Аляксей Талстоў. Апоўначы на Сіялімскім мосце. 34mag.net, 2016.
"Стыль — гэта чалавек", — казаў дасціпны француз Жорж Луі Леклерк Бюфон.
Натуральна, што і кожны літаратар — гэта таксама стыль. Цікавыя паралелі атрымоўваюцца, калі параўноўваць стылі беларускіх празаікаў з вядомымі стылямі кунг-фу. Мізантрапічная проза Юрыя Станкевіча — гэта, вядома, стыль тыгра з яго агрэсіяй. Проза Марціновіча — стыль змяі са шматлікімі сыходамі, паваротамі, блокамі. Проза Альгерда Бахарэвіча — стыль малпы з яе люстранымі перайманнямі…
Калі разглядаць у такім рэчышчы раман Аляксея Талстова "Апоўначы на Сіялімскім мосце", то гэты стыль можна назваць стылем укуранага скарабея: аўтар цягне ў сваю кучу абсалютна ўсё, што трапіцца пад руку, не дбаючы пра мэтазгоднасць.
Здавалася б, у творы ёсць усё, што трэба для таго, каб зацікавіць чытача: экзатычнае Гоа, легкадумная публіка ў выглядзе байкераў, турыстаў і даўншыфтараў… Але пры гэтым сам тэкст чытаць амаль немагчыма, бо ў яго герояў практычна нічога не адбываецца ні на ўзроўні дзеянняў, ні на ўзроўні пачуццяў, ні на ўзроўні рэфлексіяў. У выніку ўвесь тэкст выглядае як зацягнуты ўступ, у якім апісваюцца персанажы, а потым — пара кароткіх эпізодаў, і фінал.
Яшчэ адно ўражанне пасля чытання Талстова — лішак драўніны ў кнізе. Гэта, напрыклад, фанерныя персанажы, якія лёгка могуць мяняцца імёнамі і месцамі, не шкодзячы аповеду. Да іх дадаецца і драўляная мова кнігі — як аўтара, так і яго персанажаў: часам ствараецца ўражанне, што некаторыя пасажы былі напісаныя ў арыгінале па-ангельску, а потым перакладзеныя з дапамогай google translate.
"На сансэце таксама, але там усё зразумела, усё інакш, тусоўка, дыскатэка, гэта ўсё ж не пра тое. Там ты надта сацыяльны (які-які? — Р. Х.), увесь час балбатня, людзі", — заяўляе адзін з персанажаў.
У аўтара ёсць два ўлюбёныя словы — "рабяты" (да якога хочацца дадаць яшчэ адну такую ж кальку з расейскай — "упаўне") і "чувак". Прычым чувакамі клічуць не толькі персанажы адзін аднаго, але так іх называе апавядальнік, што выклікае пэўную няёмкасць ад відовішча: аўтар яўна просіцца прыняць яго ў кампанію персанажаў, а яны яго да сябе не пускаюць…
Але ж мы памятаем — гэта стыль укуранага скарабея: аўтару прыдасца ўсё! І не бяды, што часам ён, аўтар, выглядае смешна там, дзе зусім не планаваў.
Вось вам прывітанне ад Антона Чэхава з яго класічнай фразай пра капялюш і станцыю. Там, дзе расійскі класік саркастычна пасміхаўся, беларускі літаратар піша з сур'ёзнай стараннасцю: "Апрануты ў строгія белыя нагавіцы і белую кашулю, падкатаную да локцяў, на галаве сядзеў лёгкі чорны капялюш".
Так і ўяўляеш сабе гэты капялюш, апрануты ў нагавіцы і кашулю… Ды яшчэ ўсеўся на галаву. Сракай жа, мабыць, усеўся! У белых нагавіцах!
Адзіны цікавы эпізод у кнізе — уцёкі байкера Ласэ з клінікі пасля таго, як ён урэзаўся ў карову. Але чытаць увесь астатні тэкст дзеля пары цікавых старонак — дальбог, гэта перабор!