Гарадавы

сучасная беларуская проза па-беларуску, сатыра, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Захацеў напісаць камедыю. Пра тое, як у вёску пад Мінскам прыехаў наводзіць парадак гарадавы.

І ўжо намаляваў у галаве дэкарацыі першага акту: з аднаго боку — вясковая хата, з кустамі парэчак пад акном, з другога — вуліца, якая цягнецца ўглыб сцэны, і недзе там, на даляглядзе, горад — некалькі вежаў-шматпавярховікаў, будаўнічых кранаў і фабрычных труб.

І пастанавіў, што дзея будзе адбывацца цёплым летнім днём, каб у прыадчыненым акне з фіранкай гуляў вецер, і каб чуваць было, як ходзікі ў хаце абвяшчаюць палудзень — б’юць дванаццаць разоў.

І прыдумаў першых дзвюх дзеючых асобаў, жанчын сярэдняга веку: адну назваў Люсяй, а другую Марысяй.

І ўжо вывеў Люсю на сцэну, апрануўшы яе ў паркалёвую сукенку ў дробныя васількі, і ўручыў ёй цэлафанавы пакет.

Потым сеў за стол у сваім пакоі, узяў аркуш паперы, аловак і накідаў вось такі дыялог:

Люся (гукае ў вакно): Марыся, дзе ты там, чуеш ці не?

Марыся (з хаты): Тута я, тута!

Люся: Выгляні, нештачкі скажу.

Марыся (высунуўшыся вонкі): Што такое?

Люся: Бяда, Марысечка, вой, бяда!

Марыся: А божачкі мае! Што зноў учынілася?

Люся: Гарадавы прыехаў.

Марыся: Во табе на! Не можа быць!

Люся: Як не можа, калі я на свае вочы бачыла: машына да сяльпа пад’ехала, я якраз паўз сяльпо, з крамы ішла, хлеба вось (прыпадымае пакет, каб паказаць) і круп узяла, а ён якраз з машыны і вылазіць, барадаты такі, у фуражцы, а за ім следам сабака — скок. Галавой пакруціў...

Марыся: Хто галавой пакруціў?

Люся: Сабака, і як загаўкае, вось так: «Гаў-гаў-гаў!», дык я з перапуду ледзь не абсікалася.

Марыся: Ага. Так-так. І што далей?

Люся: Ну, стаю пасярод вуліцы, ледзь не абсіканая, луплю вочы, як тут участковы з сяльпа вытыркаецца, таксама ў фуражцы, і — шусь да машыны з усіх ног, падбег, руку да галавы ўскінуў ды як гаркне на ўвесь голас: «Здравія жалаю, вашае высокаблагародзіе!»

Марыся: Во як: «Вашае высокаблагародзіе!» І скуль ён гэнага благародзія нахапаўся, калі яшчэ ўчора адныя таварышы паўсюль былі?

Люся: Дык з цілівізера, скуль жа яшчэ? Там іх зараз, у цілівізеры, благародзіяў розных, бы караладскіх жукоў на бульбе — проста ратунку няма!

Марыся: І я сваіх учора вечарам труціла, а сёння заранёў прачнулася, пайшла паглядзець — сядзяць і не шманаюць!

Люся: Нічога не бярэ і маіх. Томка з горада (ківае ўбок галавой) надысь прывезла пудэлак, кажа: «Гэта, мама, новы сродак — „Імгненны каюк“ называецца». Ну, распусціла я гэты «каюк» у вядрэ вады, апырскала ім кожны куст — і што ты думаеш? У вусікі нават не дзьмуць, хоць бяры і ў жменю па адным збірай, але ж дзе ты дасі рады ўсіх пазбіраць?

Марыся: А калісь, памятаеш, хадзілі, збіралі, як чарніцы па лесе.

Люся: Вой, калі гэта было!

Марыся: І праўда — даўно. Дык, кажаш, падбег участковы да машыны...

Люся: Так, але гэта што? — на тое ён і ўчастковы, каб бегаць, а ты паслухай, што далей, бо гляджу і вачам не веру, — сам прадсядацель (падымае са значэннем угару палец) з сяльпа выкульваецца і таксама да машыны подбегам.

Марыся: Брэшаш, ён жа з трыбухом ледзь ходзіць, а каб пабегчы — рак на гарэ хутчэй свісне.

