Казка для тэатру на матывы расейскага фальклёру
Скамарох-весялун
Кліча цар стралка, здатнага дзецюка. Яшчэ заданьня ня дадзена, а ўжо злуе, як гадзіна. Рукамі сукае, нагамі брыкае, выкаціў бельмы — маўляў, страшны ён вельмі! Такі ўжо порсткі, абы пазбыцца Хвядоскі — ажно ў целе яму ломіць косткі!..
Цар
Да відна здабудзь кілім
З вышываньнем залатым!..
Дзеля гонару дзяржавы
Ахвяруй сабой усім!
І каб быў відаць на ім,
Як на мапе, Трэці Рым —
Ні халеры я ня бачу
На балькончыку сваім!
А ня знойдзеш — дык наўпрост
Шлю да ката на памост:
Ён на золку на галоўку
Твой падправіць лішні рост.
Скамарох-весялун
Прыйшоў Хвядос дамоў, пазбаўлены слоў. Сеў у куточку, глядзіць на бэльку-папярочку, па буйной сьлязе ў кожным ясным вочку. Жонка есьці кліча, а ён крывіць аблічча — нічога ня хоча, хмурыцца-скавыча...
Марыся
Ну чаго ты губы дзьмеш?
Не ясі зусім, ня п’еш...
Ці халоднае ня выйшла,
Ці ня выдаўся кулеш?
Хвядос
Еж, ня еж — усё дарма...
Цар лютуе, як чума!
Далібог, суду на злыдня
Аніякага няма!
Здабывай, крычыць, кілім
З вышываньнем залатым!
Сто лясоў і сто азёраў
Каб відаць было на ім!..
Марыся
Ат, да сэрца не бяры —
Хай лютуе чорт стары!
Ціт Кузьміцкі й Хрол Фаміцкі —
Мне на вочы, раз-два-тры!
(Марыся пляскае ў ладкі — зьяўляюцца два дужыя малойцы.)
Як уцямілі ў чым брак —
То парупцеся, раз так.
Малойцы
Не турбуйся, гаспадыня,
Досьвед маем, як-ніяк.
Скамарох-весялун
І вось Хвядос зранку ў цара на ганку. Гэтым разам — з кілімам разам. Стаіць, усьміхаецца, варты не пужаецца. Зьдзівіўся цар — ледзь пракаўтнуў кавіяр. Як сабака, злуе, ды выгляду не падае. Рады нечувана — толькі ўдавана!..
Хвядос
Ты прасіў сабе кілім —
Вось, лічы яго сваім.
Ён з дамоўленым малюнкам,
З аздабленьнем дарагім.
І ўсе вотчыны твае
Там відаць да аднае!
Гэта жончына работа,
Падарунак ад яе!..
Цар
Во дзе зух! Што скажаш — дуж!
Колькім ты ж кабетам муж?
Разам слуцкія ткачыхі
Не даліся б аднаму ж!
Жонку маеш не з дурніц,
Ды з адной тут скутку — ніц!
Іх дывізія быць мусіць,
Каб падобнае ўчыніць!..
Хвядос
Ці ня ў радасьць мой кілім?
Ці ня той узор на ім?
Ну, то я яго пад паху —
Забіраю, дый па ўсім!
Гандлярам яго прадам —
Хай вязуць у Амстэрдам.
Тут нікому не патрэбны —
Мо, ацэніць хтосьці там!..
Цар
От сюды б гарадавых
Чатырох ці пяцярых —
Тыя б пугай адвучылі
Кпіць цябе зь людзёў старых!
Ды шаную я правы,
Як закону вартавы, —
На табе шастак на пляшку
І прастуй, пакуль жывы!..
Скамарох-весялун
Кліча цар генэрала, штыр яму ў забрала! Тварам цар — што бурак, чырваньню набрак, а калі ён пунсовы, то да гвалту гатовы. Дае раз па храпе, бязь лішніх драпін — ды міма вока яшчэ ня трапіў. У гэтым генэрала жыцьцё пераканала: ад пачатку казкі не здымае павязкі!..
Цар
Ну, дык як, стары казак?
Спудлаваў крыху няўзнак?
Толькі той няўзнак пацягне
На гадкоў пятак-шастак!
Ты плячысты, балазе,
Ды бяз розуму ў балдзе.
