Штаны

сучасная беларуская драматургія, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Жахлівы выпадак у адной дзеі

На двухспальным ложку ў спальні, суддзя Раман Гурскі і ягоная жонка Ларыса Мікалаеўна. Тры гадзіны ночы. Цішыня. Як раптам:

Гурскі (крычыць): А-а-а-а...

Ларыса Мікалаеўна (падхапіўшыся): Рома! Ромачка!.. Што з табой?

Гурскі: А-а-а-а...

Ларыса Мікалаеўна: А божа мой! Што ж гэта такое? (Штурхае Гурскага ў бок.) Раман, ачніся! Ты чуеш, ці не?

Гурскі: Гэта ты Ларыса?

Ларыса Мікалаеўна: Я, хто ж яшчэ. Што здарылася, Раман? Сон прысніў?

Гурскі: Не.

Ларыса Мікалаеўна: А што?

Гурскі: Змяя.

Ларыса Мікалаеўна (вішчыць): Якая змяя? Дзе?

Гурскі: На шыі. Душыць... душыць.

Ларыса Мікалаеўна (крычыць): А-а-а-а...(і, маланкай саскочыўшы з ложка, запальвае таршэр. Вось што яна бачыць: Гурскі ляжыць на спіне, у чырвона-зялёнай піжаме і душыць сябе рукамі.) Аёй! Ромачка, што на цябе найшло?

Гурскі: Ларыса...

Ларыса Мікалаеўна: Га?

Гурскі: Ратуй, Ларыса, ратуй!

Ларыса Мікалаеўна: Дальбог, ён сябе кончыць! (У жаху, ламаючы рукі.) А што я рабіцьму, як адна жыцьму?

Гурскі (хрыпіць): Хрррр...

Ларыса Мікалаеўна: Няйнакш, даходзіць. Во — і вочы закаціў.Ну не, я гэтага не дапушчу.(Кідаецца на ложак і, ускочыўшы на Гурскага, як вершніца, учапіўшыся пальцамі ў ягоныя рукі, аддзірае іх ад шыі. Задыхана.) Фу, ледзь дала рады (Пляскае наводмаш далоняй Гурскага па твары).

Гурскі (схапіўся рукою за шчаку і затузаўся, каб скінуць з сябе жонку): Ты чаго б’ешся, чаго б’ешся?

Ларыса Мікалеўна (лагодным голасам): Усё, супакойся, супакойся. (Злазіць з яго сама.)

Гурскі: Не, ну як супакойся, калі шчака, быццам апечаная, гарыць?

Ларыса Мікалаеўна: Што тая шчака, Раман, калі ты во толькі чуць сябе не задушыў.

Гурскі: Я! Сябе?... Чуць не задушыў!?

Ларыса Мікалаеўна: Чаму ты пазіраеш, як дурны баран на ваду, думаеш я на цябе проста так, ці пагуляць ускочыла?

Гурскі: Не, не проста так, ці пагуляць, але... мо, нечага хацела?

Ларыса Мікалаеўна: Чаго нечага, я не разумею, што ты маеш на ўвазе?

Гурскі: Гэта... як жа яно называецца... Увогуле, таго, чаго жанчына ад мужчыны хоча.

Ларыса Мікалаеўна: Э, Раман, ты тут (цягнецца і стукае ўказальным пальцам Гурскага па лбе) нешта не тое сабе намысліў. Ды калі з намі гэта самае, што паміж мужчынам і жанчынай здараецца, апошні раз было? Ну, ці ўспомніш?

Гурскі: Я не вінаваты, што гэдак на рабоце прытамляюся, як вечар — з ног валюся.

Ларыса Мікалаеўна: Ах, мой ты гаротнік! (Працягвае рукі.) Давай, падсоўвайся, пашкадую. Нябось, вагоны з вуглём уручную разгружаеш.

Гурскі: Не, не вагоны. (Убок.) Але, мо, лепш і разгружаць. Спаў бы хоць спакойна. (Услых.) Падай, калі ласка, люстэрка.

Ларыса Мікалаеўна: Навошта яно табе?

Гурскі: На шыю падзіўлюся. (Мацае рукою шыю.)

Ларыса Мікалаеўна: Ну, падзівіся. (Дастае з тумбачкі люстэрка з ручкай.) Толькі не палохайся.

Гурскі: От, не выдумляй. (Сеўшы на ложку, разглядае ў люстэрка, якое падала жонка, шыю.) Але ж і сінякі. Дык ты сцвярджаеш, гэта я сам сябе так скалечыў?

Ларыса Мікалаеўна: А хто ж яшчэ? Калі толькі...

Гурскі: Што «калі толькі»? Працягвай.

Ларыса Мікалаеўна: Ай, нешта падалося, але нават і гаварыць не хочацца, такое дурноцце.

