Раптоўны пераезд цырка

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

З кнігі «Запрашэньне на вячэру», Менск, Логвінаў, 2013

Дыялёг 1951

Сустрэў я раз ударніцу
Трацкістам сьмерць! гукнула
і тут жа па-змагарніцку
набзьдзела й адрыгнула
На Сталіна павіскваюць
правадыра працоўных
(Тут сэрца бальшавіцкае
забілася няроўна)
Ня любяць працы гадаванцы
замежнай агентуры
бяз працы ўсіх бы зжэрлі пранцы
што ведае і дурань
Яны ў жыцьцё інтымнае
нясуць распусту й згубу
Сам Маркс у косьці тым дае
хто не шануе шлюбу
Жыцьцю свайму я радая
ем, нараджаю дзеці
На памагатых здрады я
згары хацела бзьдзеці
Ім побак наша армія
патрыятызм — ніякі
а што кватэру маю я
нарэшце — ім да сракі
Паеду ў горы сёлета
там хораша нібыта
Цяпер усё дазволена
працоўная — ня быдла!
Была ў кіно — расьцьвелена
плюецца сьлінай храпа —
застрэліў Троцкі Леніна
й пабег служыць Гестапа
Ды кроў асілка Сталіна
што здаў ён асабіста
зноў Леніна паставіла
на ногі біць трацкістаў
Пад блюзкаю ўздымаюцца
таварышчыны пелькі
і сьлёзы ўжо зьяўляюцца
Німб ясна зьзяе велькі
над Кобам, вочы ўпераны
ў далечыню — за межы
кітайскае імпэрыі
відаць з крамлёўскай вежы
Я ў тры разы як мінімум
лепш працаваць бяруся
то ж бо ягоным іменем
аздобіла абрус я
Усякім міру ворагам
адказ дамо па-свойску
Дрыжыце, гады, гора вам
у нас ёсьць наша войска!
Галовы безвалосыя
ўпрыгожваюць армейцаў
тырчаць штыкі іх вострыя
ажно душы няймецца!
Мая дачка-дружыньніца
да гібелі буржуяў
сама як сьлед спрычыніцца
як швэдрык давяжу ёй
Бо гэта ж гонар мацеры
калі дзіця ў дружыне
Дачка — як кус цяляціны
ёй паспрабуй скажы "не"!
Ці ёй раней, за ворагам
была ўгару дарога?
Тут бачны ўплыў чырвонага
рэжыму дарагога
Раней была я цёмная
зусім не ў камуністах
малілася нястомна я
ў касьцёле да Прачыстай
Яе нас збавіць біскупы
паводле рады зводдаль
хацелі — ды папліскаю
надзёр ім сраку Готвальд
Во дзе ў іх злосьць няўрымсная
Бог Сталіна бароніць
забілі папу рымскага
цяпер там б... на троне
Хай крые неба мірнае
шчасьлівую краіну!
Народ жыве ня ў сьвіране
й есьць тлустую сьвініну
Раней мы несвабодныя
жылі нібыта ў дупе
Цяпер дабро народнае
нарэшце ўладзе рупіць
Штодня гадзінаў тузіны
з дачкою мы працуем
як сьведамыя людзі мы
сацыялізм будуем!

Ад шчасьця заікаецца
натхнёная кабета
я ж бачу: заўважаецца
рабочая асьвета!
Здалёк адрозьніць клясава
буржуя па халяве
Найбольш кватэру ўласную
вядома ж, выхваляе
Шмат ведае пра Сталіна
што партыя зрабіла
і разумее правільна
чаму таньнее мыла
Няма бяз працы росквіту
таму самазабыўна
ўвесь дзень працуе з досьвітку
яна ўжо не рабыня!
Я млею ў экзальтацыі
Цяпер мы маем права
на працу й на вакацыі
А болей — на хяра вам?

Бяз страху ў трамваі

Дзынь! Імчыць трамвай рагаты
едуць працаваць брыгады

Побач сьпіць-кунежыцца
Элішка-драпежніца

Едзе раніцай дамоў яна
Ну й дурніца вы, шаноўная!