Люся: А я табе пра што: каб якая варона тым часам надарылася — дык папросту ў рот заляцела б, вось так (разяўляе як мага шырэй рот) стаю разявіўшыся, але бег, далібог, бег, і скуль што ўзялося?

Марыся: Ну, калі так, дык напраўду нешта такое — проста надзвычайнае.

Люся: Я і кажу — бяда. Хіба, як калісь, у крамах усё чыста папрападае? Трэба было б запасціся сім-тым, пакуль тое-сёе есцека: запалак узяць, солі якую кілю, мыла таксама не зашкодзіць, як і пральны парашок. А галоўнае — крупаў не забыцца і цукру, бо дзе іх потым возьмеш, калі знікнуць?

Марыся: Анягож, без крупаў і цукру не жыццё. Вось не было клопату, дык падай! І скуль ён, гэты гарадавы, узяўся?

Люся: З гораду, скуль, там навёў парадак, цяпер за нас вырашыў узяцца. Бо што яму яшчэ ад нас трэба, што ён тут згубіў? Пагатоў з сабакам? Не-не, гэта нездарма. А яшчэ, гэта калі ўжо ўсе разам ад машыны ў сяльпо вырушылі, азірнуўся і кажа: «Радам Маскаль!»

Марыся: Каму кажа?

Люся: Сабаку сваяму. Гэта такая мянушка сабачая, Маскаль — як у майго Лапа. Вось гарадавы і кажа: «Радам Маскаль», каля мяне, значыцца, калі па-нашаму. Так і зайшлі ўчатырох у сяльпо.

Марыся: Усё ясна. Вось што табе, сяброўка, скажу: гайда за крупамі і чым там яшчэ, што ёсцека.

Люся: Ага, праўду кажаш — усё хапацьмем не марудзячы, пакуль іншыя не ачухаліся. Толькі ў мяне грошай з сабой няма.

Марыся: Я табе пазычу. Пачакай. (Зачыняе знутры вакно.)

Люся (пастукаўшы пальцам у шыбу): І торбу, чуеш? Торбу прыхапі, а лепш дзве.

Марыся (з хаты): Добра.

І ўжо хацеў быў увесці ў сцэну ўчастковага, які выправіўся па вёсцы з заданнем пазганяць на пляц перад сяльпо ўсіх, хто на нагах, а калі сёй-той не на нагах, дык хай на мыліцах сунуцца, альбо ў інвалідных вазках, бо старшыня, ці, калі хочаце, прадсядацель, мерыцца там чытаць указы з дэкрэтамі, якія прывезлі гарадавы з сабакам з гораду, — але ж падумаў: «Ат, хай ужо Марыся з Люсяй шыбуюць шчасліва ў краму за крупамі і чым там яшчэ, што ёсцека (ён іх потым, калі будуць з крамы варочацца, заверне), а я тым часам знайду таго-сяго іншага, за каго ўчастковы возмецца, а менавіта — дачку Марысі Надзейку і яе хлопца Андрэя, якія кахаюць адно аднаго (бо што насамрэч за камедыя без закаханых?) і мараць кінуць усё к чорту і з’ехаць з вёскі назаўжды, ну, на пачатак хай сабе ў той самы горад-герой, што віднеецца недзе ў глыбіні сцэны, на даляглядзе».

