што шагалы ведаюць пра палёты над горадам

беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

М5

мы цягаем сваё неба ў валізе
праскануй, афіцэр, падзівіся
мой бос лузгае семкі на тое што ўнізе
край даносаў, свіней і бісера
акуратней, глядзі не аслепні
персеіды там і думкі грэшныя
фляга, штопар, панчохі, дыск Клэптана
так душу мы захоўваем у кэшары
так мы росцім пярліну адчайную
і надзеяў аджымкі працэджваем
так мы пішам наколькі ўсё файнае
хоць усё гэта канкрэтна выбешвае
нашы зоркі амаль што аднолькавыя
так і грэемся ўпотайкі хто дзе
як адрозніць нутро ад вонкавага
знае толькі дарога на поўдзень

23.12.2017 Mnsk — Гомель

Як пісаць калядны верш

Калядны верш мусіць быць простым і шчырым,
У ім аўтару трэба піць каву з флэшбэкамі.
Ён — чуллівы, але не сентыментальны мужчына,
І недзе на адлегласці ягоная муза. Магчыма, пайшла за лекамі.

Потым трэба даць учорашні кантэкст: бар «Валгала», скандынаўскага тыпу,
Апісаць сербскае пойла, што выпірае з кішэні, як нефармал сярод гопнікаў,
Нагадаць, што сёння ты ніхто, хоць учора ты знаны музыка,
І падкрэсліць, што трэба трымаць удар, таму варта ўзяць па поўненькай.

Валхвы кажуць, мінскалям не зразумець чарнобыльскай ісціны.
Агульны план: герой маўчыць — жарэ арахіс і трымае інтрыгу,
Трэба біць вітрыны, кажа, з таннымі рыфмамі замест існага,
І быць такой плыняю, дзе адзін бераг — Сажа, а другі — Нямігі.

Пасля цытаты ў калядным вершы месца для адступлення —
Можна левага, а можна лявацкага,
Напрыклад, абазначыць месца напісання і месца прасвятлення
І задаць дурное пытанне. Як лецішча зімой мусіць звацца, га?

І пакуль чытач думае, як ты гэта так лоўка вывернуў,
Нібыта збіраўся на круізны лайнер, а высадзілі на Оршы,
Знаходзіш нейкі фінальны вобраз, анёла які разбіў бырліну
І кажаш пра скрыжаванне лёсаў і нешта, што грэе з нас кожнага.

25.12.2017 Дачы-2

Куцця на ачышчальных пабудовах

тут неба так нiзка, што можа даць табе выспятка
тут цiша такая, што можа налiць табе дзвесце
з крывi і поту, а на закусон душу высмактаць
а шо ты хацеў? было ж напісана не лезці

шкілеты цяпліц і буйныя целы заводаў
і ты паміж іх — дробная цёплая гніда
чапляешся за жыццё, шкварчыш на багемных уродаў
хоць вам дадзена стаць кампостам з аднаго, чалавечага, віду

уецца рэдкі дымок і самотны сабака скуголіць
вышкі ЛЭП не даюць небу самкнуць сваю пашчу
вы паўзяце наперад аж дакуль пульс не стане роўнядзю
грахі пакідаўшы на ўзбочыны як хвасты свае скідваюць яшчары

у сабакі ёсць костка, а ты маеш, здаецца, надзею
тут што хвост, што душа, вы фактычна — адна істота
на Куццю вы зноў разам у чаканні светлай нядзелі
бо абодва вы родам з бруднай, блудлівай суботы

ты чытаеш Пісанне, шукаеш рай на зямлі бо
але між радкоў дакладна сказана — хрэн вам
душа мае цану, смутак мае эрзац і намеры маюць калібр
хто не заліўся слязьмі, таму не заліцца светам

6.01.2018 Аршаншчына

Cотка

пакаштаваўшы рознага

дакладна ведаеш, што нічога так не ўстаўляе, як устаўная грамата

і шчасце там дзе чалавек выходзіць з зоны камфорту
а краіна ламае фарматы
так і было дваццаць пятага
яны выйшлі ўжо на золку
вываліліся ў чэрава горада
і ніхто не заўважыў
як учорашняе паветра набыло водар свабоды
і першыя прамяні сонца паставілі на іх таўро
шчасця з кулакамі. і прыпечанай крыві колераў ватэрлоо.

