З «Філязофскіх вершаў» (1959-61)
* * *
Чаго сёньня яшчэ шукаць у філязофіі?
Пытаньне часу нам аднаго дня вырашыць фізыка
адкрыцьці генэтыкі растлумачаць закон кармы
Неўміручасьць — клопат псіха- і біялёгіі
бога канец канцоў вылічыць ня Ляйбніц а кібэрнэтычная машына
Гнасеалёгія нас даўно не цікавіць
этыка ну гэта проста памыі грамадзтва
онталёгію мы вычарпалі ў чатырох фразах зь Леніна
Ну чаму б і не паверыць што ўсё гэта так і ёсьць?
Я ж не дзіця, якому абы пярэчыць
Няма ніякага дзіва ў тым што я мысьлю
я добра ведаю фізыялёгію вышэйшай нэрвовай дзейнасьці
дзіўна тое што хоць я і ўсё разумею
але нічога зь пералічанага не прыносіць мне задавальненьня
Таму я займаюся філязофіяй
Зрэшты калі б я мог жыць як чалавек
а не як грузавы аўтамабіль
я проста і сардэчна верыў бы ў бога жыцьця
і на ўсякія турботы было б мне насраць
5.11.1958
* * *
Ну няхай я вар’ят але чаму я сам сябе ненавіджу?
я ж ёсьць я
што ўжо тут зробіш?
Варта было б цаніць свае добрыя якасьці
а калі іх у мяне няма то тым лепей тым прасьцей
але чаму ж я сябе ненавіджу калі з этыкай я сабе галавы не дуру
Ведаю што добрых якасьцяў ня маю і адчуваю праз гэта
нават палёгку
мне ня трэба жыць як два ў адным адзеньні
няма патрэбы ісьці з кімсьці на кампраміс
дагэтуль мне замінала толькі несамастойнасьць развагі
і хоць гэта невялікая бяда
але лепей будзе ад яе пазбавіцца
у такім разе ўсё ж чаму я сябе ненавіджу
калі пазіраю на сябе ў люстра калі чую зь нейчага рота
сваё імя
Я ненавіджу сябе нянавісьцю гіены
ненавіджу сябе нянавісьцю шакала
баязьліўца
Зь неверагодным нахабствам я жыву далей твар у твар зь небам хаця
даўно ўжо мусіў быць мёртвы
зь неапісальнай подласьцю напаўняю свае кішкі тлушчам
зь невыказнай пахабнасьцю разглядаю хударлявыя фігуркі
літар у кнігах
Я баязьлівы як можа быць баязьлівы толькі культурны чалавек
якога ня варта блытаць з інтэлектуалам
бо інтэлектуал ня толькі неадукаваны ён яшчэ і бязмозглы
Але што нам г. зн. мне і некалькім іншым сучасьнікам якія ня чулі
адзін пра аднаго
што нам да іх усіх і да зьнікненьня іхнага сьвету
ну і што што іхны сьвет — гэта і наш сьвет
Усё гэта асуджанае на глыбіннае выгніцьцё
на боль на пранцы на мэтамарфозу
пры гэтым нас гэта не абыходзіць ну і што што чалавек акажацца слабаком
У іншых месцах ужо запаліліся паходні
большыя і магутнейшыя за нашую
што цяпер дагарае на ветры
І нават калі яна дагарыць
праўда будзе вечнай
нязьменнай
і заўжды іншай
гэта праўда не для нашых вушэй
праўда незалежная ад нашага пазнаньня
да яе я дакідваю вокам, бы вострым гакам
хоць дагэтуль мой позірк заўжды сасьлізгваў па гладкай шкляной гары ўніз
але за што я ў такім разе сябе ненавіджу?