І вось яны, Надзейка і Андрэй, з’яўляюцца ля таго самага вакна, толькі ўжо зачыненага, і яна яму выгаворвае: «І дзе ты прападаў учора, чаму, як дамаўляліся, на спатканне не прыйшоў? Няўжо цяжка было патэлефанаваць? І не выдумляй, што батарэя ў тэлефоне разрадзілася, бо ўсё адно не паверу». А ён: «Богам клянуся, што так і было!» А яна: «Не-не-не!...» І слухаць гэтую адгаворку пра батарэю не хоча, і калі ён настойліва дапытваецца, што яму зрабіць, каб яна паверыла і даравала, кажа: шчыра ўсю праўдачку расказаць. А менавіта: з кім учора ўвечары быў, што нават пра яе забыўся. Вось тады ён і прызнаецца, што ні з кім не быў, а ў горад ездзіў, і не так ездзіў, пабадзяцца па тым горадзе, а шукаў працу і сякое-такое жыллё, і толькі апошняй маршруткай вярнуўся; а калі ішоў паўз яе хату, то ўбачыў, што ў яе вакне не гарэла святло, і падумаў, што яна заснула. А яна яму на гэта вось што: «Ага, заснеш тут, калі ў галаву розныя чорныя думкі лезуць, што ты з другой якой, шылахвосткай, яе абдымаеш і цалуеш». Ён ажно за галаву хапіўся: «Што ты, сонейка маё, вымышляеш!? Я на другіх нават не ўзіраюся! Ты для мяне адна была, ёсць і будзеш да магілы!» Толькі яна не надта каб верыла: «О, ведаю, усе вы такія, усе немаведама што абяцаеце, пакуль да дзяўчыны заляцаецеся, а потым... Вось і ўчастковы таксама, напэўна, сваёй Верцы кляўся-бажыўся, што будзе адзіная і на ўсё жыццё, а цяпер...». Тут ён ажно спалатнеў: «Што, зноў да цябе чапляўся?» «Проста на вуліцы запыніў», прызнаецца яна, «відаць, апошні сорам згубіў. Запыніў, да плота прыціснуў і кажа: „Усё роўна маёй будзеш“. А я яму: „Што вы да мяне, дзядзька, маеце? У вас жонка, дзеці ў школку ходзяць“. А той: „Ат, што тая жонка! Што тыя дзеці, якія ў школку ходзяць! — калі мне без цябе жыццё не жыццё!“» Як успыхне Андрэйка: «Во, гад! Ну я яму!...» Толькі Надзейка разважліва гэдак кажа, па-даросламу: «Што ты яму зробіш — калом паб’еш? Дык ён цябе абвінаваціць у нападзе на прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў і ў турму запраторыць — прападзеш ні за панюшку табакі».

І вось тут нарэшце з’яўляецца ўчастковы, гэткі класічны дзяржыморда, увесь якісьці шырокі, цяжкі, веку гадоў сарака, і як наскочыць, бы той каршун на куранят: «Тээк, папаліся, галубкі! Але нічога, я з вамі потым разбяруся, а зараз рукі ў ногі — і бягом да сяльпа».

І ўявіў сабе пляц перед будынкам пасялковага савета, а на ім крыху сякога-такога народу, а сярод іх дзед Язэп, стары гадоў пад дзевяноста, і баба Дуня, не маладзейшая за яго. І вось за што ўзяліся яны міжсобку чубіцца:

Дзед Язэп: Э, што той гарадавы, ось калісь немцы праходзілі на матацыклетах, то да.

Баба Дуня (пляснуўшы рукамі): Ля-паляньце, людцы добрыя, на якіх матацыклетах, куль ты з лахманамі, на фурманках яны былі.

Дзед Язэп: Ах ты, порхаўка старая, апошнія глузды згубіла — каб немцы і не на матацыклетах! То партызаны на фурманках.

Баба Дуня: Гэ, хіба я партызан не ведаю? У іх нават ботаў не было, а каб фурманкі! Немцы гэта былі. Павыганялі ўсіх — і малых, і вялікіх — на цвінтар, апошні поп ужо там ля агароджы даўно закапаны ляжаў, бальшавікі забілі, і давай чытаць па паперцы, што ні-ні, нічагусенькі нельга.

Дзед Язэп: Хе-хе, ты яшчэ, скажы што памятаеш, чаго іменна нічагусенькі?

Баба Дуня: І скажу.

Дзед Язэп: Ну — ну і чаго?

Баба Дуня: Людзі, ля-паляньце на гэнага дурня нямочанага — ён яшчэ і аглух на старасці; я ж кажу — нічагусенькі!

Дзед Язэп: Парадак затое быў, то да.

Баба Дуня: Во, яшчэ які! Першым чынам Шыплюкову хату для парадку спалілі.

Нехта з людзей: Хто, немцы?

Баба Дуня: Не, партызаны. Каб пагрэцца. Зіма, холад быў.

Дзед Васіль: Э, нешта ты, баба, не ў той агарод скіравала, трындоліш ні ў пяць, ні ў дзесяць!

І, уключыўшы ноўтбук, я выйшаў у інтэрнэт, каб знайсці гімн рускіх нацыяналістаў, які, падумаў, будзе дарэчы, калі грымне ў п’есе на ўсю вёску, перад тым як старшыня, ці, калі каму падабаецца, прадсядацель, гарадавы з сабакам і ўчастковы выйдуць да народу, на ганак, але ў галаву з нейкага цёмнага і змрочнага закутка памяці, палезла, як гной з раны, іншае:

С неразлучным своим автоматом, Не в одной побывал я стране, Но повсюду, скажу вам, ребята, Я скучал по родной стороне.

