Пратаколы мінскіх мудрацоў

сучасная беларуская проза па-беларуску, аўтабіяграфічная, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Раман-дзённік

(урывак)

Я вас зусім не баюся — вы проста калода картаў.

Л. Кэрал

У Беларусі адбываюцца перамовы па мірным урэгуляванні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Абавязак галоўнай гераіні — забяспечыць арганізацыю гэтага працэса.

Самыя розныя людзі — у тым ліку вельмі значныя — падыходзяць да гэтай няўрымслівай маладой жанчыны і дзеляцца сваімі думкамі, просьбамі, праблемамі, нечакана шчырымі пачуццямі, і з цягам часу ў гераіні складваецца зусім іншая, рэальная, эмацыйная карціна таго, што адбываецца на перамовах і па-за імі.

Ці не ўпершыню ў беларускай літаратуры аўтарка адлюстравала ў творы свой досвед працы ў міжнародных арганізацыях, перадусім у галіне дыпламатыі.

4 кастрычніка

Прыём у нямецкім пасольстве — Актобар-фэст

Я вырашыла пратэсціраваць туфлі на вельмі высокім абцасе, і ў іх аказалася надзвычай невыгодна, тым больш што давялося чакаць паўгадзіны, перш чым пачалося мерапрыемства. Відаць, затрымка адбылася з-за адсутнасці віншавальніка — афіцыйнай асобы з беларускага боку.

Народ засумаваў і пачаў масава піць віно. Я цадзіла ваду, паколькі была за стырном.

Нарэшце бліжэй да сцэны з’явіўся чыноўнічак непрыкметнага тыпу з дачкой-студэнткай. Мерапрыемства пачалося.

Прамова пасла ўразіла ўсіх. Пасол казаў па-нямецку, а зверху ішла паўэр-пойнт прэзентацыя па-руску, тэкст якой зачытвала перакладчыца. У прамове было згадана і супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў, і прэзідэнцтва Германіі ў АБСЭ. Згадваўся і канфлікт ва Ўкраіне, хоць пра ролю Беларусі — пляцоўкі перамоваў — маўчок.

У прамове разглядаліся сёлетнія падзеі, і беларусаў павіншавалі з адменай санкцый, для якой — «не сакрэт» — Германія прыклала вельмі шмат намаганняў. Адзначылі і другую сусветную вайну — трагедыю, «пасля якой мы сталі сябрамі». Але найлепшы каментар тычыўся нядаўніх парламенцкіх выбараў у Беларусі, якія пасол адкрыта зганіў:

Мы разлічвалі, што яны будуць больш празрыстымі, — напружана сказаў гаспадар мерапрыемства і шматзначна паглядзеў на аўдыторыю.

Побач са мной стаяла жонка пасла. Яна вельмі напружвалася, калі я фатаграфавала.

Затым спешна заступіў беларускі прадстаўнік — яго не прадставілі. Толькі пры звароце пасла прагучала нешта кшталту «Гер Кашмарык». Як мы потым здагадаліся з прадстаўніком Дзяржпратаколу, гэта мог быць намеснік Прэм’ер-міністра Республікі Беларусь Сямашка Уладзімір Ільіч.

Перакладчыца пасольства прадставіла беларускага чыноўніка не больш як «ганаровага госця». Яго перакладала іншая, уласная перакладчыца. Працавала яна добра, але пару разоў збілася — ці то ён імправізаваў наконт выбараў, апраўдваючыся, ці то яна захвалявалася.

Урэшце нас заклікалі падняць келіх за працвітанне Германіі. Паслужлівы знаёмы перакладчык Сяргей прынёс мне вады.

Тут падышла калега з пасольства Германіі фраў Утке з нейкім беларускім ламберам, які неяк навязліва і няўмела мітусіўся вакол усмешлівай немкі.

Фраў Утке была радая мяне бачыць.

Заўтра працуеш? — спытала яна.

Утке — мілая бландынка, крыху старэйшая за мяне, і займае досыць высокую пасаду ў пасольскай іерархіі. Мы пазнаёміліся толькі на мінулым паседжанні.

Утке прапанавала мне сваю візітоўку:

— Па-руску ці па-беларуску? Дойч! — зрэагавала я і дала ёй сваю.

Раптам дзеры прама за маёй спінай адчыніліся, утварыўся неверагодны скразняк, і малады афіцыянт закаціў на вазку вялізны кавалак мяса-грыль. Мы з Утке пераглянуліся, я ўсклікнула: — Уаў! — Гэта лёс! — падтрымала мой энтузіязм Утке. Тэба пакаштаваць.

