З галерэі вясковых вар’ятаў

проза, беларуская мова

(урывак)

... а калі вярнуўся ў сваю вёску на ўзьбярэжжы
то добрыя людзі ўладкавалі яго мясцовым прыдуркам...
  Ё. Янда, “Гаротны лёс”

Псіх

З усіх вясковых вар’ятаў рэальны псіх – гэта Псіх. Таму яго так і клічуць. Ён – гэта нешта накшталт нон плюс ультра. Гэткі вар’яцкі фундамэнталіст і радыкал. Таму яго астатнія й баяцца, ня толькі нармалёвыя, але й вар’яты, апошнія нават болей, нягледзячы на тое ці можа якраз таму, што Псіх – іхны непераабіральны галава. Калі ўжо ў нармалёвых таксама ёсьць свой галава, то бок вясковы стараста, павінен ён быць і ў вар’ятаў, хто б сумняваўся. Вось і маюць яны за галаву Псіха.

Псіх – ён уласна толькі вялікае дзіця. У яго двухмэтровы рост, і ўжо шэраг доўгіх гадоў яму васямнаццаць. Яму ўласьцівыя хісткая хада хулігана (адчуваньне, што рук ён з кішэняў не вымае) і даволі міралюбны характар. Гэтае ўражаньне псуюць толькі пэрыядычныя гучныя выкрыкі накшталт тых, што свомыя людзям з сындромам Турэта. Цалкам магчыма, што сваімі выкрыкамі Псіх склікае да сябе іншых навакольных псіхаў. Пакуль яшчэ на ягоны покліч ніводны зь іх не адгукнуўся. Хаця аднойчы здарылася так, што Псіх паехаў цягніком у Прагу. Зайшоў у вагон і рыхтаваўся ехаць, як усе нармальныя людзі, крышку высунуўшы галаву з адчыненай форткі. Але толькі за вакном пасьпеў як сьлед разагнацца краявід, як Псіх ужо быў няздольны стрымаць свайго захапленьня і пачаў голасна склікаць сваіх аднадумцаў з вакольных палёў і лясоў. На наступны прыпынак яны яшчэ ня зьбегліся, толькі на пазанаступны. У іх былі паліцэйскія ўніформы і на ўсякі выпадак яшчэ сабака. Той быў між імі і Псіхам чымсьці накшталт перакладчыка. Увесь час, цягам якога Псіх з дапамогай сабакі шукаў паразуменьня з паліцыянтамі, цягнік стаяў. Напэўна, Псіх нешта паліцыянтам тлумачыў, хаця выглядала, што ён раздае ім заданьні. Урэшце, ён загадаў ім завезьці яго ў Прагу на паліцэйскай машыне. Хвілін празь пяць яны адсьвісьцелі прэч зь вецярком. Замест сірэны з вакна машыны якатаў шчасьлівы Псіх. “Не такі ўжо і дурань”, сказаў нехта з нармалёвых пасажыраў цягніка, які надалей стаяў. Хутчэй за ўсё, гэта сказаў той, які выклікаў на Псіха паліцыю. Усе ў той дзень спазьніліся на працу, а некаторыя нават яе страцілі.  

Вярнуўшыся дамоў з Прагі пасьля непрацяглага адпачынку ў вар’ятні, Псіх бавіць на вёсцы час так, як і заўжды. Гэта значыць, што раз на тыдзень ён рэгулярна абыходзіць вёску, акурат як ягоныя cябры-паліцыянты. Сустрэўшы некага, хто зь першага погляду здаецца яму благім чалавекам, Псіх плюе яму ў морду. Наадварот, сустрэўшы некага, хто яму зь першага погляду падабаецца, ён паказвае яму свае геніталіі (гэтага паліцыянты ня робяць). У Псіха на абодва кшталты людзей асаблівае чуцьцё. Дзіўна аднак тое, што часьцяком на працягу дня яму трапляюцца адны нягоднікі, якім ён нястомна плюе ў морду, тым часам як цягам наступнага дня ён сустракае ўжо адных анёлкаў, якім паказвае геніталіі, прычым збольшага анёлкі – тыя самыя ўчорашнія нягоднікі. Напэўна, на наступны дзень Псіх прыходзіць да высновы, што яны ўжо выправіліся.

Псіх, уласна, ня вінаваты ў тым, што ён псіх. Астатнія вар’яты любяць свайго галаву перадусім за тое, што побач зь ім здаюцца нармалёвым нармалёвымі. Аднойчы Псіха сустрэў Акулярнік і прывітаў яго словамі “Дай бог здароўя”, на што, як ні дзіўна, замест пляўка ў морду атрымаў ветлы адказ: “Бога няма, боўдзіла!” Відаць, Псіх і насамрэч не такі ўжо і дурань.

