Паэзія

Пераклад: 
класічная французская эсэістыка па-беларуску, французская літаратура XIX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(Poésies, урыўкі)

Я замяняю мэлянхолію рашучасьцю, сумнеў пэўнасьцю, роспач надзеяй, зламыснасьць дабром, нараканьні абавязкам, скепсіс імпэтам, сафістыку халодным спакоем, а гонар сьціпласьцю.

Парыж, 1870 г.

І

Паэтычныя стогны гэтага стагодзьдзя — усяго толькі сафізмы.

Аксыёмы павінны быць па-за абмеркаваньнем.

Я прымаю Эўрыпіда і Сафокла, але не прымаю Эсхіла.

Не паказвайце перад творцам, што вам бракуе элемэнтарных манэраў і густу.

Адкіньце паняверку, зрабіце мне ласку.

Няма паэзіі такой і сякой; паэзія толькі адна.

Між аўтарам і чытачом існуе маўклівая дамова, паводле якой першы абвяшчае сябе хворым і наймае другога ў якасьці сядзелкі. Наадварот, паэт меўся б суцяшаць чалавецтва! Ролі памяняліся месцамі.

Я не хачу, каб мяне закляймілі таўром пазёра.

Я не пакіну пасьля сябе «Ўспамінаў».

Паэзія — гэта ня бура, пагатоў не цыклён. Гэта велічная й жыцьцядайная плынь.

Спачатку ўводзіцца ў правіла фізычная ноч, і толькі пасьля ноч маральная. О, Ночы Юнацтва! Колькі ж мігрэняў вы мне спрычынілі!

Сьніць толькі той, хто сьпіць. Менавіта такія выразы, як «насланьнё», «нябыт жыцьця» і «зямная юдоль» — кульгавая трынога, што трымаецца на прыслоўі «хіба», — і ўвялі ў вашыя вушы і душы гэтую клейкую паэзію млявасьці, роўназначную гніцьцю. Ад словаў да думак — адзін крок.

(...)

Ваш дух несупынна зьбіваюць з тропу, і раптоўна ён апынаецца ў пастцы цемры, якую яму без асаблівага мастацтва змайстравалі эгаізм і себялюбства.

Густ — фундамэнтальная якасьць, сума ўсіх астатніх якасьцяў. Гэта крайняя праява інтэлекту. Толькі густ надзяляе генія найвышэйшым здароўем і ўраўнаважвае ўсе яго свомасьці. Вільмэн у трыццаць чатыры разы разумнейшы за Эжэна Сю і Фрэдэрыка Сулье. Ягоная прадмова да Акадэмічнага слоўніку французскай мовы перажыве раманы Вальтэра Скота, Фэнімора Купэра і ўсе астатнія, якія толькі можна сабе ўявіць. Раман — фальшывы жанр, бо ён апісвае жарсьці дзеля жарсьцяў: у ім адсутныя маральныя высновы. Няма нічога лягчэйшага за апісаньне жарсьцяў; для гэтага дастаткова ад нараджэньня быць крышку шакалам, крышку сіпам і крышку пантэрай. Няма дурных. А вось апісаць жарсьці так, каб падпарадкаваць іх вышэйшай маралі, як Карнэль — зусім іншае. Той, хто адмаўляецца ад апісаньня жарсьцяў дзеля таго, каб магчы цаніць і разумець тых, хто здольныя жарсьці ацэньваць — той перавышае апісальніка жарсьцяў настолькі ж, наколькі даброць перавышае загану.

Настаўнік сярэдняй школы, які кажа сабе: «Нават калі б мне паабяцалі скарбы ўсяго сьвету, я не хацеў бы пісаць такіх раманаў, як Бальзак ці Аляксандр Дзюма», ужо адным гэтым выяўляе больш розуму за Дзюма і Бальзака разам узятых. Старшаклясьнік, які здагадваецца, што ня варта ўсьпяваць фізычныя і разумовыя калецтвы, ужо адным гэтым выяўляе сябе дужэйшым, здатнейшым і разумнейшым за Віктора Гюго, колькі б раманаў, п’ес і лістоў той ні напісаў.

Аляксандр Дзюма-сын ніколі ў жыцьці ня здолее прамовіць дзе-небудзь перад ліцэістамі пры абвяшчэньні вынікаў года. Ён ня мае паняцьця, што такое мараль. Мараль ня ведае кампрамісаў. Для гэтага яму давялося б папярэдне адным росчыркам пяра перакрэсьліць усё ім напісанае, пачынаючы зь ягоных абсурдных Прадмоваў. Як на мяне, то ў прысутнасьці кампэтэнтных знаўцаў нават школьнік дасьць яму фору ў чым заўгодна, хоць бы і ў непрыстойным пытаньні куртызанак.

Шэдэўры французскай мовы — менавіта прамовы перад ліцэістамі, а таксама навуковыя даклады. Магчыма, выхаваньне моладзі і ёсьць найпрыгажэйшым практычным увасабленьнем пачуцьця абавязку, і я б аддаў перавагу сумленнай ацэнцы творчасьці Вальтэра (зацаніце слова «ацэнка») перад самой згаданай творчасьцю — якія могуць быць сумневы!