«Ого», працяла мяне думка, «гэта ж самае тое: «С неразлучным своим автоматом», як тут у дзверы пазванілі, рэзка і нецярпліва: раз, другі, і, толькі жонка выйшла (я пачуў яе крокі па калідоры), загрукалі па дзвярах кулаком.

— Открывайте, немедленно открывайте! — данёсся злосны, уладарны голас.

— Не, не адчыняй! — прадчуваючы бяду, закрычаў я і кінуўся ў калідор.

Але было позна. Адпіхнуўшы жонку ўбок, у кватэру ўжо ўвальваліся чацьвёра: першымі, як на таран, ішлі два бамбізы, здаровыя і мардатыя, ў аднолькавых сініх куртках, за імі — гарадавы з барадой, у фуражцы і пры шаблі, а ля ног ягоны сабака, ага, той самы — Маскаль.

— Бяжы! Ратуйся! — крыкнула жонка.

Але куды я мог пабегчы, дзе ўратавацца? Скочыць праз балкон з пятага паверха, каб напэўна скруціць сабе карак? Зрэшты, я нават не паспеў дабегчы да таго балкона, як мяне ў тры скокі дагнаў Маскаль і схапіў сваімі страшнымі бронзавымі зубамі за лытку.

Кроў прыснула на шпалеры і на падлогу. Ускрыкнуўшы ад болю і жаху, я паляцеў потарч носам. Тут падаспеў і гарадавы.

— Фу, Москаль! — загадаў ён, і калі сабака адпусціў лытку, мыском бота перавярнуў мяне на спіну. — Вишь, писатель, твою мать! — сказаў ён і, паставіўшы мне на горла бронзавы бот, націснуў.

У вачах у мяне ўсё плыло кудысці, прападала, і апошняе, што я пачуў, пакідаючы гэты свет назаўсёды, быў голас аднаго з бамбізаў: «Ваше благародие, а с бабой что делать?», і яго благародзія адказ: «Придушите нахер, нам свидетели не нужны».

23.01.2019.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Адразу ж пасля сканчэння маскоўскага ўніверсітэту ён намёртва, як тупая сякера ў сукаватым палене, засеў ува ўладных кабінетах і часам толькі перабіраўся з аднаго ў другі, прычым усё большы, з усё цяжэйшай і даражэйшай мэбляй, а таксама прыгажэйшай і маладзейшай сакратаркай, падрыхтаванай для якіх заўгодна паслуг.

— Цяпер гэты Тахелес — уласнасць нашага банка. А прыватнай уласнасці ў нашай краіне яшчэ ніхто не адмяняў. Гэтых мастакоў мы і з іншых памяшканняў паступова выцеснім. Дай толькі час. Нам спяшацца няма куды. Закон на нашым баку. І грошы таксама, — сказаў Гвіда і крыва ўсьміхнуўся.

—І што ж мне цяпер рабіць? Што ж я цяпер партыярху Педафілу перад усім народам падару, ціамат? — Гаспадар прыкінуўся задуменным. — Так ён мне душу з гэтаю кнігай даставаў...

—Сраку яму цяпер пацалуй, свайму Педафілу, — прабуркатаў сабе пад нос незадаволены Мазгаўнюк.

—Сраку, кажаш? — зірнуў на яго другі консул. — Гэта думка. Хаця гэта лепей адкласьці на неафіцыйную частку, я лічу...

Усё добрае калі-небудзь заканчваецца, аднак маладыя вераць у гэта неахвотна. Неверагоднае, усёахопнае пачуццё болю і жаданне помсты перапаўняла ўсю істоту ваўчаняці. Літаральна ўчора важак красаваўся і выхваляўся сваёй сілай, здзекуючыся і зневажаючы слабейшых і нямоглых, а сёння, схоплены фламандскімі паляўнічымі і замкнёны ў клетку, выглядаў зусім разбітым і шкадлівым. Пад свіст і рогат іншых жыхароў лесу шэры разбойнік быў заключаны пад варту для далейшага суду і разбіральніцтва.