Je suis Дзед-Барадзед

сучасная беларуская проза, дэгенератыўная, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, трасянка

Кароткая аўтабіяграфія для дзяцей і дарослых

Я — Самсон Барадзед. Нарадзіўся пад савецкай акупацыяй на беларускім тэлебачаньні па адрасе Макаёнка, 9. Хаця ніколі ні ў кога гэтага не прасіў — ні акупацыі, ні аблупленых сьцен, ні радасных усхліпаў, ні мірнага неба над галавой, ні свалоты ў кожным пад’езьдзе і на кожным паверсе. Я быў не такі, як усе, бо ў дзень нараджэньня адразу меў 68 гадоў, бараду веерам і хітры прышчур. З цягам свайго феерычнага і месцамі невыноснага жыцьця я не старэў, а наадварот — усё больш і больш маладзеў сваёй мудрай душой. І ўсё больш і больш прыцягваў увагу жанчын і КДБ.

Усё пачалося з таго, што мяне нелегальна пасяліў у сваім кабінэце дзірэктар цілібачаньня Генік. Нягледзячы на ўсю парційную мутацень, ён заставаўся нацыяналістам і позьнімі мінскімі вечарамі, зачыніўшыся ў сваім дзірэктараскім апартаменце, сьпяваў са мной айчынную анцісаветчыну, капіталісьцічэскую рокэнрольшчыну і проста песьні пра жыцьцё. Мы зазіралі ў цёмную будучыню і будавалі ў наіўных бошках дурацкія планы на будучыню.

Аднойчы мы моцна паспрачаліся пра тое, у каго даўжэйшы пісюн — у Караткевіча ці ў Быкава. Я набраў Уладзя: той назваў нейкую астранамічную лічбу і адразу ж, зразумеўшы, што мы хораша сядзім, сказаў: «Хлопцы, не разбягайцеся, бяру пляшку і лячу да вас». Піць я тады яшчэ ня піў, але хутка рухаўся ў гэтым напрамку.

Зоркай «Калыханкі» я стаў імгненна. Праўда, любілі дзеці мяне ня вельмі, дакладней, амаль ненавідзелі. Бо я гнаў з экрана нейкую казачную хрэнь, а не паказваў мульцікі. А з мульцікамі пад савецкай акупацыяй быў дэфіцыт — акурат, як з каўбасой, прыгожымі рэйтузамі і харошымі людзьмі.

Дарэчы, мала хто ведае, што пэўны час «Калыханка» са мной яшчэ з 1979 году выходзіла на сакрэтным сьпецканале тэлебачаньня, доступ да якога мелі толькі дзеці абласных і раённых парційных босаў. Усе яны падпісвалі паперу пра неразгалашэньне дзяржтаямніцы. Адзін хлопчык у Слонімскім раёне разгаласіў, і праз тыдзень на ягоных хаўтурах галасілі не толькі Слонімскі, але і суседнія Дзятлаўскі з Зэльвенскім раёны.

Помню, прывезьлі мяне летам у піянерскі лагер недзе пад Баранавічамі. Як гаварыцца, паказаць гарадскім смаркачам трушнага дзеда ў лапцях. Я, дарэчы, тыя лапці люта ненавідзеў і пару разоў спальваў, настойліва намагаючыся хадзіць у модных югаслаўскіх ботах. Але, сука, у выніку начальства прыгразіла, што спаліць мяне самога, што, сука, адзявай лапці і горда нясі ў юныя масы сімвал сялянскага народа. Дык вось пра лагер. Піянеры тыя навучылі мяне бухаць, мацюкацца і з вялікім падазрэньнем глядзець на тых, хто гэтага ўсяго ня робіць. А яшчэ я там упершыню пазнаў жэншчыну — маладую важатую, настаўніцу хіміі Альбіну. Там жа мяне хацеў пазнаць малады выкладчык астраноміі Леанід. Я заўсёды быў за ўсё новае і неспазнанае, таму паддаўся ягоным чарам. Але за імгненьне да гэтага самага ў пакой забегла дырэктар і падняла дзікі скандал. Мне-та што, я аддзелаўся лёгкай вымовай па непарційнай лініі. Бо дзюжа было б некамуністычна, калі б краіна даведалася пра героя Цэнтральнага тэлебачаньня такое. А вось Лёню забралі людзі ў штацкім і больш хлапца ня бачылі нават жонка зь дзіцём. Я думаў, што ўсё, адправілі Лёню ў Варкуту, зьбіраць кедравыя шышкі ў цёплай зэкаўскай кампаніі. Але нядаўна езьдзіў адпачываць у Ганконг і выпадкова сустрэў яго там. Ён расказваў, што ўцёк тады з этапа і праз розныя кітаі-бангладэшы дабраўся да капіталістычнага аазіса. Завёў там сабе прытон, абжыўся, замацярэў, аброс сувязямі. Праўда, пакуль мы з ім выпівалі ў бары, пастаянна настальгіраваў пра сьветлую савецкую маладосьць. Бляха, нічому людзей жыцьцё не вучыць.

Уцёк я з так званай БССР у канцы 80-х, калі нашу перадачу запрасілі ў Заходні Берлін на сусьветны фестываль калыханачнікаў. Перад выездам нас пасялілі переначаваць у Берасьці ў гатэлі «Інтурыст». Як зараз памятаю, што ў мяне было ўражаньне, быццам у тым гатэлі нават катлеты з салатам «Мімоза» мелі пасьведчаньні супрацоўнікаў КДБ. Дык вось пра фестываль. Фестывалем гэта назваць было цяжка, бо ў асноўным усе бухалі, смалілі, умазваліся і шукалі прыгоды на свае сракі. Помню, вядоўца бразільскай калыханкі запрасіў нас у свой нумар і дастаў торбу са шмальлю і какаінам.