Найлепшыя раманісты і драматургі канец канцоў абясцэнілі б славутую ідэю дабра, калі б пэдагогі, гэтыя захавальнікі справядлівасьці, не ўтрымлівалі маладое і старое пакаленьне на шляху сумленнасьці і працавітасьці.

(...)

Ёсьць пісьменьнікі-пашлякі, небясьпечныя хахмачы, грандыёзныя паяцы, змрочныя містыфікатары, сапраўдныя шаленцы, якія заслугоўваюць таго, каб апынуцца ў вар’ятні Бісэтр. Іхныя крэтынскія галовы, зь якіх сарвала дахоўку, нараджаюць гіганцкіх фантомаў, што не ўздымаюцца ў паветра, а апускаюцца на зямлю. Сьмяротныя нумары; гімнастыка для адводу вачэй. Заканчвайце ўжо свой гратэскны фокус-покус. Прашу вас, зьнікніце з поля майго зроку, оптавыя майстравальнікі забароненых рэбусаў, якія я дагэтуль ня ўмеў на першы погляд разгадаць так, як сёньня: зь іх тырчаць швы легкадумнага выйсьця. (Магчыма, маецца на ўвазе самагубства, М. Шч.) Паталягічны выпадак нечуванага эгаізму. Фантастычныя аўтаматы: дзеці мае, пакажыце адно аднаму пальчыкам той эпітэт, які здольны паставіць іх на месца.

(...)

Але мне яны больш не імпануюць. Пакутаваць — гэта слабасьць, тым часам можна паспрабаваць зрабіць нешта лепшае. Выпраменьваць неўраўнаважанае зьзяньне пакуты — о вы, што млееце ў твані збачэнстваў! — значыць выяўляць яшчэ менш волі да супраціву і яшчэ менш адвагі. З урачыстасьцю, прыхаванай для вялікіх дзён, я клічу цябе да свайго пустога агмяню, слаўная надзея. Сядзь побач са мной, захінутая ў плашч ілюзій, на ўраўнаважаны трохногі табурэт спакою. Як старую мэблю, я выкідаў цябе з свайго жытла, выганяў цябе пугай, сплеценай з скарпіёнавых хордаў. Калі хочаш, каб я паверыў, што ты, вярнуўшыся да мяне, забылася на ўсе крыўды, якія я табе калісьці спрычыніў пад выглядам пакаяньня, што ж, прывядзі з сабою ўзьнёслы картэж — трымайце мяне, я млею! — пакрыўджаных мною даброцяў, разам зь неўміручымі спосабамі выкупленьня.

(...)

Роспач, якая ўпярэджана сілкуецца ўласнымі фантасмагорыямі, без перашкод вядзе літаратара да агульнага адмаўленьня законаў божых і чалавечых, да злачынства тэарэтычнага і практычнага. Сьцісла кажучы, у развагах пачынае дамінаваць чалавечы зад. Дазвольце мне ўжо гэтае слова! Паўтараю, літаратар пранікаецца злобай, і ягоныя вочы набываюць адценьне вачэй асуджанага на сьмерць. Я не адступлюся ад таго, што дэклярую. Я хачу, каб маю паэзію магла чытаць у тым ліку дзяўчына чатырнаццаці гадоў.

Сапраўдны боль несумяшчальны з надзеяй. Якім бы вялікім ён ні быў, надзея заўжды ўзвышаецца над ім на сто локцяў. Таму дайце мне ўжо спокуй ад усякіх шукальнікаў. Далоў гэтых сьмешных сабачанят на карачках, недарэкаў, пазёраў! Таму, хто пакутуе, хто прэпаруе навакольныя таямніцы, бракуе надзеі. Паэзія, што ставіць пад сумнеў неабходныя ісьціны, прайграе ў харастве той паэзіі, якая іх не абмяркоўвае. Крайняя нерашучасьць, не да таго месца прыкладзены талент, страта часу: няма нічога лягчэйшага, чым ува ўсім гэтым запэўніцца.

Мэлянхолія і туга ўжо ёсьць пачаткам паняверкі; паняверка — пачатак роспачы; а роспач — балючы зародак самых розных ступеняў зла. Каб у гэтым пераканацца, прачытайце «Споведзь дзіцяці свайго стагодзьдзя». Падзеньне, як толькі пачынаецца, ёсьць ужо незваротным. Чалавек зь неабходнасьцю ўпадае ў зло. Сьцеражыцеся стромы. Вырвіце зло з корнем. Не патурайце культу такіх прыметнікаў, як «неапісальны, невыказны, прыўкрасны, незраўнаны, калясальны», што бессаромна скажаюць і калечаць назоўнікі: сьлед у сьлед за імі ідзе пошласьць.

(...)

Перадавайце свайму чытачу толькі досьвед вызваленьня ад пакуты, а не саму пакуту. Ня румзайце на людзях.

Трэба ўмець здабываць літаратурную прыгажосьць з самага нетра сьмерці; але ж гэтая прыгажосьць ня ёсьць уласьцівасьцю самой сьмерці. Сьмерць тут ёсьць толькі выпадковай акалічнасьцю. Прыгажосьць — ня сродак, а мэта, а сьмерць ня можа быць мэтай.

