Як анёл-дыверсант сапсаваў юбілей міністра дзяржаўнай бяспекі

сучасная беларуская проза, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

9 лістапада 2018 года пайшоў з жыцьця таленавіты пісьменьнік і добры чалавек, наш сябар Уладзіслаў Ахроменка. У памяць аб ім публікуем апавяданьне з кнігі «Музы і сьвіньні», якое аўтар даслаў нам які год таму ў надзеі прачытаць яго падчас выступу ў Празе. На жаль, выступу ня будзе — але згадваць спадара Ўладзіслава мы будзем заўжды. — ЛітРАЖ.

Першай фундаментальнай спарудай, узведзенай у разбураным Мінску адразу пасля вайны, быў комплекс Міністэрства Дзяржаўнай Бяспекі БССР — агромісты будынак з пілястрамі, прапілеямі, капітэлямі ды іншымі архітэктурнымі празмернасцямі. У беларускай сталіцы гэты гмах, які заняў цэлы квартал, называлі няйначай, як «палац МГБ».

У палацавай вежы — бельведэры, як і мае быць, раскашаваў эмгэбэшны манарх Лаўрэнцій Цанава — аплылы брунет са знешнасцю кутаіскага буфетчыка. Дбаў з вышыні пра бяспеку, жлукціў каньяк і сузіраў футбол. На колькі ўзроўняў ніжэй рупіліся давераныя васалы са следчых і апероў: разблытвалі змовы, выкрывалі правакацыі і афармлялі справы. Яшчэ ніжэй, у знакамітай вязніцы «амерыканка» і на прылеглых да яе тэрыторыях, шчыравалі незлічоныя гэбэшныя люмпены: вартавыя, канваіры, вертухаі і аўчаркі розных ступеняў злоснасці.

У жніўні 1950 года ўся гэта ўладная вертыкаль пачынае вернападданніцкі калаціцца: міністру дзяржаўнай бяспекі БССР, генерал-лейтэнанту Лаўрэнцію Фамічу Цанаве спаўняецца пяцьдзесят.

Верны ленінец-сталінец. Палымяны барацьбіт з ворагамі, здраднікамі і недабіткамі. Рэспубліканскі правадыр, круглая дата, паложана віншаваць.

Па ўсіх узроўнях МГБ запускаюцца падпісныя лісты на падарункі дарагому Лаўрэнцію Фамічу. Дасведчаныя апергрупы выпраўляюцца ў антыкварныя крамы, музейныя сховы і на спецсклады рэквізаваных каштоўнасцяў. Сярэднявечныя кінжалы з дыяментамі падносяцца ўладарнаму сюзэрну дзясяткамі, насценныя гадзіннікі з пазалотаю — цэнтнерамі, галандскія карціны з голымі бабамі — пагоннымі метрамі. Крышталь і парцаляна, габелены і срэбра, бронзавыя пісьмовыя прыборы і вэнджаныя асятры... Таварыш Цанава з асалодай плёхаецца ў фантанах чэкісцкай любові, ласкава мацюгаецца ў вусы і шчодрым манаршым жэстам запрашае найбольш адданых халопаў адсвяткаваць свой юбілей у Клубе імя Дзяржынскага, які, натуральна, таксама ўваходзіць у комплекс палацу МГБ.

Рытуалы правадырскіх юбілеяў зацверджаныя ад першага слова да апошняга воплеску: урачыстае паседжанне з дыфірамбамі і праз дзесяціхвілінны антракт — святочны канцэрт.

Віншаванні доўжацца роўна адмераную гадзіну. Прамоўцы з трыбуны па чарзе распавядаюць розныя жахі пра нацыяналістаў, касмапалітаў, эсперантыстаў ды іншых фашыстаў, а потым сардэчна дзякуюць Лаўрэнцію Фамічу за іх своечасовае выкрыццё і бязлітасную ліквідацыю. Эмгэбэшны бамонд з энтузіязмам пляскае і горача падтрымлівае. Сам таварыш Цанава, седзячы ў прэзідыуме, нецярпліва дзінькае ардэнамі, рыхтык цыркавы конь наборнай збруяй, сутаргова пазяхае ў далонь і прыкідае, колькі марачнага каньяку завезена на службовае лецішча ў Сцяпянцы, і як смачна будзе яго піячыць да самае раніцы пад розныя шашлыкі, хачапуры і сацыві. Праўда, канцэрт яшчэ давядзецца адседзець...

