17.12.2018

У «ЛітРАЖа» ёсьць свая прэмія!

Тое, пра неабходнасьць чаго так доўга гаварылі ў чатах і на хатах, у кулюарах і піўбарах, зьдзейсьнілася! Наш віртуальны часопіс заснаваў уласную літаратурную Прэмію — і не адну, а цэлых дваццаць! Прэмія называецца «Празрысты ЭОЛ» і будзе ўручацца за найлепшыя электронныя кнігі й літаратурныя онлайн-публікацыі беларускамоўнага інтэрнэту ў дваццаці катэгорыях.

Вызначаць, хто павінен атрымаць ад нас па ЭОЛах, а хто не, будзе спэцыяльна прыдуманая і створаная з гэтай нагоды Віртуальная Літаратурная Акадэмія. У яе мы паклікалі самых разумных і паважаных людзей з усясьветнай беларускай літпрасторы: крытыкаў, навукоўцаў, ну і, натуральна, пісьменьнікаў, куды ж бязь іх. Усё, на што мы зважалі, дасылаючы ім запрашэньні, — гэта іхны ўзрост (40+, у адпаведнасьці з мацункам нашых улюбёных напояў), кампэтэнтнасьць і рэпутацыя ў пісьменьніцкай грамадзе. Паглядзець, якая Акадэмія ў нас атрымалася, можна тут.

Асабліва мы ганарымся тым фактам, што ў Акадэмію ўвайшлі ажно пяцёра (зь сямі) ляўрэатаў Гедройца — Арлоў, Бабкоў, Бартосік, Някляеў і Шчур (наш чалавек у сваёй камандзе, хе-хе) — і спадзяёмся, што гэта далёка не канец: яшчэ ня ўсе запрошаныя намі ў Акадэмію нам адказалі. Некаторыя адказалі, але яшчэ не даслалі фотку.

Яшчэ болей мы ганарымся тым фактам, што ў нашай Акадэміі прыблізна аднолькава прадстаўленыя як акадэмікі, так і акадэмкі! — ну папросту мужчыны і жанчыны. Спадзяёмся захаваць гэтую прапорцыю і надалей.

Такім чынам, усё, што вам цяпер застаецца, — гэта дасылаць нам спасылкі на свае і чужыя ўлюбёныя творы на адрас eol.litrazh@gmail.com, каб мы маглі ўключыць іх у Рэкамэндацыйны сьпіс, які ў другой палове студзеня разгледзіць Віртуальная Акадэмія. Вынікі прэміі павінны быць вядомыя і абвешчаныя на ўрачыстай цырымоніі ўганараваньня ў сакавіку 2019 г.

Падрабязнасьці пра Прэмію вы можаце прачытаць на адмыслова створаным з гэтаю мэтай Сайце Прэміі. Таксама пра гэтую эпахальную ў гісторыі беларускай сеціратуры падзею ўжо напісалі Радыё Рацыя, Эўрарадыё, Telegraf.by і іншыя.

Пішыце нам, піярце, шырце, абмяркоўвайце! — або не. Залежыць толькі ад вас.

Ваш ЛітРАЖ