Паэзія ня ў модзе

Пераклад: 
эсэістыка, беларуская мова, пераклад

Прамова пры ўручэньні Прэміі прынцэсы Астурыйскай, Авіедо, 20 кастрычніка 2017 г.

Сярод мастацтваў, паэзія – найменш тэхнічнае, яна зьяўляецца не з майстэрні, не з тэорыі, не з навукі (хаця, дадамо, нікому не зашкодзіць мець адукацыю, паэту ў тым ліку), а з узрушэньня розуму і сэрца, якое немагчыма прадбачыць ані заплянаваць – некалькі гадоў таму пра гэта хораша сказаў на гэтым жа месцы Лэнард Коэн. Таму паэты самі ня ведаюць сябе як сьлед, жывуць у няпэўнасьці, рахмана чакаючы гадзіны, калі адчыніцца брама мовы.

Мы ня ведаем, што такое паэзія, нягледзячы на тысячы напісаных пра яе кніг, якіх поўныя ўсе вялікія бібліятэкі. Кожная генэрацыя стварае ўласнае бачаньне паэзіі, нават калі адначасова захоўвае вернасьць традыцыйным формам, не перарываючы працэсу, які пачаўся яшчэ да Гамэра і цягнецца, праз Антоньё Мачадо і Зьбігнева Гербэрта, да нашых дзён і далей.

Авідый напісаў свае найпрыгажэйшыя вершы ў выгнаньні ў Томах, рыбацкім мястэчку ці вёсачцы на беразе Чорнага мора. Ён не разумеў мясцовай мовы, і толькі калі глядзеў на бязьмежную роўнядзь вады, цёмныя хвалі нагадвалі яму пра колер Тырэнскага мора.

Віслава Шымборска, чалавек глыбока шчыры, пісала ў маладосьці вершы, дыктаваныя роспаччу, якая прымусіла яе ў другой палове 50-х гадоў здрадзіць праўдзе паэзіі й заключыць хаўрус з жорсткай палітычнай сыстэмай.

У сучасным сьвеце ўсе імкнуцца казаць толькі пра паспалітасьць і палітыку, якія без сумневу важныя. Але таксама існуе асобная душа зь ейнымі трывогамі, радасьцю, рытуаламі, надзеяй, верай, прасьвятленьнем, якое мы часам адчуваем. Мы спрачаемся пра клясы й слаі грамадзтва, але ў штодзённасьці кожнага дня жывем не ў грамадзе, а ў самоце. Мы ня ведаем, што рабіць з момантам прасьвятленьня, ня ведаем, як яго захаваць.

Грамадзтвы хутка сэкулярызуюцца, а тыя, што сёньня бароняць рэлігію, выкарыстоўваюць агідныя сацыяльна-палітычныя мэтады, надта часта рэлігія хаўрусуе з крайняй правіцай. Чэслаў Мілаш, палымяны рэлігійны паэт, каталік і адначасова прыхільнік адкрытага, дэмакратычнага грамадзтва, сёньня ганебна адрынаецца рэакцыйнымі каталіцкімі групоўкамі.

Няцяжка ўбачыць, што мы жывем ня ў самы спрыяльны для паэзіі час. Любы, хто пэрыядычна ўдзельнічае ў некаторым зь безьлічы эўрапейскіх паэтычных фэстываляў, у якой бы краіне ён ні праходзіў, ня можа не заўважыць, што колькасьць наведнікаў паэтычных чытаньняў сыстэматычна зьмяншаецца.

Паэзія ня ў модзе – у модзе дэтэктывы, біяграфіі тыранаў, амэрыканскія фільмы і брытанскія тэлесэрыялы. У модзе палітыка. У модзе мода. У модзе суадносіны, а ня сутнасьць рэчаў. У модзе – нагавіцы-дудачкі, квяцістыя сукенкі, тканіна зь бісерам, чырвоныя швэдры, паліто ў клетку, зіхоткія боты і джынсы з нашыўкамі.

У модзе – ровары й ролеры, марафоны й паўмарафоны, нардычная хада; запыніцца пасярод вясновага палетку й задумацца – гэта ня ў модзе. Дактары нам кажуць, што недахоп руху шкодзіць здароўю. Момант роздуму небясьпечны для здароўя, трэба бегчы, уцякаць ад сябе самога.

