Фарш зямлі

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Чалавек

Чалавек ідзе па вясновым горадзе.
Чалавек-апошні-глыток,
Чалавек-прадай-бібліятэку-вазьмі-ў-адзін-бок-квіток,
Чалавек-калі-пішаш-супраць-паветра-то-пішы-асабліва старанна,
Чалавек-нікога-не-калышуць-твае-душэўныя-раны,
Чалавек-падрадкоўнік,
Чалавек-статыстычная-хіба-ў-матэрыялах-палкоўніка,
Чалавек-глыба-за-плячамі-прывабных-глыб,
Чалавек-гражданін-начальнік-паслухай-нашую-песню-песню-пасхальных-рыб
І ясі целае нашае, што нарэзанае на святочнай тарэлцы,
Чалавек-верыць-калі-немагчыма-верыць,
Чалавек-ведаць-праўду-і-схаваць-яе-ў-чэраве,
Чалавек-было-б-прасцей-з-куляй-у-чэрапе,
Чалавек-так-добра-пішацца-ў-стол,
Чалавек-курок, чалавек-дула, чалавек-ствол,
Які ўпарта прабіваецца і нясе плады ў кроне
Чалавек-супрацьпаветраная-абарона,
Чалавек-«мела ты ўсяго нароўні»-ды-пусты-рахунак-у-банку,
Чалавек-наступная-кніга-праз-шэсць-дзесяткаў,
Чалавек-муж-падпіша-твае-пераклады,
Чалавек-функцыя, чалавек-прылада,
Чалавек-памяць, чалавек-выдавецтва, чалавек-жыццё-як-стыхійнае-бедства,
Чалавек-артыкул-знойдзецца-мы-ўсе-пад-следствам.
Чалавек-жанчына, чалавек-траўма.
Чалавек.
Яўгенія Пфляўмбаўм.

Абледзянелы чарот (Міхасю Чароту)

Калі падпісваеш ты першым
Суровы важкі прыгавор,
Ты — Бог, Рэдактар, Ферзь над пешкай,
Ты — рэзка торгнуты затвор.

Ды скразнячок па тваіх скронях,
І пульс не ў такт, і сам пабляк,
Пускаеш дым у начныя столі,
Ціхутка зглытваеш камяк.

Скідаеш ворагаў са шпальтаў
Ахвотна, вобземлю, ушчэнт,
Пагрозы — басам, слёзы — альтам,
Спрактыкаваны дырыгент.

А холад употай працінае
І у душу памалу дзьме,
І ўжо сняжок на небакраі,
І стыне ў лёце звонкі смех.

Пегаса стойла ў снег укрыла,
І шляхам зімнім твой герой —
Вяшчун сівы, крывавакрылы, —
Ўжо выязджае за табой.

І вось гарэлка ледзянее
На дошцы шахматнай, а ты,
Ты убіраешся ў завею,
І белым інеем матыў

Па-над тваёй лунае клеткай,
Ну што, паэт, «заўжды гатоў»?
Кавалкам лёду каб накрэмзаць
Свой лёс з дванаццаці радкоў?

Ты Дубоўка.
Я Дудар.
У нас розны
Каляндар.
Ты — халодныя
Загады.
Я — тайгі
Начны пажар.
Ты не ў стане,
Я не ў стане,
Хоць ты Прага,
Хоць Смаленск.
«Як?» — галоўнае
Пытанне
Гэтых душаў,
Гэтых мест.
«Хто?» — заўжды
Адказ схаваны
За пячаткаю,
Ну што ж...
Беларуская
Нірвана:
Не задушишь,
Не убьёшь,
Не завыеш,
Не заплачаш,
Не ўратуеш,
Не прап’еш,
Фарш зямлі мы,
Не іначай.
Фарш зямлі.
Маўчы і еш.

30.10.2019

Рэчыцкая шаша 2000

(назаві мяне геніем/Ю. Гумянюк)

Рэчыцкая шаша.
Шчэрыцца сонца ў хвойных кронах.
Рэчыцкая шаша.
Новая праўда мікрараёнаў.

Тварам на захад — у спіну штых
Кожнае новае перараджэнне,
Замест рэцэнзій спаленых кніг
Давай, назаві мяне геніем
Проста так, пасярод аўтастанцыі,
Дабіўшы з гарла нірвану.
Брудныя Танцы, танцы і дахі,
Так, усё ідзе па плану.

Рэчыцкая шаша,
Паба’, як палае сеназавод.
Тут я жару з нажа
Цела тваё, народ.

Рэчыцкая шаша.
Шчэрыцца сонца ў хвойных кронах.
Доўгі, прыгожы, асфальтавы шнар.
Трансфер за межы канонаў.

