Прыезд Мыхана

сучасная беларуская проза, сатыра, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

(раздзел з аповесці «Некрапацук»)

Ад аўтара: «Некрапацук, альбо Гуманітарныя даследаванні жывёльнага свету» — гэта кантэмпрары-арт неа-рэнесансны праект, які спалучае ў сабе літаратуру, музыку і відэа, створаныя адным аўтарам у межах адзінай канцэпцыі. Прыблізна так і будзе выглядаць мастацтва праз 25 гадоў. Праект сатырычны. Ён аналізуе беларускае грамадства і прадказвае некаторыя падзеі, якія могуць адбыцца ў Беларусі пры пэўных абставінах.

Маршрутнае таксі павольна спынілася ля кантэйнера са смеццем. Сонечныя промні адлюстроўваліся на ягоных сценках, надаючы новыя адценні нядаўна пафарбаванаму смеццясховішчу. Мыхан зажмурыўся і прыемна пацягнуўся. Стомленыя суставы глуха затрашчалі.

—Як бы дрэнна ні было, але будоўля ў нас паціху вядзецца. Вунь як Кантэйнер пафарбавалі — прыемна вокам кінуць.

Яркія фарбы і колеры радавалі Мыхана, але на падсвядомым узроўні ён разумеў, што ў Кантэйнеры нічога не змянілася. Шэрасць, безвыходная самота — усё гэта засталося бяззменным для насельнікаў смеццясховішча.

На прыпынку Мыхана сустракалі родзічы. Больш за ўсё іх цікавіла тое, ці прывёз ён замоўленыя імі рэчы ды харчы. Ніякай асабістай прыязнасці да Шуршэвіча яны не адчувалі. (Жыхары Кантэйнера са смеццем любілі разважаць пра сваю ўласную гасціннасць, хаця насамрэч яны былі надзвычай зайздроснымі, сквапнымі і няшчырымі). Дзядзькі, цёткі і пляменнікі абступілі Мыхана шчыльным гуртам і нецярпліва пачалі выхопліваць з яго лапаў заказаныя сувеніры. Праз некалькі хвілін родзічы рассеяліся, пакінуўшы пасля сябе шматкі паперы, кавалак вяроўкі і старога, даўно спітага пацука па мянушцы Ламахвост, які даводзіўся Мыхану дзядзькам.

Ламахвост быў шчырым працаўніком, які з часам дэградаваў, стаўшы цяжарам для дзяцей і жонкі. Ён цэлы дзень цягаўся вакол кантэйнера ў пошуках выпіўкі. Прыезд Мыхана быў для яго вялікай падзеяй і магчымасцю паласавацца чым—небудзь алкагольным. Ламахвост падышоў да Шуршэвіча і, абняўшы Мыхана, паспрабаваў пацалаваць яго абвіслымі, слінявымі вуснамі. Шуршэвіч раздражнёна ўхіліўся ад прыліву пачуццяў родзіча. Беспамылкова ацаніўшы стан Ламахвоста, Мыхан прапанаваў яму пахмяліцца і тыцнуў у лапу крыху грошай. Удзячы пацук адразу пабег за бутэлечкай.

Пасля набыцця выпіўкі родзічы знайшлі спакойнае месца і зручна ўладкаваліся на сонейку. Спяшацца не было куды. Свяціла ляніва спаўзала на захад. Рамантычна ўладкаваўшыся поруч з Мыханом, Ламахвост дастаў з парванай кішэні кавалак заплеснявелага сыру, які, бадай што, павінен быў стацца іх закускай.