Жывучы ў Празе я кожным сваім учынкам
тым што працую выкладаю здаю іспыты зарабляю сабе на хлеб
я абедзьвюма рукамі сілкую будучую вайну
старанны гаўнюк
што з скуры вылузваецца каб перавыканаць плян
кожны мой учынак — авацыя забойцам, што куюць свае
зьвярыныя пляны
мае ўзнагароды ліжуць ім рукі
квітанцыі маіх заробкаў — вянкі на іхных скронях
іхныя чэравы напханыя маімі прэміямі
а прагнілыя сэрцы цешацца з маіх плянаў на будучыню
я плачу ім аванс кожным сваім жаданьнем
укладваю ім у рот як цукеркі свае машыны, тэлевізары, лецішчы
я клапатліва падціраю іхную анальную адтуліну сваімі карцінамі, вершамі і кнігамі
прыбіваю ім на падэшвы валовую скуру сваіх навуковых
і філязофскіх работ
абы толькі ім было добра па калена ў гразі абы толькі яны маглі нам усім
паказаць як добра ў іх падшытыя боты
калі цалую сваю каханую я цалую іхныя страхотныя твары
калі сьмяюся то сьмех блішчыць у іхных вачах поўных нянавісьці
калі іду купацца ў адкрытым басэйне то ўтаропліваю вока як скот
у іхную бацькоўскую храпу
поўны ўдзячнасьці ім за тое што на мяне сьвеціць сонца
гэта іхныя змрочныя думкі я разганяю
гэта іхныя рукі я паціскаю калі рукаюся зь сябрамі перад
паходам у кіно
бо ім толькі гэтага і трэба нічога болей
чым большая задаволенасьць тым менш відаць іхнае праўдзівае
аблічча
дый нават калі яго нехта ўгледзіць усё адно задаволенасьць страшны
ланцуг які не разарвеш
а забыцца ільга толькі ў новым плянаваньні яшчэ большай
задаволенасьці
і я так і раблю я іх слухаюся я іх цешу так што яны глядзяць
на мяне зь пяшчотай
магчыма нават з гэтай прычыны яны вызваляць мяне як жыцьцёва ім
неабходнага ад абавязку служыць у войску
пры ўмове што я буду яшчэ паслухмянейшы
Не хапала яшчэ толькі
пачаць публікаваць свае вершы
каб зрабіцца апошняй скацінай
Неаспрэчна, што ўсе мы браты
Але ж ці брат дараваў бы такое брату?
А калі й дараваў бы
то чаго было б вартае гэтае дараваньне?
13.12.1958
* * *
Давайце ўжо супакоімся
калі мы да гэтага здольныя — спакой патрэбны нам як ніколі
зацісьнем у кулак усю адвагу
няўжо мы ня можам знайсьці ў сабе крыху адвагі
каб на ўсё гэта напляваць
сесьці на пагорак за местам
і пісаць тое, чаго нельга выказаць
і казаць тое, чаго нельга пісаць
без перасьцярог бяз страху без згрызотаў сумленьня
наконт таго што будзе заўтра пасьлязаўтра
мы памрэм толькі раз і можа толькі тады
нешта ўдарыць нас па галаве —
горы стаяць надта кароткі час
Зямля лётае ненашмат даўжэй
Сонечная сыстэма маладая але недаўгавечная
яна пачынае ўжо распадацца
Сусьвет абмежаваны ў часе і прасторы
але ня маюць канца час ані прастора
між нараджэньнем і сьмерцю
гэтаму часу няма канца
няма канца часу
бясконцы час
і ёсьць час
існуе бясконцае мноства бясконцых часоў
часоў без канца ў канечным сусьвеце
які ёсьць адным зь безьлічы сусьветаў
і пры гэтым сам ёсьць сусьветам як мураш
як муха як сёньняшні дзень
як дзень наступны
і пазанаступны
я прамінаю бяз страху бо я сам свой сусьвет
у бясконцым часе
у часе які толькі ёсьць або няма
а калі ёсьць то толькі бясконцы
Чаму тады мы не зьбяром у кулак адвагу і на ўсё
не наплюём?
І замест таго, каб пагаварыць з быльлём пра антычныя трагедыі
я ўрэшце зноў зацісну вушы
14.12.1958
* * *
Ну што са мной яшчэ можа здарыцца...
Да кожнай няўдачы
я магу ставіцца толькі як да частковага вызваленьня
Вызваленьня ад забабонаў ад марных намаганьняў
ад фальшывых абавязкаў прымусу
ад перасьцярог страху трывогі і сораму
ад крывадушнасьці і гвалту над сабой
ад самападману няпраўды і хлусьні
ў якіх я жыву пакуль да нечага імкнуся
14.12.1958
* * *
Усё жыцьцё мы робім тое чаго ня хочам
Што ў гэтым гераічнага?
