Дэфенестрацыя

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

запавет кантрабасіста

часта бачу ўласнае пахаванне і сярод іншых нешматлікіх людзей выразна вылучаюцца яны.
неeee, вы толькі на іх паглядзіце:
акардэаніст з Пярэмышля,
саксафаніст з Плзені
і кантрабасіст з Гомеля, а можа нават з самаго Мазыра!

пярэстая кумпанія!

лыпаюць вачыма адно на аднаго, пакуль пальцы робяць звыклую справу.
ннно курва, як мы тут апынуліся?
чый хворы розум аб’яднаў нас у адзін бэнд?
one-man-funeral-band
this is the end my friend
this is the end.

лыпаюць і лабаюць:

...лып-лып-лып...
...лаб-лаб-лаб...

першым двум трохі цяжэй, бо не да канца зразумела, хто вядзе, чый гэта вакзал, чыя гэта плошча, чыё гэта цела аб’яднала ўсіх нас.

кантрабасісту лягчэй: ён ведае, дзе схаваць пятку ў корпусе інструмента і, сінхронна з рухамі лапаты, надзейна трымае рытм.

...тап-тап-тап...

нібы гэта й не кантрабас у яго руках, а навюткая штыхавая рыдлёўка...

...тап-тап-тап...

цікава, ці мае морква ўласцівасць адасабляцца ад цела і бачыць сябе збоку? хай нават і без музыкі...

...тап-тап-тап...

ножка кантрабаса глыбей і глыбей,
ножка кантрабаса ўмее пускаць карэнне,
ножка кантрабаса заўжды перамагае сацыяльныя ліфты...

...тап-тап-тап...

нават калі невядома, куды заверне твая партытура на наступнай старонцы, трымай рытм, дружа, проста трымай рытм.

9.10.2018, Praha

Бясконцасць

Аднойчы панядзелак-белы-каўнерык
Моцна пабіў чорную пятніцу.
Ну, і пачалося.
Тыя казалі пра хатні гвалт.
Іншыя — пра расізм.
Левыя звярталі ўвагу на тое, што ўдары былі правай.
Правыя мелі шыкоўныя, наглядныя фота, з якіх выплывала, што душыў левай.
Казалі, што ён былы самбіст.
Ведалі, што яна не тое каб сама вінаватая, але правакавала.
Не да канца было зразумела, ці быў каўнерык у той дзень у вышыванцы.
Эксперты.
Хэштэгі.
Шкілет-парад з усіх шафаў.
Праміле.
Дзяцінства.
Не тое каб стрэс, але проста лопаецца чарапушка.

На чацвёрты дзень я разлагініўся.

Паставіў свечку.

Лепш цьмяныя метафары, чым ніякіх.
Хаця б імі прыкрыцца ад таго, што
гэта
ніколі
не скончыцца.

22.11.2018, Praha

Заўзятар «Рэала» на магіле Франка

На магіле Франка плача чалавек,
Пальцы ягоныя, як лагатып блэк-метал каманды,
Губы ягоныя ссохліся,
Але і тыя, і тыя памятаюць, як трымалі свісток.

Як дваццаць тысячаў ртоў трымалі свісткі
На Эстад’ё Чамарцін, хай свяціцца імя Хасэ Марыі Кастэлы,
Які стварыў гэтую арэну,
Гэты Грааль, сценкамі якога мы сталі ў гэты дзень,
Унутры якога мы змалолі — і заслужана — у крывавы фарш
Гэтых сраных сепараў, гэтых выскачак, калгасных правінцыялаў,
Хай лепш бы набывалі сабе падручнікі і вучылі нармальную мову,
Сталі б прынамсі камандаю булачнікаў, што могуць паставіць подпіс.
Мы ж былі мяснікамі, бо жылістыя рукі нашыя сталі ланцугом праўды,
Галасы — кіпучым металам, з якога адліваецца меч справядлівасці.
Дваццаць тысячаў ртоў сталі адным ротам, які смокча вялікі свісток.

Гэта Кубак Генералісімуса, дзетка!

А пасля ўначы мы зрабілі дваццаць тысячаў новых людзей,
Нібы ствол пісталета кіраўніка дзяржбяспекі трахнуў дваццаць тысяч разоў Дзеву Марыю падчас перапынку ў гасцявой шатні.
Каб дваццаць тысячаў новых куляў з металу і веры з’явіліся праз дзевяць месяцаў.
Яшчэ залацісцей за нас.
Яшчэ сталёвей.