Да гэтага дня жыцьцё ў савецкім Мінску хоць і было шэрым, але, каб канчаткова не ёбнуцца, мне ўдавалася ўгледзець у гэтай шэрані шмат адценьняў. Шчодры бразільскі наркакалега і сябра ўсіх бразільскіх дзяцей адкрыў мне вочы. Цяпер, бляць, я ўбачыў, што жыў у шэрай срацы без аніякіх адценьняў. Што вяртацца у той пізьдзец проста грэх, бо ў сьвеце, выяўляецца, столькі яшчэ неспазнанага.

На фінальнай вечарыне я, узнагародзіўшы арганізм парай касякоў і кілішкаў нейкага бажэсьвеннага алкаголю, засьпяваў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» пад ахуеўшыя твары прыкрэпленых да нас, як падцяжкі да трусоў, КДБістаў, Пасьля чаго бразільскія дыпламаты запхалі мяне ў сваю дыпламатычную торбу і аператыўна вывезьлі ў сонечнае Рыа дэ Жанэйра. Так я стаў палітуцекачом.

Не буду распавядаць шакуючых дэталяў, гэта тэма для асобнай размовы, але скажу такое: цягам году я стаў галоўным пастаўшчыком высокаякасных наркотыкаў для сцэнарыстаў дзіцячых праграм і культавых цяпер мультыплікатараў. Не скажу, што з размаху адкрываў дзьверы ў Галівудзе. Бо, калі я прыходзіў, яны ўжо былі ветліва адчыненыя.

Аўтараў «Паўднёвага парку» я пасадзіў на эксклюзіўны герыч пад назвай «Сардэчна вітаем». Стваральнікі тэлепузікаў адмовіліся ад маіх паслуг, бо вырашылі зэканоміць і закідваліся хуй ведае чым, купленым у вулічных барыг. Вы самі бачылі ва што гэта ўсё ў выніку вылілася. Ціму Бёртану давялося шукаць адмысловага варшчыка і рабіць унікальны сьпецпрадукт. Я яго назваў «Мёртвая Тамара», памяці сваёй першай любові, якая працавала ў цэнтральным моргу прыбіральшчыцай, цытавала вершы моднага тады паэта Толіка Сербантовіча і загінула, выпаўшы п’яная з чортавага кола. Бо хацела дацягнуцца да зорак, да якіх мы ўсе, сука, ляцім і ляцім. Але паляцела яна, чамусьці ўніз, а не ўгару.

З часам Інтэрполу, ЦРУ і КДБ стала няма чым заняцца і яны ўсім кагалам вырашылі ўзяць мяне за сраку. У ЗША за інфармацыю пра маю цудоўную персону аб’явілі ўзнагароду. Давялося даць вялікі адкат сваім мафіёзным босам, каб тэрмінова выйсьці з бізнэса, зьнікнуць з усіх радараў і залегчы на вечнае дно. На разьвітаньне, для вечнасьці, я запісаў музычны альбом са сваімі старымі карэфанамі, гуртом ZZ Top, зь якімі мы яшчэ з 80-х часта абкураныя слухалі «Песняроў».

Зараз я ў Аргентыне. За акном сьвітае. У кухні дзьве мае мулаткі труць бульбу на дранікі. На стале крыштальная ваза з чэхаславацкага сервізу — адзінае што засталося ў мяне з таго жыцьця. За сталом мае новыя знаёмыя — Адзік і Элвіс. Яны ж — Адольф Гітлер і Элвіс Прэслі.

Адольф пасьля пластычнай аперацыі вядзе калыханку на мясцовым тэлеканале у Буэнас-Айрасе. Элвіс падрабляе па выходных у дзіцячых садках, сьпяваючы свае і чужыя хіты. Часам бярэ і мяне. Мой калыханачны хіт мае дзікі посьпех. Я нават пачаў заўважаць у вачах у вачах Элві рэўнасьць да малалетняй публікі.

Як гаварыў Карлсан: «Сьвет лавіў нас і не спаймаў».

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Карочэ, вы зразумелі, што ў вёсцы гэтай усё было хуёвым. Але людзі былі расчудзесныя. Бо гэта ж Ірландзія – краіна простых людзей са складанай бажэсьцьвенай місіяй.

—Хай рабуюць, не да іх зараз! Грошай сабе мы заўжды надрукуем, — адмахнуўся Мазгаўнюк. — Якія яшчэ навіны?
—Калгасенка на провадзе.
—Што, павесіўся? Ну, нарэшце...
—Ды не, здаецца — гаварыць з вамі хоча...
—А-а, птамаць! — зароў Мазгаўнюк. — Давай сюды!

Парыскі тлум мяне хутка стамляў. І тады я вяртаўся ў кватэрку на вуліцы Gravilliers, у якой другі тыдзень жыў парыскім жыцьцём, і, грымнуўшы на канапу, чытаў кнігі, балазе на паліцах іх было ўдосталь. І, што самае каштоўнае, гэта былі пераважна беларускамоўныя кнігі.

— Хто, Гегемонавіч? — пацікавіўся змрочны Мазгаўнюк.
— А хто ж яшчэ можа быць? Кум твой прыпісчаны, называецца кумандант горада! Трубу ў іх прарвала!
— Ізноў усё гаўном заплыве, — уздыхнуў Мазгаўнюк.
— Ды не — гэтым разам з вадою, птамаць... Ва ўсім горадзе вады ня будзе да панядзелку. Ні гарачай, ні халоднай. Балазе хоць сьнегу нападала.
— На тэрарыстаў сьпішам, — прапанаваў Мазгаўнюк.