Лякаваныя пазногці —
іхны дотык любяць хлопцы

Вы сьпіцё з эксплюататарам
дагаджае ён як тата вам

Слухаеце Бі-Бі-Сі
вечарамі зь дзевяці

Дама грозная, дамуся
я зусім вас не баюся

На ўвесь транспарт — гумар колкі
працаўніцы-камсамолкі

У прыгожых працаўнічках
вабіць бруд на чаравічках

Дама, дама, дам вам раду
запішэцеся ў брыгаду

Без фрызуры, без прыўкрас
едзьце будаваць Данбас

А ня пойдзеце на працу
люд на вас накліча трасцу

Давядзецца скочыць з мосту
ці застрэліцца папросту

Салдацкія каханкі

Як чарвякі, павісшы млява на кручку
з абліччам, гордым роляй будучай матулі
бы кагадзе як сьлед прасерліся ў талчку
пад ручку з хлопцамі на сьвята ламанулі

Па-над касьцюмам дзіўным з брошкай нечуванай
ці над кашуляю са значкам камсамольскім
прышчамі твары палымнеюць: іх каханы
салдат чэхаславацкіх войскаў!

Упёршы вочы, бы цялушкі, у нікуды
на Пэтржын рушаць ці мо ў Рыграў сад
ля сракі грэючы ягоную руку ды
нам ахвяруючы замроены пагляд

Ян Скотус Эрыўгена

Конь б’е нагою, на дварэ
зіма — ніхто і не арэ
і цэлы дзень бы вечар позьні
а неба быццам д’ябла возгры
нібы нябожчыкавы вочы
Ператапілі тут — мне сьпёчна
хоць з вокнаў дзьме скразьняк марозны

Кароль саскочыў і пасьпеў схавацца
каня бяз варты кінулі на пляцы
капліца звоніць — час маліцца ў кельлі?
нябёсы — як кальмаравы фэкаліі
пра гэтую істоту здолеў пільна я
штось адшукаць калісьці толькі ў Плінія
яна імя мне нагадала Клеліі

Імя дзівоснае, што вабіць зьніадкуль
спаць не дае, як грэх — ерэтыку
Ці згадкі — тое, што ўратуе з тленьня
жыцьцё, і без чаго яно імгненна
на жаль, пераўтвараецца ў нябыт?
Ці згадкі — пра няспраўджанае міт?
et Deus ipse nescit quid ipse Deus sit 1 —
як мог бы ведаць я, Ян Скотус Эрыўгена?

Раптоўны пераезд цырка або нешта іншае

Як быць зь вянкамі й трубамі, з арангутангам калматым
што ззаду шатра прывязаны й благім наракае матам
як быць з млынкамі на каву, як быць з усім гардэробам
з конскаю гуняй, з сучаснае эпохі скрушным даробкам

калі мы ўсе так раптоўна пераяжджаем у сьпешцы
болей нас тут ня будзе — гайда красьці ў іншым месцы
спадніцы і каптурочкі між кол валяюцца ў брудзе
бегаюць як усраўшыся коні, малпы і людзі

па-над футаралам з плякатамі ў ветры віруе пер’е
зебра ў клетцы падскоквае — не пераскочыць, хер ёй
цягач нешта не заводзіцца, ужо запрэглі мы й селі
чакае толькі пакінуты лебедзь на каруселі

калі па яго прыедуць — прыедуць, з параю коней
тады яго ні сланы, ані арангутанг не абгоняць
хутчэй касьцюмы і сподняе давайце, здымайце з плоту
дзе ж чулі, каб без гармідару такую зрабіць работу

вось падае слуп і ловіцца, яго ўздымаюць на плечы
вакол нямытая носіцца арда цыркавой малечы
нагору — з старымі ложкамі, цяляткам з рожкамі й ножкамі
і шафай — абы толькі гожае даў нам надвор’е божанька

узяць трыкалёры й посуд, і каб не забыць пра касу
з рознымі разявакамі досыць тачыць балясы
кола прыб’ем дарогаю, абы павыцягнуць з гразі
штурхайце, трасца, напружцеся, прынамсі бы на ўнітазе

жвавей усё падбярыце, закрыйце з бразгатам дзьверы
на разявакаў выліце памыі пасьля вячэры
на козлы хутчэй усядзьмася а потым з важнаю мінай
наўцёкі І ўсіх балючых лепш вырачыся ўспамінаў

*

Ах, Чэхія цэнтральная мая
праходзіць год, і не міне ні дня
каб на цябе ня клала галаву я
пабітую жыцьцём, якім плыву я
ў пару, што ёсьць сама прыгажыня

Ах, Чэхія цэнтральная мая
рай лецішчаў, што поўны хмараў смогу
пакуль ты ёсьць, вучыць ня трэба ёгу
каб дасягнуць нірваны, ані граму —
ля Мнішэку ў яе знайшла я браму

