юнацтва... прайшло сярод людзей, клінічную наіўнасць якіх нават схільная да эўфемізмаў савецкая псіхіятрыя вымушана была назваць сваім імем: канстытуцыянальнай дурнотай»

«...усё ж такі чымсьці я адрознівалася ад прастадушна-сентыментальных правінцыйных кабет...»

«Малюю сябе ў нататніку белай чайкай (гештальттэрапія для масмедыйных вераб’ёў)... Мае калегі, якія і без таго не могуць пахваліцца фактурнай знешнасцю, уціснуліся ў крэслы, нібы стараюцца паменшыцца да памераў прусакоў і запаўзці ў шчыліны мэблі»

І такіх пасажаў па рамане лічыць не пералічыць. Адзін з маіх фаварытаў: «На фатэлі валяецца раманчык з месца ДТЗ. Папіваючы гарбату, даю нырца ў жыватворную крыніцу ўлюбёнага народнага чытва. <...> У маладосці я, на сваю бяду, пачытвала такія кніжачкі. Ажыццяўляла, так бы мовіць, люты downgrade свайго мозгу — у мэтах яго сумяшчальнасці з праграмнай версіяй жаночага шчасця. Калі б раман застаўся ляжаць у фае, яго зачыталі б да дзірак санітаркі ды фельчаркі». (А так яго прыхапіла Інга, мабыць, дзеля таго, каб прыгадаць маладосць.) Сцэны шопінгу, фэсту ў Доме культуры і эвакуацыі — асобная «прэлясць» (думаю, жанчыны мяне зразумеюць).

Ёсць ў Інгі яшчэ Марына — сяброўка са студэнцкіх часоў, але яна — амаль міфічны персанаж, які існуе толькі ў тэлефоне, лістах з мінулага і ўспамінах. Ёсць кардонны сын Антон, якога час ад часу дастаюць з-за шафы (яна для шкілетаў, і ім там цесна) дзеля ўзмацнення драматычнага эфекту. Праўда, менавіта ён апавядзе, што ж такое яго маці: «прыгожыя плады ўнутры пустыя, мама, толькі выгляд адзін, насамрэч — ні мякаці, ні соку, націснеш на такі плод — ён лопне, а трэскаюцца яны проста на галінках...»

Каго ні возьмеш, усе граюць ролю масоўкі і рэквізіту ў трошку абсурднай п’есе, дзе галоўная роля толькі адна, і імя ёй — Ахвяра. Ахвяры таксама бываюць розныя. Гэтая з тых, што задзяўбе каго заўгодна, нават самага цярплівага і напачатку спагадлівага слухача. А калі падумаць, то дама заўжды робіць так, як ёй зручна, з папраўкай на свае магчымасці, вядома, таму яе песня пра «я не такая» даволі хутка надакучвае і выклікае толькі іранічную ўсмешку.

Я б магла, я б усё кінула, але ж Сын! — чырвонай ніткай ідзе праз усе ўспаміны Інгі з таго моманту, як яна трапіла ў Мірапольск. Пачатак збольшага стандартны: рамантычная і творчая дзяўчынка, замуж па залёце, муж ліняе, як толькі з’яўляецца магчымасць, таму даводзіцца выжываць самастойна. Прынесці сябе ў ахвяру дзеля дзіцяці... Што можа быць больш высакародным для жанчыны? «Напачатку я яшчэ наведвала фестывалі бардаў (сын начаваў у прадлёнцы, сустракаў мяне з сінякамі, у мокрых штоніках і заходзячыся ад плачу) — і не запомніла, калі ўнутры мяне сціхла музыка, а гітара апынулася на на антрэсолях». Думаю, вызначыць гэтае ракавое «калі» не складана: Інгу кінуў муж, калі Антону споўнілася тры, адпаведна  7 - 3 = 4 гады, бо ў сем дзіцятка ідзе ў школу, а там няма страшных для яго і выратавальных для мамкі «сутак» — ніхто ж не павінен глядзець тваё дзіця, пакуль ты на фестывалі, а з сабой, я так разумею, браць нязручна.

