1.
Я сьвяткую сябе і сьпяваю сябе,
і ў чым пэўны я — у тым запэўніцеся і вы,
бо і вам я належу сваім кожным атамам.
Я гультай, я шчодры з уласнай душой,
я нязмушана хілюся, разглядаючы каліўца летняй травы.
Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.
Вызнаньні, вучэньні — адкладаю да часу,
хай адступяць і задаволяцца тым, чым яны ёсьць, я іх не забываю,
я тулю добрае і благое і даю, нічога не баючыся,
нескаванай прыродзе выказвацца з імпэтам першапачатку.
2.
Дамы, памяшканьні поўныя водараў, паліцы правісаюць
ад парфумаў,
я ўдыхаю павохнасьць, пазнаю яе, яна мне да спадобы —
і мяне ап’яніў бы гэты дэстылят, але так я яму і даў.
Атмасфэра ня водар, ейны смак не дэстыляваны,
яна бяспахкая,
яна вечна для рота майго, я ў яе закаханы,
выйду на бераг пры ўзьлеску, разьдзенуся
дагала,
шалёна прагны ейнага дакрананьня.
Пáра ад майго ўласнага дыху,
рэха, рабізна, сьцішаны шэпт, любізьнік, ядваб павуціньня, лаза між
камлёў,
выдых і ўдых, біцьцё майго сэрца, у лёгкіх маіх
крова- й паветрацёк,
пах жывога лісьця й мёртвага лісьця, берагу і
цёмных прыморскіх скалаў, і сена ў пуні,
гук рваных словаў, якія мой голас адпускае ў вір
ветру,
некалькі лёгкіх пацалункаў, абдымкаў, дотыкаў рук,
гульня сьвятла зь ценем у кронах ад ваганьня гнуткіх
галін,
асалода вулічнай сьпешкі ці самоты ў палёх
і на схілах узгоркаў,
адчуваньне здаровасьці, апаўдзённая трэль, мой сьпеў, якім я вітаю
сонца, узьняўшыся з ложку.
Вы зьлічылі, што тысяча акраў — зашмат? А Зямлі
не зашмат?
Вы так доўга й напружана вучыліся ўсяго толькі чытаць?
І цяпер ганарыцеся, што спасьціглі паэзіі сэнс?
Прыпыніцеся разам са мною на дзень, на ноч, — і ўсіх паэмаў выток
будзе ваш,
вашаю будзе ласка Зямлі і Сонца (а Сонцаў яшчэ
мільёны),
вы больш ня будзеце пераймаць уяў з другіх-трэціх рук, глядзець
вачыма мерцьвякоў, жывіцца кніжнымі
прывідамі,
і маімі вачыма вы ня будзеце глядзець, ані пераймаць у мяне,
вы пачуеце ўсе бакі й ня зблытаеце іх з сабой.
3.
Я чуў прамовы прафэсійных прамоўцаў, яны вялі гутарку
пра пачатак і канец,
але я не кажу ні пра пачатак, ні пра канец.
Ніколі яшчэ не было пачынаньня навейшага за тое, якое цяпер,
маладосьці маладзейшай ані старасьці старэйшай за тыя, якія цяпер,
і ніколі ўжо ня будзе дасканаласьці большай за цяперашнюю дасканаласьць,
ані пекла ці раю большых за цяперашнія рай і пекла.
Руш, руш, руш,
вечная ўтваральніцкая патрэба сьвету.
З смугі набліжаюцца роўныя супернікі, заўжды плоць, заўжды
развой, заўжды пол,
заўжды няпростае вязьмо асобы, заўжды адрознасьць, заўжды новая парода жыцьця.
Які сэнс тут падрабязьнічаць, вучоныя й невучоныя адчуваюць, што так і ёсьць.
Пэўныя найцьвярдзейшай пэўнасьцю, непахісна роўныя ў апірышчы, надзейна пераплеценыя, зьнітаваныя ў кроквах,
дужыя, як коні, палкія, ганарлівыя, электрызаваныя,
вось мы стаім — я і гэтая таямніца.
Мая душа — чысьціня і слодыч, і ўсё, што не мая душа — чысьціня
і слодыч.
Няма аднаго — няма абаіх, нябачнае грунтуецца на бачным,
а калі і тое стане нябачным — у сваю чаргу атрымае абгрунтаваньне.