Гэта толькі баязьліўства
Як памалу я разумнею!
Усё мяняецца
Мы прывязаныя да адной буды
што завецца жыцьцём
Я шукаў шчасьце потым праўду цяпер шукаю толькі
сябе самога
Шукаю таму што не магу нечага не шукаць
пакуль сьмерць ня знойдзе мяне
Потым я буду шукаць ужо толькі свае згадкі якіх усё адно
не зразумею
Гады сыходзяць
а людзі за якімі я назіраю і якія блізкія майму сэрцу
ўсё пакутуюць і марнуюць апошні шанец
і ўсё вераць у новы
Уратаваць многіх зь іх можа сапраўды ўжо толькі вайна
удар звонку заменіць ім вольную хаду
Гэтак няшчасьце спалучаецца са шчасьцем
пекла робіцца цэнтрам раю
а турма — месцам ажыцьцяўленьня свабоды
а магчыма і мэтай свабоды
Большасьць людзей ня дойдзе нават да пачатку
не даведаецца нават першага слова
Я ўжо дайшоў да пачатку
але што з таго
Я не магу вярнуцца ў цёплую цемру да астатніх
а перад мною толькі бездань маўчаньня і бязьдзейнасьці
што вымагае ў мяне адвагі якой я ня маю
Дзіцячыя радасьці маіх бліжніх
хай сабе мілыя і вельмі забаўныя
здаўна ёсьць для мяне кнігай за сямю пячаткамі
І калі нават мне зь яе зачытвалі ўголас
я нудзіўся
Я заўжды ўспрымаў сваё жыцьцё як выціснуты лімон
як пляшку з-пад віна як нешта што было поўным і стала пустым
Тая пара паўнаты недасяжная маім успамінам
але яна сілкуе мой досьвед
Я — нібы аркуш між дзьвюма старонкамі літар
між тым што было і што будзе
адзін у гэтым нялёгкім і няўдзячным становішчы
аркуш сам ня ведае, што на ім стаіць
але яго тупое існаваньне ў кантэксьце дзьвюх старонак —
неабходнае і поўнае сэнсу
Ёсьць такія лёсы, наступствы і носьбіты іншых лёсаў
ёсьць такія стравы нішчымныя й нясмачныя
дыетныя паўзы між дзьвюма лепшымі часамі
якія кожнага страшэнна гідзяць
Таму я не распаўсюджваю свой досьвед на астатніх людзей
асабліва не на тых зьдзяцінелых што нічога ня цямяць
І ўсё-ткі я бываю шчасьлівым і гэтыя моманты даюць мне сілу
прайграваць
Я бачу як мільёны незьяднаных міжсобку сусьветаў
зьліваюцца ў адно і вяртаюцца зь яго назад
нібы асьвежаныя кроплямі расы любільнай вільгаці ці майго
поту
і доўжацца доўжацца сьмяюцца ўзьнёсла лунаюць
жывуць паміраюць растуць у свабодзе
чыё бязьмежжа здолее стаць і маім домам
Я ўвамру ў яго з даверам, страціўшы назаўсёды сьвядомасьць
15.12.1958
* * *
Даўно напісаны ўжо верш
пражытых юначых гадоў
Даўно прамінула пара
водараў, дзіўнай смугі
Сонца чуняе і вось
жоўтым брыняе сьвятлом
паветра ўкол нас як пясок
хрусьціць ад разрадаў яно
пакуль не ўласьцівых нам сіл
Поўдзень ужо настае
ранішні гіне паўцень
сьпеў птушак раса халадок
што сьвежасьцю цела п’яніў
Падае роўна сьвятло
выгляд зьясьняючы форм
бы незнаёмых зусім!
Раптам так блізка яны
і небясьпекаю тхнуць
вострыя рэчаў рубы
хіжыя быццам мячы
Сэрца адстала — і што?
Зрэшты там лепей яму
прыйдзе пад вечар ізноў
з раніцай новай вясной
водараў сьвітай і смуг
радасна белае ўсьцяж
сьпевам вячэрняй зары
— крочыць лягчэй безь яго
Дый безь яго страх бярэ
Так век пазнаньня настаў
4.3.1959
* * *
Пасьля столькіх гадоў
праведзеных у бадзяньнях
я трапіў на месца
дзе пастанавіў застацца
Тут жылы дом
сад і лес
адкуль прыходзяць зьвяры
піць з пасудзіны падобнай да далоні
пад маім акном
Дрэвы стаяць удоўж дарогі
і паказваюць мне далячынь
адкуль я прыйшоў
і куды зноў пайду
Толькі вось адпачну!