(...)

Калі вам пагана, ня трэба казаць гэтага чытачу. Пакіньце сваю гаротнасьць пры сабе.

(...)

Здаецца шляхотным і ўзьнёслым, калі пад выглядам ці то сьціпласьці, ці то фанабэрыі ставяць пад сумнеў відавочныя прычыны і фальшуюць іхныя натуральныя ды ўсім вядомыя наступствы. Ня дайце сябе падмануць, няма большай бязглузьдзіцы! Давайце ўзновім звычайную повязь зь мінулымі часамі; паэзія — гэта геамэтрыя par excellence. Пасьля Расіна паэзія не пасунулася наперад ні на мілімэтар. Яна пасунулася назад. Дзякуючы каму? Мяккагаловым Волатам нашай эпохі. Дзякуючы жанчынападобным цюхцяям, такім як мэлянхалічны магіканін Шатабрыян, мужчына ў спадніцы Сэнанкур; буркатлівы сацыяліст Жан-Жак Русо; прывідам ссурочаная Эн Рэдкліф; мамэлюк у алькагольным ачмурэньні Эдгар По; памагаты пекла Матурэн; абрэзаны гермафрадыт Жорж Санд; незраўнаны таргаш Тэафіль Гацье; закладнік д’ябла Леконт; плачу варты самагубца Гётэ; сьмеху варты самагубца Сэн-Бёў; заплаканы лебедзь Лямарцін; рыклівы тыгр Лермантаў; сырая хаўтурная паходня Віктор Гюго; пераймальнік Сатаны Міцкевіч; інтэлектуальны дэнды-галапуп Мюсэ і бегемот пякельных джунгляў Байран.

Ува ўсе часы паняверка была ў меншасьці. У гэтым стагодзьдзі яна авалодала бальшынёй. Непадпарадкаваньне абавязку вылучаецца з саміх нашых пораў. Гэта штосьці нечуванае, такога ня бачылі раней і ня ўбачаць пазьней.

(...)

Трэба крытыкаваць спосаб выказваньня думак, а ня самі думкі, ня зьмест фраз. Выпраўце ў сябе.

Апісаньне пачуцьцяў ёсьць самым недалужным спосабам развагі, які толькі можна сабе ўявіць.

Вады ўсіх мораў не хапіла б, каб змыць адзіную пляму інтэлектуальнай крыві.

II

Геній ёсьць гарантыяй якасьцяў сэрца.

Чалавек ня менш неўміручы за ягоную душу.

Вялікія думкі паходзяць з розуму!

Братэрства — ня міт.

Нованароджаныя ня ведаюць нічога пра жыцьцё, як і пра веліч.

У бядзе сяброў толькі более.

Вы, што ўваходзіце, пакіньце ўсякую безнадзейнасьць.

Дабро, імя тваё — чалавек.

Мудрасьць усіх народаў месьціцца тут.

Штораз, пачытаўшы Шэксьпіра, я маю адчуваньне, што прэпараваў мазгі ягуара.

Я буду занатоўваць свае думкі ўпарадкавана, сумысьля пазьбягаючы блытаніны. Калі яны слушныя, то першая зь іх будзе выплываць з усіх далейшых. Гэта і ёсьць праўдзівы парадак. Там, дзе каліграфічны вэрхал — там мая тэма. Я быў бы несправядлівы да сваёй тэмы, калі б падыходзіў да яе неўпарадкавана. Я хачу паказаць, што яна паддаецца ўпарадкаваньню.

Я не прымаю зла. Чалавек — дасканалы. Душа ня падае. Прагрэс існуе. Дабро нельга абмежаваць. Антыхрысты, анёлы-абвінаваўцы, вечная кара, рэлігіі — усё гэта прадукты сумневу.

Дантэ, Мілтан, апісваючы гіпатэтычныя пякельныя пустэльні, выявілі сябе гіенамі найвышэйшага гатунку. Выявілі бліскуча. Вынік незайздросны. Іхных твораў ніхто не купляе.

Чалавек — гэта дуб. У прыродзе няма нічога дужэйшага. Ня трэба, каб сусьвет узбройваўся і бараніў яго. Адной кроплі вады ня хопіць, каб яго ўратаваць. Нават калі б сусьвет яго бараніў, чалавек захаваў бы больш годнасьці, чым той, хто не бароніць чалавека. Чалавек ведае, што ягонае царства неўміручае, і што сусьвет мае пачатак. Сусьвет ня ведае нічога: у лепшым выпадку гэта трысьнёг, які думае.

Я ўяўляю сабе Бога хутчэй халодным чым чульлівым.

(...)

Першародны грэх — недарэчная легенда.

Гімны на Элагіма ўводзяць у звычку фанабэрыстае нежаданьне займацца зямнымі рэчамі. Гэта супольная рыса ўсіх гімнаў. Яны адвучаюць чалавецтва разьлічваць на пісьменьніка. І чалавецтва яго пакідае. Называе яго містыкам, высакапарным, здраднікам сваёй місіі. Вы ня тая галубка, якой мы шукалі.

