Шэршань у парыку

Пераклад: 
проза, беларуская мова, пераклад

Эпізод, які не ўвайшоў у «На тым баку Люстра, і што там напаткала Алесю»

...і яна ўжо зьбіралася пераскочыць ручаёк, калі пачула глыбокі ўздых, што даносіўся аднекуль зь лесу за ейнай сьпінай.

«Там нехта дужа няшчасны», падумала Алеся, павяртаючыся назад, каб убачыць, што там за клопат. Хтосьці падобны да вельмі старога дзядка (толькі з тварам хутчэй як у шэршня) сядзеў на зямлі, прыхілены да дрэва і ўвесь стулены, і так калаціўся, быццам яму было страшна зімна.

«Я бадай не змагу яму нічым памагчы», было першай Алесінай думкай, і яна зноў павярнулася да ручайка: — «але проста спытаюся, што зь ім такое», перадумала дзяўчынка, спыніўшыся на самым краі вады. «Бо як толькі я пераскочу, усё стане іншае, і тады ўжо я ніяк ня дам дзядку рады».

З гэтым яна пайшла назад, да Шэршня — безь вялікай ахвоты, бо ёй страшэнна карцела стаць ужо каралевай.

«А косьці ж мае вы старыя, мае вы старэнькія!», наракаў той. Алеся падышла да яго.

«Напэўна, гэта рэўматызм», скеміла Алеся, нахілілася да Шэршня і ласкава сказала: «Спадзяюся, вы ня моцна пакутуеце?»

Шэршань толькі перасмыкнуў плячыма і адвярнуўся. «А бадай мяне!», буркнуў ён сабе пад нос.

«Ці магу я нешта для вас зрабіць?», працягвала Алеся. «Вам тут часам ня зімна?»

«Ну ты й балбатлівая!», раздражніўся Шэршань. «Абы дакучаць! Ці бачылі вы дзе такое дзіця!»

За такі адказ Алеся на Шэршня амаль пакрыўдзілася і ледзь не сышла ад яго прэч, але ўсё-ткі палічыла: «Магчыма, ён такі расьцьвелены ад болю». Таму яна зрабіла яшчэ адну спробу:

«Можа, вы дазволіце мне дапамагчы вам сесьці з другога боку дрэва? Там ня так дзьме холадам».

Шэршань узяў дзяўчынку за руку і безь пярэчаньняў абышоў зь ейнаю дапамогай дрэва, але як толькі зноў пад ім уладкаваўся, то забурчэў па-ранейшаму: «Абы дакучаць! Спакою не дасі чалавеку!»

«Хочаце, я вам крыху пачытаю?», не зважала Алеся, а сама ўзяла ў рукі газэту, што ляжала ў Шэршня ля ног.

«Чытай сабе, калі табе так рупіць», сказаў Шэршань, надзьмуўшыся. «Па-мойму, ніхто табе не замінае».

Алеся прысела каля яго, разгарнула на каленях газэту і пачала чытаць. «Апошнія Паведамленьні. Выведная Экспэдыцыя зрабіла чарговы паход у Камору, дзе знайшла пяць новых вялікіх грудаў белага цукру ў добрым стане. Па дарозе назад — »

«А карычневы цукар?», перабіў Шэршань.

Алеся тут жа прабеглася вачыма па артыкуле і сказала: «Не. Пра карычневы тут нічога ня пішуць».

«Не знайшлі карычневага цукру!», прабубніў Шэршань. «Во дзе Выведная Экспэдыцыя!»

«Па дарозе назад», чытала далей Алеся, «было адкрытае мелясное возера з блакітна-белымі берагамі, падобнымі да парцалянавых. Пры каштаваньні мелесу здарылася няшчасьце: двое чальцоў экспэдыцыі былі засмактаныя — »

«Былі што?», раздражнёна пераспытаў Шэршань.

«За-смак-та-ны-я», паўтарыла Алеся па складах.

«Няма ў нашай мове такога слова!», абурыўся Шэршань.

«Але ж у газэце во ёсьць», нясьмела запярэчыла Алеся.

«Досыць зь мяне ўжо газэты!», сказаў Шэршань і пакрыўджана адвярнуўся.

Алеся адклала газэту. «Баюся, вам нездаровіцца», паспрабавала яна яго суцешыць. «Няўжо я нічым не магу вам дапамагчы?»

«Гэта ўсё праз парык», прамовіў Шэршань ужо нашмат больш ціхамірна.