Я хацеў бы тут застацца мо на век
Мо толькі на дзень
але пайсьці адразу далей не змагу
па сваёй дарозе ў нікуды
якая паўсюль пачынаецца
і заканчваецца
Я мушу тут пачакаць
пакуль прыйдзе паштальён
з прызначаным мне лістом
зь невядомага далёкага горада
Той мне адрасаваны ліст
даўно адаслалі
і паштальён
даўно ўжо носіць яго пры сабе
Аднаго дня ён прыйдзе
і ў адрасе ня будзе памылкі
Таму й таму — то бок мне —
дом з садам пры дарозе
з алеяй што мкнецца ў далячынь
Я вазьму той ліст
як запрашэньне
вазьму свой падарожны рыштунак і кій
і здамся на літасьць дарогі
Дарога — спакой
А вось дом поўны неспакою
я застаюся тут толькі таму
што і дом — у дарозе
Дарога — спакой
Хто ідзе
з тым нічога ня здарыцца
Ён пад адкрытым небам
Ягоны дом на яго не абваліцца
Ягоную маёмасьць у яго нельга ўкрасьці
Ягоную працу яму ніхто не атруціць
Ніхто яго ня спыніць
бо дарога паўсюль
Паўсюль можна ісьці
як і паўсюль можна стаяць
Няма большай пэўнасьці за дарогу
Яна сама ўцякае з-пад ног
таго, хто на ёй стаіць
Хто ў дарозе той ужо дасягнуў мэты
Дарога гэта толькі рука працягнутая мэтай
і паціснутая як сябру
Мы вядзем адно аднаго за рукі
і трымаемся разам
Пакуль што я адчуваю толькі дарогу
далонь сябра
такога агромністага што ягонага цела мне не відаць
але ў ягоным поціску няма няпэўнасьці
Я ніколі да яго не дайду
але ён недалёка
пакуль я трымаю яго за руку
Таму я мушу ісьці ўсё далей
і ніколі ўжо не спынюся
Часам мне здаецца
што я сплываю
І сапраўды
Я сяджу на дарозе
як у чоўне
Настолькі мая дарога аўтаматычная
Час ад часу вяслую
Рух карысны для здароўя
і бадзёрыць думку
і човен радуецца яму
Настолькі прыветлая мая дарога
Над намі як галіны пладовага дрэва
вісяць аблокі і сонца
Увесь час сонца, палудзень
Хто ідзе той ня ведае ночы
хто стаіць таго яна хутка насьцігне
Ідзі з хуткасьцю сьвету
і ў цябе будзе заўжды дзень і ўсё тая ж гадзіна
Гэтак у дарозе няма часу
Ідзі з хуткасьцю часу і будзеш заўсёды на адным месцы
Гэтак у дарозе няма прасторы
Будзь увесь час тамсама
і ніколі ня трэба будзе сьпяшацца
ніколі ня будзе трэба
куды сьпяшацца
Нічога іншага
нідзе няма
Гэтак у дарозе няма жаданьняў
Рабі што хочаш
але ў іншае месца ня трапіш
Гэтак калі ты махаеш рукамі
і сьпяваеш у такт хадзе
то толькі таму што табе гэта да спадобы
а калі гэтага ня робіш
то і не пераймаесься
думкай што гэта варта рабіць
Гэтак у дарозе няма пакутаў
Часам адгукнецца жаўрук
часам запахне палямі
часам ідзе дождж
а потым зьяўляецца вясёлка
Гэта ня час
гэта залежыць проста ад таго ў які бок зірнеш
Гэтак у дарозе ёсьць пастаянна ўсё
Адных птушак колькі
і розных зьвяроў
што яе перабягаюць!