Любы школьны настаўнік мог бы стварыць сабе літаратурную рэпутацыю, калі б папросту супярэчыў цьверджаньням паэтаў гэтага стагодзьдзя. Замяніў бы іхныя цьверджаньні адмаўленьнямі. І наадварот. Нападаць на першасныя прынцыпы сьмешна, але яшчэ больш сьмешна бараніць іх ад гэтых нападаў. Я іх бараніць не зьбіраюся.

Сон для кагосьці ўзнагарода, для кагосьці кара. Але для ўсіх — абавязак.

Калі б мараль Клеапатры была не такой куртатай, твар Зямлі быў бы іншы. А вось ейны нос не падаўжэў бы.

Незаўважныя ўчынкі — тыя, што заслугоўваюць найбольшай павагі. Мяне вельмі цешыць, што ў гісторыі я бачу іх так шмат. Але яны не былі затоеныя цалкам. Пра іх даведаліся. Тое нямногае, у чым яны выявіліся, толькі падвышае іхную вартасьць. І тое, што іх не змаглі затаіць цалкам — гэта ў іх самае прыгожае.

Сьмерць мае шарм толькі для адважных.

Чалавек настолькі вялікі, што ягоная веліч выяўляецца перадусім у тым, што ён ня хоча прызнаваць сваёй гаротнасьці. Дрэва не ўсьведамляе сваёй велічы. Веліч — ува ўсьведамленьні велічы. У нежаданьні ўсьведамляць сваю гаротнасьць. Веліч чалавека перамагае ягоныя гароты. Каралеўская веліч.

Я занатоўваю сваю думку, каб яна ад мяне не ўцякла. Гэта дапамагае мне згадаць пра сваю сілу, пра якую я штораз забываю. Я вучуся па меры таго, як прывязваю сваю думку на ланцуг. Я спрабую ўсяго толькі спазнаць супярэчнасьць між маім духам і нябытам.

Чалавечае сэрца — кніга, якую я навучыўся цаніць.

Дасканалы і бязгрэшны чалавек — ужо не вялікая таямніца.

Я не дазволю нікому, нават Элагіму, сумнявацца ў маёй шчырасьці.

Мы маем поўную свабоду вяршыць дабро.

Рацыё мае рацыю.

Мы ня маем свабоды чыніць зло.

Чалавек — пераможца над хімерамі, навінка заўтрашняга дня, упарадкаванасьць, у якой стогне хаос, суб’ект замірэньня. Ён выносіць прысуд усім рэчам. Ён ня дурань. Не зямны чарвяк. Ён скарбонка праўды, сума пэўнасьці, слава, а ня сьмецьце сусьвету. Калі ён будзе сябе дакараць, я буду яго хваліць. Калі ён будзе сябе хваліць, я буду хваліць яго яшчэ болей. Я дам яму мір. Ён зразумее, што ён — сястра анёла.

Нічога незразумелага не існуе.

Думка ясная ня менш за крышталь. Рэлігія, чые няпраўды шукаюць апору ў думцы, можа яе затуманіць на некалькі хвілін — і гэта яшчэ вельмі трывалае наступства. Што да наступстваў кароткачасовых, то забойства васьмі чалавек перад брамамі сталіцы думку безумоўна затуманіць — але толькі да часу, пакуль зло ня будзе пераможанае. Тады думка зараз жа зноў зробіцца крыштальна чыстай.

Мэтай паэзіі павінна быць практычная праўда. Хай яна паведамляе пра стасункі між першаснымі прынцыпамі і другаснымі фактамі жыцьця. Кожнай рэчы сваё месца. Місія паэзіі няпростая. Яна ня ўмешваецца ў палітычныя падзеі, не апавядае пра тое, як трэба кіраваць народам, не адсылае да гістарычных эпох, дзяржаўных пераваротаў, забойстваў каралёў, палацавых інтрыгаў. Яна не гаворыць пра змаганьне, якое чалавек зрэдзьчас вядзе з сабой самім, з сваімі жарсьцямі. Яна адкрывае законы, якімі кіруецца палітычная тэорыя, усясьветны мір, абвяржэньні Мак’явэлі, трубы, зь якіх скампанаваныя творы Прудона, псыхалёгія чалавецтва. Паэт мусіць быць карысьнейшы за іншых чальцоў свайго племені. Ягоныя творы — гэта кодэкс дыпляматаў, заканадаўцаў, выхавацеляў моладзі. Мы далёкія ад Гамэраў, Вэргіліяў, Клопштокаў, Камойньшаў, вольных летуценьнікаў, вытворцаў од, гандляроў бязбожнымі эпіграмамі. Давайце вернемся да Канфуцыя, Будды, Сакрата, Ісуса Хрыста, маралістаў, якія хадзілі па вёсках, пакутуючы ад голаду! З гэтага моманту трэба разьлічваць на розум, які будзе ўзьдзейнічаць выключна на тыя якасьці, што належаць да праяваў чыстага дабра.

(...)

