Тапірус і драбавік

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

З кнігі “Вольны стыль” (1978-1988)

*
Высока ў карпацкіх гарах
   у цёмнай пячоры
даглядае трох малых цмокаў
   сьв. Юр’я
у маладосьці слынны драконагубца
сёньня, пра што вядома ўжо меней
   стары пакаяньнік

*
Аднаго пасьляабедзеннага дня
з мэбляй ужо не было рады
я вырваў яе з кантэксту пакою
забіў
разрэзаў на кавалкі
напіхаў у валізу
пакінуў у камэры захоўваньня на вакзале
дзе тыднем пазьней была ўчыненая жудасная знаходка
празь нейкі час я быў затрыманы
і асуджаны да пажыцьцёвага пакараньня на зямлі

*
Аднойчы мяне напаткала думка
якая ж агромністая прастора тоіцца
між гульцом у рускую рулетку
і дзэнавым лучнікам
між гэтымі дзьвюма гранічнымі ўнутранымі дыспазыцыямі стралкоў
Я прыняў парадокс за свой
і ў адкрытай прасторы зьмясьціў
тэкст

Зусім як...

Зусім як гоншчык-матацыкліст
паставіць сваё жыцьцё на адзіную дарожку
пагоніць далей і мо ў прыпадку хуткасьці наблізіцца да сьмерці
Там сярод мора пустэльні дом
вырастае выспай
калі вы некалі трапіце ў тыя мясьціны
насустрач вам выйдзе ўласнае “я”
і скажа прыкладам
што гэтаму ёлупу тут патрэбна
вады вам не падасьць і парады ня дасьць
а вы мо і здохнеце
што нават вельмі праўдападобна
Зусім як гоншчык-матацыкліст...
Аднак пэўныя віды транспарту
не пакідаюць сьледу шынаў
Яны нулёвасьлядоўныя

Навальніца ў ваньне

У днях што надыходзілі пасьля тых начэй
перцы на кірмашы бывалі зялёныя
а на пад’ёме загінулі двое трактароў
незайздроснай сьмерцю ад наступстваў іржы
а на пошце сядзела спадарычна
ў тых гадах калі спадарычны ператвараюцца ў баб
тапталася па сваім языку тл, тл, тл і тл
тлапталася па сваім языку праз моўны дэфэкт
У ручаі як сьлед прыгледзеўшыся было відаць
як плыў супраць плыні гандон
павольна але пэўна
курыца зьнесла яйка зь якога вылупіўся касманаўт

Тыдзень цягнуўся як пяцігодка
З кожным куфлем кашуля прыліпала ўсё болей
Нейкае дзіця надта ж верашчала
Грамадзкая купальня сьцякала тлушчам
Быў сьпёчны летні дзень а навальніца ніяк не прыходзіла

Слоік зь мёдам

Ён адчуваў сябе жэўжыкам
ў слоіку зь мёдам
а нейкі таварыш замовіў сабе вячэру
а яму сказалі што маюць толькі каўбасу
потым ён стаяў на дамбе і шпурляў “жабак”
Усё я памятаю
а калі згасьлі вулічныя ліхтары
тыя славутыя лямпачкі Ільліча
пасьля мэтамарфозы
то ў кожным доме зьявілася сіняватае сьвятло
бо ў цэлым мікрараёне
людзі глядзелі сэрыял
у якім як казалі ў панядзелак на працы
асобныя моманты былі амаль як у сапраўднасьці
Пасьля апоўначы агні перасунуліся
ў іншыя вокны й нават спэктр
была субота
калі працоўныя звычайна суложаць

Ён у мяне выпытваў

Ён у мяне выпытваў амаль як сексот
пра сэнс мастацтва
што б ён пад гэтым ні разумеў
усё яму нешта было не да канца ясна
здаваўся нягледзячы на зафундаваныя ім куфлі

Гумка ў майтках была на вакацыях
гэта называецца акт
на адной карціне сябра
які з часам сасьпее ў Майстра
і будзе выстаўляцца па разумным кошце

Тады нас ужо тут ня будзе
хіба ў выглядзе іншых істотаў
будзем казаць што гэта выдатна
а тыя часы калі жылі
тыя што намалявалі ўсё тут павешанае
былі дакладна лепшымі
і магчыма ў той час і варта было жыць

Тады нас ужо тут ня будзе
хіба ў выглядзе іншых істотаў
мы будзем з гэтага ўсяго сьмяяцца

Ён у мяне выпытваў...