Ах, Чэхія, так любая ты мне
ў маім штоноч бяздонна сумным сьне
мой краявід, па-над якім Цукрак
сваю ў нябёсы тэлевежу ймкне
ах, Чэхія, як любая ты мне

Ах, мой Кітай, унутраны Кітай
хоць ты ня дом — як дома, прывітай
У полі так шчыруюць рысаробы
што галава баліць мне і вантробы
ах, мой Кітай, унутраны Кітай

Ах, мой Кітай, так блізкі мне Кітай
мяне й далей рукамі абдымай
няўнікнай прышласьці, што блізкая настолькі
што сьмерць зь яе нас выслабаніць толькі
але ж і гэта сон адно, бадай

Ах, мой Кітай, які ты блізкі мне
і ўдзень я чую кірзавыя боты
што ў рытме скокаў танчаць ці работы
зіхціш, аж вочы тонуць у цямне
Ах, мой Кітай, які ты блізкі мне!

*

Калі залева над ракой — брыдзеш удоўж ракі
на рэйкі спаць кладзесься там, дзе едуць цягнікі
па трубах ходзіш, па рыштку зь відна да невідна
і мора ў сіта бессані ўліваеш дапаўна

А выжывеш, ня выжывеш — ня важна
ні ражна
А выжывеш, ня выжывеш — ня важна
ні ражна

Разьдзетай ягады тапчы, у сотню Хірасім
раптоўна выбухні, разьбі мазгі малым сваім
з ружанца малітоўных дзён ня выкінь ні зьвяна
ўдар прэзыдэнта праміж ног, дзе чэлес і машна

А выжывеш, ня выжывеш — ня важна
ні ражна
А выжывеш, ня выжывеш — ня важна
ні ражна

Узрадуйся, працуй, як сьлед, у веду зазірні
кахайся з бацькам так, каб ён застаўся без матні
на каўзалях па лёдзе едзь — у ліпені, адна
ці з шрубалёту скоч уніз, сягнуўшы Прагі дна

А выжывеш, ня выжывеш — ня важна
ні ражна
А выжывеш, ня выжывеш — ня важна
ні ражна

*

І безь пісьма засьведчыць сам аловак
што я кахаў цябе — і не на словах
агонь у печцы, сьвечка на паліцы —
як я баяўся за цябе й маліўся

Пацьвердзяць весялосьць мая і смутак
што сьмерці я хацеў табе таму так
каб лататы мог даць хутчэй адсюль
дзе мною створанае зьведзена на нуль

*

Як сьвет патоне ў сваім гноі, то з табой мы
адно аднога возьмем у абдоймы
Абломкі сьвету вам ляцяць на голаў
ды вы сказаць пра гэта баіцеся ўголас
Я заключу цябе ў свае абдоймы
калі ваш сьвет у пекле месца зойме

Унукі нашыя раскажуць ля вігвамаў
што бурбалкай быў сьвет, любімы вамі
супроць якога мы ўчынялі правакацыі
й пасьля сядзелі ў тым ці іншым карцэры
У нашых іглу грэцца шчасна будзе
той, хто баяўся й згадкі аб прастудзе

Вытворчасьць піва з індустрыі мы пакінем —
яно смакуе й закаханым, і багіням
У скурай маманта зацепленых прытулках
вырошчваць будзем ружы ў нашых люльках
чакаць нядоўга — усяго стагодзьдзе
з нашчадкаў кожны мір і шчасьце знойдзе
бо праца скончылася ды эксплюатацыя
нам на Зямлі адным пашчасьціла застацца

Я заключу цябе ў свае абдоймы
каханьня выкрык паляціць сусьвету напяроймы
бо мы кахаць далі зарок
так, што займае слых і зрок
А ад цывілізацыі сатрапскай
пусты для сьмеху застанецца транспарт

*

Юліі, якая сьпіць

Памерла ўжо ты, дарагая?
Як прысак, поўня дагарае
Шчэ ёсьць дыханьне ў тваім целе?
На дрэвах амяла жаўцее
Яшчэ чуваць, як б’ецца сэрца?
Бруіць крывя па стольнай фрэсцы
Яшчэ трымцяць твае павекі?
Сьмерць прыйдзе ў выглядзе паненкі
Ты вочы закаціла ў неба?
Час абдзірае з рамы срэбра
Рука нібыта зацяжкая?
Душа ля пекла ўжо чакае
Ці я табою памянуты?
Вазьмі мой вобраз у труну ты
У жыцьцях колішніх — са мной ці
сама ты ў чорнай адзіноце?

