Анатомія адной «анатоміі»

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Макс Шчур. Кiнараман (Логвiнаў, 2019)

«Калi фiльм цi кнiга „ўганяюць у сон“ — для мяне гэта ёсць доказам iх вартасцi, а не наадварот» (с. 192)

Хуценька-хуценька! Праходзiм, не затрымлiваемся! Вас многа, наклад невялiкi, я ўвогуле адна! А ўсiм жа трэба!

Дарагiя чытачы i чытачкi! (Ой, якая штучная фiгня, але фемiнiтывы начальства сказала ўжываць, нават аўтар мемуараў доўга тлумачыў, чаму ён не яна.) Мы пачынаем экскурсiю па «Кiнарамане» Макса Шчура.

Заюзаная ў апошнія гады беларускімі літаратарамі схема «тэкст, у якім нехта піша іншы тэкст, — і яшчэ вершыкам пачуцці чытача шліфануць» выкарыстоўваецца тут напоўніцу і можа заблытаць каго заўгодна. Не палохайцеся адразу: зараз усіх скіруем па інтарэсах. (Вось не думала, што давядзецца весці інструктаж па чытанні. Ой, агаварылася — аглядную экскурсію, вядома.) Галоўнае — памятаць, што кожная дробязь мае значэнне і будзе істотнай: мы ўсё ж такі пра мастацтва размаўляем.

I цiха мне! Бо тут жа людзi спяць! Калi пашанцуе, дык прачнуцца ў iншым сваiм жыццi i выйдуць адсюль жывыя i здаровенькiя. Я ў гэтым сумняюся, але раптам...

Калi вам трэба сюжэт, сэкс i прыгожая карцiнка, трымайцеся лiчбаў i курсiву — i вось вам вашае кiна (нацiск стаўце самi). Нумарацыi не палохайцеся: так i задумана — усё на месцы. Гэта даты дзеннiка рэжысёра, яны ж кадры фiльма. Абавязкова зацанiце мантаж на якасць i дадумайце, што з кадраў не трапiла ў стужку.

Звярнiце ўвагу на курсiў. Па-першае, ён прыгожы. Па-другое, гэта ўдалы сродак для перадачы моўнага шуму (кiно ў нас тут гукавое, не абы-што!). Па-трэцяе, вочы — частка мозга, хай напружваюцца пры чытаннi хаця б яны.

На павумнiчаць: не абмiнiце дзве выставы — гэта можа быць важна для кампазiцыi i ўвогуле для разумення таго, што адбываецца ў кiне. З «пасады прыбiральшчыка» проста пахiхiкайце.

Тым, каго ў кнiгах цiкавiць глыбокi цi не вельмi ўнутраны свет персанажаў, раю iсцi па стрэлачках >>. Памятаем: усе праблемы, комплексы, псiхозы, сэксуальныя ўпадабаннi i поспех — вынiк таго, што вы атрымалi цi не атрымалi ў дзяцiнстве, у прыватнасцi ад бацькоў. Тым больш асаблiва напружвацца не давядзецца: аўтар гэтых амаль мемуараў ужо ўсё патлумачыў i расклаў-пераклаў па палiчках. Сам сабе псiхолаг, ага. Цiкавая i сумная гiсторыя перакладчыка фiльмаў i ўласнага жыцця, дзе больш за ўсё мне шкада чамусьцi Камiлу.

Мiж iншага ў спалучэннi з лiчбамi i курсiвам мемуары перакладчыка тлумачаць, чаму «кiна» робiцца менавiта так, бо ён, як i рэжысёр са сваiм дзеннiкам, i Фiл (самы паспяховы з кампанii), i Хрысцiна (таксама зорка), з таго самага кiнаансабля (вельмі хочацца зрабіць тры апошнія літары прапіснымі, але трымаюся) iмя Эндзi Уорхала, якi на момант напiсання дзённiка паспеў развалiцца.

«Большая палова» i «страха нашага ўнiверу» бянтэжаць толькi мяне, як i згаданая перакладчыкам паслядоўнасць кадраў у фiльме «Марозка».

Куды вы там сунеце нос? Навошта тут цытаты, афарызмы ды iншая драбяза? Не чапайце рукамi! Гэта важная частка экспазiцыi, iлюстрацыi, якiя дапамагаюць разумець, што адбываецца ў кнiзе. Вам не дапамагаюць? Тады проста чытайце вумныя думкi разумных людзей. Iх — цытаты, не людзей — можна нават вешаць сабе на сценачку (у ФБ), будзе прыгожа, як i тут.

Калi вы ўжо так зацiкавiлiся цытатамi, прыгледзьцеся да запiсаў двайнiка Эгана Бонды, ён жа Шэрыф (чаму Шэрыф — патлумачана таксама). Вельмi каларытны персанаж (дробязі! Памятаем пра іх), падабаецца рэжысёру, а Фiл увогуле дастае сяброў, цытуючы Шэрыфа. Будзьце як Фiл, бо Хрысцiны з вас, мабыць, не атрымаецца, а перакладчык змудрыўся памерці. Нібыта нечакана, але намёкаў, што так і будзе, па тэксце можна назбіраць, як па артхаўсным фільме.

І нарэшце аўтар (глядзіце: там так і пазначана). Калі вы, як і я, разбіраецеся ў кіно на ўзроўні «падабаецца — не падабаецца», але вашых агульных ведаў хапае, каб адрозіць зусім дрэнь ад твора мастацтва, вам сюды. Пасля прачытання будзеце ў стане падтрымаць гутарку пра гісторыю кіно на прыстойным узроўні і патлумачыць, што і чаму адбываецца ў паралельных частках гэтай кнігі. Удалае спалучэнне іроніі, занудства і гульні слоў — з’ява даволі рэдкая (усе займаюцца, не ва ўсіх атрымліваецца), таму не прапусціце. Урыўкі пра літаратуру — асобнае задавальненне, якое ў стане атрымаць толькі беларускі чытач(ка). Ладна, варыянт «як ён можа?!» з абурэннем таксама не выключаем.

І на развітанне бонус-парада для тых, хто наважыцца на ўсё, а не толькі на асобныя часткі: чытайце «Кінараман» з алоўкам. Там, на выхадзе, іх раздае Мінор разам з півам. )))

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Прыемная вокладка, акуратная вёрстка і iдэальны тэкст, створаны майстрам, — нiчога не хочацца дадаваць, нiчога лiшняга. Такі iдэальны, што я забыла пра яго, як толькi перагарнула апошнюю старонку.

Для чаго ў рэпартажы трэба журналіст, я ведаю. Навошта ён у аповесці, калі ёсць апавядальнік, — не разумею. Але каго толькі ў той аповесці няма!

І вось той самы Васіль Хаміцкі — паэт, былы журналіст, літаральна праз старонку «...хацеў адпусціць пеўня — ну не секчы ж яго на вачах гэтай Каністры, ці як яе там...» Так перакруціць імя чалавека, які падабаецца? Не веру!

Ці спадзяваўся Міхаіл Афанасьевіч, што гадоў праз восемдзесят яго раман стане той самай крыніцай, якой для яго быў у свой час «Фаўст» Гётэ? Ці думаў, што да «Майстра і Маргарыты» пойдзе чарада беларускіх літаратараў, якія будуць цягнуць з яго ўласнае натхненне і вобразы, хто кубачкамі, а хто і вядзерцамі?