Перакладчык Сярожка адлучыўся, і мы засталіся ўтраіх з ламберам.

Вазьмі нам усім, — Утке адправіла свайго заляцанца і засталася паразмаўляць са мной. У хуткім часе малады чалавек паслужліва падаў ёй талерку з порцыяй мяса, затым узяў сабе.

А другую даму Вы вырашылі не абслугоўваць? — пракаментавала я, бо была ўпэўнена, што для ўсіх — гэта для нас траіх. — Дзякуй! — навязліва працягвала я.

Ой, я не зразумеў... — асалапеў малады чалавек. — Давайце я...

Дзякуй, я сама, — адказала я і дэманстратыўна накіравалася да афіцыянта, пакідаючы закаханых сам насам.

Утке зарагатала мне ў след, і мяне гэта парадавала.

Пазней амаль нічога цікавага не адбывалася, як і зазвычай на прыёмах. Я пазнаёмілася з дзяўчынай з італьянскага пасольства. Мы размаўлялі за столікам бліжэй да кухні і мелі магчымасць эксклюзіўна выбіраць ежу, перш чым афіцыянткі даносілі яе да сталоў. Новая знаёмая ў хуткім часе пераключылася на флірт з замежнікам сталага веку, а я вырашыла паціху сыходзіць.

Каля выхаду стаяў пачэсны каравул. Маладыя хлопцы ў ваеннай форме аддалі чэсць госцю з азіяцкай знешнасцю. Мне (як жанчыне?) не аддалі.

Пагаварыла з асістэнтам пасла Андрэасам, якога, няшчаснага, пакінулі каля дзвярэй сустракаць і праважаць.

— Табе хоць віна ды ежы перападзе крыху пазней? Так, паем пазней, а так я за рулём...

Пачуцці былі змяшаныя. Я нарэшце пераабулася ў ямчэйшы абутак і села ў сваю машыну. Тут было камфортна, і я з задавальненнем паехала дахаты, дзе мяне чакалі самыя любімыя мужчыны.

5 кастрычніка

Паседжанне

Сустрэча пачыналася максімальна спакойна: малады супрацоўнік «Прэзідэнт-гатэля» з незразумелым статусам дапамог мне ўключыць святло, і я села за раздрукоўку дакументаў. У хуткім часе выйшла сустракаць удзельнікаў, расклала рэшткі бэджаў. Дзяжурыў Аляксандр, і мне чарговы раз давялося даволі жорстка растлумачыць яму і амонаўцам свае функцыі.

Таццяна Сяргееўна з банкетнай службы яшчэ з самай раніцы папярэдзіла, што будзе праходзіць падрыхтоўка да важнай выставы.

Галоўны ахоўнік сёння гаўністы, і паколькі ён ні ў чым не ўпэўнены, мне давялося прысутнічаць пры абмеркаванні: Анастасія, тут будзе медыцынская выстава, — звярнуўся да мяне ахоўнік. Таццяна напружылася. — Так, мяне ўжо праінфармавалі, — падтрымала я Таццяну. — І тут будуць манекены .... «Прэзідэнт-гатэль» часта ідзе нам насустрэч. І мы, вядома, пойдзем насустрач сёння.

Урэшце дамовіліся дзейнічаць па сітуацыі. Адным з першых прыйшоў Роберт. Я пацалавала яго ў абедзве халодныя шчокі — ён быў увесь мокры: — Ты такі халодны! Прабач...

Ён і палкоўнік Штахер ішлі з гатэля пешшу пад праліўным восеньскім дажджом... У Штахера памерла маці: Я як Ісус, мне муляе крыж... — сказаў ён мне.

З Марыянам Сташэўскім пасварыліся. Нарэшце! Канчатковая разборка з палякам адбылася пры Штахеры. У галаве Марыяна даўно не ўкладалася, як маладая жанчына з Усходняй Еўропы можа паводзіць сябе настолькі ўпэўнена і самастойна, і сёння ён падсумаваў: — Вы паводзіце сябе нібы міністр! — Ваш зварот вельмі дыпламатычны! — не прамінула я. — Не вучыце нас дыпламатыі. Наш офіс існаваў задоўга да таго, як вы пачалі тут працаваць, — паляк пачырванеў. — Вы дазволілі сабе асабісты каментар у мой адрас. — Які? — Што я паводжу сябе як міністр. Між тым усе людзі маюць асаблівасці, і я паводжу сябе прафесійна і ніколі не каментую наконт асабістых рысаў сваіх калегаў. Я наконт Вашых каментавала? Сташэўскі замаўчаў.