Паведамленьне №

У якім там шэрагу нашыя месцы
на халеру ты захоўваеш квіткі
знакаміта амаль як сьлівавае брэндзі
Цені ўчорашняга вечара
во дзе ўжо дурнота, Арчыбальдзе
Толькі сеўшы адразу ж паўшы
клятыя каменьні паўсюль і нідзе
і навокал ніводнага глытку
Нармальны фільмец
раю паглядзець
...а дзе яго паказваюць
У кіне бля

Паведамленьне №

На вайне якая несумненна
заўжды недзе лютуе
справядлівая ўжо ці не як для каго
паміраюць людзі і ня толькі людзі
некаторыя проста
некаторыя дзеля нечага
некаторыя дзеля нечага іншага
некаторыя толькі таму што так трэба
а ўсе разам ні за хуй
а іншыя на гэтым зарабляюць
а яшчэ іншыя гэтым абураюцца
і ўсім гэта ўрэшце калі шчыра да сракі
і так увесь час
і так па жыцьці

Паведамленьне №

Кажу ёй маўляў добрая дурніца
калі гэтак наліваеш піва
лепш ужо тады ў куфаль
адразу насцала б
Цэджанае піва – гнюс
дзіўлюся як тут гэтыя афэлкі яго могуць піць
зыраць ёй на цыцкі як доўбні
...ну а пасьля тая сука выклікала
на мяне мянтоў
маўляў я быў нападпітку
Скульля
Тры стольнікі выклаў за выцьвярозьнік

Паведамленьне №

У той вечар мы былі ў кавярні
ён сядзеў з намі замовіў пляшку
быў вясёлы жартаваў
А палове дванаццатай зачынялі
мы разьвіталіся і разышліся па хатах
Уначы ён атруціўся газам
Калі яго знайшлі было ўжо позна
Ён пакінуў разьвітальны допіс
у якім напісаў
што ён страшэнна самотны
і каб мы на яго не крыўдавалі
маўляў ён таксама на нас не крыўдуе

Рапарт пра стан каналізацыйнага люку

У гэтай трубе
адыгралася вялікае мноства гісторый
пераважна з блізкай да гаўнішча тэматыкай
Іншыя брыдоты тут таксама магчымыя
але праз нутраны дыямэтар у пяцьдзясят сантымэтраў
аперацыйная прастора тут крыху зацесная
таму напрыклад падзеі ўсясьветнага значэньня
не маглі б тут набыць глябальнага характару
і наўрад ці б нехта ўспрыняў іх сур’ёзна

Птушка Пэп

Гэта адбылося вокамгненна
бы аварыя на лужыне алею
і пасярод сумарызаваных садоў
ганарліва выкрочвала птушка Пэп
так дасканала апісаная Клее
на адной карціне
Хацеў бы я мець тую карціну
але больш за стольнік за яе ня даў бы
нават пры сёньняшніх коштах на фарбы

Праблемы драматургіі

У краіне панавалі драматычныя варункі
поры года чаргаваліся ажно ўвушшу сьвісьцела
калі дзьмуў вецер
калі ішоў дождж
ці яшчэ што іншае
Думаю што я не расіст
калі лічу што караля Убу
мог бы добра згуляць скажам і эскімос
бо такіх поўна ўсюды
а некаторыя зь іх нават не млекакормячыя

Гаротны лёс

(Спроба ідэальнага мікрараману ў стылі В. Гюго)

