Нардычны раман у шведскай школе

сучасная беларуская крытыка, аўтабіяграфічная, беларуская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Анка Упала. На заснежаны востраў. Менск, «Янушкевіч», 2018.

Па савецкім часе беларусы сталі абжываць замежжа — хтосьці турыстам, хтосьці студэнтам, а хтосьці эмігрантам (працоўным або палітычным).

Досвед сутыкнення з вонкавым светам беларуская літаратура пакуль толькі пачынае асэнсоўваць. Вядома, аматары літаратуры могуць прыгадаць творы Янкі Маўра ці падарожныя нататкі Уладзіміра Арлова, але наўрад ці нехта стане спрачацца, што творы падобнай скіраванасці ў нас можна пералічыць па пальцах. Пагатоў, што для гэтага хопіць бадай што адной рукі.

Раман Анкі Упалы «На заснежаны востраў» распавядае пра яе навучанне ў школе ў Швецыі. Аўтарка не хавае, што кніга аўтабіяграфічная і што сама яна фігуруе ў ролі апавядальніцы пад уласным імем. «У аўтабіяграфічнай кнізе пра час, пражыты ў Швецыі, пісьменніца апісвае рэальных людзей і рэальныя падзеі. Зменены толькі імёны і некаторыя тапонімы», — гаворыцца на вокладцы.

Пісаць аўтабіяграфічны твор — гэта заўжды смелы і адказны крок. Хаця апошнім часам, здаецца, сярод беларускіх пісьменнікаў становіцца модным пісаць альбо мастацкую літаратуру пра сябе, любага і недаацэненага (напрыклад, як у Кірыла Дубоўскага ў «Planktonus Vulgaris»), альбо ўвогуле ў 40 гадоў пераходзіць на мемуарыстыку (як гэта дэманструе ў «Беларуском журнале» Альгерд Бахарэвіч).

Не пазбегла гэтай пасткі і Анка Упала: апавядальніца сама падкрэслена называе сябе пісьменніцай і гэтак жа характарызуюць яе сяброўкі па навучанні. Зрэшты, на карысць аўтаркі сведчыць тое, што празмерна на сваім пісьменніцтве яна не зацыкліваецца, уласнае эга гэтым статусам не вельмі цешыць...

Замарожаная атмасфера ў рамане адпавядае назве: чытач увесь час нібыта знаходзіцца ці то на заснежаным востраве, ці то ў скандынаўскім фільме (напрыклад, Інгмара Бергмана). Крыху адстаронены позірк інтраверта, кінутага ў чужую краіну, бы ў палонку. Стылістыка тэксту нечым нагадвае практыкаванні са школьнага падручніка па замежнай мове («Ландн із э капітэл оф Грэйт Брытн» — вы ж памятаеце, так?)...

Разам з тым апавядальніца шчыра распавядае пра свае страхі і перажыванні: і пра тое, як на яе касавурацца мясцовыя жыхары за кепскую шведскую мову (калі яна размаўляла па-англійску, такога стаўлення не было), і пра стрэс паненкі «за трыццаць», якая першы раз у жыцці апынулася жыхаркай студэнцкага інтэрната — з усёй яго бязладнасцю, начнымі спевамі і нязручнымі суседзямі...

З сімпатыяй малюе аўтарка сваіх каляжанак — Фартун, Тунтэматон ды іншых. Чытачу нескладана зразумець, што і Анка Упала, і галоўная гераіня яе рамана — заўжды на баку пакрыўджаных, прыгнечаных мяншыняў: жанчын, мігрантаў, людзей з цёмным колерам скуры... Як і належыць феміністцы, аўтарка мяняе моўныя канструкцыі, ужываючы жаночы род у фразах, дзе традыцыйна чакаеш мужчынскі: «Я ніколі не бачыла, каб нехта так крута насіла кофту... на галаве». (NB: Часам ствараецца ўражанне, што мова становіцца ці не першай ахвярай сучасных беларускіх феміністак. Застаецца толькі спадзявацца, што гіпотэза Сэпіра-Уорфа ў нашых умовах апраўдаецца і роўнасць жанчын і мужчын прыйдзе следам за зменамі ў мове, а не так, як на Захадзе — следам за сацыяльнымі ды эканамічнымі зменамі.)

У першай частцы рамана, «Электрычка да Стакгольма», чытач знаёміцца з асноўнымі персанажамі, іх характарамі, атрымлівае ўяўленне пра месца дзеяння. Экспазіцыя зацягнутая на палову рамана, але яна нібыта заварожвае сваёй халоднасцю і адстароненасцю.

З нецярплівасцю разгортваеш другую частку — «На заснежаны востраў»: вось тут і пачнецца нарэшце нейкае дзеянне... Але зноў сутыкаешся з тымі самымі буднямі замежнікаў у шведскай школе.

Нейкую інтрыгу ўносіць у сюжэт мужчынскі персанаж — музыкант Явар, які кідае на апавядальніцу рамантычныя позіркі. Аднак наіўны чытач, які спадзяецца на любоўную лінію ў сюжэце, жорстка абламаецца: ні інтыму, ні рамантыкі тут не будзе — замарожанасць дык замарожанасць!

Увогуле другая частка здзіўляе сваёй неабавязковасцю. Некалькі цікавых і важных эпізодаў можна бадай што спакойна перанесці ў першую — і абмежавацца толькі ёй.

Як я ўжо казаў, аўтарка кідае чытача ў халодную палонку сваёй прозы. Купанне ў халоднай вадзе, кажуць, загартоўвае арганізм. Але наўрад ці само па сабе такое купанне можна ставіць сабе за мэту: калі няма акрэсленага рубяжа, трэба выходзіць на бераг. І рабіць гэта варта было пасля першай часткі.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Шарова ў сваім рамане не прытрымліваецца ні мізандрыі, ні мізагініі — перад намі сумленная мізантропія, дзе аднолькава пагарджаюць прадстаўнікамі абодвух палоў.

Старанна выседжаныя гэгі «Камедзі-клаба», вінтажна-нафталінныя жарты Клуба вясёлых і знаходлівых, натужны закадравы смех сіткомаў — усё гэта ляціць на чытача, як пасажыры з перапоўненага аўтобуса. Ствараецца ўражанне, што аўтар сам не ўпэўнены ў якасці свайго гумару, таму імкнецца ўзяць колькасцю.

Ні аўтар, ні яго прыхільнікі не хаваюць, што зладзілі кампанію пад умоўным лозунгам «Галасуй за хрысціянскі раман». І для мяне менавіта гэтая перамога — найлепшы аргумент супраць усялякіх «прэмій чытацкіх сімпатыяў» у Беларусі.

Ёсць яшчэ варыянт, што падчас пісання гэтай часткі ў Бахарэвіча скралі ягонага Скіму і падсунулі чужога персанажа з такім самым імем і выглядам… Але гэты сюжэт, магчыма, апіша Марціновіч.