Гурскі: Ды не, раз пачала — кажы. Дык што там табе падалося?

Ларыса Мікалаеўна: Ты нейкую змяю згадваў.

Гурскі: Якую змяю?

Ларыса Мікалаеўна: Крычаў: «Змяя! Змяя!». У мяне ад жаху сэрца ў пяткі ўцякло, як абвараная з ложка ляцела.

Гурскі (задуменна): Гм, цікава, цікава.

Ларыса Мікалаеўна: Толькі гэта проста смешна, бо па добрай развазе, Раман, скажы, скуль у нас у доме ў спальне змяі ўзяцца, нават калі нейкая адна выпаўзла ў горад з заапарка?

Гурскі: Але ж нешта мяне душыла, бо вось штось іншае такое, то гэта калі ласка, а каб я сам сабе шкоду мог учыніць — ой, наўрад.

Ларыса Мікалаеўна: Каб я на свае вочы не бачыла, дык, не першы год цябе ведаючы, пад кожным тваім словам падпісалася б — усё праўда. Ты ж, нават лямпачку ў таршэры памяняць электрыка выклікаеш, баішся токам стукне.

Гурскі: А што тут за дзіва, у кожнага сваё рамяство. Адзін настаўнік у школе, другі інжынер на заводзе, нехта будаўнік, іншы шафёр, альбо, нарэшце, той самы электрык. А я суддзя. Значыцца, мая справа судзіць, і ўсё.

Ларыса Мікалаеўна: Добра, ляжы ўжо, раз суддзя. (Злазіць з ложка і, рассунуўшы дзверы, дастае з гардэроба халат, які накідвае на плечы.)

Гурскі: Ты куды?

Ларыса Мікалаеўна: Па мазь.

Гурскі: Па якую мазь?

Ларыса Мікалаеўна: Якая ў аптэчцы знойдзецца.

(Засоўвае ногі ў пантофлікі і выходзіць).

Гурскі (устае з ложка і ходзіць туды-сюды па спальні): Не, не, не і не. Не паверу. Нізавошта не паверу. А ні за якія пернікі. Каб я, пасярод ночы, ні з пушчы ні з поля, ды на цвярозую галаву, такое з сабой учыніў? (Мацае рукаю шыю.) І гэтая змяя. Зрэшты, Ларыса мае рацыю, скуль ёй у нас узяцца? Хаця... (спыняецца) як кажуць, чым чорт не жартуе, калі бог спіць. (Азіраецца вакол, затым абыходзіць куты.) Нідзе нічога. (Засоўвае галаву ў гардэроб.) І тут дуля з макам. (Пачухаўшы патыліцу, дастае з тумбачкі тэлефон, становіцца на калені і, падсвечваючы, заглядвае пад ложак.) Во табе і на! Ты хто? Няўжо чорт?

Чорт (з-пад ложка): Угу, ён самы.

Гурскі: Ха-ха, во дзе дзівосы. А ты сапраўдны, ці галюцынацыя?

Чорт: Сам ты галюцынацыя. На памацай, калі вачам не верыш. (З-пад ложка вы- соўваецца лапа, да якой Гурскі з асцярогай дакранаецца.) Ну, што?

Гурскі: Усё ў парадку — жывы. Дык гэта ты мяне душыў?

Чорт: Што ты, і не думаў!

Гурскі: А хто? Не мог жа я сябе сам?

Чорт: Чакай, зараз вылезу (Пакуль Гурскі ўстае з кален, Чорт вылазіць, са скруткам пад пахай.) Апчхі! (Абцірае лапай лыч.) Пыл, каб яго халера.

Гурскі: Дык хто мяне душыў, кажы, не цягні ката за хвост?

Чорт: Перад усім, не хто, а што. (Працягвае скрутак, які разматаўшыся, аказваецца штанамі з бел-чырвона-белымі палосамі.) Вось, яны.

Гурскі (злёгку асалапеўшы): Няўжо штаны? (Забірае ў чорта штаны і ўважліва іх разглядвае.) Ты ў гэтым упэўнены?

Чорт: На ўсе сто!

Гурскі: А ці не тыя гэта самыя, за якія я аштрафаваў... гэтую, як яе... Чорт, выляцела з галавы прозвішча. Руд... Руд... Не, не Рудую. А! Успомніў — Рудкевіч. Так, пазнаю іх. Во — бел-чырвона-белыя палосы. Але як яны апынуліся ў маёй спальні?

Чорт: З дапамогай чараў.

Гурскі: Да чаго дайшло, га? Ну проста ні ў якія вароты!

Чорт: І гэта толькі кветачкі, а ягадкі будуць. Зрэшты, каму вайна вяроўка, а каму дойная кароўка.

