Згодна з арыгіналам

Пераклад: 
сучасная украінская паэзія, вершы па-беларуску, украінская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка, пераклад

згодна з арыгіналам

(згідно з оригіналом)

натарыус глядзіць на мяне і пытаецца
«у вас ёсць арыгінал?»
«ёсць» — адказваю я
і дастаю яго з пляцака

«пацёрты... багата бачыў»
жартуе натарыус
я пасміхаюся ў адказ

багата бачыў
хочацца сёе-тое забыцца
багата чуў
невядома як запомніў
багата зразумеў
не пэўны
затое — усё маё
і заўжды са мною

натарыус дасканала
вывучае арыгінал
такая ягоная праца
і вечная турбота
сёння пятніца
заўтра субота
ужо рабочы дзень
дагараў

«ну добра, усё нібы добра»
кажа ён
ідзе да ксеракса
робіць копію арыгінала
падыходзіць да мяне і кажа
пішыце тутака
«згодна з арыгіналам
подпіс
і пячатка»

пакорна пішучы
думаю пра вершы
якія запісваю згодна з арыгіналам
што лунае ў маёй галаве
нібы вечная музыка
стаўлю подпіс
клацаю пячаткай
сціпласці

колькі б вы не
прачыталі маіх вершаў
усё згодна з арыгіналам
усё заверана да дзюрак
прашыта так
што не разарваць
таму мой натарыус
ганарыцца мною.
бо ў мяне
усё як трэба
усё як у людзей

ён цісне мне руку
і кажа «не забудзьце арыгінал»
«хто ж я без яго»
адказваю жартаўліва.
апранаю палітон
і расчыняюся ў паветры
ранняе вясны

× × ×

(... і хірург сказав мені:)

... і хірург сказаў мне:
«ты напішаш пра гэта верш»
а я адказаў «гэта буде цэлая паэма»
хаця як выявілася кароткая
дзякуй Богу кароткая

як голка ў хрыбце якую мне неаднаразова
усаджвала жыццё
праварочвала і запытвала:
чаму ж ён такі крывы
а ты прасіў анэстэзіі
ў асабліва буйных памерах

ён не крывы
ён напружаны
гэта хрыбет паэты
гэта суцэльнае цела тэксту
і я аддаю яго вам
чытайце выкрэслівайце выпраўляйце

добры хірург
як добры рэдактар
вырывае з цябе памылкі
запытваецца пра справы
прымушае чытаць свае вершы

а потым ён скажа «ўсё»
і за табою прыедзе цяжарны анёл
і пасміхнуўшыся павязе
цябе пахмурнымі калідорамі
назад у святло
дзе цябе будзе чакаць мама
і ўвесь гэты свет
з усімі ягонымі персанажамі

як сказаў мне адзін сябра таксама паэт
«а калі мяне аперавалі і я сказаў
што мае творы вывучаюць у школе
яны з мяне ржалі
тыпу
што ўзяць з каматознага»

як добра што часы мяняюцца

праца ў культуры

(праця в культурі)

нервова жую бутэрброд
раву на кагосці па скайпе
выходжу з сябе
і зноў заходжу
гляджу ці застаўся
там шчэ хоць нехта

а пані прыбіральшчыца
ходзіць навокал і па-добраму
ўсміхаецца.
усміхаецца так
вольна і проста
нібы яна не пані
а шчэ дзіця

раву ў слухаўку
«дзе мае грошы»
«дзе мае тэксты»
«дзе мае нервы»
а пані
нешта прыгаворвае
і складае ў шафку посуд

трасуцца рукі
чырванеюць шчокі
хочацца ўсё гэта праклясці.
непраглядная ноч
ужо на парозе
а пані прыбіральшчыца
ўсміхаецца

супакоіўся
і даеў бутэрброд
памыў сподачак
зірнуў на пані
і сказаў ёй так горда
наіўна і чулліва
«добра
што пані не працуе ў
культуры»