Святочны канцэрт традыцыйна адкрывае Хор канвойных войскаў МУС БССР. Канферансье пафасна абвяшчае песню «Два сокалы», музыка Масалітнава, словы Ісакоўскага. Заслона ўрачыста падымаецца. На сцэне — спеўнікі-канваіры, пашнураваныя ў чатыры ярусы, пад кіраўніцтвам хормайстра ў партупеі. Чэкісты ў зале імгненна сцішваюцца: песня пра сокала Леніна і сокала Сталіна, якія сядзяць на зялёным дубе — сур’ёзны палітычна-мастацкі акт, падчас каторага лепш не кашляць і не бздзець у фатэлі, а то яшчэ зразумеюць няправільна...

І вось, калі цішыня нарэшце настойваецца да ценькання ў чарапных каробках, аднекуль зверху даносіцца злавесны шоргат, і праз якую секунду на яго накладаецца голаснае і нахабнае:
— Сталін — блядзь!..

У ільдзяной касмічнай бязгучнасці чутно, як з рук хормайстра валіцца дырыжорская палачка і гудка стукаецца аб дошкі падлогі. З-за кулісаў даносіцца кароткі прыдушаны войк. Зала імгненна ператвараецца ў герметычную шкляную колбу, з якой выпампавалі паветра. Генералы і палкоўнікі МГБ зляканымі слімачкамі ўцягваюць свае пяшчотныя цельцы ў золатапагонныя кіцелі-ракаўкі. На задніх месцах нястрымнай метастазай распаўзаецца маўклівая паніка; дробныя чэкісты літаральна на вачах блякнуць і сціскаюцца, спыняюць дыханне й імкнуцца зліцца з інтэр’ерамі.

За партрэт Генералісімуса насупраць камунальнае прыбіральні можна атрымаць дзесяць гадоў лесапавалу, а тут — такое...

Тым часам бэзавае сутонне залы зноў працінае загадкавы шоргат, і ўсё той жа голас паўторна абзывае таварыша Сталіна такім страшным словам, што нават і паўтараць не хочацца. Толькі цяпер ужо з падкрэслена здзеклівымі інтанацыямі:
— Сталін — бля-ядзь, Сталін бля-я-ядзь, сталінбля-я-я-я-дзь!..

Першым ачомваецца сам міністр дзяржаўнай бяспекі БССР. Твар Лаўрэнція Цанавы імгненна становіцца пунсовым, бы мартышкіна дупа, вочы вырачваюцца і наліваюцца дурной крывёю.

Контррэвалюцыйная вылазка!.. Антысавецкая агітацыя!.. Падступная дыверсія, арганізаваная на грошы ЦРУ!.. І дзе, дзе?!.. У самім сэрцы Дзяржбяспекі, на святкаванні дня народзінаў галоўнага чэкіста рэспублікі!..

Рука юбіляра міжволі цягнецца да пісталета. Та-ак, залю ачапіць звонку падвоеным... не, патроеным кардонам, каб не адна падла не вышмыгнула!.. Клуб Дзяржынскага таксама ачапіць!.. І ўвесь квартал па перыметры!..

У броўнаўскім хаосе і татальнай кантузіі ўсіх прысутных ніхто так і не здагадваецца запаліць верхняе святло. У густое паўцемры можна пабачыць, як уздоўж сцяны імгненным метэорам праносіцца нейкая дзіўная істота, рытмічна лапоча белымі крыламі і нібы распускаецца ў паветры...

Позна ўвечары міністр дзяржаўнай бяспекі БССР, расхрыстаны і пануры, сядзіць за неабдымным сталом у сваім кабінеце. Перад ім амаль парожняя пляшка каньяку і зараджаны пісталет. Насупраць — ад’ютант; з выразам абсалютнай адданасці чытае пратаколы допытаў сведкаў і напружана касавурыцца на зброю.

