08.09.2018

Выхоўвай фантазюраў па-беларуску!

Выдавецтва “Галіяфы” распачало краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на выданне дзіцячай кнігі паэткі-фантазёркі Веры Бурлак. Прыблізна траціна грошай ужо сабраная, але часу застаецца ўсяго 23 дні, таму калі ты Літражу друх, то варухні сваёй патрыятычнай сракай і закінь на Улей дзясятку-дзве замест таго, каб іх прабухаць! Табе сюды.

Што за гэта будзе? Апроч кніжкі, трэба разумець? Ну напрыклад льга атрымаць арыгінальныя малюнкі аднаго з двух таленавітых ілюстратараў Андрэя Пакроўскага (другі таленавіты ілюстратар – Вераніка Лемешава). Або сустрэцца на філіжанку кавы з стваральнікамі кнігі, улучна з аўтаркай – вядомай паэткай і мамай двух сыноў Верай Бурлак (яна ж Джэці).

Што яшчэ паведамляе выдавец:

«У кнізе будуць змешчаны 28 вершаў. Тут знойдуцца як вершаванкі-чытанкі на дабранач, так і вясёлыя прачынанкі-ўставанкі. Большасць вершаў лёгкія для завучвання на памяць. Кніга арыентаваная на дзяцей ад 6 да 10 гадоў. Кожны, хто разумее, як рэдка апошнім часам з'яўляюцца харошыя дзіцячыя кнігі, проста мусіць звярнуць увагу на гэтае выданне».

Звярнуў? Адшкадуй чырвонец! Загадзя ўдзячныя ад імя ўсіх дзяцей і іхных бацькоў.