Вынаходнік

Вынаходнік вам ніякі ня Псіх, каб хадзіць па вёсцы і пляваць на людзей. Яму на іх ад душы пляваць у сябе дома, адкуль ён ніколі не выходзіць. Там жа ён без усякага сьпеху разглядае свае геніталіі. Я пра гэта ведаю таму, што ў Вынаходніка на вокнах няма фіранак, бо яму няма чаго хаваць ад аднавяскоўцаў. Ён імі занадта пагарджае, каб іх саромецца. Карацей, Вынаходнік жыве ў гэткім шкляным доме, таму вокны ягонага дому ёсьць адначасова вокнамі ў Вынаходнікаў сьвет – і наадварот.  

На тых жа вокнах, дакладней на шыбах, Вынаходнік расклейвае паведамленьні пра свае вынаходкі, якімі ёсьць пераважна галаваломкі. Чытаць іх па-любому нашмат цікавей, чым абвесткі на дошцы вясковых уладаў, дзе пішуць у асноўным пра тое, хто дзе памёр. Вынаходнікавы паведамленьні пачынаюцца гэтак: “Калі Вы ня хочаце, каб з Вашага дзіцяці вырас такі ж даўбаёб, як Вы самі, купіце яму галаваломку! Вядзецца пра маю ўласную вынаходку ўсяго за тысячу крон”. Далей ідзе апісаньне галаваломкі, дзе даўбаёбам тлумачыцца яе прынцып. Яго я яшчэ ні разу не зразумеў, хаця дарогаю ў карчму Вынаходнікавы абвесткі заўжды чытаю. Ані дарогаю назад я яго не разумею, хаця тады звычайна прынцып здаецца мне ў чымсьці ясьнейшы.

Вынаходнік вынаходзіць галаваломкі як на транспарцёры. Чаму ўласна “як”: ён іх і вынаходзіць на транспарцёры, то бок на трэнажоры для бегу, якім карыстаецца досыць часта, каб падтрымліваць форму. Што яму яшчэ рабіць цягам беганьня на трэнажоры, як не вынаходзіць, калі ў яго ў адрозьненьне ад рэшты вяскоўцаў няма нават тэлевізара? А няма яго ў яго таму, што ён яго яшчэ ня вынайшаў. То ж бо ўсё абсталяваньне свайго дому ён прыдумаў сам і змайстраваў уласнымі рукамі, наколькі я магу пра гэта меркаваць з вуліцы. Напрыклад, электрычнага імбрыку ён ня мае, гэта пэўна – іначай не кіпяціў бы ваду адразу ў конаўцы, засунуўшы ў яе драты ад стольнай люстры. Цыбулю ці капусту ён шынкуе проста на падлозе, гушкаючыся ў фатэлі, у якога замест палазоў – дзьве нагостраныя турэцкія шаблі, накшталт каўзалёў. Пасткі на мышэй ён вырабіў з штучных сківіцаў, таксама нагостраных. Мяркуючы паводле таго, як часта Вынаходнік бегае на сваім трэнажоры, я маю падазрэньне, што той адначасова выконвае ролю электрычнага генэратара. Ну і гэтак далей.  

Дзякуючы сваёй геніяльнасьці Вынаходнік хутка дапяў, што стаць галавой мясцовых вар’ятаў у яго няма шансаў, як што ў іх ужо ёсьць галава Псіх. Таму ён наважыўся вылучыць сваю кандыдатуру на галаву нармалёвых, то бок на вясковага старасту. Гэтак у ягоным вакне зьявіўся перадвыбарчы плякат: “Галасуйце за праф. доктара такога й такога, інжынэра, кандыдата навук, месцам жыхарства тут, працую вынаходнікам. Абяцаю прадстаўляць інтарэсы ўсіх грамадзянаў з IQ >150 і ачысьціць вёску ад даўбаёбаў і паразітаў. Кожны, хто за мяне прагаласуе, у выпадку майго абраньня атрымае ў падарунак галаваломку”. Пакуль яшчэ Вынаходніка старастам ні разу не абралі, таму ніводнай зь ягоных галаваломак я ня маю.
 
Кацятніца

Кацятніца або Коткаматка паводле паходжаньня не мясцовая, таму кандыдаваць на старасту зусім ня можа, хаця вельмі гэтага б хацела, каб магчы лепей бараніць інтарэсы котак. Больш таго, ейныя коткі таксама пераважна не мясцовыя: яны прыехалі разам зь ёю з адной ня самай далёкай краіны. Іхная гаспадыня, небарака, вымушаная была адтуль хутчэй куды-небудзь уцячы ад генацыду. Маўляў, яе там хацелі пазбавіць апякунскіх правоў на котак, бо яна не магла даць ім рады, а саміх котак забраць і пасьля ўсыпіць. Тады Кацятніца загнала котак у грузавік, прадала кватэру і ўцякла ў Эўразьвяз, дзе, як перадавала адно сарочынае радыё, сытуацыя з правамі жывёлы нашмат лепшая. І насамрэч, тут Коткаматцы (хаця па шчырасьці хутчэй яе коткам) з гуманітарных меркаваньняў далі палітычны прытулак. Тым ня менш, быць праваабаронцай і тут аказалася ня лёгка. Перадусім, кватэру ёй далі нашмат меншую за прададзеную бацькоўскую – у чатырох пакоях коткі зьмяшчаліся лёгка, а тут у яе быў усяго адзін, ды яшчэ сумесна з кухняй. Неўзабаве яна з жахам зразумела, куды ўласна прыехала. А прыехала яна ў краіну, дзе найбольшая ўва ўсім Эўразьвязе канцэнтрацыя сабак, і прынамсі палова зь іх належыць да баявых пародаў. Асабліва на вёсцы. З гэтага ўжо ў Кацятніцы дах паехаў конча. З таго часу яна выходзіць з хаты толькі каб накупіць кашэчай ежы за грошы тутэйшай дабрачыннай арганізацыі “Кату пад хвост”. Сама яна жыве на пэнсію па інваліднасьці, як зрэшты і на радзіме, пачынаючы прыблізна зь пераходнага пэрыяду.    

