Свабода

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

У школьным сшытку сваім
На парце, на дрэвах, на
Сумётах сьнегу й пяску
Выводжу тваё імя

На ўсіх бачынах зь пісьмом,
На кожнае безь пісьма,  
На попеле й камяні
Выводжу тваё імя

На золаце абразоў,
На зброі ваярскай, на
Кароне былых князёў
Выводжу тваё імя

На пушчы й на пустыры,
На гнёздах і на кустах,
На рэху малых гадоў
Выводжу тваё імя

На дзівах маіх начэй,
На хлебе бялюткім дня,
На першых пяшчот пары   
Выводжу тваё імя

На сініх шматках ануч,
На сонцы ў гнільлі стаўка,
На жвавым маладзіку
Выводжу тваё імя

На неба й зямлі мяжы,
На крылах птушыных, на
Спрадвечным ценяў млыне
Выводжу тваё імя

На кожным шэпце зары,
На моры й на караблях,
На звар’яценьня гары
Выводжу тваё імя

На потным твары грымот,
На мху навальнічных хмар,
Нішчымным густым дажджы
Выводжу тваё імя

Вышэй за мігуткасьць форм,
Вышэй за крыкастасьць фарб,
Вышэй ад праўды самой
Я стаўлю тваё імя
 
На перакрутах сьцяжын
І на наўпростых шляхах,
На плошчах, дзе люду цьма,
Я стаўлю тваё імя

На лямпах з жывым агнём
І тых, чый згасае бляск,
На гмахах, дзе быў мой дом,
Я стаўлю тваё імя

На плёне спальні маёй,
Што люстра тне напалам,
На спратах пустых прасьцін 
Я стаўлю тваё імя

На чуйных мяккіх вушах
Сабакі майго, ласуна,
На грубай лапе яго
Я стаўлю тваё імя

На рэчах вакол мяне,
На пругкіх сваіх дзьвярах,
На ціхай плыні агню
Я стаўлю тваё імя

На тварах сваіх сяброў,
На сэрцах, што б’юцца ў такт,
На кожнай шчырай руцэ
Я стаўлю тваё імя

На шкле, што зьяўляе цуд,
На вуснах, што не маўчаць,
А чуюць, каб паўтарыць,
Я стаўлю тваё імя

На рэштках прытулкаў, на
Разбураных маяках,
На скрухі сваёй мурах
Я стаўлю тваё імя

Вышэй за самоты голь,
За сьмерці ганебны марш,
Вышэй за нябыт бяз праг
Я стаўлю тваё імя

Вышэй за працяглы век
І за небясьпекі брак,
За лёс забытых надзей
Я стаўлю тваё імя

І дзякуючы яму
Я зноў пачынаю жыць
Народжаны, каб спазнаць
Цябе і назваць услых – 

Свабода

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

О, працоўны больш дурнем ня будзе,
Бо і ён мае працы арудзьдзе –
Серп, а болей дубец
Паўстае, каб агрэць
Тых, хто служыць фашысцкай паскудзе.

Пераклад:
Макс Шчур

Трыццаць тысяч відаў яшчэ невядомых расьлін
Жывыя непрыдуманыя людзі ў джунглях
прадаюцца на катаваньне —
а робат у гарнітуры, што спэкулюе прымхай з назвай «Бразілія»
мае права гаварыць ад іхнага імя?

Пераклад:
Макс Шчур

З кнігі “Сэнс змаганьня” (1996)

Накід жэста ўліваецца ў вусьце пакуты.
Праз сто крокаў – жаданьне вярнуцца дадому,
Адляжацца ад болю жыцьця, быць самому.
Цяжар цела засьведчыць табе: ты прысутны.

На дварэ – духата, небасхіл – беззаганны,
Маладняк сьвяткаваць заклікае прырода,
Целы іх не пускае жыцьцё з карагоду –
Ты ж самотны, уявай пустэчы загнаны...

мы займаем свае месцы пад сонцам Дао
на барыкадах чарговай контракультурнай рэвалюцыі
калі я загіну патрабуючы немагчымага лічыце мяне
рэалістам