Вось яго і падсілкуеш
На турэмнай баландзе!..
Генэрал
Я гатовы ў кайданы —
Ды ня змыю тым віны.
Што мне гэтая навука,
Раз такі я ўжо дурны!
Лепей з шабляй на кані
Ў гушчу бітвы пагані,
А прыдворныя інтрыжкі —
Бог ад іх абарані!
Цар
Ты лухты мне, вашамось,
У запале не гундось.
Ты бяз шаблі так прыдумай,
Каб скапыціўся Хвядос!
Ну а тым, што абалдуй —
Апраўдацца не спрабуй:
Лыч начышчу ўласнаручна,
Так што потым не крыўдуй!..
Скамарох-весялун
Значыць, наш камандзёр дарма рукі цёр: ня выйшла адразу нанесьці Хвесю паразу. Бядуе, нязгрэба — зноў думаць трэба! Ды што тая напруга, як з думкамі туга. Меркаваў, рахаваў — толькі час змарнаваў. Як ні намагайся — хай лепш ратуе Югася! Гайда ў бок пералеску шукаць управу на Хвеську!..
Баба Юга
Што ты зноў, зь якіх прычын
Засмучоны кім ці чым?
Хто — гішпанцы ці хранцузы
Паўстаюць на збройны чын?
Выпі з плесьні кісялю!
Піў хоць раз? То дай налю!
Зь ім забудзеш ты адразу
Мітусьлівую зямлю.
Можа, не найлепшы смак —
Здыме дрыжыкі, аднак.
Заўтра будзеш ты як волат,
Калі толькі не мярцьвяк!..
Генэрал
Я ізноў стралка наконт!
Не пазбыцца зь ім турбот!
Празь яго я й безжыцьцёвы,
Быццам нейкі нацюрморт.
Хітры жук! Бяда з такім...
Нос уцёр вакол усім!
Колькі ты ні варажыла,
А здабыў ён той кілім!
Зьнешне клёкам не іскрыць,
А галоўкаю мудрыць!
Дык чаруй цяпер сур’ёзна,
З пачуцьцём, тваю ядрыць!..
Баба Юга
Баба дзеду варажы:
Кляты ў пяты, тры крыжы,
Карта віна, дамавіна —
Пра стралка мне адкажы!
Так!.. Эге!.. Угу!.. Ого!..
Мы маглі б паслаць яго
Па аленя з парай зыркіх,
Цалкам з золата рагоў!..
Хай хоць цэлы пройдзе сьвет —
А ня знойдзе, прайдзісьвет,
Бо няма іх у прыродзе —
Гарантую як экспэрт!..
Скамарох-весялун
Кліча цар стралка, здатнага дзецюка. Не пасьпеў наш хлапец з адным адпацець, а ў цара-ліхадзея новая ідэя. Цар поўны ідэй, а Хвядоска — пацей! Словам, жытка Хвядосава — нічога зайздроснага!..
Цар
Скінь ляноту, скінь хандру й
Неадкладна прэч вандруй!
Дзеля гонару дзяржавы
Мне аленя прычаруй!
Як слуга, дык паслужы —
Руш за нашы рубяжы,
Каб алень залатарогі
Быў тут зранку з-за мяжы.
І каб мне ніякіх «не»,
А каб вынік хуткі мне,
А то кат табе пакажа,
Як мячом ён файна тне!..
Скамарох-весялун
Прыйшоў дамоў Хвядос, возграў поўны нос. Сеў перад лучынай, гаруе, бедачына. Жонка-чараўніца хоча прытуліцца — а для яго й не існуе быццам! Сядзіць, плача ён — от, доля жабрачая!
Марыся
Што ты зноў як брат сычу?
Што за смутак уваччу?
Дасалю давай салянку,
Ці мо шніцаль дапярчу...
Хвядос
Ды які ўжо тут абед!
Цар замучыў, аглаед!
Заўтра зранку зноў пакліча —
Адурэў дарэшты дзед!
Што за шкоднікі цары!
Руш, імчы — ды хоць памры,
Каб алень залатарогі
Быў ягоны на зары!
Марыся
Ат, да сэрца не бяры —
Не адны ў жыцьці цары!
Ціт Кузьміцкі й Хрол Фаміцкі —
Мне на вочы, раз-два-тры!
(Марыся пляскае ў ладкі — зьяўляюцца два дужыя малойцы.)