—Прытрымліваюся старых традыцый: з алкаголем абавязкова трэба што—небудзь у страўнік закінуць, — павучальна сказаў Ламахост. —Лепш бы ты зусім нічога не еў, чым такой гадасцю харчаваўся, — ляніва адказаў Мыхан. —Чаму не? Гэта зусім не дрэнны сырок — айчынны. Ведаеш, а я патрыёт у плане ежы. Не люблю гэтых замежных прыштыкаў. —А ты іх хоць раз каштаваў? У цябе ж на іх ніколі грошай не было. Заўсёды нашае набываеш, бо танней. —А чаго? Я некалі вечка ад чэшскага піва аблізаў. —Вечка — гэта, канечне, сур’ёзна, але недастаткова. Відаць, ты ніколі не зможаш прыстойна харчавацца. Будзеш перабівацца з хлеба на сала рэшту жыцця. Але гэта на лепшае. А то прывыкнеш да добрага, дык потым цябе не адвучыш, калі раптам бяда якая ці вайна здарыцца, голад пачнецца. Далікатныя мучыцца пачнуць, а ты не: адпачатку да адходаў прывучаны. Нават пагаршэння не заўважыш. Вось крызіс эканамічны нядаўна быў, шмат хто грошы страціў... —Так, чуў я. Пацык з суседняга пад’езда зарплату атрымаў і з таварышамі па цэху гатовай другаснай сыравіны адзначыць вырашыў, потым дахаты пайшоў. Неяк ён доўга і крыва ішоў. У выніку ўсе грошы згубіў. —Эх ты, Ламахвост, п’яніца цёмны. Я ж пра сусветныя рынкі кажу. —Так, рынкі ў нас нармальныя. Да сусветных ім пакуль, безумоўна, далёка. Учора вось хвосцік ад кілбаскі набыў. А яшчэ лыжныя чаравікі і мацаванні прыхапіў. —А нашто мацаванні? Лета на дварэ! — здзівіўся Шуршэвіч.

—А я іх ціхенька ля парога да падлогі прыкруціў. Хаджу, як бачыш, у лыжных чаравіках. Апошнім часам жонка набіла руку мяне мянціць. Паваліць на падлогу, і давай нагамі кілбасіць. Дык я цяпер у кватэру заскочу, ногі ў мацаваннях зафіксую і стаю, як алавянны салдацік. Па мне хоць катком для ўкладкі асфальту можна праехаць — усё адно на месцы застануся.

—Так, катком цікава было б. Потым бы жонка цябе на сцяну замест дывана павесіла. А на ноч надзімала б і, як гумавую ляльку, для розных брудных мэтаў выкарыстаўвала. А яшчэ б незамужніх сябровак з суседняга пад’езда паклікала. Вось бы свята дзяўчаты наладзілі! Дні тры б цябе не адпускалі, а ты б, як дурань, ляжаў надзьмуты і плакаў ад бяссілля.

—Не, тады катком не трэба. Гэта я так сваю ўстойлівасць перабольшыў крыху. —Ты пакуль сваёй фізічнай устойлівасцю займаўся, маральную губляць пачаў: ужо два разы з бутэлькі глынуў. —Гэта я каштаваў, хваляваўся, каб мы не атруціліся. Бывае так, што пад вечкам атрутныя газы збіраюцца, і, калі адразу выпіць, то атруціцца можна. Гэта я цяпер самае небяспечнае на свой арганізм прыняў.

Аднекуль здалёк вецер данёс прыглушаныя гукі рэгі. Надтрэснуты голас спевака разліваўся па наваколлі, скаланаючы паветра:

Раста, раста, растафарая. Васька Любку ў хляве чакае,

вяшчаў пацучыны Боб Марлі.

—Якая глыбокая растафарыянская ідэя ў гэтым тэксце, — зацеміў Мыхан. — «Чакае ў хляве». Гэта значыць, што Васька зрабіў неверагодныя запасы сушанай травы — цэлы хлеў. А цяпер ён чакае каханую, каб папаліць з ёй і яшчэ чым—небудзь заняцца.

Да Мыхана і Ламахваста данесла ветрам пах гарэлага лісця.

—Хутка восень. Пэўна, дворнікі сталі сухое лісце паліць, — выказаў здагадку маладасведчаны Ламахвост. —За такое лісце, у лепшым выпадку, тры гады «хіміі» даюць, — зазначыў Мыхан. —Ды ну? — здзівіўся Ламахвост і сціснуўся. — Не пайду дворнікам працаваць.

Павольна перавальваючыся з нагі на нагу, з—за вугла выйшаў каржакаваты пацук са зблытанай на галаве поўсцю. Ён паглядзеў затуманенымі вачыма на Мыхана і спытаў: —Перапрашаю, вы не бачылі трохвокага прусака—ўсябачніка? —Не, мы алкаголь п’ём, таму бачылі хісткага, абстрагаванага звераяшчура. —Дзякуй, значыць ён ізноў праскочыў паўз мяне, — адказаў абкураны. —Дарэчы, ты грызуна па прозвішчы Кумарэвіч ведаеш? — пацікавіўся ў яго Мыхан, згадаўшы свайго даўняга знаёмага. —Ведаю, ён гады два таму памёр. Адплыў, так бы мовіць, на лодцы сваіх мрояў у паралельны свет асацыяцый. —Зразумела, ад перадазіроўкі адкапыціўся. А Кумарэвіч той разумным, таленавітым быў. Часам так скурку ад гарбуза абгрызе, што палова жыхароў кантэйнера збярэцца паглядзець. Мастак, адным словам. А ты, сябар—растаман ішоў бы паціху. Толькі глядзі, з травой асцярожей. Гэта добра, што я не з Міністэрства татальнага кантролю. А то я б адразу табе хвост заціснуў.