На раніцу я паставіў подпіс, каб ты магла ўжо мець рахунак у банку,
Чаму не, калі ў мяне здарылася такое свята,
Ды й і ты неблагая, ў прынцыпе, бабёнка
Была.
Я лічу, у тую ноч ты напрацавала на гэты подпіс.
Памятаеш, як я браў цябе, нібы хамон нямытымі рукамі,
Пальцамі з водарам гэтай перамогі,
Рассоўваў прастору і запаўняў сабою
Як нашыя танкі — Марока.
Якая шчаслівая ты была, што атрымала мяне,
Сапраўднага пераможцу!
Я быў як Курта!
Я быў як Батэла!
Як Антоніо Алсуа Алонса — дубль!
Як шпаркі Пудэн — хет-трык!
Як філігранны Сабіна — покер!
Я — адзінаццаць разоў за ноч!
Я... я ўбачыў як (ты) заплакала, калі я сказаў пра сына і рахунак для цябе раніцай,
Тады я падумаў, — ну што за гаўно, але ладна, ўжо ж паабяцаў,
Але і ты магла б не кабеніцца, як Луіс Міра, гэта ж

Кубак Генералісімуса, тупая ты прашмандовачка,
Тут перамога, а ты плачаш над сваімі ванючымі песа,
Ай, ладна...

Я просты заўзятар, звычайны хлапчына.
Мы паймелі іх 11:1.
Што яшчэ трэба для радасці?
..........

Луіс Міра плакаў не слязьмі, а мірам,
Ён не выходзіў з брамы «Барселоны» ў той дзень,
Ён не любіў дождж з манетаў,
Ён верыў, што гісторыя ніколі не паўторыцца.

Ён думаў, што магіла Франка стане фінішам.
Але на ёй, сагнуўшыся, як на старце, стаіць чалавек.

Ён такі стары і шчыры. Так шмат святла і надзеі ў ягоных вачах.

17.11.2018, Praha

Малая падарожная інста-сторы

Ёсць такая краіна, дзе ў суседа не дохне карова.
Дзе не выцягваюць з-пад плота дровы.
І не падкідваюць яйкі пад ганак.
Але я ў ёй ніколі не быў.
І я спытаўся на скотамагільніку: «З якога напрамку ніколі не прывозяць тушы?»
Але ўсе адводзілі вочы.
Ці не хацелі сказаць, адкуль,
Ці гаварыць не было аб чым,
Ці проста думалі: «Ды каб ты сам здох, неферюга,
Вы, блядзь, панапрыязджаеце тут,
Панапазасоўваеце свае насы і гаджэты,
Панапісваеце потым у сваіх тырнэтах,
А нам тут, блядзь, жыві!»
І толькі бугор Федзя хмыкнуў, фазануў «Прыму»,
Утыркнуў у зямлю паміж намі вілы й сказаў:
«Ты калі паедзеш назад праз райцэнтр,
А апошні аўтобус акурат праз 15 хвілін,
Зайдзі ў кніжны на прыпынку, там былі атласы, Іванаўна падкажа», —
Харкнуў на зямлю і паглядзеў пакрыёма на ручку вілаў.
Я ўяўляў сабе прадавачку ў райцэнтры,
З начосам і з гонарам. І з адказам на маё пытанне.
Я назваў яе «мадам Справядлівасць».
Але цыдулка на дзвярох не пакінула шанцаў, як загаловак раёнкі.
Білецёрка таксама не ведала і нават ніколі не чула пра такі напрамак.
Яе я празваў «мадам Апошняя Надзея».
Праз пэўны час я спрабаваў узгадаць назву гэтай Тырлаўкі,
Дзе быў шанец сустрэць дзвюх гэтых паненак,
Але ў інтэрнэце нехта не меў рацыі, і я ўклаў увесь свой інтэлект і слоўнікавы запас
У самы-важны-на-зямлі-срач.
І болей не вяртаўся да такіх радыкальных геаграфічных фантазій.

21.03.2019

Даміношкі

У Гюмры сёння туман, вельмi моцны туман.
На вуліцах — аніводнай душы.
Усё зачынена.
аніводнай
жывой
душы
Тутэйшыя кажуць, што трыццаць год таму таксама быў вельмі моцны, небывалы туман.
Тутэйшыя кажуць, што немагчыма ўвайсці ў адзін і той жа туман двойчы.
А некаторыя кажуць, што з тумана немагчыма выйсці ніколі.

У вокнах тутэйшых блякла мільгацяць лампы, гаджэты і экраны.

Армянская ноч.
Ціхая, як малітва.
Сівая, як надзея.
Подлая, як памяць.

Толькі ціск, бывае, падскочыць у кагосьці па той бок шкла. Як падскокнула 30 год таму даміношка на абедзеным стале.

Яны рубіліся, смачна паеўшы. Гасілі рыбу. Забівалі казла. Аж раптам стары Армэн пабачыў, што даміношкі пачалі танчыць.