Усё гэта я ведаю зь першых рук, то бок са словаў самой Кацятніцы-Коткаматкі. Не забуду, як яна апавядала мне гэта за гарбатай падчас маіх адведак у ейным халасьцяцкім пакойчыку. У адведкі яна мяне запрасіла пасьля таго, як убачыла, што я купляю ў краме часопіс з загалоўкам “Жарсныя котачкі па суседзтве”. (Часопіс быў мне вельмі патрэбны з увагі на тое, што ў нас на вёсцы жарсных котачак па суседзтве няма.) Адмовіцца ад ейнага запрашэньня я ў той няёмкай сытуацыі ня мог. Яшчэ большую няёмкасьць я адчуваў тады, калі піў ейную гарбату і еў ейны хлеб з маслам – убачыўшы гэта, галодныя коткі абступілі мяне і з папрокам зазіралі мне ў вочы. Дый праз кацячы смурод у кватэры мне тая гарбата не асабліва смакавала. Чым больш мне Кацятніца апавядала пра сваё няшчаснае жыцьцё, тым больш мне карцела ў карчму, дзе сьмярдзіць усё-ткі крыху больш прыемна. Калі ж яна завяршыла свой аповед фразай “Раз вы так любіце котачак, то ці не хацелі б стаць Коткататкам?”, я ледзь не ўдушыўся гарбатай. Прыціснуўшы да грудзей свой часопіс, я ветліва падзякаваў гаспадыні за пачастунак і прапанову, але ў мяне, маўляў, няма часу. Сірацінкі-коткі выглядалі ў той момант яшчэ больш маркотна, чым дагэтуль, і былі гатовыя выпусьціць мяне з хаты толькі праз уласныя трупы. Урэшце, да дзьвярэй я сяк-так прабіўся. Коткаматка праводзіла мяне ажно да суседняга дому. Дзень быў больш хмарны за мой настрой. Каб неяк стрымаць сьлёзы, Кацятніца няўпэўнена паказала пальцам на рэшту сонечнага дыску ў аблоках і прамовіла: “А я й ня ведала, што сёньня поўня!” Нават гэта на мяне не падзейнічала. Я ж вам не які-небудзь Брэтон, каб страціць галаву ад кожнай Надзі. Самае большае – магу напісаць пра яе кніжку.

(Выйшла друкам у часопісе “Analogon”, пераклад з чэскай аўтара.)

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

У сапраўднасьці ворагаў няма. Праблема менавіта ў гэтым: у гэтай гісторыі няма ворагаў: у Вэронікі няма ворагаў, у Фэрнандо няма ворагаў, ані ў Даньелі, калі не лічыць таго хлопчыка, які ў жыцьці апроч грымасаў больш нічога ня робіць.

Пераклад:
Макс Шчур

І пачалі мяне мясіць—аёй-аёй. Тут я згадаў пра сваю апошнюю штуку. Стаў на карачкі й ператварыўся ў пацука. “Дзе ён? Куды зьнік?”—“Там, там, уцякае!”—“Але ж гэта пацук!”—“Не, гэта ён, зірніце, у яго яшчэ залатое пенснэ на пыцку!”—“За ім, затапчыце яго!”
Адылі я сьлізгануў у поўны гною каналізацыйны люк і пераможна адплыў—і тут раптоўна ўсё зьнікла.

Пераклад:
Макс Шчур

«Твой парык дык сядзіць як трэба», прамармытаў Шэршань, пазіраючы на дзяўчынку з выразам захапленьня: «і ўсё таму, што ў цябе правільная галава. Праўда, сківіцы ў цябе абы-што — табе зь імі, відаць, ня надта добра кусаецца?»

Улюбёная пэрсанажава рэкляма – на вазэктамію. Гэта вясёлы дуэт мужа з жонкай, што больш ня хочуць мець дзяцей. Жонка раіць мужу зьвярнуцца да доктара, які за дзесяць хвілін назаўжды пазбавіць яго пладавітасьці. У Канадзе гэта робіцца хутка й нядорага пасярэдніцтвам інтэрнэту.