Расін ці Карнэль маглі б напісаць творы Дэкарта, Мальбранша, Бэкана. Дух першых адзіны з духам другіх. Лямарцін або Гюго ня здолелі б напісаць Тэнаў «Трактат пра чалавечы розум». Дух яго аўтара не адпавядае іхнаму. Праз сваю фанабэрыю яны страцілі падставовыя якасьці. Лямарцін і Гюго, хаця вышэйшыя за Тэна, але — як ні балюча гэта прызнаць — маюць такія ж другарадныя здольнасьці, як і ён.

(...)

Той, хто мае розум, не паверыць у тое, што супярэчыць розуму.

Вера — гэта натуральная цнота, дзякуючы якой мы прымаем тыя праўды, якія Элагім адкрывае нам пасярэдніцтвам сьвядомасьці.

Я ня ведаю іншай ласкі апроч як быць народжаным. Неўпярэджаны дух уважае яе цалкам дастатковай.

Дабро — гэта перамога над злом, адмаўленьне зла. Зло зьнішчаецца ўжо самім актам усьпяваньня дабра. Я не пяю пра тое, чаго ня трэба рабіць. Толькі пра тое, што рабіць трэба. Першае ня ўтрымлівае другога. А вось у другім утрыманае першае.

Моладзь прыслухоўваецца да радаў старэйшых. Яна бясконца верыць у сябе.

Ня ведаю ніводнай перашкоды, якой бы ня даў рады чалавечы дух, за выключэньнем праўды.

Максіма ня мае патрэбы падаваць сабе доказ. Меркаваньне вымагае папярэдняй развагі. Максіма — гэта закон, які ўключае цэлы шэраг развагаў. Меркаваньне дасягае паўнаты па меры таго, як набліжаецца да максімы. Як толькі яно робіцца максімай, яго дасканаласьць адкідае ўсе доказы, скарыстаныя ў працэсе яго пераўтварэньня.

Сумнеў — гэта даніна пашаны, заплочаная надзеі. Даніна недабравольная. А вось надзея не пагадзілася б быць усяго толькі данінай.

Зло паўстае супраць дабра. Нічога меншага яно зрабіць і ня можа.

Доказ сяброўства — гэта не зьвяртаць увагі на тое, што нашыя сябры сталі надзяляць нам больш увагі.

Каханьне ня ёсьць шчасьце.

Калі б мы былі зусім без заган, нам не прыносіла б такой асалоды сябе выпраўляць і ўхваляць у іншых тое, чаго нам бракуе.

Людзі, якія пастанавілі, што будуць пагарджаць сваімі бліжнімі, забываюць, што пачынаць трэба з пагарды да сябе саміх.

Тыя, хто ня б’ецца на дуэлях, лічаць адважнымі тых, хто на іх б’ецца да сьмерці.

Колькі няўдалых раманаў назапашваецца ў вітрынах! Часам здаецца, што калі дзеля ста су забіваюць людзей, то дзеля ўратаваньня чалавека ня грэх забіць кнігу.

Лямарцін верыў, што падзеньне анёла стане Ўздымам Чалавека. Дарма.

Калі зло прымушаюць служыць справе дабра, то ня з добрых памкненьняў, сказаў бы я.

Банальная праўда ўтрымлівае больш геніяльнасьці, чым яе ўтрымана ў творах Дыкенса, Гюстава Эмара, Віктора Гюго, Ляндэля. На падставе апошніх дзіця, якое перажыло б канец сусьвету, ня здолела б рэканструяваць чалавечай душы. На падставе першай — здолела б. Прынамсі, яно раней ці пазьней не адкрыла б, што такое сафізм.

Словам, якія выказваюць зло, наканавана набыць больш карыснае значэньне. Ідэі ўдасканальваюцца. Сэнс словаў таксама.

Плягіят неабходны. Прагрэс безь яго не абыдзецца. Ён бярэ фразу нейкага аўтара, завалодвае ягонымі выразовымі сродкамі, сьцірае памылковую думку і замяняе яе думкай слушнай.

Каб максіма выйшла добрай, ня трэба яе выпраўляць. Трэба яе разьвіваць.

(...)

Я правёў шмат часу за вывучэньнем абстрактных навук. Пры гэтым я зносіўся зь нямногімі людзьмі і яны мне не абрыдалі. Калі я пачаў вывучаць чалавека, я ўбачыў, што гэтыя навукі ёсьць вельмі чалавечымі, і што я, пранікнуўшы ў іх, менш вылечыўся ад сваіх хвароб, чым тыя, хто гэтых навук ня ведае. Я дараваў ім іхную поўную незацікаўленасьць! Я не чакаў, што ў вывучэньні чалавека ў мяне будзе шмат таварышаў. Я памыляўся, што таксама ёсьць вельмі чалавечым. Больш людзей займаецца чалавекам чым геамэтрыяй.

Мы сыходзім з жыцьця з радасьцю, калі толькі пра гэта не гаварыць.

Жарсьці з узростам супакойваюцца. Каханьне, якое ня варта адносіць да жарсьцяў, таксама. Страты з аднаго боку кампэнсуюцца з другога. Яно ўжо не такое строгае да аб’екту сваіх жаданьняў, яно справядлівае ў тым ліку само да сябе: не пратэстуе супраць пашырэньня. Пачуцьці ўжо не сьпяшаюцца ўзбуджаць цялесныя органы. Зьяўляецца любоў да чалавецтва. У такім веку чалавек адчувае, што ператвараецца ў аздоблены даброцямі алтар, прыгадвае кожны боль, які яго адпусьціў, і ў закутку сэрца, дзе ўсё нібыта нараджаецца, душа адчувае нешта, што ўжо ня б’ецца. Я даў вызначэньне ўспаміну.