Рыбарства было сямейнай традыцыяй
таму нікога не зьдзівіла
што ён у яго ўдарыўся
і заўжды калі на яго находзіла
зьнікаў у ранішняй пары над вадою
а вяртаўся бывала і празь некалькі дзён
і заўсёды прыносіў іхтыялягічныя скарбы
Некаторыя з гэтых мацакоў
былі аднак настолькі нетыповымі
што навука не хацела мець зь імі нічога супольнага
а то б яны парвалі ёй усю сыстэматыку
ну а рыбак пераважна эстэтыкай не пракорміцца
таму шмат людзёў пра гэта і не даведалася
а ён заставаўся бедны
у яго было толькі лецішча
і дзюрка кудою выходзіў дым
Тым больш сумна тое
што падрыхтаваў яму гэты стары западліст лёс
Аднойчы ён вярнуўся з лову залатых макрэляў
зусім адзін папросту бяз рыбы
Яго знайшлі ўначы на беразе піякі
што хадзілі туды мачыцца на месяц
Ён быў непрытомны а ў шпіталі
ў які яго прывезьлі высьветлілася
што ў яго на лбе выгравіраваны сымбаль
у выглядзе рэальна непрыстойнага трохкутніка з рыскай
Апроч гэтага ён як той казаў зьехаў з глузду
ў няшкоднай для грамадзкасьці форме
а калі вярнуўся ў сваю вёску на ўзьбярэжжы
то добрыя людзі ўладкавалі яго мясцовым прыдуркам
і як такога й выкарыстоўвалі да самае сьмерці 

Пераўтварэньне

У адной праскай мясной краме
на рагу дзьвюх вуліц Старога Места
рэзьнік аднаго дня забіў
шырокай крывавай сякерай цурбан
потым надзеў парасячую галаву зь вітрыны
замкнуў краму
і з голасным рохканьнем
зьнік у кірунку Голэшавіц
дзе паводле легендаў
што тут жа распладзіліся
скончыў небарака на бойні
якой таксама ўжо не існуе

Дом з прывідамі

У адным доме дзе нібыта чуюцца
таемныя рыплівыя гукі
ў старой удавіцы ў шафе жыве
цалкам занядбаны
маленечкі Голем уласна цацка
якога адзін рабін калісьці вырабіў
каб патрэніравацца
і зусім пра яго забыўся

Жудзік

У той вечар была поўная цемра
хіба што молі ў сьвіране яшчэ крыху мігцелі
І толькі ў старой карчме жыцьцё кіпела
у карчмара нарадзілася двухгаловае цяля
і ён у той вечар надзяляў усіх сіфонам бясплатна

Мясцовы ваўкалака Кавальчук ужо суцэльна ўпіты
на більярдным стале дэманстраваў
як ён умее пераўтварацца ў страшную жывёліну
і зноў назад у Кавальчука

У дадатак яшчэ над карчмою ўзышлі пару зорак
і ўсе да адной з голасным піскам пападалі ў гной
Раённая сава наводдаль на варце
хуталася ў пер’е
і цішком сабе пакугаквала прыблізна наступнае:
Час на гэта
Час на гэта
ўсё ўжо мусіць высрацца

З кнігі “Тапірус і драбавік” (1994)

Лістападаўскі надвячорак

Лістападаўскі надвячорак зь яго цёмнаю брамай
нагрувашчвае перад сабою пустыя куфлі
Сьвятло зьнікае і праступае цемра
Хтосьці праходзіць скрозь цень і ў ім прападае
Няма патрэбны несупынна нешта падкрэсьліваць
Прынамсі ня тое што ўжо даўно ўсім ясна
І пры гэтым прыляпляцца да мокрай анучы
І ўчадзела танчыць з натоўпам
гэтым матэматычным мноствам зданяў на маршы сьмерці
якую льга толькі вельмі, вельмі ў двукосьсі
назваць жыцьцём

Забытае вуха

Адрэзанае вуха Вінсэнта Ван Гога
Самотна блукае па краі
Шукае свайго гаспадара
Той паміраў з голаду і кідаў коні
Пэцкаў зрэб’е фарбамі як маньяк
За што ні браўся ўсё пахерыў
Нават ня здолеў застрэліцца як чалавек
Сёлета гэтаму будзе ўжо сто гадоў
Дый набыць яго менш за сто мільёнаў даляраў нерэальна
Усё ў парадку
Толькі тое забытае вуха ўсё блытаецца людзям пад нагамі

Мужныя гульні

Яну Шванкмаеру

На лініі брамы згушчаюцца хмары
Раз-пораз замест мяча
Ў сетку ўлятае адбіты ступак
Пад натхнёны вой публікі
Вечна некаму ўляпляюць жоўтую