Я вырашыла абстрагавацца ад канфлікту і пайшла дапамагчы Эліасу, які на рэцэпцыі па тэлефоне муштраваў службу Белавія, каб адмяніць сваю рэгістрацыю на рэйс.

Калі я вярнулася, Сташэўскага ў нашым пакоі ўжо не было. Штахер мяне падтрымаў: — Важна гэта ці не, але я на тваім баку, — сказаў ён. — У Марыяна вельмі цяжка з пачуццём гумару. Сяду бліжэй да таго, хто мяне падтрымлівае, — cказала я і падсунулася да Штахера.

Пасля прэс-рэлізу пасол Сайдзік захацеў абмеркаваць дзень Аўстрыі. Ён супадае з наступным паседжаннем, і мы арганізуем невялікае святкаванне.

Сайдзік папрасіў замовіць кветкі. Будзе таксама віно і аўстрыйскі торт захер.

— Кветкі патрэбны ярка-чырвоныя, не цёмныя, — адзначыў Сайдзік. Крывава-чыровныя, — дадаў Штахер, спасылаючыся, відаць, на легенду пра аўстрыйскага князя, але я заразумела гэта ў пошла-жаночым сэнсе і дэманстратыўна на яго абярнулася.

Роберт таксама прасёк жарт і стаў весяліцца. Я згадала, што бачыла сёння загаджаны ярка-чырвонай дзявочай крывёю ўнітаз у прыбіральні «Прэзідэнт-гатэля», скрывілася і сказала «Фу, якая гадасць» ды паглядзела збянтэжана на Сайдзіка. Паслу не падабаецца, калі іншыя мужчыны са мной жартуюць, таму ён дэманстратыўна скончыў размову: — Усё зразумела? Усё зразумела, — адкланялася я і сышла.

Працоўны дзень быў амаль завершаны. У фае на гінекалагічных крэслах ляжалі «цяжарныя» манекены з рассунутымі нагамі...

Сташэўскі быў зусім чырвоны і папрасіў прабачэння. А з Сайдзікам развіталіся ў калідоры: пагаварылі пра яго даўнюю просьбу — сустрэчу з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч. Мне нарэшце ўдалося з ёй звязацца, і сустрэча мелася адбыцца ў хуткім часе.

27 кастрычніка

Сустрэча са Святланай Алексіевіч

Гутэн Марцін! — так я прывітала Сайдзіка, калі ён патэлефанаваў мне гадзін у 11 раніцы.

У адказ маўчанне. Я паправілася: —Гутэн Морген!

У адказ усё адно маўчанне. — Халё?! — прамовіла я з гуллівай інтанацыяй і пачула нізкі, нібы крыху прастуджаны голас Марціна: Анастасія, калі ласка, патэлефануце Мірончыку і скажыце, што я прашу перанесці абед на паўгадзіны пазней.

Я здзейсніла яго просьбу і адзванілся.

У яго быў асабліва пранікнёны голас, калі ён вымаўляў маё імя. Ды і раніца — спачатку нечакана туманная, а потым сонечная, была чамусьці шчымлівай....

Кветкі для Алексіевіч пасол меўся набыць сам.

Сустрэча планавалася на 17.00. Я спытала ў мужа, ці варта яшчэ раз патэлефанаваць Святлане, але ён пацвердзіў маё меркаванне: не, у вас усё дамоўлена — навошта турбаваць чалавека?

Да Алексіевіч я паехала на таксі.

Па часе я крыху спазнялася, і таму ў раёне Опернага вырашыла патэлефанаваць — было ўжо 17.05.

— Добры вечар, спадарыня Святлана, гэта Анастасія з АБСЕ, наконт сустрэчы з паслом Сайдзікам. Добры вечар. А што, гэта ўжо пяць гадзін? Я зараз збяруся, буду праз 15 хвілін.

І тут я разумею, што мне вельмі пашанцавала: яна абсалютна забылася на сустрэчу, і добра, што не з’ехала з Менску і сама абазначыла сваю гатоўнасць. Дзякуй Богу!

Я адзванілася Сайдзіку і сказала, што спадарыня спазняецца.

Сайдзік хваляваўся наконт таго, што ў кавярні накрылі як на вячэру, але я сказала, што гэта можна прыбраць.