так і прайшло стагоддзе
удзень мы пісалі даклады, маліліся за блізкіх, добры настрой і сонны канвой
уначы Еўропа чула ваўчыны вой.
яна хрысцілася і спала далей
вядома. з усіх саванаў цяплейшы — свой
па сотцы за сотку
выпі на хутары
выпі ў высотках
у гэты дзень

сто гадоў самоты — адзінае свята, якое заўжды з табой

Прага, 23.02.2018

Insider.hl

паўзы важнейшыя за словы
пекла — слова гулкае, ды правакуе думкі
з келіхам усё ясна, які ж ты напалову?
колькі ёсць гадзін у тваіх бюджэтных сутках?
колькі апраўданняў, колькі недарэчнасцяў
колькі слізкіх, выгадных рукапацісканняў
хочацца, так хочацца, ў пасынкі да вечнасці
хрост паліткарэктнасцю і прыкорм медалькамі
келіх кожны мае тэрмін спажывання
колкія аскепкі, кропелькі адчайныя
кроў там ці вадзіца — галоўнае пытанне
экспертыза вызначыць: шчыры ты ці файны
справядлівасць свету не возьмеш за аснову
кім ты апынешся з персанажаў дуркі?
паўзы важнейшыя за словы
пекла, толькі пекла правакуе думкі

4.03.18 Odesa

Lupus vulgaris

Іклы
Купюры
Пачуцці
Сціраецца ўсё ў труху

Распяцце
Па-над
Распуццем
Прывідны лес загуў

Там цені
Жагнаюцца
Жарсцю
Мінуўшчыны байструкі

Камусьці
Праклён
За шчасце
Камусьці — букетам вянкі

Веры
На біты шэлег
Надзеі
На ломаны грош

Каханне
Не плыня
А бераг
Такі, дзе ты скажаш «Харош!»

І пашчу
Пасунеш
У пушчу
Купюр наскарбоніш бярлог

Дорогу
Осилит
Идущий
Каторы глузды збярог

Мярло
Ці Мэрло
Не пытанне
Нідзе не шкадуй граша

Ваўчара
Я шчэруся
Іклы з тытану
Душа як цаўё калаша

І вочы
Прыцэлам
Воўчым
З пушчы глядзяць вакол

Ушыцца
Забцужыць
Розум
І мохам услаць свой дол

Дзяльбу
Размяніць
На ўладу
Канвеер на індпашыў

Прыгрэць
Згвалтаваную
Праўду
І глядзець, як бягуць мурашы

10.03.2018, Гомель

Спакойна

Новыя твары
Старыя пугі
Ссохлыя пернікі
Слабасць напругі
Лямпаў трымценне
Купюр храбусценне
Ісус-бабос
Не адкідвае ценю
Новы герой
Ускідвае рукі
Насустрач натоўпу
Пад свежыя гукі
Трое на стрыме
Пахкаюць тысячы
Двое спакойна
Нясуць новы крыж

30.03.2018 mnsk

біткі

хто ведае, можа быць гэта апошнi Вялiкдзень
прастукаць аб зубы, знайсцi найкрапчэйшае яйка
не важна, адкуль мы прыйшлi, істотна адно, куды сыдзем
мы з понтам прыходзім, на выхадзе проста Нязнайкі
банальныя смешныя глупыя мілыя здані
банальныя смешныя глупыя мілыя людзі
ці гэтак ужо важна што сёння тут ёсць паміж намі
калі добра бачна той час калі нас ужо не будзе
калі шкарлупінне трушчыцца з кожным ударам
і з кожнаю нотай — фальшывай становіцца песня
паспець паглядзець ці знайшоў ты ў бітках сабе пару
паспець зразумець, што з вас двух ні адзін не ўваскрэсне
Шалтаем-Балтаем пабыць: не могуць сабраць ну і ладна
Шалтаю-Балтаю ўсё можна, не выступіш супраць натуры
яйцы пабітыя, соль на стале, і неба бярэцца за ладан
фальш пераходзіць у крык. ці хто запісаў партытуру?