Паэт можа вызначыць закон, якім кіруецца кожны зь ягоных вершаў, не аддзяляючы закону ад паэзіі.

Некаторыя філёзафы разумнейшыя за некаторых паэтаў. Сьпіноза, Мальбранш, Арыстотэль, Плятон — гэта вам не Эжазіп Маро, Мальфілятр, Жыльбэр, Андрэ Шэнье.

Фауст, Манфрэд, Конрад — гэта тыпы. Гэта ня тыпы мысьляроў. Гэта ўжо тыпы падбухторшчыкаў.

(...)

Фэномэны мінучыя. Я шукаю законы.

Ёсьць людзі, якія не адпавядаюць тыпам. Тыпы — гэта ня людзі. Ня трэба дазваляць, каб выпадковае авалодала намі.

Меркаваньні пра паэзію больш каштоўныя за саму паэзію. Яны — гэта філязофія паэзіі. Гэтак зразуметая філязофія ўключае ў сябе паэзію. Паэзія ня зможа абысьціся без філязофіі. Філязофія без паэзіі — так.

(...)

Укладзіце гусінае пяро ў руку мараліста, які ёсьць пры гэтым першаклясным пісьменьнікам. Ён будзе лепшым за паэтаў.

Любоў да справядлівасьці, у большасьці людзей, ёсьць адвагай вытрымаць несправядлівасьць.

Схавайся, вайна.

(...)

Элагім створаны паводле вобразу чалавека.

Існуе філязофія навук. Філязофіі паэзіі не існуе. Ня ведаю ніводнага мараліста, які быў бы першаклясным паэтам. Некаторыя назавуць гэта дзіўным.

Гэта жахліва, калі адчуваеш, што ўсё табе належнае — распадаецца. Чапляесься за сябе з адзінай прагай: спраўдзіць, ці існуе хоць нешта трывалае.

(...)

Паэзію мусяць рабіць усе. А ня хтосьці адзін. Бедны Гюго! Бедны Расін! Бедны Капэ! Бедны Карнэль! Бедны Бўалё! Бедны Скарон! Бзікі, бзікі і бзікі.

Веданьне мае два полюсы, якія судакранаюцца. Першы — няведаньне, у якім знаходзяцца людзі па нараджэньні. Другі — няведаньне, якога дасягаюць вялікія душы. Яны прагарнулі ўсе магчымыя людзкія веды, убачылі, што ведаюць усё, і вярнуліся ў тое самае няведаньне, зь якога выйшлі. Гэта — дасьведчанае няведаньне, што само сябе ўсьведамляе. Тыя, што знаходзяцца пасярэдзіне, выйшлі зь першаснага няведаньня і не змаглі дасягнуць другога — такія маюць крыху павярхоўных ведаў і ўдаюць зь сябе знаўцаў. Вялікія душы не турбуюць сьвету і разьбіраюцца ў ім ня горш за астатніх. Народ і яго знаўцы вызначаюць шлях нацыі. Вялікія душы ставяцца да нацыі з павагай і карыстаюцца ў яе павагай ня меншай.

Каб нешта ведаць, ня трэба разьбірацца ў гэтым да дэталяў. Паколькі ўсе рэчы ёсьць канечнымі, нашыя веды пра іх — дастатковыя.

Ня трэба блытаць каханьне з паэзіяй.

Жанчына ля маіх ног!

(...)

Ня трэба казаць усіх законаў уголас.

Вывучаць зло, каб зь яго атрымаць дабро, ня тое самае, што вывучаць дабро само па сабе. Калі дадзеная нейкая праява дабра, я буду шукаць яе прычыну.

Да апошняга часу аўтары апісвалі няшчасьце, каб выклікаць жах і спачуваньне. Я буду апісваць шчасьце, каб выклікаць адваротныя пачуцьці.

Паэзія мае сваю лёгіку. Гэта іншая лёгіка, чым у філязофіі. Філёзафы не раўня паэтам. Паэты маюць права лічыць сябе вышэйшымі за філёзафаў.

Я ня маю патрэбы пераймацца тым, што буду рабіць пазьней. Я мушу рабіць тое, што раблю. Навошта мне адкрываць рэчы, якія я адкрыю пазьней. У маёй новай навуцы кожнай рэчы свая чарга, у гэтым ейная выкшталцонасьць.

У маралістах і філёзафах ёсьць нешта ад паэтаў. Паэты ўтрымліваюць у сабе мысьляра. Кожная з гэтых каст абумоўленая другой, кожная разьвівае свае якасьці да крайнасьці, да моманту, калі яны набліжаюцца да якасьцяў другой. Рэўнасьць мысьляроў ня хоча прызнаваць паэтаў мацнейшымі. Гонар паэтаў выяўляецца няздольным справядліва ацаніць больш тонкія розумы. Якім бы разумным ні быў чалавек, трэба, каб мэтады мысьленьня былі аднолькавыя для ўсіх.