Хвалячыся найлепшым у сабе і затойваючы найгоршае эпоха спаборнічае з эпохай;
ведаючы дасканалую дарэчнасьць і душэўную раўнавагу ўсяго, я маўчу, калі чую
гэтыя спрэчкі, я іду купацца й захапляцца сабою.
Вітаю цябе, кожны орган і атрыбут — мой і ўсіх
сардэчных і чыстых людзей,
ані цаля, ані драбок цалі маёй ня ёсьць нявартымі, і ўсе яны
заўжды будуць родныя мне аднолькава.
Што мне наракаць — я бачу, танчу, сьмяюся, пяю;
калі нехта, хто прытульна й любоўна сьпіць ля мяне ўсю
ноч, зь першым проглядам дня ціха сыдзе,
каб не будзіць мяне,
пакідаючы мне прыкрытыя белымі ручнікамі кашы, шчодрасьцю якіх
поўніцца дом,
ці ж мне аддаляць сваю згоду і ўсьведамленьне, ці ж мне крычаць сваім
вачом,
каб яны перасталі глядзець наўздагон па гасьцінцы,
а тут жа да апошняга цэнта зьлічылі мне
дакладную вартасьць самоты, і дакладную — несамоты, і каторая
лепшая?
4.
Валацугі й пытлівыя дакучнікі,
сустрэчныя, узьдзеяньне майго колішняга жыцьця ці кварталу ці
гораду, дзе я жыву, ці краіны,
апошнія зьвесткі, адкрыцьці, кампаніі, кніжныя навінкі й
старынкі,
мая вячэра, апратка, таварышы, выгляд, лёсткі, абавязкі,
сапраўдная ці ўдаваная абыякавасьць любімых мужчын ці жанчын,
хвароба ў сям’і ці мая, гора ці страта ці
безграшоўе, ці дэпрэсіі, ці ўзрушэньні,
баі, жахі братазабойчай вайны, мандраж ад няпэўных навін,
сутаргавыя падзеі;
усё гэта днямі й начамі захлынае мяне й адхлынае ад мяне,
але ўсё гэта — ня сам па сабе Я.
Тое, што Я, стаіць убаку ад торганьняў і важданьняў,
стаіць у зьдзіўленьні, няўдзеле, спагадзе, бязьдзеі, непадзельнасьці,
глядзіць звысок, выпрастанае, ці абапёртае на нейкую нябачную
аснову
з схіленай набок галавою назірае, што будзе далей,
адначасова ў гульні й па-за ёю, глядач у захапленьні гульнёй.
Азірнуўшыся, я бачу ў сваім жыцьці часы, калі барукаўся ў тумане з
моваведамі й амбітнымі,
цяпер я ня маю досьціпаў ані довадаў, я назіраю й чакаю.
5.
Я веру ў цябе, мая душа; мая другая палова не павінна схіляцца перад табою,
і ты не павінна біць ёй паклоны.
Паваляйся са мною ў траве, разьвяжы заглушку на горле,
ня трэба мне словаў, музыкі, рыфмаў, прымавак ці мудрасьцяў,
хоць бы й найлепшых,
я люблю адно калыханку, сурдзінку твайго духавога голасу.
Я помню, як аднойчы мы ляжалі такой самай празрыстаю летняю раніцай,
твая галава ляжала папярок маіх сьцёгнаў, ты павольна павярнула яе
да мяне,
расшпіліла мне на грудзях кашулю і занурыла
язык у маё аголенае сэрца,
і запоўніла мяне: з аднаго боку ўперлася ў бараду, з другога —
у падэшвы.
Тут жа ўзьніклі і атулілі мяне спакой і веданьне, якія пераўзыходзяць
усе зямныя цьверджаньні,
і з той пары я ведаю, што Божая рука — правобраз маёй,
ведаю, што Сьвяты дух — брат майго,
і што ўсе людзі ўсіх часоў таксама мае браты, а жанчыны —
мае сёстры й каханкі,
што каўчэг стварэньня змацаваны любоўю,
што не зьлічыць акалелага ці паніклага лісьця ў палёх,
ані бурых мурашоў у малюткіх шахтах пад лісьцем,
ані імшыстых нарасьцяў на плятнях, ані крушняў, ані кветак бузіны, дзіванны і
ляканосаў.
6.
Дзіця спыталася «Што такое трава?», несучы мне яе поўнымі прыгаршчамі;
што я мог яму адказаць? Я ня больш за яго ведаю,
што такое трава.