07 04 2018 Гомель

Танга «Райцэнтр»

/корабли в моей Барани
не взлетим, так поплаваем/

рэстаран у лядовым палацы
першы тост, паверх два, трэці свет
мой народ адраджаецца ў танцы
мой народ, без сумніваў, жыве
рэжа лазер кілбасы і душы
страбаскоп асвячае танцпляц
і свянцоны, святы, непатухшы
выбухае лядовы палац
выдыхае кумпяк і наліўкі
падлівае гарэлку і морс
ваўкалакі, вядома, не зніклі
замест скуры — віскоза і ворс
вулканічная гэта парода
гэта лава цячэ, а не кроў
ракавое каханне з народам
макабрычная наша любоў
я вітальныя бачу памкненні
у кожным руху, і ў выдыху тэж
падбухнула і сціхла імгненне
і расцёкся ў тумане картэж
і на золку фланэлевы бэйбус
з клеапатрай-высокі-абцас
разгадалі генэтыкі рэбус
старт далі тым, хто выцісне нас
’я стаяў і напружана слухаў’
як падлічваюць баксы за метр
паступова сціхала над вухам
жыццетворнае ’танга райцэнтр’
рэстаран у лядовым палацы
за грудкі смерць, жыццё — на таран
у меню — каралі і паяцы
запрашаем у наш рэстаран

15.04.2018 Орша

Вішня

Дакуль застаюцца на гэтым свеце
Хаця б дзве душы, каторым не пофіг
Датуль мы жывыя, мы любім, мы дзеці
За спінаю крылы, мы смешныя трохі

Дакуль застаюцца крыўды старыя
Сляды ад памады і попел эпохі
Датуль мы сталёвыя і залатыя
Датуль нам не страшныя дурні й дарогі

Дакуль застаецца мяжа гарызонта
Дзе бачна сваіх назаўжды з васількамі
Датуль мы жывыя, і з гомельскім понтам
Фальшывае неба трымаем рукамі

Мы ведалі месцы, дзе вішня цвіце

5.5.2018 Баранавічы

Код Х

Прадзед — пяцьдзесят восьмы артыкул,
Дзед — загад дзвесце дваццаць сем.
Тэма сачынення «як мой род правёў канікулы».
Вось так і правёў: алеем лампады чужых праблем.
Бацька — дзвесце шосты па малалецтве,
Звычайная справа, сам разумееш,
Троху драпа, троху какецтва;
Але жнеш не заўжды што сееш.
Дзядзька. Там іншая тэма:
Сто семдзесят першая, сто семдзесят трэцяя, сто семдзесят пятая.
Лічылка, а не чалавек:
Душа ў асабліва буйных памерах заўжды прачынаецца асабліва памятай.
Сон розуму спараджае схему.
Сон розуму спараджае блат.
Мы ішлі насустрач праблемам.
Ну, як ішлі? Проста ззаду — заградатрад.
Ішлі, ішлі й прыйшлі, вось яны скроні маці тры два восем,
«Пячатка звычна лезе ў лапу», ансамбль едзе далей, каўтануўшы фанты.
Вазьмі барэ, плюнь дзесяць разоў у рыла восені.
Такая формула. Долі. Нядолі. Плюсы. Мінусы. Варыянты?

Здаем сшыткі!

10.05.2018, Беларусь

усмешка як цывілізацыйны выбар

/Ю. Х.

калi ты ўсмiхаешся
ўнутры ў мяне расцвітае
разлапісты гомельскі каштан
з белым цветам
з моцнымі галінамі
з упартаю карою
ён дае цень, у якім мы можам захоўваць нашае шчасце ў прахалодзе
ён дае карэнне, з-за якога, як з-за бруствера, можна валіць трафейным браунінґам жыццёвыя нязгоды
ён дае дупло, дзе мы можам ныкаць назапашаныя манліхеры, вядомыя таксама як пяціхаткі
дае ствол, да якога можна прытуліць манліхер, вядомы таксама як вінтоўка
дае крону, ў якой можна піць сітро і палінку і разважаць пра тое, якія яны ўсе дурні, мама дарагая
дае магчымасць сузіраць свет, атуліўшыся дэмаркацыйнай лініяй нашай лістоты
і, галоўнае, ён дае мне магчымасць выпускаць каштаны дурнотаў табе на лоб
а потым казаць, —
’прабач, мілая, такая натура...
ружы ж таксама колюцца, чаму мы цэнім іх меней за каштаны?...’
і, нарэшце, дае прастору для тваёй трыумфальнай як арка рэплікі, —
’што ты раскідаў зброю тут па галінках каштана і радках, хіба ж ты не пацыфіст?’
і прастору для тваёй усмешкі