Большасць дапытаных сцвярджае, што блюзнерскую фразу выкрыквала нейкая загадкавая істота з шырокімі белымі крыламі, прытым іншых адмысловых прыкметаў, акрамя гэтай, ніхто чамусь не запомніў. Ахова запэўнівае, што ў Клуб імя Дзяржынскага нават муха без спецпропуску не праляцець. Контрвыведнікі праводзяць комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Агентура шчыруе, радысты фільтруюць, супрацьдыверсійныя групы абшукваюць кожны квадратны сантыметр палацу МГБ, ад падвалаў і да самае столі... Увіхаюцца ўсе, але плёну пакуль што ніякага.

— І што таварыш Сталін пра мінэ тэпэр можэт падумат? — змярцвелымі ад жаху вуснамі шэпча Цанава і, свідруючы вачыма ад’ютанта, прамаўляе амаль чалавечна. — Скажы как чэкыст — чэкысту і камуныст — камунысту. Што ты сам пра эта думаеш, э?

Ад’ютант стрымана кашляе ў кулак.

— Усе версіі адпрацаваныя, ніякіх падазроных пакуль што няма. Можа, гэта... які-небудзь анёл, таварыш міністр дзяржаўнай бяспекі?

Таварыш міністр дапівае каньяк проста з рыльца і з распяленым ротам асэнсоўвае пачутае. Потым нечакана выбухае і з каўказскім тэмпераментам шпурляе пустую пляшку у ад’ютанскі голаў; падначалены спрактыкавана ўхіляецца.

— Какой ешчо анёл-шманёл, слуша-ай! — сатанее Лаўрэнцій Фаміч. — Ты когда-нэбуд жывой анёл відэл? Можэт, твой пама-мама такой анёл відэл, за адын стол з нім сыдэл? Ты марксысцка-ленінскі дыалэктык чытал, не? Партыя і таварыш Сталін учат, што нэт ныкакіх анёл!

Добра, не анёл. А хто тады? Імперыялістычны шпег са сваёй Амерыцы прыляцеў, ці нейкі недабіты нацыяналіст намайстрачыўся чапляць на спіну бутафорскія крылы і папіраць закон сусветнага прыцягнення?

Цанава з хрубастам выпроствае хрыбціну. Рукі перастаюць калаціцца, вочы паволі вяртаюцца ў арбіты і запальваецца хіжым чэкісцкім бляскам. Хто б гэта не быў, але яго трэба знайсці і абясшкодзіць... пакуль недабразычліўцы ў Маскве не скарысталі шыкоўную нагоду, каб распачаць чарговую інтрыгу супраць беларускага міністра дзяржаўнай бяспекі.

Перадаць усяму асабістаму складу: варожага дыверсанта, антысавецкага элемента і злоснага шкодніка знайсці неадкладна!.. Дапытаць па ўсёй суворасці савецкіх законаў: хто спланаваў, хто аплаціў, хто арганізаваў!.. Рэзідэнтура, агентурная сетка, канспіратыўныя кватэры, каго ўжо паспеў завербаваць, каго толькі збіраўся!.. Адпрацоўвайце абсалютна ўсе версіі... чуеш, ад’ютант, усе!.. Э, пачакай... і версію пра анёла таксама.

Наступныя дні шматлікія эмгэбэшныя апергрупы безупынна гойсаюць па Мінску і наваколлі. Адныя цікавяцца ўсім, што мае хоць нейкае дачыненне да безматорных палётаў. Другія — усім, што тычыцца белых пёркаў, прытым не абмінаюць нават станцыі юных натуралістаў і арцелі па вытворчасці падушак. У «амерыканцы» ад рана да рана шчыруюць самыя дасведчаныя чэкісты, па-свойску гутараць пра анёлаў з тамтэйшымі папамі і ксяндзамі. Але ж усё марна: ніхто тым гэбістам рады даць не можа. На ўсялякі выпадак гэбэшнікі арыштоўваюць з тузін патэнцыйных ворагаў, але ж тыя гарлаюць, як рэзаныя, што ні ў чым не вінаватыя і рэзідэнта, гады такія, пакуль не здаюць.