Гурскі: Ведаю, ведаю. У нас вайна, калісь пачаўшыся, напэўна, скруціла сабе галаву, бо забылася скончыцца. Толькі вось што прыкра: ўсё неяк не знаходзілася нагоды напоўніцу ўплесціся; то баяўся, то быццам вярэдзіла нейкае сумленне, ці спрытнейшыя апярэджвалі.

Чорт: А ці гэта не той самы выпадак, які нельга прапусціць, каб потым зноў не шкадаваць? Мо, варта хапаць за хвост птушку-ўдачу, пакуль не пырхнула? Падумай, добра падумай.

Гурскі: Думаў ужо.

Чорт: І што?

Гурскі: Прываблівае, няма чаго казаць.

Чорт: Дык наважвайся, гэта твой шанс.

Гурскі (цяжка ўздыхнуўшы): Эхэх... Пагатоў, хутчэй за ўсё, апошні.

Чорт: Чш! (Прыслухоўваецца.) Чую крокі. Сюды нехта ідзе.

Гурскі: Гэта жонка.

Чорт: Яна не павінна бачыць нас разам.

Гурскі: Хавайся ў гардэроб.

Чорт хаваецца ў гардэроб, а Гурскі засоўвае штаны пад матрац і апускаецца на калені перад ложкам. Уваходзіць Ларыса Мікалаеўна.

Ларыса Мікалаеўна: Чаго ты там поўзаеш? Нешта згубіў?

Гурскі: Штаны шукаю.

Ларыса Мікалаеўна (убок): Божа, няўжо ў яго памутнеў розум? (Услых.) Якія штаны? Усе твае штаны ў шафе.

Гурскі: Я не свае гляджу. (Выключыўшы тэлефон, сядае на ложку.)

Ларыса Мікалаеўна (упусціўшы цюбік з маззю): А чые?

Гурскі: З бел-чырвона-белымі палосамі.

Ларыса Мікалаеўна (убок): У яго закаціліся шарыкі за ролікі. Гэта ад стрэсу. (Услых.) Але ў нас такіх няма.

Гурскі: Я гэта ведаю. (Падымае са значэннем угару палец.) У тым якраз і справа.

Ларыса Мікалаеўна (убок): Усё ясна. (Падабраўшы цюбік з маззю, услых:) Давай хоць сінякі на шыі памажу.

Гурскі (выставіўшы перад сабой руку): Не, не чапай.

Ларыса Мікалаеўна: Што ты прыдумаў? Чаму?

Гурскі: Бо гэта не звычайныя сінякі, а сінякі як доказ цялеснага пашкоджання. Звані 003, выклікай хуткую. Трэба іх зафіксіраваць зараз жа, па гарачых слядах.

Ларыса Мікалаеўна (убок): Як найхутчэй выклічам. Мо прыйдзе да розуму, калі ўшпіляць укол. (Услых.) Ужо бягу. (Бяжыць.)

Гурскі: Стой! Толькі папярэдзь, што гэта выклік з дома суддзі Гурскага, каб не марудзілі, а маланкай ляцелі. Я ім не абы-хто, гадзіну чакаць не збіраюся. І адразу затым у міліцыю дзвынкні, скажы, што на нас напалі.

Ларыса Мікалаўна: Авой-авой, што ні хвіліна — то нейкая навіна. Хто напаў?

Гурскі: Не важна, скажы: напалі, і ўсё.

Ларыса Мікалаеўна: Дык ты сам дзвынкні. (Паказвае на тэлефон, на тумбачцы.)

Гурскі: Ды не магу, я ж паранены.

Ларыса Мікалаеўна: Выбачай, я забылася. А каб маланкай ляцелі, таксама папярэдзіць?

Гурскі: Не варта, у іх інструкцыя.

Ларыса Мікалаеўна: Як скажаш. (Выходзіць спехам.)

Чорт (высунуўшы галаву з гардэроба): Бач ты! Насмеліўся такі.

Гурскі (махнуўшы рукой): А! Будзь, што будзе. Як кажуць: альбо пан, альбо прапаў.

Чорт: Што ты, што ты! З такімі картамі на руках — і прапаў? Ды з гэтай гісторыі не якуюсь там шараговую бел-чырвона-белую справу, а чорт ведае што льга выкруціць — нават сусветны хіт. І няхай у мяне адпадзе хвост, калі сам... (шматзначна змаўкае) не зверне ўвагу, не зацікавіцца. А гэта дарагога варта. Зараз якраз той час, калі можна ўмомант падняцца. Раз — і ў тузах.