Я схільны думаць, што трава — гэта сьцяг над маім станам, сатканы зь зялёнага
радна надзеі.
Ці, можа, гэта насоўка Бога,
напарфумаваны падарунак на памяць, наўмысна ўпушчаны ўніз,
у адным з куткоў якой — ініцыялы гаспадара, каб мы
ўбачылі й спыталіся: «Чыё?»
Ці, як на мяне, сама трава — гэта дзіця, немаўлятка
іншых расьлін.
Ці, магчыма, гэта шматразова паўтораны ерогліф,
які азначае: Я аднолькава рунею на абшарах і ў цеснаце,
расту як між чорных людзей, так між белых,
між канакаў, канфэдэратаў, кангрэсмэнаў, катаржнікаў, я даю ім усяго пароўну
і прымаю іх усіх.
А цяпер яна здаецца мне прыўкраснымі нястрыжанымі локанамі магіл.
Я буду пяшчотна абыходзіцца з табою, кудлатая трава,
а што, калі ты прарасла скрозь грудзі юнакоў,
магчыма, я любіў бы іх, калі б іх спазнаў,
магчыма, ты паходзіш з старых людзей, ці з забраных
у матуль немаўлят,
якім ты сама стала мацярынскім падолам.
Трава тут занадта цёмная, каб расьці з валасоў старых бабуль,
цямнейшая за бясколерныя бароды дзядоў,
яна паходзіць з-пад ружовых паднябеньняў ратоў.
О, нездарма я чую ў табе столькі гаваркіх языкоў,
ведама, яны і праўда паходзяць
з паднябеньняў.
Вось каб я мог пераказаць усё, што ты недагаворваеш пра памерлых мужчын
і жанчын,
пра старых дзядоў і пра мацярок, і пра забраных
у іх немаўлят.
А вы думаеце, чым сталі маладыя й старыя мужчыны?
І чым, па-вашаму, сталі жанчыны
і дзеці?
Усе яны дзесьці жывыя і здаровыя,
найменшы парастак сьведчыць, што сьмерці ніякай няма,
а калі некалі й была, то вяла жыцьцё наперад, яна не чакае пры самым канцы жывога
з мэтай яго спыніць,
яна сама скончылася, як толькі зьявілася жыцьцё.
Усё рухаецца наперад і ўшыркі, нішто ня гіне,
і памерці — зусім не такое няшчасьце, як думалі ўсе дагэтуль.
7.
Ці нехта ўжо лічыў удачай тое, што нарадзіўся?
Сьпяшаюся паведаміць яму ці ёй, што і памерці — такая ж удача, дайце
мне веры.
Я праходжу скрозь сьмерць разам з тым, хто ўмірае, і скрозь нараджэньне разам з новаабмытым дзіцём, я далёка ня ўвесь зьмяшчаюся між сваім капелюшом і ботамі,
я ўжываю размаітыя рэчы, кожная зь іх непаўторная і кожная зь іх добрая,
як добрыя зямля, зоры, і ўсё, што да іх належыць.
Я ня нейкая там зямля і не належу зямлі,
я сябар і таварыш людзям, а кожны чалавек такі ж неўміручы
й невымерны як я,
(яны самі ня ведаюць, наколькі яны неўміручыя, але мне гэта вядома.)
Кожнаму кшталту — сваё, належнае; мне — мае мужчыны й жанчыны,
мне — тыя хлопчыкі, што вырасьлі й кахаюць жанчын,
мне — ганарлівы мужчына, што ведае, як балюча джаліць
няўвага,
мне — нявеста й старая дзева, мне — мацеры
й маці мацераў,
мне — вусны, што ўмеюць усьміхацца, і вочы, што ўмеюць ліць сьлёзы,
мне — дзеці і тыя, што зачынаюць дзяцей.
Расхініцеся! вы ня грэшныя перад мною, ня выдыхлыя й не адпрэчаныя,
я ўсё адно ж бачу вас скрозь сукно і скрозь лён,
я побач, упарты, прагны, нястомны, і мяне
не пазбыцца.
8.
Маленькае сьпіць у калысцы,
я падымаю цюль і доўгі час пазіраю, і моўчкі змахваю
далоньню мух.
Маладзён і расчырванелае дзяўчо збочваюць са сьцежкі і ўздымаюцца на лясісты пагорак,
я дапытліва разглядаю іх зь вяршыні.