Праз тыдзень пошукаў адзін з аператыўнікаў выпраўляецца на вечаровы сеанс у кінатэатр «Перамога», што ў якіхсьці ста метрах ад палацу МГБ. Купляе квіток у самым апошнім радзе, дзе амаль няма гледачоў, выцягвае з партфелю пляшку піва, нецярпліва абдзірае корак аб спінку пярэдняга фатэля... Зараз усё адно хроніку будуць круціць, а там штодня адно і тое ж. Затое пасля яе — шыкоўная музычная камедыя «Дзяўчына маіх мараў», пад каторую непагана і з півам параскашаваць!

Прамень кінапраектара кінжальным лязом успорвае паўцемру кіназалы. На экране — кіначасопіс «Раніца маёй рэспублікі», хроніка штодзённага тутэйшага жыцця. Спярша дэманструецца рубенсаўскае багацце пасляваеннай беларускай вёскі: шчодрыя наліўныя нівы і незлічоныя статкі на сакавітых пашах, на тле каторых шчаслівыя і сытыя калгаснікі спяваюць фальклорныя падзякі таварышу Сталіну. Наступны сюжэт — пра заакіянскіх падпальшчыкаў вайны, якія спяць і мрояць зрабіць з тых калгаснікаў бяспраўных рабоў, але ж, дзякуючы таварышу Сталіну, сацыялістычная Радзіма мацуе дзяржбяспеку і абарону. Потым — пра беларускую сацыялістычную культуру, якая махрова квітнее з ласкі таварыша Сталіна...

Стомлены гэбэшнік з асалодаю набліжае піўное рыльца да вуснаў, але ж у гэты момант цэлулоідная стужка недарэчна рвецца, і пільны слых аператыўніка фіксуе з кінапраектарнай той самы мацюг, якім няўлоўная белакрылая істота аблаяла Вялікага Правадыра. Прытым слова гэтае прамаўляецца ў такой жа самай інтанацыяй, проста адзін у адзін! Супадае абсалютна ўсё, рыхтык на грамафоннай плытцы — тэмбр, рытміка і нават артыкуляцыя: глыбокае ўпэўненае «я» і лагоднае беларускае «дзь» пасля яго...

Будзьце пільнымі, таварышы чэкісты, ворагі не спяць у шапку! Эмгэбіст засоўвае адкаркаваную пляшку ў кішэню. З пісталетам напагатоў у адной руцэ і службовым пасведчаннем у другой ён ляціць у каморку кінамеханіка. Тыцкае ашалелага дзядзьку ствалом у нягеглую скронь і шчасліва рыдае:

— Родны!.. Браток!.. Харошы ты мой!.. Паўтары, паўтары, што ты толькі што гаварыў!.. Не, не пра туябня-напарніка, які кінапраектар рэгулярна псуе... Ну, скажы, калі ласка, мне, чэкісту і камуністу: «бля-я-ядзь!..»

Пакуль кінамеханік праз зляканую ікаўку выціскае з наждачнай гартані патрэбнае слова, гэбэшнік спрактыкаваным вокам аглядае кінапраектарную. Фіксуе вачыма агромістую пустую клетку з раскудлачаным белымі пёркамі і разумее, што не памыліўся...

Праз пятнаццаць хвілінаў арыштаваны кінамеханік сядзіць у казённым кабінеце з закратаванымі вокнамі і прышрубаванай да падлогі мэбляй. Спярша ўсё адмаўляе катэгарычна, але пасля трох нямоцных ударах па нырках сумленна пагаджаецца супрацоўнічаць са следствам.