23.12.2020 Гомель, Рэчыцкая шаша

Future Perfect Continuous

Нам застанецца толькі каханне
Пасля ўсіх рэвалюцый і ўсіх эпідэмій,
Усіх пратаколаў і ўсіх пахаванняў.
Смерцяў усіх імперый.
Нам застанецца толькі паветра,
І наша маўчанне ў паветры,
І на падлозе фетравай
Кроплі пытанняў веры.
Памяць пра клеткі і клетачкі,
Пра лініі і пра шнары.
Мятлікам б’ецца свечка.
Хлебны катаю шарык.
Кажуць адны, гэта карма,
Кажуць другія — інэрцыя.
Свет у прадчуванні фарбаў
Кахання, што нам застанецца.

14-15.03.2021, Kieŭ

Размова з мытным інспектарам пра паэзію

Тлусты і слізкі як гадавалы хрушч.
Механістычна чэканіць інфармацыю.
Пра чырвоны і зялёны каналы.
Нас ужо меней у фаршрутцы, троху беларусаў і Вялікая Ромская Сям’я. Сем душаў, амаль нешумныя. Бабулі з беларускімі каранямі і сям’ю магіламі пад Добрушам ужо няма з намі. Яна хацела з’ездзіць «у апошні раз». Захаваем для гісторыі яе апошнія словы. Яны былі такія:
— Дык што, вы мяне высаджваеце?
— Хадземце, пагаворым, — кажа пагранец-«гэты-не-прапусціць». У перакладзе на праўду гэта значыць ’так, высаджваем’.
Я іду перадапошнім. Адступаць няма куды, за спіною Вялікая Ромская Сям’я. З Усімі Сваімі Бауламі.
Тлусты і слізкі як двухгадовы хрушч.
Механістычна чэканіць інфармацыю.
Пра чырвоны і зялёны каналы.
Два маленькіх Артемівськіх і малы ДжэкДэніэлз.
— А калі ехалі апошні раз?
— Я жыву ва Украіне.
Тумблер пераключацца.
— А пакажыце посвідку.
— На якой падставе, вы ж мытнік?
— Вам што, шкада?
— Для радзімы нічога не шкада, праўда, афіцэр?
Тумблер пераключацца. Верціць посвідку. Вылічвае даты.
— А чаму ўвосень пераехалі ва Украіну?
— Я з Чэхіі пераехаў.
Тумблер пераключаецца. Бровы ўздымаюцца. Гэтыя факты ніяк не складваюцца ў гэтай галаве. Раблю крок назад, а то шчэ раптам іскры з вачэй пасыплюцца, што я скажу родным потым пра прыроду гэтых абпаленняў.
— З Чэхіі на Украіну?
— Так. Ва Украіну.
пауза
— Ну, давайце тады яшчэ раз пляцак паглядзім.
— Мае кнігі, я іхні аўтар.
Тлусты і слізкі як трохгадовы хрушч.
Ноч. Кнігі. Мытнік. Рамалэ.
Чырвоны і зялёны каналы.
Бярэ адну, глядзіць на вокладку як журы літаратурнай прэміі: тыпу ну крута, гэта ўсё крута, што тут у вас, але мы зараз нешта прыдумаем. Калі я чую словы ’беларуская літаратурная прэмія’...ладна, ў іншым вершы.
Вывучае змест, просіць адкрыць там, ’дзе ёсць словы ’праўда’ і ’люстра’. Якія, ты бач, нечакана алярмныя словы. Гэта прадмова. Ніхто ж ніколі не чытае іх, але гэтым разам прадмова знайшла ядро мэтавай аўдыторыі. Ноч. Ціша. Недзе акуратненька пераварочваецца ў магіле Кафка. Ён рэальна прачытаў усю прадмову да кнігі сучаснай паэзіі. Цыгане моўчкі назіраюць за перфомансам. Яны і Усе Іхнія Баулы саступілі цэнтральную пазіцыю ў гэтым late night customs show. Саран, рамалэ, больш не буду. Ваш гаджа.
— Вы з Гомеля? — выпальвае мне ўжо амаль у спіну.
— Так.
Я
карэнны
гамяльчанін. — адказваю з націскам на прыкметнік і доўгімі паўзамі паміж словамі, гледзячы ў бяздонне яго вачэй. На нейкі момант яны люструюць банэры чырвонага і зялёнага каналаў. Апускае вочы. Тлусты і слізкі як чатырохгадовы хрушч.
Не развітваюся.
Доўгая дарога дадому.

© канец красавіка, Новая Гута

Дзень перамогі

Новае неба — новае гета,
Калі не дабілі — дабі цыгарэту,
Хавацца ў скляпеннях, гадаць на імгненнях.
Горад, патруль, кайданкі, сутарэнні.
Золак і холад. Дзяцей на ўдачу
Пацалаваць. Глядзі, не заплач, да?
Чый гэта горад? Чыя гэта вуліца?
Хто да надзей безнадзейна прытуліцца?
Нашы забітыя тут, недзе побач.
Самападман, самастрэл, самапомач.
Час пакідае ўспамінаў стыгматы.
Экзамен, які не здаеш аўтаматам.
Шнары надзей. Адарваныя ногі.
Дзень Перамогі. Дзень Перамогі.

