Галоўным паказальнікам любові да сістэмы з’яўлялася колькасць пацалункаў сімвала. Сталёвая Дупа, што вісела ў цэнтры Кантэйнера, была адпаліраваная да бляску, а ў некаторых месцах працёртая да дзірак. Сотні грызуноў прыкладаліся да сімвала да тых часоў, пакуль тыя, хто стаялі за імі ў чарзе, не адштурхоўвалі іх.

Уладзіслаў Бубен
Музычны прадусар, празаік, мастак, інсталятар, выкладчык. Аўтар радыё- і тэлепраграм. Музычныя кампазіцыі Бубена выдадзены на больш чым 100 лэблах на ўсіх кантынентах і рэгулярна займаюць месцы ў гіт-парадах ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі ды іншых краін. Бубен — адзін з беларускіх піянераў электроннай музыкі і новага кірунку сучаснага мастацтва, дзе ён спалучыў паэзію сучасных аўтараў з відэа, музыкай і іншымі спосабамі самавыяўлення. У 2012 г. у дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла ягоная кніга для дзяцей «Марцін і кацяня». Увесь наклад — 2000 асобнікаў — быў распрададзены менш чым за два месяцы.