—Я грызуноў з гэтага ведамства на адлегласці чую, — адказаў пацучыны растаман. —Як гэта? — здзівіўся Мыхан. —Па агульнай ардынарнасці. Ад іх бяздарнасцю і шэрасцю за кіламетр нясе. Яны нічога рабіць не ўмеюць, а жыць хочуць добра. Таму ў Міністэрства татальнага кантролю і пруцца. Я на іх не крыўджуся. Ім жа сваіх нашчадкаў карміць трэба. А як карміць, калі лапы з-пад хваста растуць і мазгі працуюць толькі ў адным накірунку: як і на каго б данос напісаць? Хоць ты у лабараторыю для эксперыментаў здавайся. Вось і мыкаюцца, няшчасныя, па кантэйнеры ў пошуках ахвяры.

—Добры ты, раз так да іх ставішся, — адказаў Мыхан, зласліва ўсміхнуўшыся. —А мы, растаманы, увогуле добрыя, — адказаў пацук і, зірнуўшы мутнымі вачыма кудысьці ўверх, пайшоў па сваіх травяных справах.

—Так, час ідзе, старэю я. Вось і былыя таварышы паміраць сталі, — уздыхнуў Мыхан, паглядзеўшы на добра прыхмялелага Ламахвоста, які падчас размовы з растаманам паспеў наліць сабе паўшклянкі і несанкцыянавана выпіць.

Ад агульнай расслабленасці і выпітага на Мыхана раптам нахлынулі сентыментальныя ўспаміны. Шуршэвіч узгадаў сваю дваравую кампанію, у якой нябожчык Кумарэвіч заўсёды вылучаўся энергіяй і вынаходніцтвам. Тады, даўным-даўно, Мыхану здавалася, што жыццё — незвычайнае і цудоўнае, што свет вялікі і з нецярплівасцю хоча пазнаёміцца з яго адкрыццямі, і што ўсе вакол толькі і чакаюць таго, каб рэалізаваць задумкі Мыхана. Усё аказалася значна больш празаічным і змрочным. Прастору вакол Кантэйнера аднойчы абгарадзілі, і свет зноў стаў маленькім, правінцыйным і да ванітаў брыдотным. Рамантычны Кумарэвіч, які з дапамогай свайго таленту хацеў усіх зрабіць шчаслівымі, паступова скаціўся на самае дно пацучынага грамадства і сам таго не заўважыў. Творчыя пад’ёмы паступова замяніліся наркатычнай эйфарыяй. Аднойчы Мыхан наведаў Кумарэвіча ў яго смярдзючай, запушчанай нары, застаўленай бруднымі бутэлькамі і падгарэлымі каструлямі. Кумарэвіч сядзеў ля стала, на якім валялася некалькі скарыстаных шпрыцоў. Ён накінуў сабе жгут на худую, усцяж пакрытую сінякамі лапу і зрабіў ін’екцыю. Сінія вены пульсавалі пад бляклай шкурай. Зрабіўшы ўкол, Кумарэвіч млява закаціў вочы і ціхенька застагнаў. —Кайф, — сіпла прапішчаў ён. —Ну і колькі ты яшчэ гэтым займацца будзеш? — спытаў тады ў яго Шуршэвіч. — Такі таленавіты пацук быў, такія надзеі падаваў! —Заўтра кіну, пачну новае жыццё. Вось зараз пакайфую, а з раніцы ўсё змяню.

Успаміны пра апошнюю сустрэчу пранесліся ў памяці Мыхана. Кумарэвіч так нічога і не змяніў. Дадатковыя стымулятары надавалі яго жыццю большай яркасці. Але за вялікае задавальненне заўсёды трэба плаціць, пры гэтым расплата часамі бывае фатальнай.