Гурскі: Вось думаеш пра гэта, і то ў горач кідае, то як сіверам абдае, быццам паставілі да сценкі, каб расстраляць, а аб’яўляюць, што памілавалі. Сёння ты ніхто, нейкі суддзішка ў працівінцыяльным гарадку, дробнымі махлярамі з рэчавага рынку ды калгаснымі несунамі займаешся, а тут, як цудам, глядзіш — у сталіцы, у Вярхоўным судзе засядаеш, лёсамі ого-якіх людзей распараджаешся, калясо жыцця-смерці круціш, а то нават і ў Канстытуцыйным... А гэта ўсё роўна што залезці да Бога за пазуху. Галоўнае што? Нічога не рабіцьму, ні за што не адказвацьму, а заязджай толькі на службовым «мэрсэдэсе», за кожным з канстытуцыйных суддзяў «мэрсэдэсы» пажыццёва замацаваныя, як, паміж іншым, і персанальныя пенсіі «За асаблівыя заслугі», на вуліцу Чырвонаармейскую, да дома нумар 4...

Чорт: Ведаю гэты дом.

Гурскі: ...раз на месяц па капэрту з грашыма і (пляскае рукамі), а людцы мае! па якую капэрту, такую, што ў кішэнь не ўлезе, а толькі ў партфель, вось чаму калі і можна пабачыць таго ці іншага з гэтых абраннікаў багоў, ну там на якой-небудзь выбітнай прэзентацыі, сусветнай канферэнцыіі, альбо на нарадзе ў прэзідэнта, дык толькі з партфелем, ці з нечым іншым такога аб’ёму ў руках. І на гэтым усё. І канцы ў ваду.

Чорт: Але чаму гэта, як так атрымалася? Усе астатнія шышкі хоць удаюць якуюсь дзейнасць...

Гурскі: Слухай сюды. (Азіраецца, як злодзей, на вакно.) Толькі (прыкладвае палец да вуснаў) чш!.. Гэта вялікі сакрэт.

Чорт: Можаш на мяне смела разлічваць. Клянуся: нікому ні слова!

Гурскі: Добра. Дык вось: насамрэч аніякай Канстытуцыі няма.

Чорт: Як няма Канстытуцыі! А што ёсць?

Гурскі: У лепшым выпадку, сем пятніц на тыдні.

Чорт: Ага! Во ў чым штука! Канстытуцыі няма, а Канстытуцыйныя суддзі ёсць.

Гурскі: Усё правільна! Але глядзі, не прагаварыся. Ты абяцаў.

Чорт: Што ты! Магіла.

(Уваходзіць Ларыса Мікалаеўна. Чорт хаваецца.)

Гурскі: Ну што, выклікала хуткую?

Ларыса Мікалаеўна: Выклікала.

Гурскі: А папярэдзіла, каб маланкай ляцелі?

Ларыса Мікалаеўна: Папярэдзіла.

Гурскі: І што адказалі?

Ларыса Мікалаеўна: Што ўжо выехалі.

Гурскі: А ў міліцыю званіла?

Ларыса Мікалаеўна: Званіла.

Гурскі: А яны што?

Ларыса Мікалаеўна: Моцна здзівіліся. Нават запыталіся, ці не п’яная я. «Што вы», кажу, «у рот», кажу, «не брала».

Гурскі: Добра. Сядзь. (Ларыса Мікалаеўна сядае на ложак побач з Гурскім.) Хачу сказаць табе нешта вельмі важнае. Пара нам, Ларыса, у сталіцу перабірацца.

Ларыса Мікалаеўна: У сталіцу?

Гурскі: Так, у сталіцу. Засядзеліся мы ў гэтай правінцыіі, загразлі, бы тыя калёсы ў балоце, заплеснелі. Іншы раз, ажно слёзы на вочы наварочваюцца, як падумаю, што сапраўднае жыццё праходзіць міма, як пясок паміж пальцаў, уцякае. І гэдакая крыўда бярэ...

Ларыса Мікалаеўна: Як бог святы, праўда! Вось у той чацвер, ці гэта пятніца была... хацела тайскі масаж замовіць, дык у нашым гэдык называемым салоне, у «Райскіх шатах», што на Савецкай вуліцы, пра такі нават не чулі. «Які-які», перапытваюць, «тайваньскі?»

Гурскі: Толькі яшчэ не ведаю куды лепш на службу паступіць — ці ў Вярхоўны суд, ці ў Канстытуцыйны.

Ларыса Мікалаеўна: Туды, дзе зарплата большая.

Гурскі: Го, бач што ў цябе наўме.

Ларыса Мікалаеўна: Зрэшты, паступай, куды хочаш. А дзе мы ў той сталіцы жыцьмем?