— Можа, яна хоча есці? Я не хачу падацца скнарай... Давайце я ў яе ўдакладню.

Пакуль чакалі Алексіевіч, вадзіцель выбіў дыванкі, а я ўбачыла здалёк вясельны салон «Вена» і падумала, што гэта добры знак.

Нарэшце выйшла Алексіевіч. Яна была ў нейкай мешкаватай шэрай дублёнцы і вязаным шаліку-капюшоне на галаве. Мы селі ў машыну ў 17.45, і я тут жа патэлефанавала Сайдзіку: Спадар пасол, мы ўжо едзем.

У машыне Алексіевіч сама завязала са мной размову. Праўда, яе перарываў тэлефонны званок — гэта была дызайнерка Святланы, якая мелася афармляць нованабытую кватэру ў «доме Чыжа». Сустрэчу з дызайнеркай Алексіевіч адкладвала, відаць, не першы раз: «сумасшедшая жизнь», «нельзя рассчитывать на свою память», «надо записывать» — апраўдвалася лаўрэатка.

«Даўно пара», — падумала я, прыгадаўшы, як прыходзіла да яе колькі гадоў таму, яшчэ да нобелеўкі, са шведскім журналістам. Тады Святлана заявіла ў дамафон, што, па яе звестках, сустрэча заўтра...

Ну, і што зараз адбываецца ў краіне? Раскажыце мне, а то я нікуды не выходжу... — звярнулася да мяне Алексіевіч.

Я стала пераказваць апошнія навіны: — Сітуацыя пагаршаецца: зачыняюцца прадпрыемствы, людзі страчваюць працу — 40 000 чалавек за апошнія два месяцы. Партрэт тыповага беспрацоўнага — мужчына сарака гадоў... Так, гэта цяжка. Я вось дапамагала сям’і, папрасілі з Радыё Свабода. Ім патрэбен быў узнос для крэдытавання жылля — дзве ці тры тысячы даляраў. У іх восем дзяцей — і ўсе такія прыгожыя! Яны так хацелі цукерак... Не магу паверыць, што такая невялікая сума можа дапамагчы... А яны просяць: зрабіце ўсё публічна, а то іншыя людзі нам будуць зайздросціць, зневажаць нас...

«Што ж: і гэта праўда — у нас за капейку задушаць...» — падумала я. Вось і «Гранд Кафэ».

Я тут даўно не была. Гэта быў рэстаран «Патсдам», так? — аглядала ўсё навокал Алексіевіч.

Мілавідны малады гардэробшчык пацвердзіў. Персанал быў крыху спуджаны: відаць, пазналі госцю. Дзяўчына-хостэс нешта прамямліла, яле я аператыўна перарвала: — Нас, калі ласка, за столік АБСЕ. Шчыра радыя вас вітаць, — прамовіла афіцыянтка, якая нас праводзіла.

Сайдзік ужо даўно чакаў, піў баржомі і чорную гарбату з малаком. Букет чырвоных і белых ружаў стаяў на падваконніку. Месца было і сапраўды ўтульнае, ізаляванае. Сайдзік устаў, каб прывітаць Святлану. Ён быў яўна рады і крыху збянтэжаны. Са мной ён таксама з задавальненнем павітаўся і адзін раз пацалаваў мяне ў шчаку, што здзівіла спадарыню Алексіевіч. Мы занялі месцы: я каля Сайдзіка, Алексіевіч — насупраць.

Абмеркавалі, што будзем піць. Нам прапанавалі фірмовыя дэсерты. Усе спыніліся на мясцовым далікатэсе — пірагу з казінага сыру (аказался смачным).

Пакуль Алексіевіч нервова набірала з цукарніцы кавалкі рафінаванага карычневага, ёй патэлефанавалі і ўдакладнілі, ці будзе яна і калі, на яшчэ адной важнай сустрэчы — па стварэнні музея яе настаўніка Адамовіча, на які яна мелася даць грошай... Я буду, але пазней: я цяпер на іншай сустрэчы і ледзьве не падвяла харошых людзей...

Сайдзік пры гэтым нервова ўсміхаўся і паглядаў на мяне: ура, мы гэта зрабілі, мы яе займелі!

Я, напэўна, выключу тэлефон, — адрэагавала Алексіевіч, і размова пайшла больш гладка.

Гаварылі пра Ўкраіну, Сірыю, але больш пра Алексіевіч, яе паездку ў Кітай, дзе яе кнігі нібыта штомесяц выдаюцца ў перакладзе накладам па 100 000 асобнікаў...