© травень 2018 м.н.с.к. — Орша — Жодзіна

Johnny Deep

выведзі нас на чыстую ваду,
мы дагэтуль практыкуем надзею.
балаваліся праўдай, мачылі манту,
імітавалі крутых дабрадзеяў.
вось мы глядзім на ўласныя косці
ў гарнітурах чужых ідэнтычнасцяў:
таўро шчырасці, дысцыпліна злосці
і тузін не меней дурных акалічнасцяў.
уздымі нас хутчэй і мы прысягнём,
пацвердзім, хто крыва пісаў, а хто лоўка.
пакуль заляглі мы, шукай днём з агнём,
воды Вэлтавы, душы валатоўкі.
выведзі нас, быццам пляму-няздару,
парам ідэі, агнём — нашы кнігі.
шконкі каўчэга, шчаслівая пара:
бераг Вэлтавы і бераг Нямігі.
крывое люстэрка хвалямі пеніцца
і невяртання кропка
шматкроп’ем становіцца, і выпраменьваецца
святло.
рака. цела. лодка.

9.6.2018 Прага

Прапіска

ты прапісаўся на яго вуліцы
ў самым савецкім раёне
з антысавецкім тварам
антысавецкім імём
антысавецкім нутром
прапісаўся на яго вуліцах
прапісаўся на скверы
прапісаўся на цэнтры
дзе не ўсе суседзі вартыя даверу
і не ўсе маркі патрабуюць капэртаў
прапісаўся на ’індастрыэлу’ і ’марсе’
узяў спраўку ў прасторы і часе
паставіў пячатку донышкам
пячатку марляй
струною звязаў довады,
і на жылах паставіў аккорды

Гомель: любоў з першага глытка
і шчырасць у кожным напасе

што шагалы ведаюць пра палёты над горадам
што шагалы ведаюць пра палёты без рамянёў бяспекі
Булка, ты не ў курсе, што шагалы ведаюць пра палёты над горадам без рамянёў бяспекі

ён прапісаўся ў тваім сэрцы
у тваіх лёгкіх
у тваіх нырках
у тваёй печані
апошнім тралейбусам перакрэсліў пытанні вечныя
тут гэта хутка
хуяк хуяк
вось табе ісьціна
хуяк хуяк
вось табе вечнае жыццё
усьмешка Сажой разлілася
чакае сустрэчы з чарговым локцем жыццёвым

і так яно й будзе
таму што ўсе зоркі халодныя лялькі
халодныя рукі і п’есы з натуры
вось на прыходзе чырвонае мальбара
вось жыццё вечнае ў літаратуры

джэдаі з піпеткай матаюць васьмёры
нэпманы робяць з гурыяў фурыяў
але суфію похую
гляджу на шакалаў вачмі лабрадора

што шакалы ведаюць пра жыццё
што шакалы ведаюць пра жыццё ў літаратуры
Булка, ты не ў курсе, што шакалы ведаюць пра вечнае жыццё ў літаратуры

І пра палёты над горадам без рамянёў бяспекі

17.06.2018 m.n.s.k.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Не завыеш,
Не заплачаш,
Не ўратуеш,
Не прап’еш,
Фарш зямлі мы,
Не іначай.
Фарш зямлі.
Маўчы і еш.

Хай лепш бы набывалі сабе падручнікі і вучылі нармальную мову,
Сталі б прынамсі камандаю булачнікаў, што могуць паставіць подпіс.
Мы ж былі мяснікамі, бо жылістыя рукі нашыя сталі ланцугом праўды,
Галасы — кіпучым металам, з якога адліваецца меч справядлівасці.
Дваццаць тысячаў ртоў сталі адным ротам, які смокча вялікі свісток.
Гэта Кубак Генералісімуса, дзетка!

на канапе сядзеў японец у акулярах
(не ўпэўнены, што японец,
ніколі не ўмеў адрозніваць
азіятаў) і ў масцы.
дык вось, ён зірнуў на мяне
вачыма Сіро Ісіі,
маўляў, смелы, халера, —
на калідор, без маскі.

Надыходзіць дзень Ж у падводнай лодцы
Усплываць, папаўняць запасы
Смярдзючай гарбаты й паветра
Адказваць на розныя простыя пытанні