Прыбіральшчыцы

проза, беларуская мова

(разьдзел з кнігі “Ўсё ўлічана. All included”)

У гатэлі заўсёды знойдзецца купка працаўнікоў, за­нятых у любой сфэры працы, якія б зарэкамэндавалі сябе як неадказныя, небясьпечныя людзі. Але калі напрыканцы года падводзяцца вынікі ня толькі бухгальтарскай працы і справаздачы мэнэджараў, але пачынаюць лічыць у пако­ях маёмасьць і наяўнасьць, адразу раптоўна ўсплываюць лічбы з трыма нулямі, сумы, на якія пэрсанал “кінуў” гатэль і, вядома, асабіста Ніндзю, прэзыдэнта сэткі гатэляў. Адных сталовых прыбораў было вынесена на 3000€, і гэта яшчэ не лічылі посуд, які гатэль купляе адразу вялікай партыяй праз “Вілерой і Бош”, дзе кубак для гарбаты – 200$.

У такія сьвяточныя калядныя дні ў гатэлі ўсе сум­ныя, бо ізноў спачатку караюць ахоўнікаў на КПП, по­тым камэрамэнаў, і праз усю гэтую кагорту адна вялікая пізьдзюліна дастаецца начальніку аховы Піліпу Андросавічу, які ходзіць без гумору, апусьціўшы плечы й нават забыўшыся на сваю налакаваную фрызуру, зачаса­ную набок.

Піліп Андросавіч – былы кадэбэшнік, – як ні дзіўна, выглядае выкшталцона ў сваім гарнітуры, заўсёды сьвежа пахне адэкалёнам і заўсёды ў яго памыты BMW Х5, нават калі на вуліцы па шыю бруду, ня ведаю – сусьветны Арма­гедон, ягоная машына такая ж, як і ён, – блішчыць. І вось сапраўды ў цэлым годзе ёсьць некалькі дзён, калі Піліпа Андросавіча не пазнаць, і ў тыя ж дні не пазнаць нікога, асабліва вартаўнікоў на КПП.

Вартаўнікі КПП усіх правяраюць тройчы, ня толькі мэталашукальнікам, але зазіраюць туды, куды не заўсёды зазірне паліцэйскі на памежным пасту ў аэрапорце, бо ўсе шукаюць тых злосных здраднікаў, якія накралі на тыся­чы эўра й яшчэ, можа, і на працу ходзяць, беленькія такія, чысьценькія і ані каліва сумленнасьці. І, вядома, у такія дні на КПП сапраўды трапляюцца тыя, хто спрабуе пранесьці гатэльную маёмасьць, нягледзячы на тое, што ўсе ўсё веда­юць і дакладна ведаюць пра звышпільны догляд.

Галя

Галя прыбіраецца ў спа і ў сталоўцы для пэрсаналу. Галя – звычайная адчайная жанчына за сорак, без адукацыі, бяз мараў, без імпэту, працуе па інэрцыі і нікуды не імкнецца, спраўна па талёнчыку абедае й вячэрае, у кішэньцы трымае рукою мабільны тэлефон нават у прыбіральні, бо кожную хвіліну могуць пазваніць альбо Юлія Цімафееўна, альбо Міхаліна (ня дай божа каб апошняя званіла) і тэрмінова паклікаць падцерці падлогу за кім-небудзь з пастаяльцаў або кліентаў, якія, прыйшоўшы з вуліцы, забыліся на бахілы й паўсюль пакінулі свае адбіткі.

Галю затрымалі на КПП з рушніком, звычайным белым рушніком, ён ляжаў у яе паверх працоўнай вопраткі, бо Галя лічыла, што калі навідавоку, то ня знойдуць альбо падума­юць, што гэта яе, але ж Галя не падумала, што ў рушніка ёсьць, акрамя этыкеткі з лэйбам гатэлю, якую яна адрэзала, яшчэ й фатаздымак і кароткае апісаньне з указаньнем памераў, колеру й фактуры, па якім ахова апазнала скрадзеную рэч.

Звольнілі па артыкуле.

Паліна

Паліна – самая пульхная з усіх прыбіральшчыц, са­мая яскравая й сьмяшлівая – нікому не давала спакою, прыбіралася ў галоўным холе і на бары. Паліна заўсёды веда­ла, што трэба быць самым хітрым у сьвеце, каб незаўважна выносіць маёмасьць з гатэлю. За тры месяцы працы яна здолела схаваць пад вопраткай ня толькі пяць рушнікоў для ног, тры пары аднаразовых тапак, але й пакецікі цукру, чакалядкі і чайныя лыжачкі.

Паліну абшукалі на КПП і, можа быць, нічога й не знайшлі б, калі б вартаўнік ня ўспомніў, проста так, для жар­ту, свой досьвед працы турэмным назіральнікам і не сказаў свайму калегу, каб той паглядзеў у жанчыніны боты.

У Паліны пад сьцелькамі ў абутку знайшлі тры пакецікі зялёнай гарбаты “Грынфілд”.

Сьвятлана

Сьвятлана нічога ня крала і на клептаманію не хварэла…

Сьвятлана прыбіралася ў тых самых месцах, дзе й Паліна і Галя, але яна была на іншае зьмене, таму з жанчынамі не перасякалася, але бачылася з адміністратарамі, якія працавалі такім чынам, каб трапляць адразу на дзьве роз­ныя зьмены і быць у курсе ўсіх падзеяў. Сьвятлана адразу ўзяла за звычку прыходзіць на працу й скардзіцца на тое, як “напрыбірала” іншая зьмена: “Ой, не, ну вы паглядзіце, у пыласосе не памянялі картрыдж… Не, ну дзе вы бачылі, каб так мылі падлогу, адны пісягі паўсюль! І гэта называец­ца вільготнае прыбіраньне паверхні!” і г. д.

Звычайна ад Сьвятланы можна было за працоўны дзень столькі ўсяго начуцца, датычнага іншай зьмены прыбіральшчыц, што адміністратары часта не вытрымлівалі й сварыліся на яе, тым болей калі ў памяшканьні знаходзіліся кліенты. Вось вы, напрыклад, пасьля масажу й малочнай ванны ляжыце ў халаце ў пакоі для адпачынку, грае “дзіп рэлакс”, вакол лунае водар духмянак… і тут увальваецца Сьвятлана, ные пра нешта, скардзіцца, крытыкуе пыл у кут­ках і кепска памытую падлогу.

Вядома, яе спрабавалі перавыхаваць, але трэба ж было аднойчы зайсьці дырэктару гатэля Гнюсэлю ў спа па справах… і што ён пачуў!

– Так! Я не раўзумею! Што гэта за свавольства! Вы што, лічыце, што я тут буду за кожным падціраць?! Дзе бахілы?!

Дырэктар гатэлю адрэагаваў досыць спакойна, ён ціхенька сабе пачырванеў, ускіпеў дзесьці ўнутры да пякоткі, разьвярнуўся й пайшоў да Міхаліны, каб там, у ча­тырох сценках досыць свабоднага пакоя, накрычацца на месяц наперад.

Праз трыццаць хвілін Сьвятлану звольнілі.

Але што азначае звальненьне для чалавека, які працаваў як мог і шчыра верыў у сваю праўду? На наступ­ны дзень Сьвятлана прыйшла ў аддзел кадраў і сядзела там, і плакала, і адмаўлялася сыходзіць, пакуль яе ня вер­нуць, казала, што не пазнала дырэктара, казала, што ў яе становішча цяжкае, ёй нельга бяз працы, яна аплочвае ад­ваката, які судзіцца з адным мянтом, які тры месяцы таму забіў яе сына. Было гэта так:

Сын Сьвятланы, Коля, 19 год, панк, сядзеў на пры­пынку а 12 ночы, п’яны, чакаў транспарту ехаць дамоў, да яго падышлі два міліцыянэры, пачалі дапытвацца… Коля, доўга ня думаючы, паслаў іх нахуй. Хлопца спачатку зьбілі, а потым адвезьлі ў малпоўню, а на раніцу выявілася,
што ён памёр… Пазьней судовая экспэртыза пастанавіла сьмерць ад шырокай гематомы брушной поласьці. Мян­ты на ўсё казалі, што проста прывезлі п’янога хлопца ў малпоўню, каб той ня трапіў у непрыемнасьці, і хлопец ужо быў пабіты.

Празь некалькі дзён Колеў сябар выпадкова, калі рэчы памерлага вярнулі маці, выявіў на тэлефоне кароткае відэа, дзе бачна, як адзін мент заходзіць у камэру й пачы­нае манатонна, з хрыпам у лёгкіх, біць амаль непрытомна­га Колю-панка па вонкавым жыцьці, рамантыка ўнутры… Адвакат, гатовы ўзяцца за гэтую ад пачатку стромную ў нашай краіне справу – судзіцца зь мянтом, – бярэ шмат грошай.

Вось і хто тут цяпер Сьвятлана? Ахвяра? Сьмешная злая жанчына? Проста неразумная баба? Хамка-прыбіральшчыца?

Яе на працу не вярнулі, бо ніхто ня вырашае лёс працаўнікоў у гатэлі, акрамя дырэктара, які ня хоча чуць ніякіх тлумачэньняў, хіба толькі калі Сьвятлана сама ня зьвернецца да яго на ангельскай альбо на турэцкай мовах.