Мая радасьць гізуе зь імі
слухае іх
вучыцца ў іх
Гэтак няма маёй дарозе канца
15.4.1959
* * *
Не цікавіць мяне вашае «мастацкае спазнаньне сьвету»
паэзія мне служыць толькі для спазнаньня сябе самога
калі я пішу вершы я ня бачу іначай
не адчуваю больш пахаў і чую тое ж што кожны рабацяга
якому шум не дае адпачыць
Сьмеху вартае ўсякае «мастацкае спазнаньне»
вырабленае людзьмі што нічога ня ведаюць ні пра навуку ні пра філязофію
іхныя дурнаватыя мэтафары выкручаны пэндзаль
нічога не прынясуць сапраўднаму спазнаньню
іхная дзейнасьць — рэлікт даразумовай магіі
да таго ж няправільна скарыстанай
Атавізм застанецца атавізмам
і пад выглядам эстэтыкі
аднойчы чалавеку перастане быць уласьцівым займацца мастацтвам
Што яго заменіць
галяктычныя сыстэмы інтуіцыі
зь яе звышдакладнай непрадказальнай яшчэ арганізацыяй
калектывізацыя інструмэнтаў спазнаньня
Тут асалода будзе спалучаная з праўдай
п’янкасьць зь яснасьцю
ганебная настальгія па жывёльным скончыцца
чалавек урэшце дасягне эмансіпацыі
ягонай паэзіяй будзе сам ягоны дух
21.5.1959
Што на сьвеце завецца «мастацтвам» — поўны адстой
Анёлам, а не чалавецтву хвораму
пішу, ня ведаючы меры ані сораму
Хто прачытае гэты верш праз сто мільярдаў год
ці тысячу?
Мінучы сьвет з сваіх нашчадкаў выключу.
Ад самаўзьнікненьня ўсяго да яго зьнікненьня —
усё ёсьць я, каторы ў бестурботным стане
ляжыць у Подалі. І сэрца
ў мяне рытмічна б’ецца,
а страўнік пабаліць і перастане.
З этэру быць — зь якога перапуду?
Цялесным быў заўжды й заўсёды буду.
Але гэта яшчэ ня значыць што я ЯНО
я пазіраю яму ў вочы толькі на парогах свайго існаваньня
у ІМ па-за часам
несупынна таму што толькі аднойчы
паўстае бясконцая колькасьць бясконцых сьветаў
бязьмежна вечных
Я адзін зь іх
адна зь бясконцасьцяў
адна онталягічная рэальнасьць
ЯНО ня мае да мяне датычнасьці
а я да яго
Я найвышэйшае
пакуль я існую
Таму я атэіст
Навошта мне пераймацца сваім спазнаньнем
навошта мне сябе падманваць
Я ведаю тое чаго ня ведае ніхто:
што я не магу стаць кімсьці
і з той жа прычыны ня можа стаць кімсьці ніхто
з тых што думаюць быццам яны ёсьць
Я граніца
я мяжа
я лёс
Мяне не перакрочаць мая клетка
мая думка мой цень
Са мной скончыцца ўсё
кругаварот майго жылабіцьця
увесь гэты ўяўны сьвет
спыніцца
У момант згубы
мне застанецца толькі годнасьць
Я мушу быць увесь увасобленай годнасьцю
ніводная з маіх няпоўных уяваў ня можа быць ёю
Было нішто і будзе нішто
Гэта і ёсьць ЯНО
Я плачу яму тым жа
Пакуль я ёсьць
хай яно мне будзе да сракі
Я ведаю тое чаго ня ведае ніхто:
што я не адзін
што я адзін зь бясконцага ліку
Ведаю і тое што многія з гэтага ліку робяць
Яны хочуць сьлязьмі выжабраваць сабе неўміручасьць
лезучы ў сраку бяз мыла
Я б саромеўся за іх калі б мы былі зьяднаныя
ручаліся б адно за аднаго
Але між намі няма сувязі
яна абсалютна немагчымая
Паасобку мы ёсьць
кожны апрычонай онталягічнай рэальнасьцю
Для электронаў майго цела я недасяжны
У іх ёсьць уласныя багі
атамы
і трансцэндэнтальная існасьць малекул
Я недаступны ніводнаму электрону
вы ўсе людзі
ёсьць толькі парай мільярдаў маіх электронаў
я не патрабую ад вас каб вы мяне бачылі
і не асуджаю вас за тое што вы мяне ня чуеце
хоць я і прамаўляю да вас
хоць я і думаю пра вас
Я стала цікаўлюся сабой
ствараю ўсё дакладнейшую ўяву
пра сябе і грунтоўна дасьледую
сваё ўласнае цела
дух і вантробы
Я мудры
але не ўсёведны
і ніколі ім ня буду
Хай і без імпэту
я ўсё ж чапляюся за крысо магчымасьці:
а раптам мне ўсё-ткі ўдасца спазнаць усё?