(...)

Навука, якую я спрабую стварыць, гэта не навука паэзіі. Я не ўсьпяваю паэзіі. Я намагаюся адкрыць яе крыніцу. З дапамогай правіла, якім кіруецца ўсякая паэтычная думка, прафэсары-більярдысты здольныя прадказаць разьвіцьцё пачуцьцёвых тэзісаў.

(...)

Змагацца са злом, гэта выказваць да яго зашмат пашаны. Калі я дазваляю людзям пагарджаць злом, хай не забудуць дадаць, што гэта максымум таго, што я магу для іх зрабіць.

Чалавек ведае, што не памыляецца.

Мы не здавальняемся жыцьцём, якое маем у сабе. Мы хочам жыць уяўным жыцьцём ува ўявах іншых. Мы намагаемся здавацца такімі, якімі ёсьць насамрэч. Мы працуем для таго, каб захаваць гэтае ўяўнае быцьцё, якое ёсьць праўдзівым. Калі мы шчодрыя, верныя, то мы намагаемся гэтага не паказваць, каб прыпісаць гэтыя вартасьці той уяўнай істоце. Але мы не адрываем іх ад сябе, каб далучыць да яе. Мы выяўляем мужнасьць дзеля таго, каб не набыць рэпутацыі баязьліўцаў. Гэта — прыкмета здольнасьці нашай істоты не здавальняцца адным жыцьцём без другога, не адмаўляцца ад ніводнага з двух. Чалавек, які ня жыў бы дзеля захаваньня свайго добрага імя, быў бы нягоднікам.

Нягледзячы на нашую веліч, якая трымае нас за горла, мы маем інстынкт, які нас падпраўляе, які мы ня можам заглушыць, які нас узьвялічвае!

Прырода мае дасканаласьці, каб паказаць, што яна ёсьць вобразам Элагіма, і недасканаласьці, каб паказаць, што яна — усяго толькі вобраз.

(...)

Людзі, якія змаглі вылечыцца ад сьмерці, няшчасьця, невуцтва, пастанавілі, што дзеля поўнага шчасьця ім варта зусім пра іх ня думаць. І гэта ўсё, што яны вынайшлі, каб знайсьці суцяшэньне ад такога невялікага зла. Нішто сабе суцяшэньне. Яно не загоіць зла. Яно хавае яго на нядоўгі час. Хаваючы яго, людзі ўдаюць, што яго вылечылі. Калі цалкам легітымна перавярнуць з галавы на ногі чалавечую прыроду, мы ўбачым, што смутак, самая адчувальная хвароба чалавека, ёсьць для яго найвялікшым дабром. Смутак можа найбольш дапамагчы яму ў пошуках аздараўленьня. Вось і ўсё. Забава, якую лічаць найвялікшым дабром для чалавека, ёсьць для яго найменшым злом. Яна найбольш падштурхоўвае чалавека да таго, каб ён шукаў сродак ад сваіх няшчасьцяў. І смутак, і забава — доказы супраць нізкасьці й разбэшчанасьці чалавека, доказы ягонай велічы. Чалавек нудзіцца, прыдумляе сабе мноства заняткаў. Ён мае ўласную ідэю шчасьця, да якой дайшоў; знайшоўшы яе ў сабе, ён шукае яе і ў зьнешніх рэчах. Ён здавальняецца. Няшчасьце — яно ня ў нас і ня ў іншых істотах. Яно ў Элагіме.

Прырода дае нам шчасьце ўва ўсіх станах, гэта нашыя жаданьні ствараюць нам няшчасны стан. Яны далучаюць да таго стану, у якім мы знаходзімся, смутак і боль стану, у якім мы ня ёсьць. У сапраўднасьці, калі б мы дачакаліся таго смутку й болю, яны б нас ужо не засмучалі, у нас былі б іншыя жаданьні, адпаведныя новаму стану.

(...)

Мы настолькі мала самаўлюбёныя, што хацелі б, каб нас ведаў цэлы сьвет, улучна зь людзьмі, якія прыйдуць пасьля нашай сьмерці. Мы настолькі мала ганарыстыя, што павага пяці, ну хай шасьці чалавек нас радуе, і мы ўспрымаем яе як гонар.

Трэба мала, каб нас суцешыць. Трэба шмат, каб нас засмуціць.

Сьціпласьць настолькі натуральная для чалавечага сэрца, што і рабочы, які стараецца не выхваляцца, хоча мець тых, хто ім захапляецца. Філёзафы таксама. І асабліва паэты! Тыя, хто піша дзеля славы, хочуць быць славутыя тым, што пісалі добра. Тыя, хто іх чытае, хочуць быць славутыя тым, што іх чыталі. Я, пішучы гэта, не хаваю свайго славалюбства. Тыя, што будуць гэта чытаць, таксама ня будуць яго хаваць.

Людзкіх вынаходак будзе ўсё болей. Наагул, колькасьць дабра і зла ў сьвеце не застаецца той самай.

(...)

Найлепшы спосаб некага пераканаць — не пераконваць.

Роспач — яшчэ найменшая з нашых памылак.