«Праз парык?», паўтарыла за ім Алеся, задаволеная, што ейны суразмоўца зноў у гуморы.

«Быў бы ў цябе такі парык, як у мяне, ты таксама злавала б», працягваў Шэршань. «Некаторым толькі дай з каго-небудзь пакпіць. Падакучаць. Вось я і злуюся. І прастуджваюся. Сядаю пад дрэва. Дастаю жоўтую насоўку. І падвязваю шчаку — вось як цяпер».

Алеся зірнула на яго з спачуваньнем. «Падвязаць шчаку дапамагае ад зубоў», зацеміла яна.

«І ад пыхлівасьці», дадаў Шэршань.

Алеся не зусім разабрала апошняе слова. «Гэта такі кшталт зубнога болю?», удакладніла яна.

Шэршань крыху задумаўся. «Ды не», сказаў ён: «гэта калі ты высока трымаеш галаву — вось так — і задзіраеш пры гэтым нос».

«А, вы пра задавастасьць», здагадалася Алеся.

«Гэта ўжо сучасны наватвор», сказаў Шэршань. «У мае часы гэта звалі „пыхлівасьцю“».

«Але ж пыхлівасьць не хвароба», зазначыла Алеся.

«Дзе там, не хвароба», не пагадзіўся Шэршань: «прычакай, як сама яе падхопіш — і ўбачыш. У такім разе паспрабуй падвязаць шчаку жоўтай насоўкай. Вылечысься ўмомант!»

Гэтак прамаўляючы, ён разьвязаў насоўку, і Алеся вельмі зьдзівілася, убачыўшы ягоны парык. Той быў яскрава-жоўты, як і насоўка, і ўвесь ускудлачаны ды забэрсаны, як клубок морскіх водарасьцяў. «Калі б у вас быў грэбень», выказала думку Алеся, «вы маглі б прывесьці свой парык у значна большы парадак».

«Ага, дык ты Пчала, так?», ажывіўся Шэршань, пазіраючы на дзяўчынку з большай цікаўнасьцю. «Гэта ж вы ўсё грэбаецеся ў вулеі і парадкуеце соты. І шмат мёду?»

«Пры чым тут соты», не стрымалася Алеся і патлумачыла: «Я вам пра грэбень, якім расчэсваюць валасы — ваш парык ну такі ўжо неахайны, пагадзіцеся».

«Апавяду табе, як я пачаў яго насіць», сказаў Шэршань. «Калі я быў малады, мае кучары яшчэ, натуральна, віліся — »

Тут Алесі прыйшла ў галаву нечаканая ідэя. Амаль усе, хто ёй сустракаліся, зачытвалі напамяць вершы, і яна падумала, што варта наўдачу папрасіць Шэршня нешта прадэклямаваць. «Вы ня супраць апавесьці мне пра гэта ў рыфму?», прапанавала яна ветліва.

«Ну, я да гэтага ня звыклы», сумеўся Шэршань: «але я паспрабую; счакай крышку». Ён памаўчаў, а тады стаў апавядаць спачатку — 

«Як пышна кучары расьлі
Ў мяне ў юнацтве! Да пары,
Як хтось сказаў: „Ты іх згалі
І жоўты лепш насі парык“.

Але ж калі зрабіў я так,
Хтось не ўхваліў таго зусім:
Маўляў, цяпер я — ну дзівак,
Мяне ўяўляў ён не такім.

Нібы на пудзіле сядзіць,
Сказаў мне хтось, на мне парык.
Ды што ж я мог ужо зрабіць?
Ня вернеш кучараў старых.

Я стаў паўлысы, паўсівы,
І хтось мне кажа дзе-нідзе,
Парык сарваўшы з галавы:
„Што за старызну ты надзеў?“

Паўсюль мне хтось крычыць „Няхлюй!“,
Дзе ногі я ні валаку,
А ўсё таму, каток, цярплю,
Што я — у жоўтым парыку».

«Як мне вас шкада», расчулілася Алеся: «думаю, з вас далёка ня так цьвяліліся б, калі б ваш парык на вас крыху лепей сядзеў».

«Твой парык дык сядзіць як трэба», прамармытаў Шэршань, пазіраючы на дзяўчынку з выразам захапленьня: «і ўсё таму, што ў цябе правільная галава. Праўда, сківіцы ў цябе абы-што — табе зь імі, відаць, ня надта добра кусаецца?»