09.05.2021 Homiel

Буслік і Цімошка

Буслік і Цімошка
Едуць неотложкой:
Адзін з бітай дзюбай,
Другі глынуў лыжку.

Буслік і Цімошка:
Панічная атака,
Сцэнар імправізацый,
Казкі аўтазака.

Буслік і Цімошка:
Не забыць ніколі
Лістоў на рэдакцыю,
Ветраў на прадоле.

Паміналі паўшых,
Акром воўка Вовы,
Бо апошні сторыз
У Вовы з-пад Растова.

Вось зварот Каркушы
З першага канала:
«остановітесь, братья,
чё вам, бульбы мало?».

Мы на адным полі,
Хоць і з сіняй сракай,
З імі не прысядзем,
Хай да тытраў ракам

Нам яшчэ канкрэтна.
Нам канкрэтна трошкі.
На зламаных лапах.
Буслік і Цімошка.

15.06.2021

Раса

Усе не з’едуць.
Не ўсе павернуцца.
Усе не сядуць.
І выйдуць не ўсе.
Сляды брудныя
На каберцы.
Сляды чыстыя
Па расе.
Усе не скажуць.
Не ўсім змаўчаць.
Мажа фарба
Квіткі і квітанцыі.
Мажа фарба.
Спыніўся час.
Вечнасць спіць
У чакальні станцыі.
Сто разоў
Спапялі пад корань.
Сто адзін
Гэты луг засей.
На каберцы
Сляды ад гора.
Сляды чыстыя
Па расе.

11.07.2021 Mikulášovice

Слова (Андрэю Аляксандраву)

Слова, што ёсць паміж намі.
Можа быць ветрам, быць можа цунамі.
Слова трымае нябёсы.
Кажуць, ім можна вастрыць косы.
Кажуць, ім можна звальваць сцены,
Ламаць сцэнары і сістэмы.
Кажуць пра слова, вельмі шмат кажуць.
Так моцна баліць яно, хоць і не важыць.
Якое яно, калі трэба выжыць?
Вораг народа — гулкая ціша.
Што — дзеяслоў ці прыметнік,
Калі навакол апраметная?
Я не магу яго вымавіць.
Я не магу яго вымаліць.
Я не магу яго выдумаць.
Не Валодаю ім.
Адно выпускаю дым
У валадарстве чужым.
Маўчу:
Вось мой матыў.
Слухаю,
Што скажаш Ты.
Мы словы на вуснах усіх палітзэкаў.
Мы не належым сабе.
Слухаю,
Што скажаш Ты.

21.07.2021

Троіца.exe

Ці даходзяць, Госпадзе, нашыя мэсэджы да цябе праз ві-пі-эн?
Можа быць, варта паўтарыць, бо Ты пачысціў гісторыю?
Твой вобраз змяніўся, але хіба ж гэта варта лічыць адной з Праблем?
Ты проста захавай нас у зашыфраваную дырэкторыю.
І насі за пазухаю, заматаўшы ў сцяг.
Як і мы носім праўду, як ведаем «вока за вока».
Прыгожая вера нашая, як жоўты пясочак на белых касцях.
І слова Тваё не гарыць на нашых лістоўках.
Твой вобраз змяніўся: Бог-самазнішчэнне лістоў,
Бог-рацыя і Бог-пароль-ад-дамафона.
Нашы іконы на сценах праяўляюцца зноў і зноў:
Доўга тлумачыць, Госпадзе. Часам не да канонаў.
Па жодзінскім рахунку, у нас няма да цябе прэтэнзій, Госпадзе.
Робім што трэба, проста раптам-бум-такая-маза,
Сам разумееш, які хлеб надзённы, такія і споведзі.
Ламаецца вера, калі ламаюцца косткі таза.
Дай нам толькі надзённых жгутоў.
І памяці нашым дзецям, хоць крыху, на астачу.
Што Ты скажаш тым, хто пекла ўжо прайшоў.
Я хз. Я гэтай брахні не пабачу.
++

11.09.2021, Praha — Kieŭ

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Хай лепш бы набывалі сабе падручнікі і вучылі нармальную мову,
Сталі б прынамсі камандаю булачнікаў, што могуць паставіць подпіс.
Мы ж былі мяснікамі, бо жылістыя рукі нашыя сталі ланцугом праўды,
Галасы — кіпучым металам, з якога адліваецца меч справядлівасці.
Дваццаць тысячаў ртоў сталі адным ротам, які смокча вялікі свісток.
Гэта Кубак Генералісімуса, дзетка!

Прадзед — пяцьдзесят восьмы артыкул,
Дзед — загад дзвесце дваццаць сем.
Тэма сачынення «як мой род правёў канікулы».
Вось так і правёў: алеем лампады чужых праблем.

на задні двор грузавік падвозіць
мёртвую флору і фаўну
кіроўца апусьціўшы акенца
страляе недапалкам у патыліцу ночы

Пераклад:
Алесь Плотка

добра
што мяне тут ніхто не ведае
пагана
што ўсе хочуць даведацца
хто я