Самагубца грымнуўся на акрываўленую падлогу купальні,
я бачу труп з мокраю шавялюрай, зазначаю, куды ўпаў
пісталет.
Гамана бруку, рыпеньне вазоў, шорганьне падэшваў, гаворка
мінакоў на прамэнадзе,
цяжкі омнібус, фурман з запытальным пястуком, грук
падкаваных коней па граніце,
сані, бомканьне, выгукі кпінаў, шпурляньне сьняжкоў,
голаснае вітаньне ўлюбёнцаў люду, гнеў паўсталых масаў,
валюханьне насілак зь фіранкамі, хворага ў іх нясуць
у шпіталь,
сутычка ворагаў, раптоўны праклён, бойка й падзеньне,
узрушаны натоўп, паліцыянт з зоркай порстка цярэбіць
дарогу ў цэнтар грамады,
абыякавы камень, што прымае і вяртае так многа рэха,
якія ж стогны распанелых, што млеюць ад сьпёкі, ці паўгалодных
ад болю ў жываце,
якія выкрыкі засьпетых зьнянацку схваткамі жанчын, што сьпяшаюцца дамоў
нараджаць,
якое ж жыўцом пахаванае красамоўства заўжды тут вібруе, якое стрыманае
этыкетам выцьцё,
арышты злачынцаў, зьнявагі, юрлівыя прапановы, што прымаюцца,
адрынаюцца з надзьмутымі губамі,
я зважаю на ўвесь гэты спэктакль, гэты галас — і сыходжу так,
як прыйшоў.
9.
Вялізныя дзьверы пуні раскрытыя напагатове,
сухая жніўняя трава напаўняе нясьпешны воз,
зыркае сьвятло гульліва пераплятае рудое, шэрае, зялёнае,
пад поўнымі ахапкамі сена сьцірта ўсё асядае.
І я там, дапамагаю, я прыехаў лежма на возе,
заклаўшы нагу на нагу, залюляны яго мяккімі штуршкамі,
я саскокваю з-пад скрыжаваных бэлек, хапаю верас і мяжоўку
і качуся кумільгам уніз, ублытаўшы саломіны ў валасы.
10.
Адзін, далёка ў дзікіх лясах і гарах я палюю,
блукаю — і сам дзіўлюся свайму спрыту і сьпеву,
надвячоркам шукаю бясьпечнае месца на ноч,
разьдзьмуваю агонь, пяку сьвежазабітую жывёліну
і засынаю на гурбе лісьця, з сабакам і стрэльбай
побач.
Янкаўскі кліпэр пад высокімі ветразямі прабіваецца скрозь пырскі й парывы
ветру,
мае вочы прывязваюцца да зямлі, я нахіляюся праз насавы борт або радасна выкрыкваю
з палубы.
Рыбакі і зьбіральнікі малюскаў выбраліся рана і падбухторылі з сабою мяне,
я заправіў нагавіцы ў халявы і рушыў зь імі, і не шкадую,
дарма цябе не было тады з намі вакол казанка зь юхою.
Я бачыў як трапэр пад адкрытым небам далёка на Захадзе браў за жонку
чырвонаскурую,
ейны бацька зь сябрамі сядзелі там, скрыжаваўшы ногі, і бяздумна
курылі, на нагах у іх былі макасіны, а з плячэй зьвісалі
вялікія грубыя коўдры,
на чымсь кшталту лаўкі расьсеўся жаніх, апрануты збольшага ў скуры, ягоная
раскошная барада й кучары закрывалі яму шыю, ён трымаў
за руку нявесту,
у той былі доўгія вейкі, ніякага ўбору на галаве, ейныя каляныя роўныя пасмы
спускаліся ўніз па пажадным целе да самых
пятак.
Раб-уцякач прыйшоў да майго дому й спыніўся на дварэ,
я чуў ягоныя рухі, ён храбусьцеў суччам у дрывотні,
праз прачыненыя дзьверы кухні я бачыў яго, кульгавага й
аслабелага,
ён сядзеў на бервяне, я падышоў да яго, прывёў яго ў дом і супакоіў,
прынёс вады й наліў начоўкі для ягонага спацелага цела, змучаных ног,
паклаў яго ў пакоі з уваходам праз мой, даў яму чыстае й простае
адзеньне,
я выдатна памятаю ягоныя вырачаныя вочы й няёмкасьць,
памятаю, як я заклейваў яму плястырам раны на шыі і шчыкалатках,
ён пабыў у мяне тыдзень, пакуль не акрыяў, а тады рушыў на поўнач,
я садзіў яго за стол поруч са мною, а мая стрэльба стаяла й падпірала кут.