Як уцямілі ў чым брак —
То парупцеся, раз так!
Малойцы
Не турбуйся, гаспадыня,
Досьвед маем, як-ніяк.
Скамарох-весялун
Зноў Хвядос зранку ў цара на ганку. Гэтым разам — з аленем разам. Цара-нягодніка ўзяла з гневу коліка. Задушыў бы гада — ды з выгляду рады. Сядзіць, пазяхае — лютасьць хавае!..
Хвядос
Зачакаўся? Дык чалом!
Глянь на двор, калі ня ў лом.
Замаўляў сабе аленя —
Вунь алень твой, пад вакном!
І заўваж, што той алень —
Як падсьвечнік ці агмень!
Ад рагоў яго й бязь лямпы
Ўночы сьветла, нібы ўдзень!..
Цар
Тых аленяў напавер
Не пазычаць Тула й Цьвер.
Найбліжэй хіба ў Багдадзе
Ў трох асобніках той зьвер!
Дык прыкіньма наўздагад:
Дзе Масква, а дзе Багдад?
Ці мо ты за ноч матнуўся
Да Багдаду — і назад?
Хвядос
Восем зьмен на кожны дзень!
Не такі табе й алень?
Сам жа ўчора з тым аленем
Даставаў, як авадзень!..
Ну, раз ты такі магнат,
То вярну яго ў Багдад.
Вось узрадуецца хтосьці,
Чый цяпер там халіфат!
Цар
Дагаворысься, Хвядос!
Каб башку ў руках ня зьнёс!
Я твае без выключэньня
Бачу намінкі наскрозь!
Ды за службу пры двары,
Згода, чорт цябе бяры!
Вось табе шастак на пляшку —
І гадуйся — да пары!..
Скамарох-весялун
Клічуць генэрала ў палац — як сьлед не далі паспаць! Генэрал мітусіцца, шукае нагавіцы, прадчувае, што клічуць не на паляндвіцу! Цар сядзіць на троне, пацірае скроні. Чорны ад гневу, як неба ў залеву!..
Цар
Як ты ні напружваў клёк,
А Хвядоска з пасткі ўцёк!
Па табе ўжо склалі, дружа,
Ахвіцыйны нэкралёг.
Ды вагаемся пакуль,
Як забіць цябе бяз куль:
Агаломшыць кандэлябрам
Ці з мура штурхнуць, як куль?..
Генэрал
Даў я пудла, гаспадар!
Вось клінок — вазьмі і ўдар!
Толькі болей тым Хвядосам
Мне мазгі не шкіпінар!
Што дурны — не вінаваць,
Бо мая стыхія — раць!
Мне б на штурм кагосьці весьці
Ці ў атаку падымаць!..
Цар
От зь мячом дык ты баец!
Ды ня хочаш разумець:
Галаву каб сьцяць Хвядосу —
Галаву патрэбна мець!
А праявіш той жа спрыт,
Што даўно ўжо мне абрыд —
Сам прыладжу пад сякеру,
І тады прашу бяз крыўд!..
Скамарох-весялун
Зноў наш афэлак палез у думак куфэрак. Ды куфэрак той адвеку зьзяў пустатой. Меркаваў, рахаваў — толькі час змарнаваў. Сьвіснуў выжлаў зграю — і ў гушчу гаю! Убачыла Юга генэрала — джгнула да самага Ўрала. Там ачомалася бабуся і падумала: «Лепш вярнуся!..»
Баба Юга
Зноў ты нешта не ў сабе!
Вунь і ваўка на губе!
Ой, змарнуеш ты здароўе
Ў палітычнай барацьбе!..
Пакаштуй заечы гной —
Во дзе сродак, брат ты мой!
Мёд яго пераўзыходзіць,
Мабыць, толькі смакатой!
Праўда, горла ён дзярэ,
Хто-ніхто зь яго і мрэ,
Але хто ператрывае —
Тых і старасьць не бярэ!..
Генэрал
Ты мне, бабця, не круці!
Ты павінна шлях знайсьці,
Як паставіць крыж нарэшце
На Хвядосавым жыцьці!
Адшукаў Хвядос таго,
Рогі з золата ў каго!
Бо твае Хвядосу чары
Ўсе да месца аднаго!
Дык мазгі сабе прадзьмі
І сама сябе зацьмі!