—Давай за Кумарэвіча вып’ем, заўпакойную. Шуршэвіч наліў спіртнога і змрочна, не стукаючыся шклянкай, выпіў.

Недалёка ад месца, дзе Мыхан арганізаваў спантанны фуршэт, узвышалася дзіўная пабудова. Гэта быў даволі вялікі будынак, што нагадваў стары макет сярэднявечнага замка. Аднак вялікая колькасць навамодных матэрыялаў і бяздарны дызайн сведчылі пра яго сучаснае паходжанне. —Гэта што за цырк на дроце? У нас што, шапіто размясцілася? Або, магчыма, гэта XL варыянт пакою жахаў пад назвай «У гасцях у графа Дракулы»? —Не, тут нашы менеджэры і бізнесмены жывуць, — адказаў Ламахвост, спрабуючы адкалупнуць рэшткі скамянелага сыру. —Цікава, чым жа яны ў такім месцы займаюцца і які тут бізнес можа быць? — здзівіўся Шуршэвіч. —А навошта ўвогуле нечым займацца? Гэтыя грызуны пры перамяшчэнні Кантэйнера добра хапанулі. Цягнулі сабе ў нару, што пад лапу трапіць. Пакуль усе думалі, як і што, або пакуль каго сумленне цвяліла, у іх поўная нара размаітага дабра назбіралася. Потым яны яшчэ адну нару захапілі. Так і пайшоў у іх бізнес. А цяпер часы ціхія, страшныя, даводзіцца ім ціха сядзець.

—А хто яны такія, можа, я іх ведаю? — зацікавіўся Шуршэвіч. —А як жа? Яны з табой сярэднюю спецыяльную школу грызуноў наведвалі. Хамякі Мікалай і Барыс. —Ведаю, сквапнымі з дзяцінства былі. На памыйцы адкідаў у іх не дапросішся. А як цяпер гэтыя прайдохі штукараць? —Мікалай у Міністэрства гультайства і лайдацтва пайшоў працаваць загадчыкам Аддзела па незразумелых пытаннях. Вялікім грызуном стаў. А Барыс цяпер у апазіцыі. —У апазіцыі да чаго? — здзіўлена спытаў Мыхан. —Я дакладна не ведаю. Я пацук просты, працоўны. Барыс мне неяк лістоўку са сваёй праграмай даў. Я прачытаў і нічога не зразумеў. Надта ж няўцямна напісана. Затое паперка была харошая, гладзенькая, я ў прыбіральні за ўнітазам ёй сценку заклеіў. Малюнак вясёлы атрымаўся, вока радуе.

—Ну і за якія сродкі Барыс цяпер існуе? —Ён дапамогу з—за Пагорка атрымлівае. То зерне адборнае, то цукеркі амаль не адкусаныя. Яны яму прыпасы і сродкі розныя, а ён ім справаздачы, маўляў, змагаемся, як можам. Усё высланае вамі патрачана на супрацьстаянне злым сілам. А сам усё сабе ў нару цягне. Вунь як уладкаваўся. —Так, добры бізнес сабе Барыс арганізаваў. Галоўнае, працаваць не трэба, — зайздросна прамовіў Шуршэвіч. — Атрымлівай ды ў нару складай. Толькі ўлік вядзі, колькі ў цябе дабра накапілася і справаздачы своечасова пішы. Заўсёды пра такое марыў: затрат ніякіх, адзін толькі прыбытак. Цікава, як ён з Міколам у адной хаце ўжываецца, той жа пры ўладзе прапісаўся? —А вельмі проста. Сябруюць яны, насамрэч: пастаянна бачу, як разам прагульваюцца, усміхаюцца. Па вялікім рахунку, справу яны адну робяць — на сябе працуюць. Якая розніца, якія лозунгі? Галоўнае, каб нара напаўнялася. Яны ўжо пра ўсё зараней дамовіліся: калі Мікола працаваць стоміцца і захочацца яму дурня паваляць, дык ён у апазіцыю пойдзе. А Барысу ў Міністэрстве тады пацаваць давядзецца.

—А ці зможа ён пасля столькіх гадоў лайдацтва? — засумняваўся Мыхан. —Цяжка, пэўна, будзе, але да ўсяго можна прывыкнуць, асабліва да добрага, — адказаў Ламахвост, умела разліўшы рэшткі спіртнога па шклянках. — Сам бачыш, вока ў мяне дакладна мерае, і лапы яшчэ нічога сабе, — пахваліўся Ламахвост. —Адно дрэнна, дрыжаць толькі моцна. Мы з табой ужо выпілі дастаткова, а ўсё адно яшчэ прыкілбашвае, — адзначыў Мыхан. —Я гэты трэмар раней на працы выкарыстоўваў: на кандытарскай фабрыцы фігурныя малюнкі на тартах рабіў, але адтуль мяне таксама выгналі. Сказалі, што чым далей працую, тым авангардней атрымліваецца.

—Ну, давай, Ламахвост, закругляцца. Пайду я начлег шукаць, а то чым больш родзічаў, тым складаней дзесьці спыніцца. —Я б да сябе запрасіў, але баюся, што жонка, як звычайна, сварыцца пачне, потым паб’е крыху... Балюча табе на ўсё гэта глядзець будзе. —Добра, на сёння скончылі. А заўтра з раніцы пахмяляцца пойдзем. Сустрэнемся на тым жа месцы. Заадно раскажаш, што з табой сёння дома адбудзецца, якую штуку жонка адпаліць. Гэта з бадуна — самае галоўнае: успаміны пра ўчорашняе. Часам, праўда, сорамна бывае, але заўсёды цікава.

Даўшы Ламахвосту каштоўныя ўказанні наконт заўтрашняга afterparty, Шуршэвіч накіраваўся ў бок цэнтральнага ўваходу ў Кантэйнер.

Высока над Кантэйнерам лунаў рознакаляровы кавалак тканіны, які выпадкова быў занесены сюды ветрам. Багатая фантазія стваральніка гэтага палатна спалучыла ў адно дзіўны геаметрычны малюнак з фрагментамі несумяшчальных колераў. Нядаўна жыхары кантэйнера пастанавілі называць гэты кавалак анучы сваім сцягам. Лёгкі ветрык гойдаў тканіну, ствараючы на яе паверхні невялікія хвалі. Гонар, які павінен быў ахопліваць шараговага грамадзяніна Кантэйнера пры такім патрыятычным відовішчы, ледзь паказытаў Мыхана недзе ўнутры тонкім пёркам і выліўся вонкі гучнай адрыжкай. «Ну і ну, як мяне ад абдымкаў Радзімы праняло. Напэўна, адгукнуліся доўгія гады патрыятычных трэніровак, што складаліся з завучвання на памяць клятваў і статутаў розных эфемерных арганізацый і маршыравання ў шэрагах», — падумаў Шуршэвіч. Выгляд дзяржаўнага сімвала навёў яго на роздум пра адносіны з Сістэмай, якая ніколі не разбэшчвала яго сваёй увагай і дабрынёй.

Каб кагосьці дапусцілі да кіравання працэсамі ў Кантэйнеры, такому было неабходна прадэманстраваць адданасць вялікай Сталёвай Дупе. Выявы гэтага прадмета красаваліся на самых відочных і значных месцах у Кантэйнеры. Асабліва адданыя прыхільнікі сістэмы насілі выяву Дупы ў выглядзе бірулек, але асабліва папулярнымі былі невялікія Дупкі, прымацаваныя да ланцужка, што некаторыя насілі на шыі. Галоўным паказальнікам любові да сістэмы з’яўлялася колькасць пацалункаў сімвала. Сталёвая Дупа, што вісела ў цэнтры Кантэйнера, была адпаліраваная да бляску, а ў некаторых месцах працёртая да дзірак. Сотні грызуноў прыкладаліся да сімвала да тых часоў, пакуль тыя, хто стаялі за імі ў чарзе, не адштурхоўвалі іх. Важнай умовай таго, каб заняць прыстойнае месца ў бюракратычнай іерархіі Кантэйнера, з’яўлялася наяўнасць мазалёў ці крывавых ран на вуснах, набытых у выніку цалавання стальной статýі. Для таго, каб атрымаць запаветныя пашкоджанні, асабліва адданыя грызуны-кар’ерысты цэлымі днямі прыкладаліся да сваіх кішэнных дупаў, цешачы надзею на тое высокае становішча ў грамадстве, якое яны змогуць заняць.

Мыхана не цікавілі гэтыя гульні. Цалаванне Стальной Дупы і яе шматлікіх клонаў было для яго заняткам непрымальным і агідным. Шчыра кажучы, большасць прыхільнікаў культу задняй часткі цела не верыла ў ідэалогію, якую прапаноўвала сістэма. Але жаданне атрымаць няцяжкую і прыбытковую працу брала сваё і прымушала паўтараць агідны ды балючы рытуал.

Заняты дзяржаўнымі думкамі, Шуршэвіч не заўважыў, што ўжо амаль сцямнела і прыйшоў час вызначыцца з начулішчам. Нара пацучынай сям’і Кілбасевічаў была найбольш прыдатным для гэтага месцам. Муж і жонка Кілбасевічы даўно і шчасліва жылі разам і вялі сумесную гаспадарку. Кілбасевічы маглі б лічыцца прыкладнай сям’ёй, калі б не некалькі лёгкіх пераломаў і раненняў, што былі імі атрыманыя ці нанесеныя ў працэсе міжсямейнай камунікацыі.

Мінуўшы цёмны дворык, Мыхан нахіліўся і нырнуў у дрэнна асветленую, прапахлую плесенню і таннымі адкідамі нару. Большасць жыхароў Кантэйнера лічыла асабліва важным максімальнае накапленне рэчаў на невялікай тэрыторыі сваёй нары. Гэты адказны і цяжкі працэс называўся гучным словам гаспадарлівасць.

У цэнтры маленькай, цеснай кухні, запоўненай неверагоднай колькасцю непатрэбных прадметаў, стаяла пацучыха Таня, гаспадыня жытла.

—Прывет, Танюха, сімпотная пацуха! — радасна ўсклікнуў расслаблены выпітым Мыхан і абняў старую знаёмую. —Здароў, прыгажун, — адказала пацучыха, сціпла апусціўшы вочы долу. —А ты ўсё круглееш! — здзівіўся Мыхан. —А як жа ж, мне цяпер танклявая фігура не патрэбна, я ж замужам. Мне цяпер выстаўляцца неабавязкова. Магу зусім за сабой не сачыць. У нас нашчадкі такія, што мужычок ад мяне нікуды не дзенецца. —Зразумела, але мне падаецца, ты занадта расслабілася. А дзе твой, дома ці пасля працы адпачывае? —Ды так, з сябрамі ў двары дзесьці тусуецца. Выйдзі, глянь, дзе ён, скажы, каб дахаты ішоў вячэраць. Хопіць яму хуліганіць. —Добра, пайду гляну.

Мыхан выйшаў з душнай нары і накіраваўся ў альтанку, якую ўмелыя жыхары Кантэйнера змайстравалі са старога пластыкавага кубачка. У цэнтры гэтага будынку сядзеў разамлелы Наран Кілбасевіч. Напэўна, дзеля душэўнай раўнавагі на абодвух яго каленях сядзела па сімпатычнай белай мышцы. Яны па-дурному верашчалі і ва ўгáры спрабавалі абняць і пацалаваць Кілбасевіча. Наран усміхаўся, пагладжваў мышэй па задніх частках, не перастаючы адпускаць жарты.

—Здароў, стары распуснік, — павітаўся Мыхан з таварышам. —Здароў, мой маленькі шумны імпатэнт, — дзёрзка адказаў Наран. —А што, ён спраўды ўжо ні на што не гадзіцца? — устрывожана запішчалі мышы. —Ды не, усё з ім нармальна, сур’ёзны ён толькі занадта. Ва ўсім сэнс шукае, таму расслабіца па—сапраўднаму не можа. —Затое ты па расслаблені чэмпіён. Глядзі, жонка зловіць і прыгаворыць да пакарання. —Не зловіць. Яна пра ўсё ведае ці, прынамсі, здагадваецца. Галоўнае для сябе ў жыцці яна ўжо зрабіла: выйшла замуж, нашчадкаў займела. Усё астатяе яе цяпер не хвалюе. Жыццё з яе склалася. —Так, добра вы з ёй уладкаваліся. Галоўнае, усім зручна. —А то ж! У мяне не жыццё, а сексуальна—эратычная казка. Я, калі хочаш ведаць, прафесійны адпачывальнік. Задавальнення мала не бывае, — прадэкламаваў Наран, падняўшы лапу, нібы выступовец на мітынгу. —Глядзі, надарвешся ад задавальнення, — перасцярог Мыхан.