Такі прынцып у нашага дырэктара гатэлю… Вучыце мовы!

Валянціна Андрэеўна

Валянціна Андрэеўна сярод прыбіральшчыц самая адметная. І не таму, што мае вышэйшую адукацыю і павод­ле дыплёма – настаўнік беларускай мовы і літаратуры і ру­скай мовы і літаратуры, але таму, што яна першаю і пакуль адзінаю сярод прыбіральшчыц атрымлівала “Працаўніка месяца” і праз гэта – падвойны заробак.

Валянціна Андрэеўна мусіць працаваць толькі ў холе першага паверха і на рэцэпцыі, але за сваю зьмену яна пасьпявае прайсьціся амаль па ўсім першым і другім па­верхах. Яна адчайная жанчына, якая на працу прыносіць адразу тры саколкі, бо пасьпявае так шмат прыбіраць і так набегацца па паверхах, што да абеда ўжо спрэс спат­нелая, таму яна хуценька ў душ і пераапранаецца… і так тройчы за зьмену. Гэтая жанчына нячутная і нябачная, як анёл, але яна заўсёды ў паніцы, яна заўсёды перажы­вае, ці чыста прыбралася, па дзесяць разоў пераправя­рае і вельмі пакутуе, калі чуе ад кагосьці, што Сьвятла­на ізноў бурчэла, ходзячы па яе прыбраных месцах. Яна адзіная, хто можа пайсьці ў суседнюю краму і набыць на свае грошы ачышчальных сродкаў, бо ад кладаўшчыкоў доўга чакаць выдачы, а падлога хутка можа стаць ізноў бруднаю.

Аднойчы Віталь і Антон, стылісты ў салоне ў спа-цэнтры, праходзілі побач ад прыбіральні для пэрсаналу і ўбачылі такую карціну: Валянціна Андрэеўна стаяла каля ўнітаза на каленах, кубкам вычэрпвала ваду і вылівала яе ў рукамыйніцу. На пытаньне, навошта яна вычэрпвае куб­кам ваду з унітаза, тая прамовіла, што хоча памыць унітаз знутры спэцыяльнымі сродкамі, бо раптам Сьвятлана альбо Міхаліна заўважаць там бруд.

Марына, карункавая цырульніца-баптыстка, выйшла з дэкрэту і, каб хоць неяк аддзячыць гэтай жанчыне за яе працу, зрабіла ёй сапраўдную францускую фрызуру. Калі Валянціна Андрэеўна пабачыла сябе, здолела толькі прамовіць, што ў яе на галаве яшчэ ніколі такой прыгажосьці не было, і заплакала… Праплакала так цэлую гадзіну, п’ючы валяр’янку і атрымліваючы шчырыя словы суцяшэньня ад усіх, хто быў побач.

Сярод прыбіральшчыц самы высокі працэнт крадзяжоў, але кожны год усё паўтараецца наноў: выяўляюцца вялікія недастачы, на тысячы эўра, і на КПП ловяць адных прыбіральшчыц з рушнікамі і пакецікамі гарбаты, а тых, хто скрадае асноўную маёмасьць, якую вельмі лёгка прадаць, – срэбныя рэчы, кампутары і нават камплекты для ложкаў, – так і не знаходзяць.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Ліда Наліўка

І вось яны знайшлі клоўнскі рэквізыт, набылі на барахолцы вялікую ржавую тубу і паехалі на мяжу. Было іх пяцёра. Чацьвёра верылі ў сілу мастацтва і хацелі зарабіць бабла. Пяты верыў у шоў-бізнэс і проста хацеў затусіць.

Гэты кіцель прайшоў не адну гістарычную бітву. Бываў ён і ў брудных канавах, і на палянках летніх лясоў, прыпарушаны насеннем кветак. Гэты кіцель любілі жанчыны, да гэтага кіцеля дакраналіся дзеці і на гэтым кіцелі выпускалі апошні свой уздых пратыкнутыя штыком-нажом ворагі.

Алесь Бяляцкі сказаў мне, што я вязу перадачу для Барыса Ханонавіча Хамайды. Я спытала: хто гэта? Ён адказаў, што гэта вельмі добры чалавек з Віцебску, у Менску яго затрымалі, а мне галоўнае не забыцца і правільна сказаць імя і прозвішча, калі буду перадаваць перадачу. Я ехала і, як у анекдоце пра мыла, паўтарала: «Хамайда Барыс Ханонавіч, Хамайда Барыс Ханонавіч».

Казанне святар пачаў з таго, што дэпартамент маёмасці хоча адабраць будынак, і прапанаваў памаліцца за «правительство Москвы и департамент имущества».