Чыста каб пасьля не казалі
Ведаеце якая розьніца між дэбілам і геніем
Зусім ніякай
Калі іх скласьці й вынік падзяліць напалам
у астатку атрымаецца сярэднестатыстычны грамадзянін
з глыбокай зацікаўленасьцю футболам
Здольны практычна да ўсяго

Хіжак

(Аўтапартрэт)

Штораз як нам на працы выдаюць новую дзюбу
Я павінен найперш прымераць яе перад люстэркам
Гэта ўжо рытуал
Пакляцаць ёю колькі разоў для трэніроўкі
Ці пасуе й ці не далі мне часам якую бракаваную
І толькі пасьля выпраўляюся апрабіраваць яе ў палявых умовах
Узьлятаю ўгару і гляджу дзе што шуршыць
Вунь каля ямы акурат фігуруецца нейкі чувак
Уваходжу ў піке
Расьсякаю яму дзюбай пысу
Каб зь яе пасыпалася крадзенае зерне
Не каб укусіць мяне за нагу дык пішчыць дапамажыце сцыкло
Уцінаю ў яго кіпці і адношу крыху ўбок на спробу
А што вы сабе думаеце на рыс я ня ласы
Потым падрамаўшы крышку ў паветры
Пераапранаюся і еду дамоў на мэтро

Тапірус і драбавік

Прынясеце мне тапірус
і падайце драбавік
і я вам усё патлумачу
Калі будзеце добра паводзіцца і не шумець
то я вас ня зьем
Толькі запэцкаю тлушчам
бо аб каго яшчэ мне выціраць свае пяцерні
як не аб свой біялягічны від
Дамы ня выключэньне

Ня любіце вы дзяцей
сказала адна такая
калі я ветліва папрасіў яе
зьнізіць гучнасьць ейнага малога
Ну раз ужо яна мяне запрасіла а мужа не было дома
Я крыху чапурыста адказаў ёй
што больш люблю курыцу на кары
у крайнім выпадку задаволюся алейнымі фарбамі
Яна не зразумела сухога ангельскага гумару

Сяджу сабе ў кацельнай і мне амаль анігадкі
Падаткавую дэклярацыю я ўплаціў
як і кожны сур’ёзны прадпрымальнік
Прадпрымальніцкіх ліцэнзій у мяне ажно дзьве
Адна на мятлу
Другая на культуру

Часам я нават крыху нэрвуюся
што гэта нікому не замінае
І што на мой адрас замест галімага кадэбэшніка
часам прыходзіць галімы ганарар
Гэта відаць усё праз тую дэмакратыю
Падайце мне тапірус
і прынясеце драбавік
ці прынамсі шрубавік
і я вам усё чыста расшрубую
ад Тэмэліна да Габчыкава
ад Цыцкавіч па Піздовічы
А потым мы ўсе разам пойдзем у Эўропу
ды так, што за намі пыл стаяцьме

Часам мне здаецца што наймудрэйшая істота
на гэтым сьвеце – дажджавы чарвяк
Паколькі ў яго няма мазгоў
то ён ня мае неадольнай прагі тупець
любым коштам і бяз дай-прычыны
Добра ведаць кагосьці,
хто памятае так даўнія часы
калі сам найстарэйшы госпад яшчэ й не нарадзіўся

З кнігі “Філёзаф, што дагарае” (2010)

Кантакт чацьвёртага віду

Яно прыляцела чортведама скуль
Мо ажно з сусьвету
Такое страхоцьце ну дальбог выглядала дзіўна
ды шчэ ўселася акурат насупраць на плоце
Зіркала троху зьбянтэжана, фыркала носам-прысосам
Потым па-змоўніцку мне падміргнула
Я зразумеў што ня варта пра гэта нікому трындзець
Але ж я ня ведаў
ці хоча яно мне нешта важнае паведаміць
ці толькі мяне падкупіць
Я рабіў выгляд што і ні лыс
і быў сам сабе наўме
Празь нейкі час стварэньне на мяне рэзка зашыпела
Відаць адбылося нейкае непаразуменьне
Таму што яно неяк абурана ўспорхнула
памахала гэткімі нібы плаўнікамі
і зьнянацку як вадой разьлілося

Імітую час

Сяджу ў фатэлі
паціху цікаю
Імітую час

Сяджу ў фатэлі
памалу выкрапваю
як недакручаны кран у лазенцы
Імітую час

Сяджу ў фатэлі
гляджу ў нікуды
як чорная дзірка
Імітую час        

Запіс у старой хроніцы

Сёньня незабыўны дзень
Спадару Дэ Саду
на Ля Кост прывезьлі
новую катавалку
паводле найноўшай парыскай моды
Цяпер як рабочыя яе сабралі
нас усіх прабірае жуда
Бо гэта ж машына...