11.
Дваццаць восем юнакоў купаюцца пры беразе,
дваццаць восем шчырых сэрцам юнакоў,
дваццаць восем гадоў жанчыне, і ўсе пражыла ў самоце.
Гэта ёй належыць багаты дом ля стромы,
за яго аканіцамі яна хаваецца, прыгожая, у раскошных строях.
Каторы зь юнакоў ёй найбольш да спадобы?
Ах, найпрасьцейшы зь іх — ёй і найпрыгажэйшы.
Куды гэта вы, спадарыня? Я ж вас бачу,
вы плюхаецеся тут, у вадзе, хоць самі й седзіце ў сваім пакоі.
Са сьмехам прытанчыла яна купацца дваццаць дзявятай,
невідочная астатнім — а сама іх бачыла і любіла.
Бароды юнакоў зіхцелі мокрым, вада бруілася па
доўгіх валасах,
ручайкі беглі ім па ўсім целе.
Ейная нябачная рука лашчыла іхныя целы,
дрыготка спускалася ўніз ад іхных скроняў і рэбраў.
Юнакі ляжаць у вадзе на сьпінах, вытыркаючы жываты
на сонца, яны не пытаюцца, хто іх абдымае так моцна,
ня ведаюць, хто ўздыхае і навісае над імі як
арка,
ня думаюць, каго абдаюць пырскамі.
12.
Малады рэзьнік здымае свае скрываўленыя строі ці гострыць нож
на ятцы на кірмашы,
я маруджу, замілаваны тым, які востры ён на язык, як ён наразае й раздае мяса, як карты.
Кавалі з закарэлымі валасатымі грудзямі абступілі кавадла,
усе з кувалдамі, лупяць што маюць сілы, у агні такая
гарачыня.
З парогу, асыпанага іскрамі, я сачу за іхнай работай,
западзіны іхных гнуткіх сьпінаў працуюць ня менш за магутныя рукі,
молаты б’юць згары, б’юць памалу, б’юць
пэўна,
куды ім сьпяшацца, кожны ведае сваю чаргу і свой час.
13.
Негр цьвёрда трымае лейцы сваіх чатырох коней, каменны блок
гайдаецца на ланцугу,
негр, рамізьнік пры каменяломні, непахісна ўзвышаецца на доўгіх
драбінах, упёршыся нагою ў кораб,
сіняя кашуля адкрывае ягоную шырокую шыю і грудзі, вольна ападае
яму на пояс,
ягоны погляд — спакойны і ўладны, ён пасоўвае з ілба
на патыліцу капялюш,
сонца падае на ягоныя хрусткія валасы й вусы, на чэрань ягоных
ільсьністых і дасканалых рук.
Я запамінаю маляўнічага волата зь любоўю, не
запыняючыся,
бо мяне таксама чакае талака.
Любоўнік жыцьця ўва мне рухаецца ўва ўсе бакі, гізуе
туды й сюды,
збочвае ў нішы, нахіляецца да найменшых, не прапускае ніводнага чалавека
ані спакменя,
усё ўбірае ў сябе і ў гэтую песьню.
Быкі, бразгаючы хамутом на ланцугу ці стоячы ў разгалістым цені,
што вы выказваеце вачыма?
Па-мойму, яны ў вас красамоўнейшыя за ўвесь друк, што я прачытаў.
Мая хада лякае качара з качкай на маёй далёкай,
доўгай як дзень дарозе,
яны падымаюцца ўгару разам, разам кружляюць уверсе.
Я веру ў іхную крылатую мэтазгоднасьць,
прызнаю, што іхны чырвоны, жоўты і белы колер — толькі гульня майго зроку,
і ўсё ж лічу іхны зялёны, бэзавы, макаўку з чубам пер’я — наўмыснымі,
і не завіце чарапаху нявартай толькі таму, што яна
чарапаха,
і няхай сойка не вучыла сальфэджа, але, як на мяне, яна сьпявае
як трэба,
і погляд гнядой кабылы ўшчувае мяне й выганяе зь мяне прэч усю дурасьць.