Магчыма, я гляджу сам на сябе адтуль:
зь нішто ў нічога, у нікуды зь ніадкуль.
Таму я і бачу толькі сябе
Няхай з прычыны невыказнасьці
я адзіны хто думае
І зноў заглыбляюся ў роздум як аднавокі
Одзін
Я ведаю тое чаго ня ведае ніхто:
гэта стан бяз страху без згрызоты
бяз злосьці шкадаваньня і смутку
без шаленства
ў ім ёсьць толькі ЯНО і я
два часовыя сапернікі
пры гэтым я асуджаны на паразу
Толькі бясконцая сьмерць ёсьць маёй доляй
толькі сьмерць
зноў і зноў сьмерць
Я хоць няўбольны і неўразьлівы
але ўвесь час паміраць
гэта так зьнясільвае
і зацямняе думку
Але слова вызваленьня ўжо прагучала
Хацець
і зноў
далей без канца
пакуль ня прыйдзе спазнаньне калі яно ёсьць
а калі няма
ў такім разе няма і розьніцы
Тады я прынамсі ўсьвядомлю
19.10.1959
* * *
(З нагоды артыкула ў «Literárních novinách» пра водгукі на Эрэнбургаў «адказ Ніне»*)
Чым нам дапамагла краса?
Ад ніводнага злыдня нас не ўратавала
і не ўратуе
Разабрацца ў ёй немагчыма навучыцца ёй немагчыма
гэта ж не лагарыфмы не клішэ
і не эстэтыка
Таму я зь лёгкасьцю гляджу насустрач дням у якія мы
на злом галавы рынемся
калі застанецца ўжо толькі адукаваны скот
Прадажныя Эрэнбургі маскіруюць мастацтвам любое сьвінства
ў сьвеце
бароняць красу толькі ў якасьці парфумы патрэбнай сьвіньням
Усё будзе прынамсі ясьнейшым
праўдзівейшым
прыемнейшым
калі будзе болей натуральнага смуроду
хай яны ім задушацца
касманаўты
і клааканаўты
дактары высокіх ураджаяў
праекцёры з Хімпраекту
супрацоўнікі мастацтва
крытыкі культурныя работнікі
Борн і Елінэк**
эліта радыё тэлебачаньня і шляхоў зносін
усе нашыя дзеці
Гэтае чалавецтва вымра
і гэтая эпоха будзе аднойчы верадам
Калі мастацтва ёсьць толькі прыхарошваньнем грамадзтва
значыць трэба дыстанцыянавацца ад мастацтва
Краса якая ёсьць роўнай Усяму
і надалей застаецца вадой
для звышчалавека і багоў
якія даўно ўжо разьвяліся з гэтым сьветам
і асабліва культурай
Ну як забароніш жывёле гуляць у людзей
але калі я чую слова «мастацтва» з храпаў жывёлы
я жадаю ёй згубы
1.11.1959
у Музэі перад абедам***
*«Адказ Ніне», дакладней «Ответ на одно письмо» — артыкул Ільлі Эрэнбурга ў «Комсомольской правде» (2.9.1959), які выклікаў мноства водгукаў і запачаткаваў у савецкай грамадзкасьці дыскусію пра «фізыкаў і лірыкаў». Падрабязьней тут.