Быць паэтам

Калі я быў малады
то думаў
што быць паэтам
азначае штось кшталту
“быць абраным”

Пасьля пяцідзесяці
я дасьпеў да спазнаньня
што гэта хутчэй праябос

А ледзь не забыўся
у труну мне пакладзіце аўтамат і ліхтарык
бо мне ў цемры боязна

Шчасьце

Гэта быў ну такі вясёлы і шчасьлівы чалавек
што як скончыў самагубствам
дык я ў першы момант
ледзь не зшалела ад радасьці
што яму і гэта ўдалося
ажно пазайздросьціла

Трэніроўка тапельцаў

Кожны з будучых тапельцаў
яшчэ на беразе павінен узяць
ў правую руку сваю саломінку
Потым усе будучыя тапельцы павінны
па камандзе з разьбегу скочыць у ваду
і цьвёрда трымацца за сваю саломінку
пакуль не патонуць
Хто патоне апошнім той перамог
і паедзе на наступную алімпіяду
выступаць за Чэхію

Парк Юрскага пэрыяду № XXL

Здаецца мы напалі на сьлед вялікага драпежніка
Прынамсі калі меркаваць паводле купы гною
з характэрным пахам
у якой захрас наш усюдыход
-----
На гэтым месцы тэкст абрываецца

Толькі раз

Толькі раз у жыцьці
я прысьніў
што я баба
Чухаў сабе адно належнае месца
і было мне анігадкі
Вось толькі пасьля зазьвінеў будзільнік
і я даўбаёб прачнуўся
Да сёньня не магу сабе дараваць
і не змагу бадай да самае сьмерці
Такі сон больш ніколі ня вернецца

Таварыш Кім Ір-Сен у грыбах

Аднаго гожага летняга дня
таварыш Кім Ір-Сен зь вялікім кошыкам
выправіўся ў лес зьбіраць грыбы
На дно кошыка ён паклаў кніжку сваіх неўміручых думак

Калі таварыш Кім Ір-Сен прыйшоў у лес
ён спыніўся на адной прагаліне
паставіў кошык на зямлю
дастаў зь яго кніжку сваіх неўміручых думак
і пачаў уголас зачытваць

Неўзабаве здарыўся цуд
З усіх магчымых закуткоў лесу
пазьбягаліся натоўпы грыбоў і палезьлі ў кошык
То ж бо і грыбы любяць неўміручыя думкі
таварыша Кім Ір-Сена

Надоечы

Надоечы быў надумаўся
напісаць зноў які-небудзь верш
Мудохаўся зь ім да самага абеду
і пшык
Урэшце я гэтую справу кінуў
Я быў такі зьнясілены
што да канца дня
быў здольны адкідваць ужо толькі палову ценю

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур, Сяргей Прылуцкі

Пэдагогі гадаюць, цікавіцца вуліца:
ці раскрыецца хлопчык аднойчы, як вустрыца?

Да нас – сятчастым палатном глухой фіранкі,
даўно вядомым краявідам – да сьцяны
стаіць акно накшталт старой карціннай рамкі,
якая цэдзіць цераз сіта нашы сны.

Пераклад:
Макс Шчур

Зноў ты нешта не ў сабе!
Вунь і ваўка на губе!
Ой, змарнуеш ты здароўе
Ў палітычнай барацьбе!..

Пакаштуй заечы гной —
Во дзе сродак, брат ты мой!
Мёд яго пераўзыходзіць,
Мабыць, толькі смакатой!

Праўда, горла ён дзярэ,
Хто-ніхто зь яго і мрэ,
Але хто ператрывае —
Тых і старасьць не бярэ!..

Пераклад:
Макс Шчур

Упоўдне рысы барзюкі
Сьвярбяху ў напе а крыўляху,
Сычаша птах, і мертвакі
Ўва горбех верашчаху.