Табой наталіцца

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

* * *
Ты вершы хавала на голае цела,
На скуры пісала рамана старонкі.
Што нельга вось так — разумець не хацела!
І ў неба ляцела — адчайна і звонка.

А потым спускалася зноўку на дахі,
Пакрытыя водарнай кававай пенай.
І казку вяршыла адзіным узмахам,
І вецер люляла ў сябе на каленях.

Я ж проста ў той дзень, праходзячы міма,
Прысеў сярод комінаў побач з табою.
І раптам адчуў, што адзіныя сны мы
Снім гэтай загадкава-горкай зімою.

І ты... нетаропка і так не адразу
Сур’ёзна паклала мне рукі на плечы,
Прамовіўшы ўголас адзіную фразу...
Твой сцішаны шэпт — пачуў толькі вечар.

17.12.17

* * *
А я скрозь дрэвы так глядзеў упарта!..
Ля ног сядзеў сабака нерухома.
Аднак, аднак... Была ты зноў занятай,
Зноў вырвацца не выпадала з дома.

І мы вярталіся пустэльнаю сцяжынай...
Наперадзе — не бачылі нікога.
Ў маёй руцэ — аранжык не астыне,
Як і радкі... Якіх яшчэ так многа

Складу табе я ў нашым ціхім парку,
Калі ты зноў не зможаш выйсці з дома.
Я ж буду зноў — глядзець у змрок упарта!
Ля ног — сядзець сабака нерухома.

Хоць прабіраць нас будзе халадэча,
І з дрэў сняжынкі — сыпацца на вочы.
Што, сябра мой?! І ты гатовы вечна
Чакаць каханую са мной да самай ночы?!

04.02.18

* * *
Мы з табою зноў размінемся
Сярод снегу й вузенькіх вулак,
Сярод нот недапісанай песні,
Сярод крокаў сцішана-гулкіх.

Мы з табою зноў разбяжымся:
Ты — на поўнач, а я — на поўдзень.
Ты — за градам, а я — за лісцем,
Патанаючы ў карагодзе

Дробных спраў і сустрэч нязначных,
Мілых клопатаў шэра-будзённых.
Вось маляты гуляюць у мячык,
Вось у возеры — прыцемак тоне...

Вось бабулька збірае ў кошык
Дробнай жменькай — першыя зоры.
Размінемся мы зноў, харошая...

І сустрэнемся ўжо — не скора.

04.01.18

* * *
Я цябе выпальваў са свайго сэрца,
Я стаяў гадзінамі на марозе.
Толькі, мілая, зноў няма куды дзецца!
Толькі, родная, свінцом цякуць слёзы.

Я ўзыходзіў на вогнішча двойчы і тройчы,
І сякераю сек свае рукі і пальцы,
Каб яны не цягнуліся да цябе днём і ноччу,
Каб адчайны загад мой чулі: баяцца!

Нават не думаць у тваім напрамку,
Нават, дзе дыхаеш, не варушыцца.
Толькі зноў збірае душа астанкі.
Перасохлае горла — хоча напіцца.

А счарнелыя вочы — цябе пабачыць.
Можа, хоць зблізу, а можа, здалёку.
Толькі зноў цішыня... І я болей не плачу.
І я не забіты. Ні маўчаннем, ні токам.

Як і ты для мяне — застаешся жывою.
Той маленькай дзяўчынкай, якая баіцца
Што ноччу маўклівай, часінаю злою —
Для мяне ўжо ніколі — ані не прысніцца...

27.02.18

* * *
Я думаў, ты — верасень чысты,
Такі прахалодна-імглісты
І сцішана-залаты.
Дзе вочы — цяплынь употай,
І рукі — пяшчота й клопат,
А валасы — лістота...
Я думаў, верасень ты.

А потым я думаў, ты — снежань.
Такі спакушальна-бязмежны!
І, быццам Каляды, святы.
Які ў вершалінах вечных
Збівае белыя вежы!
Спявае завейную песню.
Я думаў, што снежань ты.

Я думаў яшчэ, ты — ліпень.
Спякотна-сонечна-сіні;
Світаннямі — ля вады...
Што цёплымі ліўнямі сыпле
І кветам да вуснаў ліпне,
І смакам духмяным сыціць.
Я думаў, што ліпень ты.

Я думаў, што ты... Ды толькі
Я так памыляўся горка!
Ты, мілая, усё ж сакавік.
Што чуйна прыжмурыць вейкі,
Пацягнецца лісцікам глейкім,
Раскрые дотыкам рэкі,
Усмешкай аблашчыць знекуль!
І вечнасцю стане міг.
Сакавік ты мой, сакавік...

11.04.18


* * *
Калі тры апошнія дні
Мне жыццё раптоўна адмерае,
Сяду я адзін ў цішыні
І скажу сам сабе, у што веру я.

Непарушная вера мая:
У слова. У волю. Ў каханне.
Што ёсць толькі ты і я,
І апошняе наша спатканне.

У той, зіхатлівы міг —
Між зыркім святлом і цямрэчай.
Сціш, мілая, горкі крык —
Твой вобраз вазьму я ў вечнасць.

19.06.18

* * *
А ведаеш, яшчэ будзе вечар,
Калі зноў сустрэнемся мы з табою,
Зазірнеш мне ты ў твар: «Зацікавіла нечым?..»
Усміхнуся ў адказ: «Ёсць нешта такое...»

І будзем так доўга стаяць ля вады мы,
Ці проста прагульвацца па алеях, магчыма,
Успамінаючы нашы і вёсны, і зімы,
Ахутаныя чыстымі туманамі і дымам.

А потым, развітваючыся, прамовім ціха,
Нячутна амаль, хоць і слова ў слова:
«А знаеш, калі без жартаў, то, як на ліха,
Забыць адзін аднаго — мы яшчэ не гатовы...»

...А ранкам свой бег распачне дзень нанова.

10.07.18.

* * *
Я ніколі не быў у маленькім Манака
І ніколі не бачыў Міжземнага мора.
Тых шыкоўных гатэляў, начных клубаў і паркаў,
Дзе я буду не хутка, дзе я буду не скора...

І дзе я ў казіно ўсе грошы пастаўлю;
Можа, выпадзе цот, можа, выпадзе зеро.
Дзе на пірсе жанчына ў чырвонае шалі
Будзе ціха чакаць, будзе ў лепшае верыць...

І пад раніцу я, без манеты ў кішэні,
На баліды пайду паглядзець аўтагонак,
Што па вулках ляцяць! Рассякаючы пэўна
Мне жыццё напалову, так жорстка і звонка.

І не будзе жанчыны... Ды пырскі марскія —
Мне па твары, па твары!.. І толькі ўспаміны,
Цёплынёй нашых слоў мне дасюль дарагія,
Будуць лоб асушаць, нібы жарам з каміну.

Што ж, чакайце! І мора, і яхты, й Манака.
І тэатр, дзе выбітныя сёння музыкі
Пачалі ўжо запісваць у нотныя знакі
Родны голас твой — чаіцы лёгкія крыкі...

26.07.18

* * *
Ты свой выбар зрабіла даўно.
Так ці не — толькі Госпад рассудзіць.
Эпізодам у гэтым кіно
Не хачу быць і болей не буду.

У запаснік — героя касцюм.
Крыху выйшаў не тым ён памерам.
Як на свеце няма паўдум —
Так у сэрцы няма паўверы.

Што вось дзень яшчэ... ці вось ноч,
Ці шчаслівае тое імгненне,
Калі ўсё перазняць ты захочаш,
Выбраць іншыя светлацені.

Бутафорскі свой пісталет
Я са смехам кладу пад падушку.
Хоць і просіцца хэпі энд, —
На шматкі разрываецца стужка.

16.08.18

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

я не ведаю
пра што ён спявае
а яму за гэта
выдалі Нобеля
як мне польскую візу
разумееце

на канапе сядзеў японец у акулярах
(не ўпэўнены, што японец,
ніколі не ўмеў адрозніваць
азіятаў) і ў масцы.
дык вось, ён зірнуў на мяне
вачыма Сіро Ісіі,
маўляў, смелы, халера, —
на калідор, без маскі.

Не завыеш,
Не заплачаш,
Не ўратуеш,
Не прап’еш,
Фарш зямлі мы,
Не іначай.
Фарш зямлі.
Маўчы і еш.

Бяссонне. Дзясяты састаў.
У шафе пустая валізка.
Я б толькі зайздросціць не стаў,
што так да вакзала блізка.