Куратнік

сучасная беларуская проза, сатыра, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Апавяданне з новага арт-праекту «Некрапацук»

Ад аўтара: «Некрапацук, альбо Гуманітарныя даследаванні жывёльнага свету» — гэта кантэмпрары-арт неа-рэнесансны праект, які спалучае ў сабе літаратуру, музыку і відэа, створаныя адным аўтарам у межах адзінай канцэпцыі. Прыблізна так і будзе выглядаць мастацтва праз 25 гадоў. Праект сатырычны. Ён аналізуе беларускае грамадства і прадказвае некаторыя падзеі, якія могуць адбыцца ў Беларусі пры пэўных абставінах.

Усе мы бройлеры:
Стаім, набіраем вагу,
Страціўшы маці курыцу.

На вуліцы завываў халодны восеньскі вецер. У кабінеце дырэктара куратніка было цёпла і па-казённаму няўтульна. Пах чыіхсьці задужа начышчаных чаравікаў змешваўся з данесеным з вуліцы дымком ад таннай цыгарэты і нібы замацоўваўся трывалым пахам мужчынскага поту, прыпраўленага часныком ды цыбуляй.

Дырэктар фермы, немалады, але, як кажуць, прадстаўнічы мужчына таго тыпу, што небяспечны для дамаў сярэдніх гадоў і незамужніх дзяўчат за трыццаць, сядзеў за працоўным сталом і задумліва глядзеў у акно. З радыёпрыёмніка ліўся досыць прыемны голас дыктара, які часам збіваўся, але ў цэлым дастаткова бойка чытаў апошнія навіны з палёў. Па сканчэнні інфармацыйнага выпуску голас з механічнай радасцю аб’явіў:

— А цяпер паслухаем канцэрт па замовах работнікаў мяса-малочнай прамысловасці. Таццяна Іванаўна Глюкановіч з аграгарадка Новы Канец просіць перадаць для сваіх цялушак якую-небудзь песню. Шаноўная Таццяна Іванаўна, песні ў нас скончыліся, таму прачытаем для вас і вашай скаціны спецыяльную сельскагаспадарчую паэзію з рамантычным падтэкстам.

Густы бас з радыёпрыёмніка стаў вяшчаць, па-акторску акцэнтуючы ўвагу на сэнсавых нюансах паэтычнага твора:

Свіныя капыты
Грукаюць у душу.
Шукаю, шукаю шашу
Да лепшага жыцця...

«Вось ён, рэжым эканоміі, на справе, — падумаў дырэктар. — Паэзія... Песень у іх для працаўнікоў не хапае. На ўсім цяпер эканоміць давядзецца».

— Гэй, Міхайлавіч! — грымнуў непрыемны, хрыплаваты голас Ганны Пятроўны, брыгадзіра змены. — Хадзіце хутчэй! Зноў куры чагосьці хочуць, разышліся так, нібы куніца ці тхор да іх залез. Раскрычаліся так, што мы аглухлі зусім.

— Іду! Хто ж вам, бязрукім, акрамя мяне дапаможа? Нічога без дырэктара самі зрабіць не можаце, — раздражнёна працэдзіў Міхайлавіч.

Дырэктар накіраваўся да куратніка праз даволі загаджаны двор і, мінаючы лужыны і невялікія ямкі, запоўненыя курыным лайном, з сумам згадаў пра ўкрадзеную плітку, якая так добра ўпісалася ў дызайн двара яго ўласнага дома.

«Можа, дарма ўсё вывез? Трэба было хаця б сцяжынку ад майго офіса да куратніка выкласці. Хаця навошта? Што мне, цяжка праз пару купін пераскочыць? Затое дома цяпер утульна».

Апынуўшыся ў куратніку, дырэктар быў непрыемна ўражаны агульным беспарадкам: падлога між клеткамі бялела ад памёту і вырванага пер’я, паветра было напоўнена курыным крыкам ды гоманам.

— Што здарылася? — строга звярнуўся Міхайлавіч да спалоханых работніц, якія стаялі поруч, апусціўшы галовы.

— Не ведаем. Гадзіны тры ўжо бунтуюць. Ніяк супакоіць іх не можам, — заікаючыся ад страху, прамармытала адна з жанчын. — Крыху корму ім зменшылі, вокны некалькі разоў не адчынілі, дык яны адразу бунт паднялі.

— Вой, разбэсцілі вы іх без мяне! Добра, зараз разбяруся. Шаноўныя, любімыя куры, бройлеры і пеўні! Я прыйшоў да вас, кінуўшы ўсе свае важныя справы. Я не пашкадаваў свайго часу, каб выслухаць вас, мае мясныя сябры. Паслухаўшы мяне, вы супакоіцеся і зоймецеся сваімі звычайнымі справамі — працягнеце несці яйкі альбо накопліваць тлушч, — Міхайлавіч пяшчотна паглядзеў на аддзел бройлераў, да якога з некаторых часоў меў асаблівую слабасць.

— Во дае! — шэптам звярнулася Ганна Пятроўна да калегаў. — Як гіпнатызуе! Нібы Кашпіроўскі які. Апошні раз тры нясушкі пасля яго прамовы прытомнасць страцілі. Малайчына, Міхайлавіч!

— У чым праблема? Што здарылася? — па-бацькоўску звярнуўся Міхайлавіч да курынай супольнасці.

— Нам корм не дасыпаюць, зусім няма чаго есці, — пераадолеўшы сорам, піскнула адна з нясушак.

— Не хвалюйцеся, усё выправім! Будзе вам корм! Хто за корм адказны? — строга спытаў Міхайлавіч.

— Вось, яна, — тыкнула пальцам на адну з работніц Ганна Пятроўна. — Загадваю строга пакараць. Два дні не пахмяляць з раніцы.

«Што гэта за нясушка такая нахабная? — спытаў Міхайлавіч у брыгадзіра шэптам. — Сёння да мяне Валодзька са свінафермы заедзе, дык ты, Пятроўна, нам супчыку звары, або, можа, грыль. Ну, ты ў курсе. Тлушчу добра яна нагуляла, закуска павінна добрая атрымацца».

— Што яшчэ, мае дарагія? — пацікавіўся дырэктар.

— Хочам па двары без нагляду гуляць! — нізка пракудахтаў адзін з бройлераў.

— Я б хацеў, каб яно так было, але дазволіць вам гэтага не магу, таму што берагчы вас трэба. Будзеце адны гуляць, дык ліса на вас нападзе, ці тхор пацягне. Не ўгаворвайце мяне. Не магу прыняць такое безадказнае рашэнне. Дарагія куры! Вы ведаеце, што цяпер многае залежыць ад бройлераў. З пэўнага моманту мы перасталі забіваць іх на мяса. Некалькі гадоў запар у нас іх выкупляюць заходнія вегетарыянцы. За кошт гэтага часткова існуе наш куратнік. Таму сядзіце, мае любыя, і атрымлівайце задавальненне. А корму ім падкіньце, няхай парадуюцца, — кінуў дырэктар, выходзячы з памяшкання.

Цяжка звонячы жалезам, загрукаталі механізмы, і зерне невялікімі порцыямі пасыпалася ў клеткі. Куры супакоіліся. Бройлеры, што сядзелі наводшыбе, насцярожана паніклі.

Міхайлавіч вярнуўся ў кабінет заклапочаны.

«А калі гэтыя з захаду за бройлераў мала дадуць? Прыйдзецца яшчэ некалькі падсадзіць. Трэба сказаць заўтра Кузьмічу, каб у аддзел бройлераў яшчэ некалькі новых клетак паставіў».

Тым часам радыёкропка працягвала вяшчаць:

— А цяпер паслухаем лірычныя радкі, прысвечаныя працаўнікам жывёлагадоўлі:

Ты мой маленькі кавалачак мяса.
Я схаваю цябе ў лядоўню
І буду захоўваць да Новага года.
Ніхто цябе не з’есць!

Відэа апавядання, створанае аўтарам. Тэкст чытае Наста Лабада.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Усё добрае калі-небудзь заканчваецца, аднак маладыя вераць у гэта неахвотна. Неверагоднае, усёахопнае пачуццё болю і жаданне помсты перапаўняла ўсю істоту ваўчаняці. Літаральна ўчора важак красаваўся і выхваляўся сваёй сілай, здзекуючыся і зневажаючы слабейшых і нямоглых, а сёння, схоплены фламандскімі паляўнічымі і замкнёны ў клетку, выглядаў зусім разбітым і шкадлівым. Пад свіст і рогат іншых жыхароў лесу шэры разбойнік быў заключаны пад варту для далейшага суду і разбіральніцтва.

— Цяпер гэты Тахелес — уласнасць нашага банка. А прыватнай уласнасці ў нашай краіне яшчэ ніхто не адмяняў. Гэтых мастакоў мы і з іншых памяшканняў паступова выцеснім. Дай толькі час. Нам спяшацца няма куды. Закон на нашым баку. І грошы таксама, — сказаў Гвіда і крыва ўсьміхнуўся.

Галоўным паказальнікам любові да сістэмы з’яўлялася колькасць пацалункаў сімвала. Сталёвая Дупа, што вісела ў цэнтры Кантэйнера, была адпаліраваная да бляску, а ў некаторых месцах працёртая да дзірак. Сотні грызуноў прыкладаліся да сімвала да тых часоў, пакуль тыя, хто стаялі за імі ў чарзе, не адштурхоўвалі іх.

Была сабе раней крама, стаяла, людзі прыходзілі набываць тавары, пагаманіць, а пасля спусцілі зверху паперы, што прыбыткаў ад гэтай крамы няма, адныя выдаткі: то ацяпленне, то яшчэ якая трасца... І вырашылі яе ліквідаваць. Старшыню проста выклікалі ў раён і там, у белым доме, далі даручэнне. І вось зноў пасля трох гадоў бяскрам’я будзе ў іх цывілізацыя.