Апавяданне з новага арт-праекту «Некрапацук»
Ад аўтара: «Некрапацук, альбо Гуманітарныя даследаванні жывёльнага свету» — гэта кантэмпрары-арт неа-рэнесансны праект, які спалучае ў сабе літаратуру, музыку і відэа, створаныя адным аўтарам у межах адзінай канцэпцыі. Прыблізна так і будзе выглядаць мастацтва праз 25 гадоў. Праект сатырычны. Ён аналізуе беларускае грамадства і прадказвае некаторыя падзеі, якія могуць адбыцца ў Беларусі пры пэўных абставінах.
Ясны сонечны дзень прарваўся яркімі промнямі ў напаўразбуранае ваўчынае логава. Учорашнія падзеі пакінулі па сабе гармідар у жытле, якое зусім нядаўна было ўтульным і бяспечным. Малады Брахунок, малодшы сын важака зграі, разгублена хадзіў сярод рэшткаў таго, што раней было яго домам.
Усё добрае калі-небудзь заканчваецца, аднак маладыя вераць у гэта неахвотна. Неверагоднае, усёахопнае пачуццё болю і жаданне помсты перапаўняла ўсю істоту ваўчаняці. Літаральна ўчора важак красаваўся і выхваляўся сваёй сілай, здзекуючыся і зневажаючы слабейшых і нямоглых, а сёння, схоплены фламандскімі паляўнічымі і замкнёны ў клетку, выглядаў зусім разбітым і шкадлівым. Пад свіст і рогат іншых жыхароў лесу шэры разбойнік быў заключаны пад варту для далейшага суду і разбіральніцтва.
Паніклы Брахунок бязмэтна сноўдаў сярод перавернутых і паламаных рэчаў, што стваралі інтэр’ер жытла ў грубым мужчынскім стылі. Адзін, зусім адзін, гэтак жа, як і бацька. Усё паўтараецца, а дрэннае — асабліва часта.
Малады Брахунок амаль не памятаў маці. Толькі глыбока ў яго свядомасці няяснай плямай застаўся вобраз чагосьці цёплага і пяшчотнага з пахам салодкага малака. Больш нічога. Ён памятаў толькі няспынныя перабежкі з месца на месца, сотні пейзажаў, тысячы схіленых у паважлівым паклоне галоў, слізкае падхалімства да бацькі. Цяпер больш нічога не засталося. Толькі прыніжэнне, сорам і боль.
Брахунок згадаў словы бацькі: «Наступным важаком будзеш ты. Ты самы разумны і моцны».
У Брахунка былі яшчэ два браты. Яны нарадзіліся раней ад іншай ваўчыцы. Аднак важак увесь час ускладаў свае спадзяванні на малодшага. Выгадаваны ў пастаянным патаканні ўласным жаданням, Брахунок нагледзеўся жорсткасці і несправядлівасці, што чыніліся ў зграі і лічыліся нормай, і таму амаль не адчуваў і не ўсведамляў рэчаіснасці. Нават цяпер злосць, што авалодала ўсёй існасцю маладога воўка, не была рацыянальнай. Гэта быў паталагічны прыступ неўтаймоўнай ярасці. Тыя, што тупаюць і мыкаюць — гэтыя нікчэмныя стварэнні пазбавілі яго ўсяго. Крэпасць, што адгароджвала яго ад клопатаў і здавалася непахіснай, здалася. Вызваленыя з пасткі канкурэнты бацькі цяпер будуць судзіць і караць яго прыбліжаных. Хаця хто з апошніх застаўся? Толькі слабыя і непрыстасаваныя, а такіх адзінкі. Усе, хто сустракаў важака з дрыжачым хвастом і на паўсагнутых лапах, цяпер вылі ў асуджэнне былога лідэра.
«Браты, мілыя браты, такія ласкавыя і ўважлівыя, дзе вы? Чаму не сталі сцяной на абарону бацькі? Чаму так спешна сабраліся і адвялі свае сем’і ў суседні гай, прыхапіўшы з сабой найкаштоўнейшыя рэчы? Усе клятвы адданасці забытыя, галоўнае — уратаваць уласную шкуру».
Стары, пашкуматаны воўк, які дапамагаў бацьку кіраваць зграяй, амаль што ад пачатку хваляванняў перабег у вялікі суседні лес пад апеку хітрага, гультаяватага мядзведзя. Той кантраляваў агромністую тэрыторыю, што прасціралася на ўсход ад пералеску, дзе жыла ваўчыная зграя. Цёмны гушчар, непраходныя балоты, светлыя паляны — чаго толькі не было ва ўладаннях мядзведзя. Не было толькі аднаго — парадку. То ласі пад лёд праваляцца, то цецярук з дрэва на зайца ўпадзе і абодва дуба дадуць, а бывае — варона перабрадзілага бярозавага соку нап’ецца і паўлесу спаліць. Карацей, адны недарэчнасці. Але касалапага гэта нібыта і не тычылася. Набіў ён свой бярлог рознымі каштоўнасцямі, свайго сябра і намесніка барсука таксама не пакрыўдзіў, а што ў бярлог не змяшчалася — у заморскіх лясах пазакопваў.
Мядзведзь заўсёды быў сябрам важака зграі, калі што — вечна сябраваць кляўся. Аднак умеў касалапы з карысцю для сябе сябраваць. Бывае, адной лапай абдыме, а другой кавалак мяса прысвоіць ці яшчэ што незнарок прысабечыць.
Збеглі да мядзведзя ў лес амаль усе блізкія да важака ваўкі. Сядзяць, трасуцца, баяцца, каб іх за былыя справы ў родны гай не выдалі. Мядзведзь, вядома, сябар, але як што якое, выдасць і вокам не міргне, бо сам ад іншых залежыць. Ды і любіць касалапы на сонейку пагрэцца дзе далей ад сырога ды страшнага гушчару, а там патрабуюць, каб усё справядліва было.
Нечакана на небе з’явілася невялікая хмарка. Пачаўся дробны дождж. Ваўчаня яшчэ раз сумным позіркам акінула сваё жытло. Трэба было збірацца і куды-небудзь ісці, шукаць новы прытулак. Трагічна і горка заставацца ў маладосці сіратой. Калі няма на каго абаперціся, тады хутка сталееш. Уздыхнуўшы, Брахунок падняўся і пайшоў прэч з логава насустрач невядомасці.
Дождж мацнеў, паступова змываючы сляды мінулага.
Відэа аповеду на ютуб: