Прысвячаецца Алесю Родзіму і падзеям у артхаўзе Тахелес
У мастацкім салёне панаваў беспарадак. Карціны, якія яшчэ нядаўна выклікалі цікавасць ды захапленне, былі неахайна складзены ўздоўж сцен. Цяпер яны здаваліся часткай нейкай вялізнай складанкі, параскіданай па пакоі гарэзлівай рукой дзіцяці. На старой парэпанай ды выцвілай канапе у цэнтры майстэрні сядзелі два ахоўнікі ў чорнай уніформе. Адзін з іх, па імені Уда, з задавальненнем пацэджваў прынесеную з сабою каву. Сербануўшы з кубка і салодка пацягнуўшыся, ён звярнуўся да свайго таварыша:
— Як мы іх учора хораша апрацавалі, га, Гвіда? Не паспелі гэтыя хіпі азірнуцца, як мы іх вытурылі з памяшкання. Хутка справу абцяпалі. Начальнік можа быць спакойны.
— Пагаджуся! Працавалі як сапраўдныя прафесіяналы. Цяпер гэты Тахелес — уласнасць нашага банка. А прыватнай уласнасці ў нашай краіне яшчэ ніхто не адмяняў. Гэтых мастакоў мы і з іншых памяшканняў паступова выцеснім. Дай толькі час. Нам спяшацца няма куды. Закон на нашым баку. І грошы таксама, — сказаў Гвіда і крыва ўсьміхнуўся.
— Нашы хлопцы ўжо з імі працуюць. Каго прыстрашаць. Каму прывілеі прапануюць. Да вясны, мяркую, усіх паволі выцеснім, — упэўнена прамовіў Уда, ляніва пазіраючы на карціны: — Нядрэнныя палотны, толькі складаныя і вялікія надта ж. У гасцёўні такую не павесіш, а калі ў сталовай яе змясціць, дык увесь апетыт сапсуе, — сказаў ахоўнік і сам засмяяўся са свайго жарту.
— Холадна тут. Ацяпленне, кажуць, ужо гады два як не працуе. Як толькі гэтыя мастакі ў гэтым Тахелесе выжываюць? Нават рукі не памыеш, у прыбіральню не сходзіш: вады няма. Жылі б сабе спакойна. Працавалі ў офісе. Атрымлівалі заробак ды ў вольны час для ўласнага задавальнення што-небудзь малявалі цікавае. А так — экстрым суцэльны. На што ім здаўся гэты дом мастацтваў? Выглядае як сквот, і няўтульна ў ім неяк. Я калі ў Афганістане служыў, там і тое ўмовы лепшыя былі. Пастрэльвалі, праўда, часам, — расчуліўся Гвіда і паглыбіўся ва ўспаміны.
— Нічога, хутка пачнуць рамонт. Будуць тут офісы, крамы ўсялякія. Калі пажадаем, то і нам тут праца знойдзецца, — адказаў Уда і закруціў крышку тэрмаса.
— А гэта што такое? — здзіўлена спытаў Гвіда, паказваючы рукой у бок далёкага кута, і твар яго міжволі выцягнуўся.
У прыцемку на перавернутай скрыні сядзела дзіўная жанчына з распушчанымі валасамі. Яе вялізныя вочы на асляпляльна белым твары выказвалі сум. Ад яе адзення зыходзіла нейкае блакітнавае ззянне.
— Гэта што ж такое робіцца? Сюды ўваходзіць нельга! Гэта прыватная ўласнасць, — закрычаў Уда і кінуўся да яе.
Гвіда далучыўся да таварыша, прыхапіўшы электрашокер.
— Неадкладна пакіньце памяшканне, інакш мы будзем вымушаныя ўжыць сілу! — ледзьве стрымліваючы гнеў, працадзіў скрозь зубы Гвіда.
— Мастака тут не бачылі? Павінен быў быць на месцы. Прыйшла вось, а яго няма, — спакойна прамовіла незнаёмка і ўсміхнулася.
— Няма тут ніякіх мастакоў, гэта цяпер банку належыць, — злосна вымавіў Уда.
— Вельмі дрэнна, што няма. З імі так весела было! А вось Вы таксама мастак. Толькі пра гэта не ведаеце. Будзе час, паспрабуйце, што-небудзь намаляваць — убачыце, як гэта цікава, — прапанавала жанчына.
— Хопіць размаўляць, зараз жа прэч адсюль! — раздражнёна прашыпеў Гвіда і паспрабаваў схапіць незнаёмку за руку. Яго пальцы неяк дзіўна саслізнулі, і рука прайшла скрозь вопратку жанчыны. Уда, які спяшаўся на дапамогу таварышу, ад нерашучасці спыніўся.
— Хто вы такая? Што вам тут трэба? — здзіўлена спытаў ахоўнік.
— Я — муза. Прыйшла да мастака, а вы спрабуеце мяне выгнаць. Ведаеце, мае шаноўныя, ад гэтага могуць быць і наступствы. Да нас так ставіцца нельга. Інакш можа здарыцца так... — сказала незнаёмка і паказала на сцяну, на якой, нібыта на экране, з’явіўся нервовы чалавек маленькага росту, які, нервова кульгаючы па габінеце, адчытваў двух людзей у ваеннай форме: «У той час, калі мы перажываем цяжкасці на ўсходнім фронце, вы сядзіце ў маім ведамстве і займаецеся ....» — Ці так...
На сцяне ўспыхнула карціна дзясяткаў параненых людзей. Знявечаныя болем твары, вар’яцкія вочы, крыкі і стогны напоўнілі навакольную прастору нясцерпным болем...
— Неадкладна сыходзьце, інакш мы выклічам падмацаванне! — Уда выхапіў рацыю і паспрабаваў звязацца з цэнтральным офісам.
— Як хочаце. Выбар заўсёды ёсць... — сказала жанчына і знікла.
На сцяне замест шпіталя паўсталі парадныя калёны. Пад марш начышчаных ботаў падалі кнігі і карціны. У пустых вачах адбіваўся бляск паходняў. Тысячы ног пячаталі крок. Выразны рытм перарастаў у неймаверны шум, які паступова ўзмацняўся.
Гвіда кінуўся да дзвярэй, спрабуючы на хаду знайсці ключ. Уда ўпаў на калені, закрыўшы твар, нібы захінаючыся ад удару...
***
Доктар Фрыц Нітке прачнуўся ад грукату, які далятаў з Тахелеса.
— Зноў гэтыя мастакі ўсхадзіліся! Немаладыя ўжо людзі, а ўсё супакоіцца не могуць. Суцэльныя гулянкі ў іх у галаве. Няўжо нельга зрабіць музыку крыху цішэй? Заўтра абавязкова патэлефаную ў паліцыю, — падумаў доктар, перавярнуўся на іншы бок і моцна заснуў.
Відэа, створанае аўтарам на тэкст апавядання «Прыгоды музы»: