25.04.2019

Мае сёлетнія юбілеі

Нататка Алеся Аркуша

Я не вялікі аматар адзначаць юбілеі. Але гэтыя два сёлетнія ў мяне выклікаюць непакой. 22 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння жодзінскага празаіка Івана Сіняўскага. Ён пісаў пра свае (і мае) родныя мясціны — куточак Смалявіччыны, які мяжуе з Лагойшчынай і Барысаўшчынай. Быў знаёмы з абодвума маімі дзядамі. З дзедам па мячы Антонам ваяваў у адным партызанскім атрадзе. Бацька пісьменніка, Іван Андрэевіч Сіняўскі, быў найлепшым сябрам майго дзеда па кудзелі, Захара. Жылі на суседніх хутарах, дапамагалі адзін аднаму як маглі. Жыццёвы шлях іх завяршыўся ў адзін год — 1944-ы. Яны і пахаваныя побач.

Іван Сіняўскі пры канцы свайго жыцця напісаў балючы раман «Вярыгі» пра трагедыю калектывізацыі на Смалявіччыне. Увогуле ён аўтар больш 10 кніг прозы, як для дарослых, так і для падлеткаў. Некалькі ягоных кніг такі і засталіся ў рукапісах.

У 2016 годзе я напісаў адмысловы ліст, і з дапамогай Ігара Случака ён быў накіраваны ў Жодзінскі гарвыканкам з прапановай надаць адной з вуліц Жодзіна імя пісьменніка Івана Сіняўскага. Які, дарэчы, па вызаваленні Беларусі быў прызваны ў войска і дайшоў да Берліна. Балазе, я нагадваў, набліжаецца 100-годдзе пісьменніка. Прыйшла стандарная адпіска, маўляў, прапанову разгледзім, будзем мець на ўвазе пры абранні назваў новым вуліцам.

Летась з падобнай просьбай звярнуўся ў Жодзінскі гарвыканкам яшчэ адзін пісьменнік, які паходзіць з Жодзіна, — Уладзімір Сіўчыкаў. Гэты зварот ужо быў накіраваны ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў. Але і на яго не было ніякага канкрэтнага адказу.

Не ведаю, ці плануюць у Жодзіне нейкія мерапрыемствы з нагоды 100-годдзя свайго адзінага старэйшага прафесійнага пісьменніка. Але любую дапамогу ў гэтай справе я гатовы аказваць.

Другі юбілей не менш важны для мяне. 24 верасня спаўняецца 50 гадоў гарадзенскаму паэту Юрыю Гуменюку, якога вось ужо 6 гадоў няма побач з намі. З Юрам мы разам стваралі Таварыства Вольных Літаратараў і выдавалі часопіс «Калосьсе». У год смерці паэта, у 2013-м, я ўклаў найбольш поўнае паэтычнае выбранае Юры «Назаві мяне геніем», якое выдала «Гарадзенская бібліятэка». Праз год падрыхтаваў кнігу нарысаў, эсэ і артыкулаў «Краіна нязьдзейсьненых мараў», якая выйшла ў выдавецтве «Галіяфы».

Магчыма, можна яшчэ штосьці выдаць са спадчыны Гуменюка, але ў мяне больш няма ніякіх матэрыялаў, за выключэннем спавешчання пра постмадэрнізм, якое Юра прачытаў на канферэнцыі ТВЛ.

Відавочна, у Гародні нейкім чынам адзначаць гэты юбілей. Але варта ўжо сёння падумаць: што можна рэальна зрабіць.

Гл. таксама: Архіў жодзінскага празаіка перадалі ў музей