Гурскі: Натуральна, у Драздах. Там, у адным кулаку (паказвае кулак) — спрэс найбліжэйшае кола: суддзі, пракуроры, следчыя, як і сілавыя міністры... бо што карысці, напрыклад ад міністра адукацыі, альбо лясной гаспадаркі? ім і іншае месца прыдасца... Каб як што якое — якіясь хваляванні, закалоты, а то, нават, крый божа, мяцеж, — так уляпіць
гэтым кулаком, каб толькі мокрае месца ад бунтаўшчыкоў засталося! (Чуваць дзвярны званок.) Прыехалі нарэшце. Ідзі, сустрэнь.

(Ларыса Мікалаеўна выходзіць. Гурскі сядае на ложку.)

Чорт (высунуўшы галаву з гардэроба): Ляж.

Гурскі: А, ну-ну. (Кладзецца.) Паслухай, усё хацеў у цябе запытацца...

Чорт: Потым запытаешся, зараз не да гэтага. Выпрастай ногі і скрывіся, быццам моцна баліць. (Гурскі выпроствае ногі і крывіцца.) Ну што ты, як сам не свой. Натуральней старайся. Эх, хрэновы з цябе, брат, актор. (Хаваецца.)

(Уваходзіць Ларыса Мікалаеўна, за ёю Ўрач у бардовай куртцы з надпісам на спіне «хуткая дапамога», з чамаданчыкам, і Фельчарка ў такой самай куртцы.)

Гурскі (стогне): Мммм...

Чорт (з гардэроба, убок): Але не без таленту.

Урач (прымасціўшы чамаданчык на тумбачку і прысеўшы на ложак побач з Гурскім): Што з вамі здарылася? Дзе баліць?

Гурскі (задраўшы падбародак, паказвае пальцам на шыю, жаласлівым голасам): Вось, доктар.

Урач: Што гэта? (Нахіляецца, каб лепей разглядзець шыю.) Хто вас душыў? (Пераводзіць позірк на Ларысу Мікалаеўну, якая перайшла на другі бок ложка.)

Ларыса Мікалаеўна (прыклаўшы рукі да грудзей): Далібог, не я!

Гурскі: Не, доктар, гэта сапраўды не тое, пра што вы падумалі.

Урач: А што ж яшчэ гэта такое? (Зноў засяроджваецца на шыі Гурскага.) Вось, яўныя сляды пальцаў.

Гурскі: Гэта сляды не ад пальцаў, а ад штаноў.

Урач: Штаноў? Якіх штаноў?

Гурскі: А вось гэтых. (Прыпадымаецца і, засунуўшы руку пад матрац, выцягвае штаны).

Ларыса Мікалаеўна: Аёй, чые гэта штаны? У нас такіх няма. І як яны апынуліся пад матрацам?

Гурскі: Я іх туды засунуў, каб не ўцяклі.

Ларыса Мікалаеўна і Ўрач (пераглянуўшыся, разам): Каб не ўцяклі?

Гурскі (працягвае, і ні лыс): А злавіў пад ложкам, дзе яны хаваліся, пасля таго як не здолелі мяне задушыць. Яны, каб вы ведалі, зачараваныя.

Урач: Аааа... вунь яно што! Так, так, так...

Гурскі: Што? Вы мне не верыце?

Урач: Чаму ж, веру. Зачараваныя штаны з бел-чырована-белымі палосамі — рэч у нашых шыротах вядомая. Ды мы й не такое бачылі. Вось (ківае галавой на
Фельчарку), калега не дасць схлусіць. (Да Гурскага.) Зараз я вам зраблю ўкол. Гэта
дапаможа. Прынамсі, зніме балявы шок, у якім вы, відавочна, знаходзіцеся. (Адкрывае чамаданчык.)

Гурскі: Не, чакайце. (Сядае на ложку.) Гэта ж што выходзіць: вы аспрэчваеце сведчанні прадстаўніка ўлады?

Урач: Ды нічога я не аспрэчваю, якое там, нават і ў думках не маю!

Гурскі: Не перабівайце, калі я гавару. Абвінавачваеце гэтага самага прадстаўніка (тыркае сябе пальцам у грудзі), пагатоў прадстаўніка перадавога атрада гэтай самай улады (цягне палец угару), а менавіта праваахоўных ворганаў, у хлусні, чаго не можа быць.

Урач: Вы мяне не так зразумелі.

Гурскі: Я вас папярэдзіў. Глядзіце — пашкадуеце.

Урач (убок): Во ўкляпаўся. За панюшку табакі прападзеш, ні за што. (Услых.) Я ўсё зразумеў, выбачайце. Дык колемся, ці не?

Гурскі: Калі вы лічыце патрэбным — я гатовы. (Кладзецца на ложку.) Толькі спярша выпішыце паперу.

Урач: Якую паперу?

Гурскі: Аб цялесных пашкоджаннях.

Урач: Не-не, што вы, я не выпісваю такіх папер, не маю права. З гэтым вам неабходна звярнуцца ў траўмапункт шпіталя хуткай дапамогі.

Гурскі (абурана): Як я магу патрапіць у траўмапункт шпіталя хуткай дапамогі, калі я знявечаны!

Урач: Вельмі проста. Мы вас туды зараз даставім на машыне. Апранайцеся.

Гурскі (ямчэй уладкоўваючыся ў ложку): Не, я нікуды не паеду.

Урач: Што ж, гэта ваша права. (Закрывае чамаданчык.)

Ларыса Мікалаеўна: А як жа ўкол?

Гурскі: І ніякага, без паперы аб цялесных пашкоджаннях, укола.

Урач: Ну вось! (Разводзіць рукамі.)

Раптам чуваць такі тупат, быццам па калідоры, у бок спальні, нясецца пара калгасных бугаёў, якія вырваліся, паламаўшы агароджу, з загона каля фермы.

Урач: Гэта яшчэ што такое? (Глядзіць на Фельчарку, якая мяняецца з твару).

Ларыса Мікалеўна: А божачкі мае!

(У наступнае імгненне дзверы ад удару злятаюць з завесаў і ў спальню ўрываецца паўтузін амапаўцаў, у чорнай форме, з маскамі на тварах і аўтаматамі ў руках.)

Першы Амапавец (крычыць): Усім ляжаць! Працуе амап! (Урач, Фельчарка і Ларыса Мікалаеўна снапамі валяцца долу.)

Другі Амапавец (замахнуўшыся аўтаматам на Гурскага, які ляжыць на ложку): А ты асобнай каманды чакаеш?

Гурскі (заікаючыся): Ды-ды-дык я ж ляжу.

Другі Амапавец: На падлогу, хутка. (Гурскі кулём скатваецца з ложка.)

Першы Амапавец: Не варушыцца, дыхаць праз раз, падаваць голас толькі на мой загад.

(У той час як трэці Амапавец абыходзіць спальню па коле, а чацьвёрты зазірае пад ложак,
пяты, адсунуўшы дзверы, заглядвае ў гардэроб.)

Пяты Амапавец (да Чорта): Ты хто?

Чорт: Чш...! Не шумі. Свой я, на заданні.

Пяты Амапавец: Зразумела. (Засоўвае дзверы.)

Першы Амапавец: Суддзя Гурскі тут?

Гурскі (не падымаючы галавы): Гэта я.

Першы Амапавец: Што ж ты разлёгся? Падымайся. (Гурскі падымаецца.) Міліцыю ты выклікаў?

Гурскі: Не, яна (паказвае пальцам) — мая жонка.

Другі Амапавец (павёўшы руляй аўтамата): А гэта хто такія?

Гурскі: Брыгада хуткай дапамогі.

Першы Амапавец: Ды бачым ужо, што брыгада. Значыцца, так: усім устаць і пашыхтавацца. (Усе ўстаюць і становяцца ля сцяны.) Дык што тут адбылося, хто на вас напаў? Адказваць коратка, выразна і па тэме.

Гурскі (выцягнуўшы з-пад матраца штаны): Вось, яны.

Першы Амапавец: Што гэта такое — штаны?

Гурскі: Так точна. Але, прашу звярнуць увагу, не звычайныя штаны, а з бел-чырвона-белымі палосамі.

Першы Амапавец (разглядваючы штаны): Пацвярджаю наяўнасць фашысцкай сімволікі.

Гурскі: А гэта (задзірае галаву, каб паказаць шыю) — цялесныя калецтвы, якія яны нанеслі мне ў ходзе нападзення. Ледзь адбіўся. І тое з дапамогай жонкі.

Першы Амапавец: Гм, ледзь, кажаш, адбіўся, і то не сам?

Гурскі: Так і было. Урэшце, запытайцеся ў жонкі.

Першы Амапавец: Запытаемся, калі палічым неабходным.

Гурскі (спяшаецца патлумачыць): Справа ў тым, што я прысудзіў нейкай грамадзянцы Рудкевіч штраф за тое, што яна выйшла на вуліцу ў гэтых самых штанах, бо, па нашых законах, якія — як суддзя, не магу ўстрымацца, каб не пахваліць! — самыя справядлівыя ў свеце, гэта з’яўляецца нічым іншым, як несанкцыянаваным пікетаваннем. Вось яна мне і помсціць.

Першы Амапавец: Нешта прыпамінаю такое. Ага, на палітінфармацыі расказвалі.Толькі каб да вас у спальню залезла сама Рудкевіч, альбо нехта, каго яна падбухторыла — муж, ці палюбоўнік, было б прынамсі лагічна. Ну а штаны! Як гэта наогул магчыма?

Гурскі: Яна іх зачаравала.

Першы Амапавец: Толькі калі так. А хіба іх не канфіскавалі пастановай суду?

Гурскі: Не.

ПершыАмапавец: Гэта была памылка. (Да другога Амапаўца.) Ну што, паляцелі браць Рудкевіч?

Другі Амапавец: А які яе адрас?

Першы Амапавец: Знойдзем у базе тэрарыстаў. Гайда, хлопцы.

Гурскі: Я перапрашаю. Ёсць яшчэ адно.

Першы Амапавец: Што такое?

Гурскі: Вось гэты (паказвае на Ўрача), шкоднік, адмаўляецца пісаць пасведчанне аб цялесных пашкоджаннях.

Першы Амапавец: Як гэта адмаўляецца, чаму?

Урач: Выслухайце, калі ласка! Я не маю права даваць аніякія пасведчанні, гэта не законна, я ўрач хуткай дапамогі.

Першы Амапавец: Зараз не да законаў. Мы на вайне. Ушалопаў?

Урач: Ушалопаў. Але на чым я напішу? У мяне няма бланка ўстаноўленнай формы.

Гурскі: У мяне ёсць. (Паказвае рукой на выхад.) Папрашу ў мой кабінет.

Усе выходзяць, акрамя Ларысы Мікалаеўны і Чорта, які вылазіць з гардэроба.

Ларыса Мікалаеўна: Вой, хто вы?

Чорт: Мадам, не палохайцеся, я не ліхадзей і не злодзей, а ваш адданы прыхільнік.

Ларыса Мікалаеўна: Адданы прыхільнік? Мой? Але як вы патрапілі ў спальню?

Чорт: Улез у вакно. Прашу, не адмаўляйце, а дазвольце палюбавацца вамі, наталіць, гэдак кажучы, самотнаму падарожніку смагу. (Любуецца.) Чароўная! Чароўная!.. Але не, не налюбуюся, не нап’юся — ні за гадзіну, ні за дзве, няма чаго і спрабаваць. Вы як месячык ясны.

Ларыса Мікалаеўна: Хто-хто?

Чорт: Як паўночная зорка.

Ларыса Мікалаеўна: Ах, я вам не веру, вы са мной гуляеце.

Чорт: Што вы, я не насмеліўся б. Упершыню я ўбачыў вас у той чацвер, ці гэта пятніца была... калі вы перабягалі вуліцу на чырвонае святло. «О! што за грацыёзнае стварэнне, дзяўчынка, свавольная дзяўчынка», слупянеючы, падумаў я. Вы мяне асляпілі. І потым, калі вы зніклі за дзвярыма таго салона...

Ларыса Мікалаеўна: «Райскіх шатаў»?

Чорт: Ага, «шатаў».

Ларыса Мікалаеўна: Дык вы за мной віжавалі?

Чорт: Мушу прызнацца — было. Але я не вінаваты. Вы разбілі мне сэрца. Мілая! Мілая! Дайце, дайце пацалаваць ручку.

Ларыса Мікалаеўна (падае руку, да якой Чорт з імпэтам прыкладваецца): Ах, як
гэта несвоечасова, недарэчы зараз.

Чорт: Што вы! Што вы! Дарагая мая, сапраўднае каханне заўсёды своечасовае і дарэчнае, бо абрынаецца, як снег на галаву з падстрэшка — раптам, ні з таго, ні з сяго.

Ларыса Мікалаеўна: Яно сапраўды так, але ж...

Чорт: Што такое, няўжо на свеце ёсць нешта, што можа перашкодзіць нашаму шчасцю, засланіць нам сонца, заступіць дарогу? Кажыце зараз жа, я не вытрываю няпэўнасці. Застрэлюся! Застрэлюся!

Ларыса Мікалаеўна: Не, не, нават не думайце пра гэта, не засмучайце мяне.

Чорт: Добра, не буду. Але працягвайце, кажыце, што вас спыняе ад таго, каб кінуцца з галавою ў бурлівы вір жарсці, дарэшты аддацца гэтаму высакароднаму пачуццю?

Ларыса Мікалаеўна (патупіўшы вочы, напаўголаса): Я ў шлюбе.

Чорт: Вось навіна! Ды ў якія часы, дзе і каму такая акалічнасць замінала каханню?

Ларыса Мікалаеўна: Але гэта не ўсё.

Чорт: Не ўсё? А што такое?

Ларыса Мікалаеўна: А тое, што мы з мужам пераязджаем у сталіцу.

Чорт: Куды-куды? У сталіцу? У Мінск? Што ж вы там забыліся?

Ларыса Мікалеўна: Я то нічога, а ён разлічвае на месца, ці то ў Вярхоўным судзе, ці то ў Канстытуцыйным, не ведаю. А жыцьмем у Драздах, у, у, у...