Ёсць такія танцы, што захоплiваюць цябе з першых рухаў. Асабліва калі гэта першыя рухі даміношкі на стале, кожны з якіх можа стаць апошнім.
Ён паслухаў старога і пабег. Танцы скончыліся даволі хутка. Разам з аднакласнікамі.

На сёмы дзень разбору завалаў вярнуўся дадому ўвесь сівы. 28 гадоў —прыўкрасны час, каб змяніць імідж. Так кажуць дасведчаныя стылісты.

А дасведчаныя даміношнікі кажуць, што трэба ведаць свой камень. Каб выцягваць яго. І цягнуць.

Свой камень: сівыя кропкі на чорных руках.

07.12.2018 — 04.05.2019 Giumri-Praha-Orša-Homieĺ

Юнацтва

Вочы тых, хто знайшоў рэлігію ў сэксе,
І вочы тых, хто сэкс замяніў на рэлігію,
Аднолькава карысныя ў гэтым нягеглым тэксце,
Аднолькава пасуюць нявыдадзеным кнігам.
У якасці эпіграфа.
Вочы плэйбояў маіх рэвалюцый
Бачыў я ў новых тлумных гасподах,
Падкурваў ад ханукі, галіўся паўмесяцам Турцыі
І паддзьмуваў на іх настальгію. І думаў сабе: «Дзе ж твой, сука, сполах?»
Попел смяяўся над намі.
Лёгка ўзабрацца на гару чужых стратаў,
Куды цяжэй убачыць сваю,
Таму давай, братка, за Герастрата.
Ты не піздзі, а я падпяю.
І пойдзем распальваць грубку.

15.12.2019, Sofia

15€ і Букоўскі

Хто сказаў, што выбару няма.
Вось, напрыклад, 15 еўра.
Можна ці ўзяць Букоўскі ў арыгінале,
Ці забухаць з земляком, падсцяліўшы буклеты пад фісташкі.
Падсцяліць, каб было мякчэй падаць з сваіх ілюзій.
Сустрэць інжэнера АЭС
І глядзець на яго сівыя валасы як на лініі Сэрцаў што спыніліся праз анкалогію.
І казаць: «ебані з беларусікамі-чарнобыльцамі, мы ставім, гэта ж ракія».
Ракія.
Рак. І. Я.
Пі, сука.
Таму, Чарлз, калі мы сустрэнемся ў пекле, ты мне хер што прад’явіш.
Я ведаю, як густоўна гульнуць на 15 еўра.
Закінь крафт у лядоўню.
Я чапяну ракіі на хайвэі.

18.12.2019, Sofia

Апошні гомельскі эсэр

На захадзе ад Радашковічаў —
Яшчэ можа што і будзе...

У. Сцебурака, брытагаловы паэт пач. ХХІ ст.

Я піў з Палутай Бадуновай
Пад мокрым Беліцкім мастом.
Мы жэрлі з рыльца — так кайфова —
З Цагельні сэм. І Сожскі гром

Быў нам саўндтрэкам безыменным:
Мой родны кут, любімы трэк.
Вось мы ўдваіх, нібы з камення,
Між баязліўцаў і калек.

Над роўняддзю маўчання Сожа
Ў нас пульс адзін, адзін намер,
Ні жыць, ані сканаць не можа
Радзіма, бо жыве эсэр.

Жывуць юнацкія надзеі,
Раён жыве і роў жыве,
Бамбічнасць наша не старэе,
Жандармы ведаюць яе.

Няма каму чаго даказваць,
Бо мы стварылі БНР.
Ўсе шыльды вашы, вашы назвы —
Не так і важныя цяпер.

Ад Радашковічаў на захад
Нам шчыра пофіг ваш салют,
Бо мы стварылі ваша заўтра
Касцьмі тамашаў і палут.

Кругамі па вадзе не згіне
Драпежны, мілы сэрцу звер.
Нічо нікому не павінен
Апошні гомельскі эсэр.

Я піў з Палутай Бадуновай
Пад мокрым Беліцкім мастом.
І з веку ў век я п’ю па-новай,
Адвечны гомельскі фантом.

07.01.2020, Homiel

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

И, источая горький зной,
Поблекли в обмороке пряном
И голубика пыльных гор,
И ртутный студень океана.

У садзе мірна цвыркуны.
А мы знікаем без вайны.

на задні двор грузавік падвозіць
мёртвую флору і фаўну
кіроўца апусьціўшы акенца
страляе недапалкам у патыліцу ночы

я не ведаю
пра што ён спявае
а яму за гэта
выдалі Нобеля
як мне польскую візу
разумееце