Заўжды калі нейкая думка прадстаўляецца нам як банальнасьць, дастаткова зрабіць намаганьне і разьвіць яе, каб мы ўбачылі, што гэта — адкрыцьцё.

Можна быць справядлівым, калі ня быць чалавекам.

Буры юнацтва папярэднічаюць дням яснасьці.

(...)

Тыя, хто шчыры ў сваіх асалодах, будуць шчырыя і ў астатнім. Гэта прыкмета цывілізаванай натуры, бо асалода ачалавечвае.

Стрыманасьць вялікіх людзей стрымлівае ў іх толькі добрае.

Мы крыўдзім людзей, калі сваёй хвалой пашыраем межы іхных заслуг. Многія людзі дастаткова сьціплыя для таго, каб без пакут перажыць нашую пахвалу.

Ад эпох і людзей трэба чакаць усяго і не баяцца нічога.

(...)

Вялікія пляны ацэніць той, хто сам здольны да вялікіх посьпехаў.

Стрыманасьць — парá вучнёўства розумаў.

Калі мы не намагаемся сказаць штосьці выбітнае, мы кажам неаспрэчныя рэчы.

Усё, што праўдзівае, ня зманлівае; усё, што ня зманлівае, праўдзівае. Усё ёсьць супрацьлегласьцю сну і хлу-сьні.

Ня варта абавязкова лічыць шкодным тое, што прырода зрабіла прывабным на погляд. Не было эпох ці народаў, якія не прыдумлялі б няісных даброцяў і заганаў.

Аб прыгажосьці жыцьця льга меркаваць толькі паводле прыгажосьці сьмерці.

Драматург можа надаць слову «жарсьць» карысны сэнс. Тады ён больш не драматург. Мараліст надае ўсякаму слову карысны сэнс. І застаецца маралістам!

(...)

Хто вывучае жыцьцё аднаго чалавека, знаходзіць у ім гісторыю цэлага роду. Нішто ня можа яе сапсаваць.

Ці варта мне вершаваць, каб аддзяліць сябе ад іншых людзей? Хай вырашае спагада!

(...)

Вялікадушнасьць радуецца чужому шчасьцю так, быццам яна за яго адказная.

(...)

Калі нашы сябры робяць нам нейкую паслугу, мы ўспрымаем гэта як нешта само сабой зразумелае, быццам яны нам вінаватыя. У выпадку праяў іхнай варожасьці мы так ня думаем.

(...)

Калі нашыя абавязкі вычэрпваюць нас, мы лічым, што гэта мы вычарпалі нашыя абавязкі. Мы кажам, што ў чалавечым сэрцы можа зьмясьціцца ўсё.

(...)

Нічога яшчэ ня сказана. Мы прыйшлі зарана, усяго пасьля сямі зь лішнім тысяч гадоў існаваньня чалавека. Што да маралі, то тут, як і ўва ўсім астатнім, найвышэй цэніцца мінімум добрага. Нашая выгада ў тым, што мы працуем пасьля найбольшых здольнікаў антычнасьці і сучаснасьці.

Нам уласьцівыя сяброўства, пачуцьцё справядлівасьці, спачуваньне, разважлівасьць. Сябры мае! Што тады значыць, што нам бракуе даброці?

Пакуль мае сябры не паміраюць, я ня буду казаць пра сьмерць.

Нас агаломшвае як нашае паўторнае падзеньне, так і тое, калі мы бачым, што нашыя няшчасьці ўсё-ткі здолелі выправіць нашыя недахопы.

Ацаніць хараство сьмерці льга толькі ацаніўшы хараство жыцьця.

Шматкроп’е ў канцы змушае мяне са шкадаваньнем паціскаць плячыма. Няўжо яно патрэбнае, каб даказаць, што аўтар — чалавек духу, то бок афэлак? Можна падумаць, быццам яснасьць, што да расстаўленьня кропак, мае меншую вагу за няпэўнасьць!

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Паўстаньце, выклятыя сьвету,
хто ў цемры й голадзе блукаў!
Наш розум больш ня сьцерпіць зьдзеку
і хутка выбухне вулкан!
Сатры мінуўшчыну дазваньня,
натоўп рабоў, рыўком адным!
Cьвет неўзабаве іншым стане,
хай мы нішто — дык будзьма ўсім!

Пераклад:
Макс Шчур

«Калі я быў Прывід зусім малады,
хлапчук зь мяне ўдаўся зухвалы!
Усе на слупах мы сядзелі тады,
нам лусьцікі з маслам да чаю заўжды —
хоць сьвята, хоць ноч — падавалі».

Пераклад:
Макс Шчур

Так, дасягнуўшы росквіту, у прах
імпэрыі сыходзяць пачаргова,
бо прадчуваюць: іхны ўзьнёслы гмах
ня ёсьць, на жаль, увасабленьнем Слова.

Пераклад:
Макс Шчур

Я ведаю, што я самаўладны,
я не турбую свой дух патрэбай апраўдвацца ці быць зразуметым,
вечныя законы не выбачаюцца,
(Зрэшты, я лічу, што ў маіх словах ня больш фанабэрыі, чым у грунтвазе, якою я зьвяраю
свой дом.)