Найперш ён пашыў сабе касьцюм. Белы, у чырвоны гарошак. Потым скараціў імя, бо што гэта за імя Антон Антоныч – хай будзе АА. І вышыў гэтыя дзьве літары ніткамі мулінэ на касьцюме. АА гучала для яго як песьня, што ляціць па-над пожнямі і гарадамі, па-над фабрыкамі і садамі! АА – энэргія, сіла, напруга, што ўдарыць маланкай гневу па кожнай цёмнай асобе. АА – як апошні праменьчык надзеі ў сьвеце, дзе няма месца ані праменьчыкам, ані надзеям. Далей Антоныч сфармуляваў сабе кароткае ёмістае крэда: “Радасьць, Дабро, Хардкор”.