Аляксандр Апон

Нарадзіўся ў 1961 годзе ў Гарадзенскай вобласці. Вучыўся ў школе, служыў у арміі. За саветамі працаваў то там, то сям, абы дзень да вечара, пасля таксама асабліва не ўпіраўся. Авалодаў кантрабандысцкімі прыёмамі перавозкі за мяжу цыгарэт, спірту, бензіну АІ-92. Зараз на заслужаным адпачынку. Жыве ў Гродна. Асобныя п’есы публікаваліся на сайце «Нашай Нівы».

Адразу ж пасля сканчэння маскоўскага ўніверсітэту ён намёртва, як тупая сякера ў сукаватым палене, засеў ува ўладных кабінетах і часам толькі перабіраўся з аднаго ў другі, прычым усё большы, з усё цяжэйшай і даражэйшай мэбляй, а таксама прыгажэйшай і маладзейшай сакратаркай, падрыхтаванай для якіх заўгодна паслуг.

Я і кажу — бяда. Хіба, як калісь, у крамах усё чыста папрападае? Трэба было б запасціся сім-тым, пакуль тое-сёе есцека: запалак узяць, солі якую кілю, мыла таксама не зашкодзіць, як і пральны парашок. А галоўнае — крупаў не забыцца і цукру, бо дзе іх потым возьмеш, калі знікнуць?