—Так, было такое, сябра, прыхварэў я неяк, пайшоў у бальніцу са спецыялістамі параіцца. А яны мне сказалі, што хвароба настолькі сур’ёзная, што нават яе назвы не ведаюць. Медыцына ў нас у Кантэйнеры бясплатная. А ты ж ведаеш, што бясплатным бывае толькі сыр у пастцы. Таму вынайшлі ў нас спецыяльны сродак ад усіх хваробаў — сядзець у чарзе на прыём да доктара. Пасядзіш так разы два па тры гадзіны, глядзіш, ужо лепш сябе адчуваеш. Потым яшчэ хвілін праз трыццаць на цябе картку завядуць, дакументы нейкія запоўняць — вось і дахаты ўжо захацелася. Выздаравеў, значыць. Але і гэта мне не дапамагло, таму я цяпер вонкавымі народнымі сродкамі лячуся: любыя настоі на травах п’ю. Галоўнае, каб на спірце. Бывае, што і трава ў настойцы непатрэбна. Чыстым спіртам таксама шматлікія хваробы лечацца, толькі трэба пабольш унутр ужываць. Вядома, можна ім і расцірацца, асабліва калі сімпатычныя мышкі ўціраць будуць, то вылечышся дакладна хутка, — сказаў Наран і заціснуў мышэй, якія радасна завішчалі.

—Давай, можа, дахаты збірацца. Заўтра з раніцы пахмяляцца з Ламахвостам пойдзем. Я ўсё прастаўляю, — прапанаваў Шуршэвіч. —Раз частуеш, пойдзем, вядома. На халяву і «Крысин» сырам падасца. Можа, да мышак зараз рванём, сыру пагрызём, папішчым у інтымнай абстаноўцы? —Хадзем, хадзем, — радасна закрычалі мышкі. —Дахаты мы заўсёды паспеем, а тут сум развеем і туга пройдзе, — прапанаваў Наран. —Дамовіліся, толькі гадзіны на дзве, не больш, — нечакана для сябе згадзіўся Шуршэвіч.

У Мыхана з’явілася жаданне заняцца распустай і яшчэ выпіць. «Жыццё і так кароткае. Колькі часу патрачана на розныя сур’ёзныя справы. Нахлыне старасць, дык няма чаго ўспомніць будзе. Трэба добра адарвацца перад надыходам нямогласці», — падумаў Шуршэвіч. Захоплены гэтымі геданіcтычнымі думкамі, Мыхан далучыўся да вясёлага Кілбасевіча і яго сябровак.

Відэа на тэкст раздзела, створанае аўтарам. Чытае Наста Лабада.

 

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

— Цяпер гэты Тахелес — уласнасць нашага банка. А прыватнай уласнасці ў нашай краіне яшчэ ніхто не адмяняў. Гэтых мастакоў мы і з іншых памяшканняў паступова выцеснім. Дай толькі час. Нам спяшацца няма куды. Закон на нашым баку. І грошы таксама, — сказаў Гвіда і крыва ўсьміхнуўся.

— Што здарылася? — строга звярнуўся Міхайлавіч да спалоханых работніц, якія стаялі поруч, апусціўшы галовы.

— Не ведаем. Гадзіны тры ўжо бунтуюць. Ніяк супакоіць іх не можам, — заікаючыся ад страху, прамармытала адна з жанчын. — Крыху корму ім зменшылі, вокны некалькі разоў не адчынілі, дык яны адразу бунт паднялі.

Усё добрае калі-небудзь заканчваецца, аднак маладыя вераць у гэта неахвотна. Неверагоднае, усёахопнае пачуццё болю і жаданне помсты перапаўняла ўсю істоту ваўчаняці. Літаральна ўчора важак красаваўся і выхваляўся сваёй сілай, здзекуючыся і зневажаючы слабейшых і нямоглых, а сёння, схоплены фламандскімі паляўнічымі і замкнёны ў клетку, выглядаў зусім разбітым і шкадлівым. Пад свіст і рогат іншых жыхароў лесу шэры разбойнік быў заключаны пад варту для далейшага суду і разбіральніцтва.

Была сабе раней крама, стаяла, людзі прыходзілі набываць тавары, пагаманіць, а пасля спусцілі зверху паперы, што прыбыткаў ад гэтай крамы няма, адныя выдаткі: то ацяпленне, то яшчэ якая трасца... І вырашылі яе ліквідаваць. Старшыню проста выклікалі ў раён і там, у белым доме, далі даручэнне. І вось зноў пасля трох гадоў бяскрам’я будзе ў іх цывілізацыя.