Чорт: Можаце не працягваць, далей усё вядома. Здрадзіць.

Ларыса Мікалаеўна: Што?

Чорт: Абавязкова здрадзіць, як двойчы два. Выкіне вас на вуліцу, што дзіця зламаную цацку, без літасці і згрызоты, альбо, у лепшым выпадку, адкупіцца аднапакаёвай кватэркай на трынаццатым паверсе ў новабудоўлі дзе-небудзь на ўскрайку, за кальцавой.

Ларыса Мікалаеўна: Не, не, гэтага не можа быць!

Чорт: Чаму ж не можа, калі яны ўсе толькі так і абыходзяцца. Бедная мая, бедная жанчынка. Прачніцеся, расплюшчыце нарэшце вочы. Ужо такое праклятае месца, гэтыя самыя Дразды, што сумленны чалавек павінен, не шкадуючы ног, абмінаць яго за кіламетр, а лепш за два. Паверце, я ведаю што кажу. Варта толькі таму ці іншаму, каго ўсе навокал лічылі прыстойным, патрапіць туды, дык і паўгода не праходзіць, як чорт ведае што ўчыняецца з чалавекам, спаскуджваецца проста на вачах. І першым чынам выганяе старую жонку, а бярэ сабе маладую. У іх гэта як выпіць чарку каньяку ля каміна перад сном, альбо выкурыць цыгарэту на тэрасе — само сабой, так заведзена.

Ларыса Мікалаеўна: Дык вось чаму ён туды так імкнецца, чаго яго быццам магнэсам у тыя Дразды цягне! (Ідзе і падае на ложак тварам у падушку.) Ці гэтага я чакала!? Ці такое заслужыла!? (Плача наўзрыд.)

Чорт (прылёгшы з другога боку на ложак і гладзячы Ларысу Мікалаеўну па галаве, ціхім пяшчотным голасам): Ну што ты, харошая мая, мілая, дарагая, не плач, не гаруй, усё сыходзіць, мінае, рассейваецца, бы ранішні туман, развейваецца, як дым. Я з табою. І ніколі і нізавошта цябе не пакіну, табе не здраджу. Бо ўжо такі я ёсць, такая мая натура, калі палюбіў, дык навек, да канца, да магілы. (Усхліпваючы, Ларыса Мікалеўна паварочваецца на бок і туліцца да Чорта.)

(Уваходзіць Гурскі.)

Гурскі (вылупіўшыся): А што тут такое!? А вы гэта чаго!? А гэта як так!?

Чорт (прыпадняўшы галаву і выскаліўшыся): Згінь!

(Узмахнуўшы рукамі, як птушка крыламі, Гурскі правальваецца праз падлогу.)

ЗАСЛОНА

2021 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Тэлевізар не слухаюць, на дэманстрацыі не ходзюць, адкрываюць дзверы бадзягам, у той час, калі бадзяжніцтва ёсць не што іншае, як крымінальнае злачынства, якое караецца катаржнымі працамі да пяці гадоў, як саміх бадзяг, так і асобаў, што далі ім прытулак.

ПЕРШЫ МУЖЫК (малоцячы загіпсаванай рукой па варотах): Адчыняй, а то выламаем.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР (звесіўшыся праз поручань): Я табе выламаю, вароты дзяржаўная маёмасць, будзеце адказваць у судзе па законе.
ПРАХОЖЫ (ляснуўшы па варотах захопленым у чарнашапачніка дручком): І адкажам, анягож! Вось проста зараз і пачнём.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Ды што з імі зубы сушыць. (Аддзірае рукамі са створкі варот скрыню «СКАРГІ».) Ламай іх нахрэн.
ПРАСІЦЕЛЬКА: Аёй, сынок, што ты робіш, куды ж скаргі кідацьмем?

ПРЭЗІДЭНТ: ...Таму прысвойтваю табе чарговае званне.
МАЁР: Падпалкоўніка?
ПРЭЗІДЭНТ: Не, генерал-маёра. (Дастае з кішэні генеральскія пагоны і прыкладвае іх Маёру на плечы.)
АПАВЯДАЛЬНІК (да гледачоў): Бачылі, во гэта кар’ерны рост, гэта я разумею. Як у нас у тэатры: з суфлёраў у галоўныя рэжысёры адным махам.

Я і кажу — бяда. Хіба, як калісь, у крамах усё чыста папрападае? Трэба было б запасціся сім-тым, пакуль тое-сёе есцека: запалак узяць, солі якую кілю, мыла таксама не зашкодзіць, як і пральны парашок. А галоўнае — крупаў не забыцца і цукру, бо дзе іх потым возьмеш, калі знікнуць?