а яна ўсё гэтак-жа
ўсміхнецца
і адкажа
«увогуле ўсё жыццё
працавала
ў друкарні тут
у цэнтры горада
зараз там 5-ці-
зоркавы гатэль
з рэстаранам
і спа-працэдурамі
друкавала ўсё
друкавала ўсім
гэта была проста цудоўная
праца
я сумую па ёй
па тых часах
калі я маладою была
і друкавала
таму праўда
праца ў культуры нервовая
але будзьма сумленнымі
і будзьма шчырымі
ўсё ж такі праца гэтая
прыўкрасная

сеяць сад у пустэльні
спрабаваць спыніць цягнік
грукацца ў дзверы зачыненыя
аддаваць сябе
да апошняе кроплі
праца ў культуры
ўжо паэзія
праца ў культуры
ўжо проза
праца ў культуры
гэта цэлае вымярэнне
вымярэнне нашага існавання

і сказаўшы гэта
яна пойдзе збірацца дахаты
а я буду сядзець на кухні далей
як антычная скульптура я буду сядзець
буду думаць пра яе ўсмешку
пра друкарню якой ужо няма
і пра сэрца якое дае ёй магчымасць
вось так проста ўсміхацца
вось так проста ўсміхацца
нібы яне не пані
а малое дзіця

гатэльны генацыд

(готельний геноцид)

у сваёй большасці паэты
неблагія людзі
дзіўныя але неблагія
часам трапляюцца мудакі
і пра іх таксама трэба
пісаць вершы

напрыклад адзін
паўпаэта, паўхуйведаехто
хаця лічу што любая паэзія
мае права на жыццё як і чалавек
само сабой

дык вось
мы ехалі разам у таксоўцы
і пачалася
доўгая вербальная тырада
пра паганы гатэль
на 20-й секундзе знаёмства

я падумаў
ты ж паэт
якая табе розніца які гатэль
праз дзве гадзіны ты будзеш п’яны
ванітаваць ва ўнітаз
абмацярыш увесь персанал
не пойдзеш на сняданак (якім бы ён ні быў)

бо ў цябе будзе пахмелле
ты проста паспіш адну ноч
але ўражанне сапсуеш на ўсё жыццё
якою б ні была твая паэзія

паверце — гэты гатэль,
быў добры
на сваім вяку я бываў у такіх гатэлях
дзе быў поўны піздзец,
але нічога страшнага
бо я ведаў,
што гэта проста гатэль.
і заўтра я буду дома
я ведаў што прыехаў у гэта места
не для таго каб жыць у гатэлі
а для таго каб пабачыцца з сябрамі
прачытаць людзям свае вершы
праспяваць песень
пагаварыць пра нешта цікавае

а далей ён выдаў такое
пасля чаго я й вырашыў напісаць
гэты верш
«такі паганы гатэль
і гэта ў горадзе дзе было гета
дзе катавалі габрэяў
дзе была сегрэграцыя
няўжо я не заслугоўваю лепшага
я абавязкова напішу пра гэта
у артыкуле пра ваш фестываль»
«пішы − пішы» думаў я
можа гэта будзе найлепшае што ты напішаш
і прымяніў сваю супер-сілу
якая тычыцца прафесійных навыкаў
белы шум у адказ
на розную лухту
што песціць ува мне прыўкрасны дзэн
і я згадваю мора прыемную музыку
у мяне ў галаве лунае
«fuck them all» mylene farmer
і я проста пасміхаюся
пасміхаюся як дурненькі
бо ведаю
што хаця й маю вялікае сэрца
але яно не вечнае
каб марнаваць яго на
пасрэдных паэтаў
з ніадкуль

я сцёр з памяці,
амаль усю тую размову
але бяглуздзіца пра гета
у памяці і дагэтуль
хоць ужо мінула тры гады
паэт застаўся хуёвым
на мой густ вядома
вам бы можа і спадабаўся
мала таго
цяпер ён яшчэ й піша прозу
не ведаю ці надрукавалі артыкул
пра гатэльны генацыд у Львове
па-мойму не
бо ў выніку ён нажлукціўся
напэўна фаршмачыў і не хадзіў на сняданне
а потым у напаўзабыцці паехаў дадому
нічога не змянілася
проста цяпер я ведаю
што акрамя ягонай бязглуздай паэзіі
гэта мы яшчэ можам дараваць
ён яшчэ і поўны мудак
а вось як быць з гэтым
невядома
па-свойму гэты верш
даволі неблагі
магчыма зацягнуты
але дакладна праўдзівы
цікава
ці я заслужыў ім
на добры гатэль?

нэтўоркінг

(нетворкінг)

маладыя адэпты
мэнэджмэнту культуры
збіраюцца на вечарынку
сёння во будуць плесці
мярэжы знаёмстваў
развіваць сетку кантактаў
моцную і трывалую
як усходняе партнёрства
у чэрвеньскім садочку
на беразе польскай рэчкі

я даўно не быў на такіх сходах
таму адразу шукаю алкаголь
сёння я тут запрошаны госць
паэт
які мусіць ствараць
атмасферу творчасці
быць нібы ўбаку
і адначасова пасярэдзіне

у гэтым мне дапаможа алкаголь
ён дадасць мне камунікацыйных здольнасцяў
бо як можна вынесці
усіх гэтых менеджараў
са сваімі праектамі
хоць яны і прыўкрасныя
майстэрня арт-развіцця сабакаў у Кошыцэ
падпольны беларускі часопіс пра мастацтва і
садоўніцтва
фестываль польскага андэграунду ў Чэнстаховай
азербайджанскі музей нафтавай культуры
і шчэ безліч усяго
чым я насалоджваўся
аж пакуль не перайшоў на віскі
добра
што мяне тут ніхто не ведае
пагана
што ўсе хочуць даведацца
хто я
плаваю нібы субмарына
падслуховаю размовы
менеджараў:
«у Менску было так добра
такі харошы трэнінг
я й не ведала
што там нарадзіўся
Станіслаў Лем»
«чакай, але ж Станіслаў Лем

нарадзіўся ўва Львове
я гэта добра памятаю
з львоўскага трэнінга»
«магчыма і так
але ў Менску
ў любым разе
было вельмі добра»
вечарынка была ў разгары
я пайшоў шукаць прыбіральню і ў калідоры
пабачыў як цалуюцца
двое
шчэ гадзіну таму яны знаёміліся
а зараз паміж імі ўжо напоўніцу
ідзе нэтўоркінг
пабачыўшы мяне
яны зніякавелі
але здаецца
зразумелі
што я ў цэлым не супраць
такога іхняга супольнага праекту
дзе цэлі мэта і задачы
надзвычай зразумелыя

туалет быў доўга заняты
і я разглядаў фатаграфіі ў калідоры
там былі розныя вядомыя палякі
якія ў свой час наведвалі гэта месца
і нават нобелеўскія лаўрэаты
магчыма яны гэтак жа як і я
стаялі і чакалі сваёй чаргі
недзе ў перапынках паміж нейкімі
з нэтўоркінгаў

гэта амаль нічым не адрознівалася
ад звычайнага сцэнара
нехта паліў з куратарам
нехта паслаў пасла
а простаму стэйкхолдэру
які прыйшоў пазней
не дасталося стэйка
лунала дыскатэка 90-х
ранніх 2000-ых
пастаянна сканчаўся алкаголь
які толькі прынеслі

я спусціўся да рэчкі
падыхаць
і прысеўшы на траву
убачыў малога павука
якій поўзаў ліхтаром
ён выплятаў танюсенькую
мярэжу
якой амаль
было не бачна
магчыма
ён таксама чакае
што гэтае ночы
з ім здарыцца нейкі нэтўоркінг
нехта патрапіць у ягоныя сеці
і яму хопіць
камунікацыйных здольнасцяў

пляшкі

(пляшки)

пляшкі з-пад піва
і з-пад віна
як адстрэленыя гільзы
па маёй свядомасці

колькі вас было вынесена
колькі вас было пакінута
на палёх баёў
за маладосць

калі б вас сабраць
выйшаў бы высокі
курган
помнік
нецвярозасці

літры пралітыя
нібы кроў у баях
дарэмных
колькі вас было ў абаротах
у абаротах вінтоў
верталётаў
што лёталі ўночы
па-над мною
колькі назад вярнулася
колькі было змарнавана
колькі ўсяго пражыта
з вамі шклянымі
як вочы мае

пляшкі з-пад віскі
каньяку і гарэлкі
джыну кальвадосу
бімбэру
прабачце
вы прайгралі
ў гэтай вечнай
вялікай вайне

падманваюць

(обманюють)

чужыя гарады падманваюць.
асабліва ўначы
і ты ў іх чужаніца
таму цябе і разводзяць.

ну напрыклад у абменніках
Кракава ці Прагі
ці на чыгуначных станцыях
Брна і Ўроцлава
у цэнтры Парыжа
у берлінскім Гёрліц-парку

гэта не таму
што ты ўкраінец
і ў цябе на ілбе напісана
гатовы да падману
бо я вось толькі з вёскі
не

проста
калі ты не дома
усё падман
усё несапраўднае

кебабы і тартыльі несапраўдныя
бо сапраўдная толькі шаурма
кабеты не сапраўдныя
бо сапраўдная толькі адна

усё несапраўднае
дзіўныя купюры ў кішэні
усё несапраўднае
нават тытунь
сінтэтычныя коўдры
алярмы краса
камеры таксама несапраўдныя
хаця

сапраўдны дом
твой куток
і перакрочыць мяжу
дадому
дадому
дадому

сапраўдны бадзяжны кот
які штодня каўкае пад акном
несапраўднага дому
так падманліва

я вынесу яму несапраўднага малака
каб праверыць
ці ён сапраўдны
не зайздрошчу тым
хто дазволіў сябе падмануць
я ведаю
гэты салодкі смак
хлусні

як добра быць падманутым
і як цяжка ў нашае яве
але я не абіраю
лёгкіх шляхоў
лёгкія шляхі
для слабакоў
бо ведаю
тартылья
для пераможаных
а шаурма
для сапраўдных пацаноў

цішыня. асфальт

(тиша. асфальт)

сонечны распараны жнівеньскі дзень
мы мінаем апошнюю харчовую краму
на выездзе з горада
перад намі блок-пост
з украінскімі сцягамі
мы спыняемся ў чаканні суправаджэння
я выходжу з машыны
падпальваю цыгарэту
адчуваю гарачы асфальт
апускаю голаў
і бачу
як ён дыміцца на сонцы
разбіты шэры але ўсё ж непераможаны

«да вайны тут была добрая дарога»
а цяпер ад цяжкай тэхнікі
ўсё ледзь трымаецца разам
і нават асфальт не вытрымлівае
кажуць мне мае падарожнікі
там за блок-пастом
часам шчэ горай чым тут
хаця ведаеш
я быў у такіх месцах ва Ўкраіне
дзе няма вайны
але ўсё адно
вельмі паганы асфальт

за намі прыязджае машына
і мы мінаем блок-пост
«калі я тут
дык ніколі не называю
гэтае месца
падчас тэлефонных размоваў
я адключаю інтэрнэт
хаця тут асабліва і не ловіць»
я называю гэта «шырокім морам»
ці «там, дзе плаваюць лебедзі»
выкарыстоўваю такія коды
для сваіх
для родных

стэп дарога асфальт
закінутыя будынкі
валацужныя сабакі
і мора
мора недзе там за гарызонтамі
мы тут такія самотныя
як рухомыя цэлі
цішыня звініць у вушах

мы прыпынімся каля будынку пасярод нейкага дачнага
масіву
нас сустрэнуць жаўнеры
мы перакінемся парай словаў
і зноў станем папаліць
на іншым канцы вуліцы
раптам выкрыкне дзяўчынка басанож
у жоўтае сукенцы
яна пойдзе нам насустрач па распаленым асфальце
нібы не адчувае яго

на імгненне мне здалося што яна прывід
які ідзе па безлюднай вуліцы
аж пакуль яна не прайшла паўз нас
прывіталася
добры дзень
і звярнула на іншую вуліцу
мы пераглянуліся
але здаецца яна сапраўды
была
і гэта не міраж

кажуць у апошні раз
тут стралялі на Дзень незалежнасці
колькі дзён таму
віншавалі нас
магчыма каб падкрэсліць
за што мы ваюем
але сёння тут было ціха
і цішыня была такая што прыгнечвае
як і любая іншая доўгая і мёртвая цішыня
«тут зараз ціха
цішыня на фронце
спараджае напружанне»
кажа капітан
шум рухавіка
вайскоўцы жадаюць нам поспеху
хаця каму з нас патрэбны поспех
вам хлопцы дакладны патрэбны болей

мы вяртаемся моўчкі
бо размаўляць не вельмі хочацца
зноў цішыня
наш шафёр уключае музыку
на блок-посце бетон умацаваны
камлыгаю асфальту
русы хлопец праводзіць нас позіркам і воклічам
«а!!! артысты!»
усміхаецца
дарогаю нас трусіць
мы аб’язджаем выбаіны
«зараз заедзем у горад
і будзе нармальны асфальт»
кажа нам шафёр

з той пары ў мяне ўсярэдзіне
нейкае дзіўнае ментальнае раненне
дзе б я ні быў
гляджу на асфальт
добры ці не вельмі
і згадваю
той гарачы які дыміць ад жніўня
ці ад вайны
я не ведаю
мне сніцца часам той жнівеньскі дзень
і цішыня
цішыня
гнятлівая ціша вайны
якая цягнецца насамрэч
а не толькі ў сне

шчаслівы

(щасливий)

пра што можа пісаць
шчаслівы паэта
ці бывае паэт шчаслівым
ён ідзе на аганёк
скрозь лясы
і галінкі б’юць па ягоным твары
але ён ідзе
хоць ногі ў балоце
ён ідзе
хаця ён і паэт

што ёсць шчасцем паэта
прорва
у якую ён дае нырца
як аквалангіст
і даследуе ўсе хібы
чалавецтва
разбірае людзей на цытаты
як сапраўдны стары
патолагаанатам

што ёсць шчасцем у паэзіі
удалая рыфма
ці арыфмія
ці пісаць
як сабе хочаш
я б хацеў умець
пісаць без літараў
я б хацеў
пазбегчы слова

я сёння пабуду
шчаслівым паэтам
каб заўтра зноў стаць
кімсці яшчэ
і ісці скрозь лес на аганёк
не зважаючы
на галінкі
якія
б’юць
па твары

малады паэт

(молодий поет)

вось ужо 10 гадоў,
як я малады паэт
напісаная купа вершаў
а я малады паэт
колькі спалена папярос
выпіта літраў усяго
выступаў былі сотні
а я малады паэт

здароўе ўжо не тое
тры прэзідэнты змяніліся
дзве рэвалюцыі адбыліся
усё радзей пішуцца вершы
а я малады паэт

цікава
чаму не кажуць
вось стары паэт
з яго сыплецца ўжо пясок
я яго сыплюцца вершы
на зямлю
паглядзіце
які ён пярдун
гэты цудоўны
стары паэт

ужо раскрыты
страшны сакрэт
гэтае вечнае
маладосці
ні пластычныя
хірургі
ні дактары
не выратуюць ад старасці
вас

толькі паэзія
толькі паэзія
кансервуе
нібы агуркі
маладосць

толькі паэзія
толькі паэзія
спыняе няспынны
час

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Алесь Плотка

як хмара ў сонечны дзень
рэкламуе лясок на ўзвышшы

так і камар
прарэкламаваў
твой маленькі пальчык на назе
амаль незаўважны
да сёння

Пераклад:
Алесь Плотка

У дзяцінстве ў мяне была кніжка з малюнкамі
там лісіцы былі і фазаны
такія ж, як тут

Гэта зона баявых нагадвае мне месцы,
што адышлі з гісторыяй

З сырой хаты вунь той
хутка выйдзе нябожчык дзядуля
і пакліча з сабою

Пераклад:
Алесь Плотка

Хачу па-мацярынску абняць порнаакцёраў.
Хлопцаў.
У іх жа
Такі змучаны выгляд у гэтым кіно.
Трэба іх неяк суцешыць.
Цяжкая ў іх работа.

Пераклад:
Мікола Адам

хіба любоў ратуе ад нябыту
наш першы крык
гэта аплакванне ўласнай смерці
потым мы будзем плакаць толькі
па страчаных дробязях