Эўрыдыка не азіраецца

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Вершы з новай кнігі, што рыхтуецца да друку ў кіеўскім выдавецтве «Люта справа».

Градус расьце
(гонзо-рэпартаж з пекла)

-7

райцэнтр у 60 км ад сталіцы
насельніцтва тысяча чалавек
на 10 міліцыянтаў

аднаму спалілі машыну
другому сьвіран
трэці ў запоі

рэшта нашы людзі
хоць і вагаюцца
вымавіць гэта ўголас

-6

камітэт дзяржаўнай бясьпекі
арэндаваў палац рэспублікі
замовіў банкет эскорт
скрыні з прэзерватывамі

у кагосьці там юбілей падчас халеры
але ў напружаным графіку
знайшлі акенца

прыехалі начальніцы з начосамі
галаварэзы са сваімі босамі
прыкормленая сьвіта
палітолагі старшыні калгасаў
і іншая эліта

на закуску падвезьлі
антынародных артыстаў з музычным гарнірам —
як ніяк людажэры таксама культурныя людзі

-5

у рэстаран
уварваліся ўнутраныя войскі —
маладыя хлопчыкі без будучыні
з кашай у галаве
з канкрэтным загадам

у аднаго рукі трасуцца ад адрэналіну
у другога ані эмоцыі на твары

на століках райскія стравы
за вокнамі пекла

гучыць лёгкая прыемная музыка
наведнікі падаюць ад удараў
як жывыя рыбы на патэльню

-4

у гатэлях мужыкі з рацыямі
сядзяць у фае
час ад часу папраўляюць кабуру

мігруюць між барам і туалетам
падміргваючы адміністратару

ля ўваходу напагатове стаіць машына

-3

мой аднакласнік саша
міліцэйскі начальнік
меў мянушку хіпі

цяпер яго клічуць фашыстам

намагаецца не заўважаць
розьніцы між чорным і белым
мае вышэйшую адукацыю
жонку дзяцей цесьця цешчу
жывых
тэлебачаньне кабельнае
зброю табельную
пад падушкай

раней па начах тэліў мне
скардзіўся на бяссонніцу
прапанаваў сустрэцца выпіць

даўно ўжо не адказваю
на яго званкі з пекла

-2

у майго сябра забралі дачку
у брата ўзялі адбіткі пальцаў

суседа вырвалі з мясам з сям’і
трэці дзень маўчыць
на званкі не адказвае

на працу хадзіць небясьпечна
у краму хадзіць небясьпечна
дома сядзець таксама
тая яшчэ латарэя

-1

афіцэр з аховы дыктатара
ня мае права быць чалавекам
такая ў яго прафесія

з горам папалам перамог дэпрэсію
набраў крэдытаў
за плячыма школа ананізм
вайсковая акадэмія вышкалы

пакуль бос трахае новую міс краіны
яго сумленьне чорным драздом
пралятае над неспакойнай рэспублікай
над яе турэмнымі вышкамі

0

прэс-сакратарка дыктатара
жывы персанаж Оруэла
нарадзілася ў 1984-м
Вялікая Сястра сочыць за намі з таніраванага бусіка
адхлёбвае з рыльца «Масандру»

у сваім дзівосным новым сьвеце
мáе наіўныя планы на будучыню
займаецца самаўнушэньнем і фізкультурай
даглядае за пазногцямі і скурай
мазгі пусьціўшы на самацёк

1

наш двор цяпер дружны
як ніколі

нават бомж з мянушкай Макіявэлі
ведае хто ня мае кіраваць дзяржавай

2

лякарні працуюць у няштатным рэжыме
людзей прывозяць аднаго за адным
сьлёзы ліпнуць да падэшваў

мама томы
згубіла прытомнасьць і працу

родныя веры жывуць у чаканьні й зьняверы
на ноч не зачыняючы дзьверы —
а раптам прыйдзе

аднакурсьнікі ганны
проста ў шоку

бацька рамана
ціха плача на лаўцы

3

у морг завезьлі новыя трупы
у краму «Рэпка» — скрыні са сьвежымі агуркамі

першых тыдзень не аддаюць родным
гародніну імгненна разабралі

паміж моргам і крамай
ёсьць яшчэ школа кавярня лякарня
там свае нюансы
там таксама свая драма

4

да макдональдса зноў пад’ехалі БТРы
пачаліся выбухі жанчына побач
сказала «вось сукі, як я іх ненавіджу»

хлопец з якім толькі што
перакінуліся парай словаў
глядзіць на нагу без нагі
разгублена і са зьдзіўленьнем

аператар reuters
запісвае хроніку
аператар кдб
таксама нешта запісвае

5

раману адарвала руку

ёсьць сьведкі
ёсьць запіс камеры відэаназіраньня
але няма судзьдзяў
няма закону

стаіць рука ў сэрванце
у слоіку з фармальдэгідам
чакае лепшых часоў

6

я трапіў у гэты дворык выпадкова
восем сілавікоў цягнулі цела
з мацюкамі і жартамі
адзін з іх па мабіле нешта кранальна
тлумачыў ці то дачцэ ці то маці

ногі чалавека валачыліся па асфальце

залатая восень
біла лета
з лёту з размаху
як ніколі дагэтуль

7

дарагая рэдакцыя
у мяне даўно скончыўся запас мацюкоў
звычайных слоў не хапала
ад самага пачатку новай эры

гэта быў рэпартаж з чужой кватэры

па шматлікіх просьбах з нашага пакою
перадайце музычнае прывітаньне
песьню «х** вам» вядомага гурта
усім мянтам
і тым хто ім жадае ўдачы

сьпіс прозьвішчаў дадаю ў атачы

МУС
або
Дантэ не выходзіць з комы

CANTO I

у мяне там працуюць брат, сястра,
вясёлы стрыечны дзядзька
бацька таксама адтуль, на пенсіі
але захоўвае цесныя сувязі
чаго ўжо ня скажаш пра кантакты
з уласнаю галавой і сэрцам

мы жывем у будынку на месцы колішніх могілак
купляем прадукты ў краме на месцы колішняй скатабойні
мама працуе ў колішнім псіхдыспансэры
настаўніцай пачатковых класаў

CANTO II

колькі сябе памятаю наша сям’я
заўжды жыла ў строгім рэжыме
пад’ём па гадзіньніку сон па гадзіньніку
прыём ежы па раскладзе
жорсткая іерархія любоўных стасункаў
між тымі хто нас нарадзіў і церпіць
дрэнна прыхоўваючы расчараваньне

мяне білі з любоўю
любілі маленькімі дозамі
ледзь памятаю цяпер што гэта за экзотыка
на фатаздымках мы ўсе шчасьлівыя
каб было што паказаць суседзям
чым пахваліцца за сталом перад гасьцямі
чым супакоіцца ў хвіліну слабасьці

CANTO III

брат працуе ў АМАПе
чэмпіён вобласьці
найлепшы курсант акадэміі
благі сем’янін п’е ня курыць б’е жонку
бо так заведзена ў патрыярхальных колах
і шалёна любіць дзяцей
а як жа іх не любіць

ніколі ня кажа што робіць на працы
зрэшты які сэнс прыхоўваць ягоныя калегі
даўно чэмпіёны краіны па гвалце
і праглядах відэа з іх зьверствамі на юцюбе

CANTO IV

старэйшая сястра працуе ў сьледчым ізалятары
непрыкметная ціхая жанчынка
заўсёды вітаецца заўсёды разьвітваецца
ніколі не была ў цэнтры ўвагі
замуж так і не выйшла ілюзій ня мае
перабіваецца выпадковымі эмоцыямі

паказвала мне «прышпільныя» фоткі з допытаў
— глядзі як вунь той абасцаўся
— зацані як плача пацан, які ж ён цяпер пацан?
— а тут і я прыклалася, бачыш другога і шостага зьлева?

помню як плакала ў дзяцінстве
загнаўшы стрэмку ў палец

CANTO V

мяне затрымлівалі 8 разоў
сям’я лічыць што заслужыў болей
у хаце вісяць іконы на сьценах
рэпрадукцыі геніяў
вечарамі пахне катлетамі і навальніцай

мае погляды ніколі нікога не цікавілі
асабліва развагі пра мастацтва
што ўжо казаць пра палітыку

з дзяцінства размаўляю з мёртвымі
абы ня з’ехаць з глузду

фрэнсіс бэкан
твая карціна папы інакенція X
даўно нагадвае нашы дні
ён сядзіць у крэсьле
нібы ў пякельнай катавальнай машыне
вочы навыкат
боль набягае хвалямі

алена кіш дзякуй
за твае райскія краявіды
ў якія ўцякала ад апраметных будняў

але

мы надта доўга ўцякалі
настаў час памяняцца ролямі

CANTO VI

Марыя, 25 гадоў —
выйшла ў краму
разрыў маткі шматлікія гематомы

Алег, 48 гадоў —
парушэньне грамадскага парадку
страсеньне мозгу, адслаеньне рагавіцы, ампутацыя фаланг пальцаў

Вікторыя, 41 год — выйшла на балкон
кулявое раненьне ў жывот
кроў булькае як магма ў вулкане

Надзея, 23 гады —
танчыла пад вадамётным фантанам
пракурор просіць 8 гадоў турмы

Андрэй, 17 гадоў —
механічнае пашкоджаньне прамой кішкі падчас допыту
у мамы інфаркт, бацькі няма

CANTO VII

я доўга шукаў свайго сябра
ён выйшаў з дому і зьнік
чатыры дні не было ніякіх зьвестак
тэлефон па-за сувязьзю
бацькі ў гістэрыцы
знайшлі ў непрытомным стане ў рэанімацыі
чмт, пераломы рэбраў, пазванкоў
нешта яшчэ страшнае
гематом не падлічвалі нават лекары

я стаяў над яго ложкам чатыры дні
усё імгненна страціла сэнс
нават сьлёзы здаваліся занадта дробнымі
па радыё гучаў рэпартаж пра сьвята пісьменства і паэзіі
а рука адмаўлялася нават паставіць подпіс
у журнале наведнікаў
медсястра на рэцэпцыі
усё разумела, адводзячы ўбок вочы

CANTO VIII

Дантэ, 20 гадоў
памёр на аперацыйным стале

прабач сябра
я выйшаў на пару хвілін пакурыць
але сьмерць праскочыла ў шчыліну

на плячы тату —
вырваная з мясам
на шчацэ радзімка —
вырваная з мясам

справа зачыненая
вінаватых ня знойдзена

бацькі з апазнаньня
дадому не вярнуліся

CANTO IX

мама штовечар вяртаецца са школы і плача
бо ўсе бацькі ў курсе што ў яе за сямейка
вучні таксама выйшлі з-пад кантролю
як вядома, будучыня за імі
нават у метадычках пра гэта пішуць

лютуе дырэктар
шалее аддзел адукацыі
бясьсільна і сьмешна

CANTO X

зьвініць у іхніх галовах
першы трывожны званочак

дзе і каму здавацьмуць
апошні экзамен?

Эўрыдыка не азіраецца

І

эўрыдыка ў белым фунікулёры
залітым па самыя костачкі крывёй
падымаецца ў рай стаіць на каленах
попел валасоў яе сыплецца на падлогу
там унізе яе доўга дапытвалі
вырывалі пазногці
білі цяжарную ў жывот
перш чым адпусьціць
у новы дом мужа

ІІ

усе хто тут стаў попелам
размаўляюць са мной па начах
і ўдзень не даюць засяродзіцца
калі рэжу мяса чытаю навіны
зашываю дзіркі ў кашулі
галасы гучаць няроўным хорам
перабіваюць адзін аднаго
пераходзячы на лямант

ІІІ

плачу не хаваючыся ні ад каго
заліваю сэрца па самы верх
пакуль не перальецца праз край
цяпер гэта проста норма
цяпер гэта не найстрашнейшае
што можа здарыцца
з чалавекам

ІV

я выйшаў на вуліцу
ты выйшаў на вуліцу
яна выйшла на вуліцу

пасма чужых галасоў
зачапілася за падэшву

V

хто ведаў арфея пакуль ён быў тут
побач жывы без імені і магілы
пакуль зло не прыйшло
пакуль зло не сышло
да наступнага разу

у арфея вочы маёй роднай сястры
голас брата
акуляры дзядулі

у яго такі ж пашпарт
як у майго першага каханьня
як у суседа з суседкай
як у мамы якая яшчэ жывая

VI

у моргу нам паказалі цела
вялізны ростбіф з чалавечыны
разрэз ад горла да пахвіны
як у вершах готфрыда бэна
мы прыйшлі нібы з перадавой
зазірнуць у палявы лазарэт
разгубленыя стомленыя злыя

ці падумаў хто
што таксама тут ляжа?

так

ці хопіць нам сьмеласьці
пакласьці кагосьці побач?

VII

у эўрыдыкі мама ў баранавічах
тата ў рэанімацыі брат у эміграцыі
той хто трымаў у далонях
попел ейнага сэрца
таксама ня мае нічога новага
распавесьці сьвету

VIII

эўрыдыка вязе ў тагасьвецьце перадачу:
шкарпэткі мяса зубную пасту
голку ніткі дзірку ў сэрцы
хор лістоў ад чужых людзей
папраўляе нервова пасму на лобе
кліча па дапамогу

моўчкі

не азіраючыся

IX

уся інфармацыя выкладзеная ў сацсетках
імя прозьвішча
месца прапіскі
нумар пашпарту
храналогія апошніх гадзін
час калі спынілася сэрца
фота забойцаў іх дзяцей і жонак

што вам яшчэ не хапае?

які яшчэ трэба радок дадаць
для большай даставернасці?

Лябірынт

І

мы выйшлі з кропак а бэ цэ дэ
і далей па алфавіце
з бінтамі ў кішэнях
са зброяй у люстэрках вачэй

на сьвятло гранат і тэлекамер
ведаючы ўсю іх сілу і бясьсільле

ІІ

той хто стакроць ударыў
хто змыў кроў з асфальту
хто заб’е яе яго іх мяне
даядае цяпер вячэру
соладка аблізваючы відэлец

ІІІ

мы ж тым часам дайшлі да кропкі ікс
праз тры кварталы павярнулі да кропкі эн
блытаючы сьляды
хаваючыся да ранку
ў незнаёмых пад’ездах
у чужых абдымках

ІV

хто там ідзе? куды і навошта?
чуем гістэрыку на варожых хвалях
чуем стрэлы і выбухі ў суседніх раёнах
трошкі гучнейшыя за гул сэрцаў
трошкі гучнейшыя за выбухі
што недачулі ўчора

V

мы зьнялі ўсе грошы з рахункаў
забралі дзяцей са школ і садкоў
і рушылі па гэтым клятым лабірынце
не ўяўляючы нават колькі часу пройдзе
да канца падарожжа

VI

у супермаркеце банку
на пошце прыпынку прагулцы ў парку
дзе заўгодна можам трапіць у пастку
нават ва ўласным доме
паводзімся як у падпольлі
вымыкаем сьвятло кладземся на падлогу
падчас чарговай аблавы

а зранку зноў рушым
па сьцежках лабірынту
моцна трымаючы адно аднаго за рукі
бо няма больш нічога
за што цяпер можна трымацца

VII

на шматлюдных вячэрніх прывалах
падлічваем параненых і забітых
ладзім маленькія сьвяты

стомленыя драпежнікі стаяць у цемры
назіраюць за ўсім
асьцярожна з адлегласьці
абдумваючы чарговую атаку

VIII

ня мы першыя зразумелі
што наш страх і іхні страх
гэта амонімы

ня мы першыя ў гэтым лабірынце:
гучаць па начах галасы мёртвых
захаваліся іх фота адбіткі пальцаў
адзежа яшчэ не пасьпела астыць

але

ці станем апошнімі ў гэтым ланцужку?
ці не загучаць камусьці
і нашыя галасы?

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

зьняты на смартфон
выбух з грыбом у небе
выцьцём сірэн
і дзікімі крыкамі
праз тыдзень давядзецца сьцерці
бо не хапае памяці
на відэа карпаратыва

калі сядае за стол
усе раптам змаўкаюць
чутна толькі як трымціць
пустэча ў лямпачках сэрца

Лёс нейкіх папер, пры ўсёй павазе да іх —
зусім ня тое, што мусіць звацца трагедыяй.
Калі лёс рукапісаў успрымаецца як трагедыя —
значыць, яны пісаліся дарма

Ямамота цудоўна разумеў
што галоўнае апірышча ягонай праяпонскай улады
насамрэч не японцы
а самі абарыгены

тыя гістарычна заўжды хацелі людзьмі звацца
у іхным разуменьні гэта значыла звацца японцамі
са знакам якасьці ці ўжо без
а родныя шаманскія рытуалы былі ім да аднаго месца