— Даруйце за недалікатнасць, Вам кітайцы выплочваюць ганарар за публікацыі? — спытаў Сайдзік. Так, кітайцы падпісалі канвенцыю аб аўтарскіх правах. Цяпер — так.

Алексіевіч пыталася, чаму Чацвёрка называецца Нармандскай, і ці не думае Сайдзік, што свет знаходзіцца ў стане халоднай вайны.

Думаю, не: усё не так палярызавана і не так закрыта.

Дыскусія рабілася ўсё больш нязмушанай, але ў нейкі момант за сцяной пачуўся шум, тлум, мне забалелі вушы і стала цяжка сачыць за размовай. Пасля некалькіх выхлапаў зазірнула прыбіральшчыца з саўком і шчоткай: відаць, у суседнім пакоі былі феерверкі з канфеці.... Маладая пара, якая сядзела за адзіным бачным нам столікам, вяла бяседу пра нешта асабістае...

Пакуль Святлана падпісвала кнігі, мы з Сайдзікам за ёй назіралі. Я сфатаграфавала гэты працэс. Сайдзік папрасіў падпісаць кнігу і для яго жонкі. Расказаў, што пазнаёміўся з жонкай у Вене, дзе яна працавала ў пасольстве Кіргізіі. Яна дальняя сваячка Айтматава, Роза Рымбаева — яе сястра. Падчас далейшай размовы Сайдзік паглядаў на мае чырвоныя пазногці і крыху ёрзаў на крэсле.

Алексіевіч пытала: — Няўжо ніхто не можа супрацьстаяць Пуціну? — Яму можа супрацьстаяць толькі Меркель, — адказаў пасол. — А як Вам Лаўроў? Мне здаецца, ён нейкі мастадонт! Лаўроў — дыпаламат найвышэйшага класу, — стрымана пракаментаваў Сайдзік.

Спадар пасол задаў Святлане апошняе пытанне: — Як Вы мяркуеце, калі знікне савецкі чалавек? — Ой, гэта яшчэ не скора, — усхапілася пісьменніца. — Павінна прайсці некалькі пакаленняў. Вось паглядзіце: Анастасія. Колькі Вам гадоў, Анастасія? — Трыццаць два. Вось Анастасія: трыццаць два гады, гаворыць на некалькіх мовах, была за мяжой, але ўсё адно ў ёй час ад часу праглядаецца нешта савецкае...

Такога я не чакала. Сайдзік апусціў вочы.

Так, у нас савецкае культывуецца ў грамадстве, —запоўніла я няёмкую паўзу. — І мы з паслом ужо абмяркоўвалі, што, напэўна, павінна адбыцца нешта кшталту геннай мутацыі, каб савецкі чалавек знік...

Сустрэча падыходзіла да канца. Сайдзік запрашаў Алексіевіч у госці ў Аўстрыю: Калі надумаеце прыехаць, звязвайцеся з ёй, — пасол паказаў ён на мяне, але я заўважыла, што Святлане гэта абсалютна нецікава: яна ўжо абстрагавалася і ў думках была недзе далёка.

Сайдзік дастаў з вазы кветкі, абгарнуў іх унізе сурвэткай і перадаў Святлане. Падараваў ёй і цукеркі са свежых каштанаў — класны падарунак з Аўстрыі!

Я правяла лаўрэатку да выкліканай мною таксоўкі, адчыніла дзверы аўто, падала букет і цукеркі.

На перакрыжаванні стаяў рэгуліроўшчык, машыны пакуль не пускаў, і я абярнулася ды памахала Алексіевіч. Але яна сядзела з сумна-апатычным тварам і ўжо мяне не бачыла.

Я вярнулася ў кавярню. На душы скрэблі кошкі. Сайдзік ужо забраў выкладзеныя мной пасадачныя і разлічваўся.

— У мяне да Вас пытанне: што ж ува мне савецкага? — я вырашыла абмеркаваць тое, што мяне зачапіла. — Даруйце, што? — не зразумеў пасол. — Спадарыня Алексіевіч сказала, што ўва мне нешта такое ёсць... Ну, гэта не так. У мяне жонка з постсавецкай прасторы, і я магу сказаць адно: ад савецкага можна пазбавіцца... У мяне ўвогуле харошая жонка: ёй не трэба нічога лішняга: упрыгожванні, касметыка...