Калі нашай апавядальніцы споўнілася трыццаць чатыры (Антону адпаведна 14-15 гадоў), яна пабудавала кватэру: «Драўляныя рамы ледзь трымаліся, у шчыліны свістаў люты вецер ускраіны, я адразу ж уявіла, як моцна будзе хварэць дзіця на прастуды (так яно і здарылася)». Грошай на пластык няма — гэта зразумела і можна паспачуваць,але... Заткнуць шчыліны і заклеіць зусім не варыянт? І не трэба казаць, што не ведала, як гэта робіцца: дама вырасла ў СССР і нават паспела пабыць камсамолкай, тады драўляныя рамы заклейвалі ўсе, калі не дома, дык у школе ці на працы. Ох, выбачайце, зусім забыла: побытавыя праблемы не хвалююць бедную жанчыну, яны цікавяць выключна тых цётак, якія хочуць паставіць сям’ю на ўлік. Інга — асоба творчая, высокадухоўная, а тут яшчэ з пытаннямі пра брудныя кашулі лезуць.

Нарэшце сын з’язджае вучыцца, а потым увогуле вызваляе маці ад сябе: «Можаш больш не даваць мне грошай, мама», — тады Інгу пачынае трымаць кантракт. Вядома, яна шукае працу, бо кантракт не вечны і хочацца перабрацца ў сталіцу, але ад прапановы Марыны адмаўляецца: «Не, вы пра палітыку пішаце. Я пазбягаю палітыкі».

Яшчэ адзін лейтматыў жыцця Інгі: я не хацела, так склаліся абставіны, і зараз я вельмі шкадую. Тэатральна так шкадуе, з надрывам, з абавязковым пасыпаннем галавы попелам (гэтае слова-сімвал сустракаецца ў кнізе даволі часта, таму і я скарыстаюся), бо ахвяра ж: не так выхоўвалі, не тое параілі... Я веру і спачуваю васямнаццацігадовай дурніцы без лімона (з’еў нехта) у якасці народнага сродка кантрацэпцыі і з першай цяжарнасцю, абсалютна ёй не патрэбнай, якую вымушаюць захаваць злобныя шыпучыя цёткі. А вось дарослай бабе, якая крыўдуе і вінаваціць усіх за не тыя парады і не такое стаўленне да яе, якога яна чакала, неяк ужо не спачуваецца.

Ледзь не палову кнігі Інга носіцца як з пісанай торбай са светлым вобразам сваёй маці (такі своеасаблівы антыпод мірапольскай Мацеры), а потым распавядае ў лісце (карта № 8) «пра тое, што не дае біцца сэрцу ў спакойным рытме»: бамжыхай стала мама, той самай бамжыхай Анькай, труп якой знайшла Інга з доктарам Русланам (дарэчы, вельмі забаўны персанаж, як з кішэнных жаночых раманаў) падчас дзяжурства на хуткай. А праўда, што пры пакаянні духоўна расцеш і пачуваешся лепш, чым пры звычайным афармленні дакументаў і арганізацыі пахавання? Ці ведае хто адказ на гэтае пытанне?

І трошку пра працу аўтаркі. Вобраз жанчыны і маці ў беларускай літаратуры, які ўжо, шчыра кажучы, нагнаў аскому, у гэтай кнізе Алены Бравы зайграе для ўсіх новымі адценнямі з дапамогай чарады выпісаных аўтаркай персанажаў, ад абсалютна рэальных да абсурдных, але ад гэтага не менш жывых. Апалонік (у гэтага слова два значэнні, дарэчы) у адной руцэ і тэчка «На подпіс» у другой, у спалучэнні з неверагоднай колькасцю банальшчыны, якую прамаўляе наша гераіня з імпэтам наваяўленага гуру, разам увасабляюць помнік Цярпенню (Інга) і цудоўным чынам пераклікаюцца з тлустай зялёнай цыкадай на брудным сшытку мясцовага вар’ята Пукалы. Раскіданыя па тэксце попел, прах, жабкі, кажанчыкі, птушкі, папялушкі, чучалкі, каровы, выезды хуткай і «пажаркі» ў выніку зліваюцца ў васіліскаў (іх час ад часу выганяе са свайго жытла Пукала, але яму ніхто не верыць, нават Інга) і парадам-але праносяцца па галоўнай арэне Мірапольска: «Да мяне накіроўваецца Самы Галоўны Васіліск. На ім ільвіная шкура, шлем з моцным рогам. Самы Галоўны Васіліск вымае з рота буйную зялёную цыкаду — насякомае меланхалічна варушыць мокрымі лапкамі, — кладзе на чорны аксаміт і з паклонам працягвае мне». Тут ужо, не... не Фройд, а Юнг пайшоў перапаліць, прыгадваючы, што Інга — сама казала — Леў па гараскопе.