Калі мне было дваццаць зь нечым гадоў, я захапляўся паэзіяй, якая крытыкавала таталітарную сыстэму, што панавала ў маёй краіне. У тыя часы, пару буры й наступу, нарадзіліся сяброўствы й хаўрусы, якія трываюць да сёньняшняга дня. Але ж амаль усе паэты, якіх тады злучаў пратэст супраць несправядлівасьці, пайшлі кожны сваім шляхам і адкрылі для сябе новыя кантынэнты ў мастацтве.

Мы адкрылі для сябе дваістасьць сьвету: з аднаго боку ўяўленьне, з другога – непазбыўную рэальнасьць лістападавага ранку, калі дрэвы ўжо стаяць бязь лісьця. Цягам доўгага часу я ня ведаў, што важнейшае: тое, што існуе, ці тое, чаго не існуе; мужчыны, якія штораніцы едуць на працу, заспаныя, чытаюць буйныя загалоўкі спартовых газэт, сочаць за паразамі і перамогамі ўлюбёных футбольных камандаў, жанчыны, што драмаюць у аўтобусах – ці ўсё-ткі важнейшыя невідочныя рэчы, музыка і месяц, няісныя ўжо гарады, карціны вялікіх майстроў мінуўшчыны й сучаснасьці ў музэях. Мне спатрэбілася шмат гадоў, каб зразумець, што трэба прымаць да ўвагі абодва бакі гэтай неўраўнаважанай дваістасьці, бо мы жывем у вечнай амбівалентнасьці, мы ня можам забываць пра пакуты людзей і жывёлы, пра зло, якое нашмат больш трывушчае і хітрае за нашыя мары.

Нельга забываць пра зло, пра несправядлівасьць, якая несупынна набывае новыя формы, пра незваротныя рэчы – але таксама нельга забываць пра шчасьце, пра моманты экстазу, якіх няздольныя прадказаць грувасткія падручнікі па палітычнай тэорыі ці сацыялёгіі.

У дзяцінстве Гішпанія мроілася мне як далёкая і казачная, легендарная краіна, дзе сонца сьвеціць ярчэй, дзе цені больш чорныя, краіна Дона Кіхота, рыцараў і прынцэс. Потым я спазнаў сапраўдную, сучасную Гішпанію, адзін з слупоў Эўразьвязу. А сёньня я знаходжуся тут, у Астурыі, на запрашэньне прынцэсы – і не магу не дзівіцца. Як бачыце, усё зьмяняецца, але не зьмяняецца нічога.

Выходзіць, што ў Гішпаніі ў мяне ёсьць верныя і ўважлівыя чытачы. Гэта найлепшае, што можа напаткаць аўтара кніг, што б ён ні пісаў – ці тамы паэзіі, ці раманы. Шчыры дзякуй за гэтую асаблівую для мяне ўзнагароду.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

«...у кожным паэце жыве непаэт, які не сьпявае і ня любіць сьпеваў... а чалавек — гэта нешта большае, чым паэт».

Пераклад:
Макс Шчур

Ёсьць адна рыса, што яднае ўсіх вялікіх і стала актуальных пісьменьнікаў: каб захаваць іхную жыцьцёвасьць, няма НЕАБХОДНАСЬЦІ ў школах і інстытутах. Выкіньце іх з праграмы, пахавайце ў пыле бібліятэк, і калі-небудзь выпадковы, не падасланы і не падкуплены чытач непазьбежна зноў іх адкапае, зноў выцягне на сьвятло, ня просячы за гэта ніякай ласкі.

Пераклад:
Макс Шчур

Паэзія нічога не дае. Яна залішне заглыбленая сама ў сябе, каб яшчэ кагосьці цікавіць. Яна замкнулася ў сабе, у сваёй пазбаўленай зьместу выключнасьці, тым часам як рэальны сьвет ідзе далей сваёй дарогай да катастрофы, і ніхто ўжо яму ў гэтым не зьбіраецца замінаць. Паэзія ўмее толькі аплакваць страчаны сьвет, і больш нічога.

Пераклад:
Макс Шчур

Заклятымі ворагамі паэзіі ёсьць як усякая думка пра дасканаласьць, так і памкненьне аўтара заняць нейкую, хай сабе нават нэгатыўную пазыцыю ў дачыненьні да “спэктаклю” культуры.