** Адальф Борн і Олдржых Елінэк — мастакі, графікі, знаёмыя Бонды (гл. аўтабіяграфію «Першых дзесяць гадоў»).
*** Бонды працаваў вартаўніком шкілету кіта ў Нацыянальным музэі Чэхаславаччыны ў Празе на Вацлаўскай плошчы.
* * *
Ноч людзі зноў сьпяць
Дзівоснае сьвятло
разьліваюць настольная лямпа і месяц
У цішыні чуваць
крык лякаматыва на ўцёках
ціканьне гадзіньніка вуркатаньне дзіцяці ў сьне
Прамінуў
дзівосны дзень
Такі самы як іншы
куды б ён ні сышоў
незваротны даўно прамінулы як тысячагодзьдзе
І насамрэч тысячагодзьдзі чалавечай прагі
чакалі гэтага прошлага дня
Тысячагадовыя надзеі ўскладаліся на яго
гэты невядомы і прыўкрасны дзень
які загінуў і нішто яго ўжо не ўваскрэсіць
Спрадвечныя прычыны ў гэты дзень набылі ўвасабленьне
завяршыліся старажытныя дзеі
і адкрыліся новыя
Дзівосны дзень
пачатак бясконцых прычын
сышоў
31.1.1960
* * *
Сапраўднага творцу звычайна
перасьледуе адна-адзіная ўява
адна-адзіная невыказная думка
У гэтым ён падобны да вар’ята
Той хто здольны пісаць пра што-заўгодна
маляваць як тое так другое
зь лёгкасьцю носіць усе строі
але ніводны строй ня ёсьць ягоным уласным
Трэба каб твой відзеж жор цябе як невылечная
хвароба
і пакутаваць ад яго як ад хваробы
Як лёгка ў такім разе хворы
ператвараецца ў назолістага іпахондрыка
што абцяжарвае сваіх бліжніх!
Мэта верша там дзе заканчваюцца поймы
а яго вартая сьмеху задача — увасобіць у поймах бяспоймавае
Твор які льга дарэшты ўвасобіць у словах
ёсьць творам таленту але не паэзіі
а той хто думае быццам разумее твор бо здольны пераказаць яго зьмест
той так і не зразумеў што такое паэзія
Сапраўдны творца рэдкая зьява
на ўзроўні касьмічнай герархіі сонцаў
і няма нічога дзіўнага ў тым
што сапраўднае разуменьне
таксама дадзенае толькі некалькім плянэтам
У дзевяноста дзевяці чалавек з сотні
якія ніколі не зразумеюць верша
яго спажываньне выклікае толькі сумбур у галовах
У іх ёсьць свая мастацкая прамысловасьць Рубэнсаў Томасаў Манаў
і Шуманаў
ці на крайні выпадак прадукцыя адстойніка
якая для іх самая прыемная
Наагул выглядае як памылка
што паэзію яшчэ ствараюць у гэтым сьвеце
што яе аўтары яшчэ зусім не аддзяліліся
ці ня пішуць з увагай на анёлаў
павярнуўшыся задам да попыту люду
Найвялікшыя зь іх такія як Леанарда да гэтага набліжаюцца
Пра ягонае мастацтва людзі даведаліся толькі таму што ён мусіў
зарабляць на хлеб
і час ад часу меў неабходнасьць у вялікіх плошчах пад карціны
11.4.1960
Rilke in Bildern*
Няма ў мяне на яе грошай
на гэтую прыгожую і з глыбокім разуменьнем напісаную кнігу
маленькі шэдэўр сярод біяграфій
Цэлае жыцьцё паэта
ляжыць перад намі як на далоні
аднойчы ён наведаў Русь каб паглядзець як там інтэлектуалы строяць зь сябе
мужыкоў
(die heilige russische Literatur!**)
потым паехаў у Флярэнцыю зазірнуць у Уфіццы
яго не замаркоцілі падарожжы ў Эгіпет, Швэцыю,
Гішпанію, Швайцарыю
пагатоў у Чэхію і Францыю
гэта ж былі ягоныя радзімы
аднак ані графіні не павесялілі
(асабліва мадам фон Швэрын)
ані Андрэ Жыд не пацешыў паэта
ён вытанчана пакутаваў з Радэнам
і з экспрэсіяністамі
узьнёсла пісаў узьнёсламу Полю Валеры
гэтаму шчыраму сэрцам чалавеку
Ён сузіраў мастацкія творы наведваў архітэктурныя помнікі
пра існаваньне якіх я нават не падазраваў
або толькі багавейна чытаў