Мы выйшлі роўна ў 20.00, калі Сайдзіка павінна была забіраць машына МЗС. На ратушы біў гадзіннік. Якраз своечасова!

Пасол выглядаў стомленым. Я пагладзіла яго па спіне: Вы цяпер адпачніце, а потым прыязджайце да нас. Вы нам патрэбны. І не толькі нам, але і больш шырокім масам насельніцтва.

Сайдзік усміхнуўся. Я сёння бегаў з раніцы з Мірончыкам.

Абмеркавалі нашых простых хлопцаў з міністэрства.

Тут ужо і Аляксей на джыпе пад’ехаў. Сайдзік забраў багаж з гатэля і прапанаваў мне пад’ехаць з ім. Мы селі разам ззаду. На душы застаўся нейкі асадак, але я працягвала весці дыпламатычную размову: Як Вам сустрэча, спадар пасол?

Сайдзік вытрымаў паўзу.

— Спадабалася? — настойвала я. Так, вялікі Вам дзякуй. Мне спадабалася: яна вельмі цікаўная, задае пытанні... — ахарактарызаваў Сайдзік Святлану.

Я расказала пра інтэлектуальны клуб Алексіевіч, які яна плануе ў хуткім часе, пра подпіс у кнізе, якую яна падаравала мне раней: «І ўсё такі няхай усё будзе добра».

І сапраўды: я цяпер побач з вельмі добрымі людзьмі, — падсумавала я.

Потым настала паўза ў размове, і я пачула дыханне Сайдзіка. Два ўдыхі-выдыхі, і трэці — калі стала зразумела, што я гэта чую, — значна больш інтэнсіўны, бурна-перарывісты...

Да мяне не адразу дайшло, але потым я інстынктыўна дзерганулася ў бок яго. Паміж намі стаяла яго сумка. Сайдзік сядзеў, апусціўшы вочы.

— Ну, што яшчэ будзем рабіць... апроч перамоў? — я вырашыла замяць паўзу, і зямляк майго калегі Фрэйд тут бы ўзрадаваўся... — У Белавежскую Пушчу не паедзеце? Холадна цяпер? Так, холадна. Я хацеў на Акеан Эльзы схадзіць. І Тота Кутунья. Калі ён будзе?

Я сказала, што прыеду дахаты і ўдакладню.

Па дарозе Сайдзік расказаў, што хутка паляціць у Вену і будзе чытаць лекцыю па ўстойлівым развіцці для будучых дыпламатаў.

Праехалі дзіцячую чыгунку. Пасол калісьці прызнаўся мне па сакрэце, што вельмі хацеў бы яе наведаць. Мы былі ўжо недалёка ад майго дома. Сайдзік хацеў выйсці з машыны, каб са мной развітацца, але я прапанавала развітацца, не выходзячы. Мы пацалаваліся, і ён з пранікнёным погядам паціснуў мне руку.

Місія была завершана.

Відэа з урыўкам раману, тэкст начытаны аўтаркай (па-англійску):

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Сон, варыянт другі, — на экспазіцыі ўсё як раней, але людзі на фатаздымках рухаюцца, старонкі кніг варушацца, і дзіўны ветрык, невядома адкуль, а экскурсантаў няма, усё, што я гавару — я гавару сама сабе.

— На марозе, ды з ветрыкам, заснеш толькі так, — Лёшка Лайзан бярэ першую бітку. — Летась на Вынгапуры рэлейную вышку ставілі. Ну выпілі, вядома, каб сувязь добрай была. Мароз таксама за сорак. Выйшаў я папаліць, і тут жа, стоячы, заснуў. Чую, ляпае хтосьці па твары. Спрабую павекі раздзерці, а яны не раздзіраюцца. І галава як здзервянела.

— Цяпер гэты Тахелес — уласнасць нашага банка. А прыватнай уласнасці ў нашай краіне яшчэ ніхто не адмяняў. Гэтых мастакоў мы і з іншых памяшканняў паступова выцеснім. Дай толькі час. Нам спяшацца няма куды. Закон на нашым баку. І грошы таксама, — сказаў Гвіда і крыва ўсьміхнуўся.

Я і кажу — бяда. Хіба, як калісь, у крамах усё чыста папрападае? Трэба было б запасціся сім-тым, пакуль тое-сёе есцека: запалак узяць, солі якую кілю, мыла таксама не зашкодзіць, як і пральны парашок. А галоўнае — крупаў не забыцца і цукру, бо дзе іх потым возьмеш, калі знікнуць?