Фінальнае «так склалася» ад Інгі — увогуле вішанька на торце. З працы звольнілася, прапаноў ніякіх, у Марыны вакансій пакуль таксама няма (ну і, па шчырасці, колькі ўжо можна прапаноўваць?), атрымоўваеш запрашэнне на гутарку з працадаўцам у іншым горадзе на заўтра ў 17:30, а перад гэтым увечары робіш некалькі глыткоў гарэлкі (бо нервы, мы ж разумеем), ванітуеш, на наступны дзень сядаеш за стырно і едзеш на дачу, дзе ў 14:30 чакае Руслан (апошняе ж каханне, таксама разумеем, так), пакахалася, расчаравалася-пакрыўдзілася, паліш лісты і нататнік, валіш адтуль... Гэта вось усё называецца «Уяві, я ўпершыню ў жыцці спазняюся на дзелавую сустрэчу. Так атрымалася. І траса слізкая».

Потым ладзіш сімвалічнае пахаванне гітары (працадаўца... які ўжо працадаўца?), выдуваеш бутэльку чырвонага напаўсалодкага — і зноў скок за стырно, бо (які своечасовы цуд!) затэлефанавала Марына з запрашэннем на такую неабходную табе працу...

Я сапраўды чагосьці не разумею ў гэтым жыцці ці проста няўдзячны слухач?

Потым затэлефануе інспектар «пажаркі» з паведамленнем: «Згарэў дом, знайшлі труп гаспадара», — ты ведаеш прычыну і павялічваеш хуткасць... дзевяноста... сто... Як па мне, дык далей усё прадказальна.

Апошняя сцэна: Інга кідае сваю «Шкоду» і бяжыць у лес. Бягі, Інга, бягі* — трэба паспець да таго, як сюды прыйдуць, прымчацца хуткая і міліцыя.

І так, мне смешна, а яшчэ думаецца, што за апошнімі радкамі гэтага рамана Інга, праглынуўшы сухую, але жывую цыкаду, ператвараецца ў дрэва.

К. Б. ведае, што правільна «бяжы», але так задумана — чытайце раман.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Прыемная вокладка, акуратная вёрстка і iдэальны тэкст, створаны майстрам, — нiчога не хочацца дадаваць, нiчога лiшняга. Такі iдэальны, што я забыла пра яго, як толькi перагарнула апошнюю старонку.

Асабіста мяне Кнігар уразіў яшчэ надзвычай добрым зрокам і рознабаковымі ведамі. Пагадзіцеся, пры дрэнным асвятленні пазнаць у разарванай ушчэнт птушцы галку і разгледзець у вуху візаві дыямент у паўтара караты здолее не кожны. («Паўтара караты? Як у яго мочка не адарвецца?» — гэта ж іронія? Праўда, аўтар? Паўтара караты — гэта 0,3 грама, мы ж памятаем... Ці не?)

І вось той самы Васіль Хаміцкі — паэт, былы журналіст, літаральна праз старонку «...хацеў адпусціць пеўня — ну не секчы ж яго на вачах гэтай Каністры, ці як яе там...» Так перакруціць імя чалавека, які падабаецца? Не веру!

Памятаем: усе праблемы, комплексы, псiхозы, сэксуальныя ўпадабаннi i поспех — вынiк таго, што вы атрымалi цi не атрымалi ў дзяцiнстве, у прыватнасцi ад бацькоў. Тым больш асаблiва напружвацца не давядзецца: аўтар гэтых амаль мемуараў ужо ўсё патлумачыў i расклаў-пераклаў па палiчках. Сам сабе псiхолаг, ага. Цiкавая i сумная гiсторыя перакладчыка фiльмаў i ўласнага жыцця, дзе больш за ўсё мне шкада чамусьцi Камiлу.