усясьветная культура разгортвалася перад ім на першы ягоны покліч
а калі ён пісаў свае элегіі то ў страўніку ў яго не бурчэла
і ня трэба было жахацца неабходнасьці ўставаць а пятай раніцы на працу
што напісаў тое надрукаваў
не баючыся што ягонымі вершамі затопяць печку
у галоўным упраўленьні дзяржбясьпекі
Гэты паэт-пакутнік
поўны болю схіляўся над прыпалацавымі паркамі
пакуль ня ўмёр
З сваімі выкрычанымі лёгкімі
й прапітым голасам
я толькі карыкатура
паэта
Мая паэзія пасівела
ў яе павыпадалі зубы
яна заўчасна ўпала ў маразм
у яе засталася адно прагнасьць
Свае глупствы я пішу на каленцы
у кутку пад страхой дзе абы-якое сьвятло
на мяне крычаць мая жонка й дзіця
абое ненаўмысна бязь нейкай выразнай нянавісьці
з чыстай дурасьці якая змушае ўсіх людзей
перашкаджаць паэтам, вядзьмаркам і вар’ятам
у іхнай хоць і незразумелай
але ведама ж шкоднай для грамадзтва дзейнасьці
Мы жывем усе разам у адной дупе
побач душыцца кашлем дзядуля
мые пялюшкі мяняе малому падгузьнікі
мы з жонкай абое ходзім на працу
мы радыя што жывём як людзі
маем кожны дзень што есьці
а тры разы на год ходзім у тэатар
на галёрку дзе месцы для стаяньня
Мае вершы памалу запаўняюць шуфляду стала
адкуль паступова пераяжджаюць у печку
але я іх пішу — дзякуй богу — усё радзей
Калі капіталізм быў чысьцец
то савецкі сацыялізм гэта пекла
На апошняй стадыі клясавых стасункаў
цалкам агаляецца іхны шкілет
ідыёцкі гвалт права мацнейшага
Фата-маргана бясклясавага грамадзтва
люстэркава зьзяе на адлегласьці выцягнутай рукі
але ніхто ня ведае наколькі бяздонная тая пустэльня
што нас ад яе аддзяляе
Усё тое што чалавецтва дасягнула ў справе свайго вызваленьня
на сёньняшні момант суцэльна страчанае дазваньня
таму да нашай прагнасьці далучаецца яшчэ памяць
і гэтак нас разьдзіраюць абедзьве рукі часу
Усю жменьку чалавечай свабоды ўжо ажыцьцявіла папярэдняе грамадзтва
што ў нас на вачах дажывае
на нашым кавалку сьвета які ўсё распадаецца
Ім засталося яшчэ дваццаць гадоў
Калі не адбудзецца цуд —
а цудаў супраць плыні гісторыі не бывае —
то яшчэ ў гэтым стагодзьдзі канец гэтага сьвету гарантаваны
Жывіце хутчэй, браты-ворагі!
Радуйцеся, пакуль можна — скажыце апошнія словы
я кроў ад вашай крыві але не хачу вашага вяртаньня
хаця часта мне хочацца каб усе мы ўзьляцелі дагары нагамі ў паветра
памрыце канчаткова памрыце ў пакутах
у прыніжэньні сутаргах і брудзе
я памру з вамі
але галоўнае канчаткова
каб ужо нам ня муляць вачэй
каб і нам спакайней паміралася
неўзабаве пасьля вас
Калі чалавек працуе як вол каб стачыць канцы
яму не да паэзіі
«вечныя думкі» пра «каханьне і сьмерць» адкладаюцца на потым
Прыемна разважаць пра ўзьнёсласьць паэта
седзячы на каленях герцагіні Турн-Таксіс
але ў гісторыі бываюць часы
калі такая поза робіцца сьмешнай
Цябе Рыльке
заўжды будуць чытаць тыя, хто маецца залішне добра
нягледзячы на тое што СССР будзе тырчаць
як піраміда Тамэрлана
Майго імя не даведаецца ніхто
хіба толькі тыя, каго вечна лупцуюць
Іх не цікавіць балбатня пра сьпеўную ліру
какетаваньне зь нябожчыцамі ўганяе іх у няёмкасьць
бо яны самі нябожчыкі пры жыцьці
пры жыцьці забітыя
і ў сто разоў лепей за тых тваіх «заўчасна памерлых»
ведаюць, што значыць быць нічым
...
люты 1961
*Рыльке ў ілюстрацыях (ням.)
**сьвятая расейская літаратура! (ням.)