Так, сапраўды, жыў у кінапраектарнай вялізны белы папуга, неяк на Камароўцы з нагоды купіў. Вы ж самі, грамадзяне начальнікі, зразумейце: ад рана да вечара сядзець у цеснай каморцы ды круціць адны і тыя ж фільмы — то звар’яцець можна! Папуга і стаў верным сябрам кінамеханіка: лузгаў сабе семкі і глядзеў фільмы. Больш за ўсё экзатычнаму птаху падабаліся замежныя музычныя камедыі: «Багдадскі злодзей», «Яго дзяўчына Пятніца», «Пазнаёмся з Джонам Доў»... Але самай улюбёнай стужкай стала трафейная «Дзяўчына маіх мараў», якую папуга, як і ўсе савецкія людзі, мог глядзець бясконца.

Як і мае быць, перад легкадумнымі буржуазнымі камедыямі ў «Перамозе» круцілі ідэалагічна паўнавартасную савецкую хроніку, дзе сакральнае імя Іосіфа Вісарыёнавіча прамаўлялася штохвіліны. Стужка ад штодзённага ўжывання рэгулярна рвалася — як след, кінамеханік штохвілінна злаваўся і мацюгаўся. Вось несвядомы папуга механічна і завучыў тыя словы, якія чуў у кінапраектарнай часцей за ўсе астатнія.

А тыдзень таму той крылаты гадаванец у нейкі цуд адкрыў клетку і ўцёк. Можа, вольнаму птаху надакучыла слухаць пра вытворчасць чыгуна і росквіт калгасаў. Можа, схацелася знайсці такі кінатэатр, дзе замежныя камедыі паказваюць адразу, без ірванай «Раніцы маёй рэспублікі». А, можа, пярнаты прасякнуўся рамантыкай заходніх музычных камедый і паляцеў на пошукі дзяўчыны сваіх мараў, але пошукі тыя вельмі недарэчна распачаў з Палаца МГБ...

... Кінамеханік атрымаў дзесяць гадоў за антысавецкую агітацыю і прапаганду. Уцёклага папугу шукалі ці не год, але так і не знайшлі. Не выключана, што фантастычны птах завербаваў і некаторых мінскіх пярнатых. І добра, як толькі ў аматары музычных кінакамедый!..

А вось самога генерал-лейтэнанта дзяржбяспекі Лаўрэнція Фаміча Цанаву арыштавалі толькі праз тры гады, у Маскве. Следчыя ў Бутырскай турме рэгулярна лупцавалі гэтага ворага народа нагамі па рэбрах, пячонцы і яйцах, выбіваючы прызнанне ў шматлікіх злачынствах. Мажліва, сярод тых абвінавачванняў была і страта чэкісцкае пільнасці, бо падначаленыя былога міністра дзяржбяспекі БССР так і не здолелі абясшкодзіць белакрылага анёла-дыверсанта з мінскага кінатэатра «Перамога».

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Яна павярнулася спінай да дожджыку і стаяла так, заплюшчыўшы вочы і трымаючы на далонях грудзі — нібыта прапаноўваючы іх свайму адбітку ў люстры, што вісела на сцяне.

Была сабе раней крама, стаяла, людзі прыходзілі набываць тавары, пагаманіць, а пасля спусцілі зверху паперы, што прыбыткаў ад гэтай крамы няма, адныя выдаткі: то ацяпленне, то яшчэ якая трасца... І вырашылі яе ліквідаваць. Старшыню проста выклікалі ў раён і там, у белым доме, далі даручэнне. І вось зноў пасля трох гадоў бяскрам’я будзе ў іх цывілізацыя.

Толькі беларусы з усіх курсантаў вучэбкі не трымаліся разам. Калі ўсіх астатніх родная мова аб’ядноўвала, то для беларусаў яна існавала дзесьці асобна, у іншым вымярэнні, не была нечым жыццёва неабходным. Алег Чарняк трымаўся разам са стаўрапольскай кампаніяй, Ігар Спаткай далучыўся да масквічоў, Васіль Пятровіч пасябраваў з рускімі хлопцамі з Улан-Удэ.

Амаль адразу пасля майго сыходу Саня нібы з ланцуга сарваўся – пачаў паводзіць сябе зусім неадэкватна: ці то ў яго адкрылася псіхічнае захворванне, ці то ён удала яго сімуляваў.