Бо Хвядос хітрун, як бачыш,
Не апошні між людзьмі!..
Баба Юга
На бягу падцяць нагу
Я майстрыца, наагул,
Але сёньня ад заклёнаў
Я бяру сабе адгул.
Колюць ныркі, ные скронь,
У грудзях пячэ агонь...
Каб яшчэ энцэфаліту
Не схапіла, божа бронь!..
Ой, ня жыць мне! Боль такі,
Што ажно хрусьцяць храсткі!
Калі так, то я сыходжу
На бальнічны напрасткі!
Генэрал
Захварэла? Той бяды!
Вунь, рапуху зьеж тады.
У прыроды ад хваробы
Шмат лячэбнае брыды.
І каб больш ніякіх спроб
Прыдумляць сабе хвароб!
Лепш напруж сваю падлючасьць
І стралка нарэшце ўгроб!
А пачнеш мазгі дурыць —
Шаблю выцягну, ядрыць!
Ты хаця мне і сяброўка,
А парадак мусіць быць!..
Баба Юга
Баба дзеду варажы:
Кляты ў пяты, тры крыжы,
Карта віна, дамавіна —
Пра стралка мне адкажы!
Хай ён розум прыкладзе
Й вам на вочы прывядзе
Штось-Чаго-Ў-Суцэльным-Сьвеце-
Наагул-Няма-Нідзе!
Ну, капцы табе, Хвядос!
Вось цяпер дык папандос!
Да падобнага іспыту
Ты мазгамі не дарос!..
Скамарох-весялун
Кліча цар стралка, здатнага дзецюка, зноў каб даць даручэньне дзяржаўнага значэньня. Але гэта ўжо зьдзек, прашу прабачэньня! А між тым наш аповед — толькі на палове!..
Цар
Мне здабудзь як найбарзьдзей
Штось-Чаго-Няма-Нідзе!
Занатуй мо лепей назву,
А то памяць падвядзе!
Пасьпяшайся да відна,
А як не — табе труна,
Бо карахтар твой паскудны
Даўся ў знакі мне здаўна!
Так што мне ня дзьмі тут губ,
А чашы, ці будзеш труп,
Бо дзяржаўнае пытаньне
Тут пастаўлена на руб!
Скамарох-весялун
Прыйшоў дамоў Хвесь — як сьмерць, бледны ўвесь! Цэлы белы, тварам зьнямелы. Сеў пры вакне, з вачэй смугу не зьміргне. Туліцца Марыся, а ён — адчапіся!.. Не да забавы, як скон неўзабаве!..
Марыся
Прызнавайся ўжо, Хвядос,
Што ты злосны, як барбос?
У салаце па-мілянску
Мала труфеляў, нябось?..
Хвядос
Я, Марысечка, твой стол
Паважаю на ўсе сто,
Толькі больш каго ня будзе
Частаваць табе яством!
Што рабіць? Хавацца дзе?..
Хто параіць у бядзе?
Загадаў мне цар дастачыць
Штось-Чаго-Няма-Нідзе!..
Марыся
Ат, да сэрца не бяры —
Ёсьць надзейныя сябры!
Ціт Кузьміцкі, Хрол Фаміцкі —
Мне на вочы, раз-два-тры!
(Марыся пляскае ў ладкі — зьяўляюцца два дужыя малойцы.)
Як уцямілі ў чым брак —
То парупцеся, раз так!
Паўза.
Малойцы
Не гнявіся, гаспадыня,
Не парупімся ніяк.
Схемку ці рысунак каб,
То работа ўжо ішла б,
А бяз пляну тое штосьці
Адшукаць яшчэ патрап!
Як знайсьці, мяркуй сама,
Штось, чаго нідзе няма?
Як няма такога ў сьвеце,
То й шукаць яго дарма!..
Марыся
Не крыўдуй, каханы муж,
Тут зь мяне ня велькі куш!
Сам у шлях тады зьбірайся
Ды за сьвет няблізкі руш!
Блуду ў сьвеце не чыні,
Дбай аб цела чысьціні.
Ад какотак ды ад плётак
Бог цябе там барані.
Пазьбягай дурных трывог,
Пазьбягай крывых дарог,
Клапаціся пра здароўе,
Еж сьмятану ды тварог!..