*

Ад раньня лье дожджык дробны
Каля грубкі котка дрэмле
пахне ў хаце адурэнна
газай таннаю, падробнай
 

За вакном лье дожджык дробны
Каля грубкі дрэмле котка
пахнуць п’янка, пахнуць горка
печкі шумныя вантробы

Адкажы мне, дух падводны
што мне ўвосені так волка?
Засьмяецца з коўдры колка
мудраца пагляд нядобры

Гостаміцэ

Прамаўляю ціха — век прыйшоў старэчы
што калі рабіў я — сапсаваў дарэшты

Стулены, чакаю — сьмерць паголіць вусы
цэлы дзень імжою з ранку зацягнуўся

Марна тут сяджу я — зноўку мне ня сьпіцца
сьвеціць месяц, бачу — за вакном лісіца

Да цяжкой асадкі ўжо не прывыкаць мне
праімчаў жыцьцём я, бы на самакаце

Што мне сэрца шчыміць — разумею ледзьве
бог мне дасьць паблажку — я ў аўто ня езьдзіў

*

Не наракаю больш на крыўды
жыцьцё зьнікае, быццам прывід
шарэюць час і валасы
я ў вязьні трапіў да красы

На ласку страціўшы спадзеў
я быў жалобны строй надзеў
ды стаў з гадоў няўхільным крокам
ізноў шматрукім ды шматвокім

Цаню красу вышэй, іначай
па невыказнасьці ня плачу
Яна ўсё блізіцца Мы застаемся самі
І я — бы той кітайскі блазан за гарамі

У Старым месьце

Нас жывіць боскі дух
заробленае — крадуць
Плявок у моры скрух
той, каму жыць у радасьць
Гляджу на сьмерць на пляцавых курантах
успамінаць жыцьцё карціць ня надта
Імгла ўзяла мяне пяшчотнаю далоняй
і я іду за ёй, лагоднай і халоднай

*

Галіны, бы пад электрычнасьцю
аблепленыя срэбрам шэрані
імгненьні гэткія нязвычныя
ня часта трапяць на паперу мне

Для ветру дастаткова руху — і
быць сьнегу толькі пацярухаю
Але паветра сёньня ціхае
і чалавек ледзь дыхае

бо цэлы тыдзень на цэнтральным пляцы
спрабуе ўлада зь людам дамаўляцца
шуміхамі, сабакамі й дручкамі
Што гэтак будзе зноў — мы не чакалі

*

Як саван, залатою ніткай шыты
начное неба поўнае маланак
далёкай-далячэзнай навальніцы
Апошнім часам дзіўны сон мне сьніцца
я па краёх няведамых вандрую
На поўнач ці на поўдзень павярну я
ня бачу выйсьця ўдзень, бы ў цемры шале
маёй нікчэмнасьці напоўнілася шаля
Другая ж — апусьцелая зусім
Вядома, што душою мы трымцім
бо шлях наш, целам вымераны ўсім
сканчаецца І зьзяе сэрафім
зьбялелым ад агню мячом сваім

 

Пераклаў з чэскай Макс Шчур, 2012 г.

1 - І сам Бог ня ведае, чым Ён мог бы быць (лац.).

 

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Да кожнай няўдачы
я магу ставіцца толькі як да частковага вызваленьня
Вызваленьня ад забабонаў ад марных намаганьняў
ад фальшывых абавязкаў прымусу
ад перасьцярог страху трывогі і сораму
ад крывадушнасьці і гвалту над сабой
ад самападману няпраўды і хлусьні

Пераклад:
Макс Шчур

Быццам бурбалку пабачыў,
быццам мроя праляцела —
хто на сьвет глядзіць падобна,
той цару ня бачны сьмерці.

Пераклад:
Макс Шчур

4 Панюшкі і Мне Ўставіла,
У ложку ў майтках,
у левай руцэ шматок бавоўны,
тыповы дэгенэрат,
прысмак крыві ў роце
прысмак Фатэлю ў Зубнога
музыка, Гучныя Аперджыё Вечнасьці —
сава ў акулярах шрайбае ў
халоднай цемры —

Пераклад:
Макс Шчур

Пуза мясісты помнік што чакае
свайго адкрыцьця за півам калі
зь яго сарвуць кароткую заслону саколкі