У Алесі вырваўся гучны сьмяшок, але яна тут жа наўмысна закашляла, толькі каб Шэршань не пакрыўдзіўся. Урэшце, яна здолела ўтаймаваць сьмех і сказаць: «Я магу кусаць, што захачу».

«Ну не з такім малым ротам», настойваў Шэршань. «Вось, скажам, у бойцы — ты змагла б угрызьціся некаму ў загрывак і не адпускаць?»

«Бадай, не», прызналася Алеся.

«А я пра што: бо ў цябе замалыя сківіцы», вёў далей сваё Шэршань: «а вось наверсе твая галава правільная і круглая». З гэтымі словамі ён зьняў свой парык і выпрастаў лапку, нібы паманіўшыся сьцягнуць парык і з Алесі, але дзяўчынка знарок трымалася ад Шэршня падалей, быццам не разумела, чаго ён хоча. Таму Шэршань вярнуўся да сваіх крытычных заўваг.

«Да таго ж, вочы — яны ў цябе неяк занадта сьпераду, гэта ж відавочна. І раз ім ужо абавязкова трэба быць зусім побач, то хапіла б і аднаго замест двух — »

Алеся не любіла, калі ейную асобу гэтак разьбіралі па костачках, і ўбачыўшы, што Шэршань ужо акрыяў духам і разбалбатаўся, яна пастанавіла, што можа спакойна пакінуць яго аднаго. «Я бадай ужо мушу ісьці», сказала яна. «Бывайце».

«І ты бывай, і дзякуй», адказаў Шэршань, і Алеся зноў зашыбавала ўніз па схіле, задаволеная тым, што нездарма вярнулася і адшкадавала пару хвілін, каб суцешыць старога небараку.


Заўвага перакладніка: У арыгінале вядзецца пра асу (wasp). Аднак з прычыны таго, што гэты Кэралаў пэрсанаж апісаны як стары дзядок і што аўтар адносіць яго да мужчынскага роду, то ў перакладзе мы ўжываем слова «шэршань» (hornet). Менавіта шэршань ёсьць найбліжэйшым «сваяком» асы: паводле навуковай клясыфікацыі род «шэршні» належыць да сямейства «сапраўдныя восы».

Цалкам кнігу “На тым баку Люстра, і што там напаткала Алесю” (пераклад Макс Шчур, рэдактар Юрась Бушлякоў) можна набыць тут: http://www.amazon.com/baku-Liustra-shto-napatkala-Alesiu/dp/1782011498/

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Рассмакаваўшы як сьлед першы глыток, ён зноў запаліў. Бармэн згроб са стала манэты і ўключыў тэлевізар. Дзякуй богу, бяз гуку. Паказвалі нейкае амэрыканскае радэа. Мужыкі ў каўбойскіх капелюшах ці радзей у шлемах несупынна залазілі на быкоў і несупынна падалі зь іх лычом у пясок. Недзе пасьля восьмага ці дзявятага падзеньня ён раптоўна зразумеў, што яму найбольш падабаецца ў гэтым бары – цішыня.

Пераклад:
Макс Шчур

Раптам з ваннай выйшаў нейкі чувак. Ён быў незнаёмы, да таго ж чысьціў зубы. У мэтах самаабароны Лявон інстынктыўна адарваў ад сьценкі батарэю і раз’ябошыў яе аб чувака. Той з апошніх сіл закрычаў: «Яшчэ! Яшчэ!»

Князь М-скі ўзьняў руку й паказаў нягнуткім жалезным ківуном на барона О-скага. Той перажагнаўся, паслухмяна ўзяў ліру, то бок былы лук, цяпер з чатырма цецівамі, крыху яго яшчэ падладзіў, ударыўшы пару разоў графа Н-скага мячом па шлеме, які выдаваў ідэальны тон “ля” – ну і пачаў.

Пра тую знакамітую сустрэчу яшчэ і праз столькі гадоў чаго толькі ні плявузгаюць: маўляў, рабі Мэнахэм наўмысна прыехаў зь Віцебску ў Вільню да рабі Бэн Шлёмы, каб абмеркаваць іхныя нязгоды ў пытаньнях тлумачэньня Торы; нібыта ехаў ён не адзін, а цэлай дэлегацыяй, разам яшчэ з Зальманам зь Лядаў; ды яшчэ нібыта Віленскі геній урэшце не схацеў іх нават бачыць, ня тое што слухаць.