Хвядос
Ты ўжо не перажывай —
Дам я рады, веры дай!
Волю царскую здаволю —
І вярнуся ў родны край.
Безь мяне тут не марней,
Фікус палівай часьцей!
Вунь красёнкі, балалайка —
Зь імі будзе весялей!
А палезе хто ў пакой,
Каб парушыць твой спакой —
Мне вучыць цябе ня трэба:
Вунь, патэльня пад рукой!..
Скамарох-весялун
Сышоў Хвядоска ў паход заморскі. Як дайшло тое да генэрала — у мазгах дурата зайграла! Панесла барана да цара зь відна, дакладаць яму, што стралку — труна. Пасьпеў і дзірку прадзерці пад ордэн, каб яго чэрці!..
Цар
Дакладай усё спаўна,
Што ў цябе за навіна!
Лепей горкая, ды праўда,
Чым салодкая мана!
Ды як будзе навіна
Абы-што — табе хана:
Пасаджу гадкоў на дзесяць
Я такога вестуна!..
Генэрал
Дакладаю: з бліскам дня
Хвеська якары падняў!
Бог пазбавіў нас нарэшце
Крывасмока-авадня!
Хай шукае, баламут,
За мяжой сабе капут!
Больш нам не наканавана
Лыч ягоны ўбачыць тут!..
Цар
Нянька, гэй! Хадзі сюды!
Зноў хачу быць малады!
Валасы мне зь цемя вырві,
Што сьсівелі за гады.
А астатнія тады
Расчашы накшталт грады.
І з грабеньчыкам ашчадней,
У мяне там не сады!..
Нянька
Расчашы! Вядома! Дзе ж,
Як застаўся голы плеш!
Можа, лепш на кожны волас
Свой дакумант завядзеш?
І нашто ў твае гады
Зноў жаніцца? Ад балды?
Ты ж, бяз крыўды, як мужчына
Ні сюды і ні туды!..
Цар
Валасы, без валасоў —
Ажанюся й будзь здароў!
Шах пэрсідзкі з тым жа плешам
Сорак жонак вунь завёў!
Я ж дык сарака царыц
Не зьбіраюся кадрыць!
Дык няўжо ў інтымным сэнсе
І адной мне не пакрыць?..
Нянька
Шаху сіл не пазычаць —
Мае жарсьць ён і пастаць.
А цябе, цвыркун ты дохлы,
З-пад кароны не відаць!
Ты ж ужо як старажыл
Болей ста гадоў пражыў!
Так што сіл не разбазарвай,
Лепш здароўе беражы!..
Цар
Старажыл, не старажыл —
Кроў яшчэ ня выйшла з жыл!
Кажуць, корацца каханьню
Без узроставай мяжы!
Значыць, што ты ні кажы,
А і я магу ў мужы!
Раз няма мяжы каханьню,
То й на мне няма іржы!
Нянька
Ой, падобныя мужы —
Што бяскрыўдныя вужы:
Мітусяцца, ды ня ўкусяць,
Хоць да іншага бяжы!..
На чужую ты запаў?
Здатнасьць выяві й запал!
Толькі дбай, каб з тым запалам
Далакоп не закапаў!..
Цар (Генэралу)
Ну а ты, сабе наўме,
Што стаіш — ні бе, ні ме?
Ці ня бачыш, як паганяць
Гаспадарству рэнаме?
Нянька ў рог мяне тут гне —
Гэты толькі рукі мне!
Ты ж мяністар абароны —
То й абарані мяне!..
Генэрал
Хай вярзе! Ня слухай баб!
Ім абы зьняславіць каб!
Ты ў каханьні — чысты волат,
Дуб! Ці нават — баабаб!
Горды профіль, цьвёрды крок,
Ззаду — шах, даю зарок!
Мо з вушэй карону толькі,
Каб ня вісла, ссунь набок!..
Цар (Няньцы)
Вось міністр — дзяржаве друг!
Праўду выклаў зь першых рук!
А ў мазгах яго ня кішкі,
Не глядзі, што ён дундук!
Празь цябе ж праблемы ўсім —
Сорам мне й гасьцям маім...
Сам ня ведаю, да нас ты
Скуль прысланая і кім?
Перастань чыніць разбой,
А наважысься — засвой:
Будзе ў нас яшчэ размова
Нежартоўная з табой!..
(працяг будзе)