Сяргей Прылуцкі

Аўтар кніг вершаў “Дзевяностыя forever” (2008) і "Герой эпохі стабільнасьці" (2014). Пад псэўданімам Пістончык выдаў кнігі прозы "Йопыты двух маладых нелюдзяў" (2009, у суаўтарстве з Уласікам Смаркачом) і "Дэгенератыўны слоўнік" (2014). Перакладчык з ангельскай, польскай, украінскай моваў.

раману адарвала руку

ёсьць сьведкі
ёсьць запіс камеры відэаназіраньня
але няма судзьдзяў
няма закону

стаіць рука ў сэрванце
у слоіку з фармальдэгідам
чакае лепшых часоў

калі сядае за стол
усе раптам змаўкаюць
чутна толькі як трымціць
пустэча ў лямпачках сэрца

зьняты на смартфон
выбух з грыбом у небе
выцьцём сірэн
і дзікімі крыкамі
праз тыдзень давядзецца сьцерці
бо не хапае памяці
на відэа карпаратыва

на задні двор грузавік падвозіць
мёртвую флору і фаўну
кіроўца апусьціўшы акенца
страляе недапалкам у патыліцу ночы

Офіс канторы «Ні дня без ямба»
знаходзіўся ў падвале хрушчоўкі.
Куратар Антона — прыгожая баба,
прыхільніца складанай рыфмоўкі.

Пераклад:

прыйдзе сьмерць
прыгожая
як вочы коней

Пэдагогі гадаюць, цікавіцца вуліца:
ці раскрыецца хлопчык аднойчы, як вустрыца?

Пераклад:

не знаю ці варта пачынаць сягоння ліст да
Малгажаты і не знаю ці не звар’яцею да ранку а
было б надзвычай нетактоўна высылаць ёй у першым жа лісце
вар’яцкія трызненні і не знаю што зараз робіць

І ці ведаеш ты, офісная скалапендра,
і ты, грузчык шчарбаты,
якія я смачныя еў там катлеты
з чалавечых паўфабрыкатаў?

Папа Рыгор, адзін, шаптаў яму праклён,
а імпэратар – зьзяў на цэлы сьвет, чый цэнтар
быў там, дзе імпэратар. Новы Рым паўстаў
на іхным супрацьпастаўленьні – «так» і «не»
верных супернікаў. 

Пераклад:

То бок сапраўдная "магія" ёсьць толькі тады, калі яна незаўважная, калі чытач адчувае, што аўтар выкарыстоўвае рытм і вобразы для таго, каб нешта сказаць, а не як самамэту.

Пераклад:

...мы павінны цалкам парваць з тою занадта простаю думкай, што "мастацтва нас захапляе" і што "мы насалоджваемся мастацтвам". Не, мастацтва захапляе толькі да пэўнай ступені, а асалода, якую яно дае, сумніўная…

Пераклад:

Ці любіш ты словы так, як любіць нясьмелы штукар хвілю цішы –
пасьля сканчэньня выступу, калі ён сам у шатні пустой, у якой
гарыць смаляным тлустым полымем жоўтая сьвечка?

Побач з рыбамі хачу крычаць,
жаночыя прынады,
якімі мне распаролі жывот
ад шчэлепаў да хваста.

Пераклад:

а цяпер – кажа нарэшце вядоўца
галоўная частка мерапрыемства:
гала-парад калабарантаў
плюс разынка фэсту – ў фінале
сьвяточны расстрэл нязгодных

Пераклад:

напішы каханая
ці ідзе яшчэ тая вайна

я дагэтуль ня ўмею жыць пад гусеніцай танка
мова б’ецца за калючым дротам словаў

я б хацеў быць зараз
адной зь няправільных лічбаў лято

вайна – яна як жанчына
пра яе можна забыць

Пераклад:

такія выкшталцоныя і далікатныя
анатомію ягонага твару
выдавалі зьлёгку напружаныя
вусны:
каб больш разумна і ветліва казаць
вочы:
каб больш уважліва і далікатна мяне слухаць
о, тааак…
ну як было ня плюнуць яму ў морду

Ну і – пачалося (абразу ж церпяць адно мёртвыя) –
у старшыню паляцела пляшка, потым селядзечніца са шпротамі.
Нехта ў запале бойкі зачапіў локцем нявесту Іру,
за што атрымаў двума відэльцамі восем дзірак.

Нібы ў фільме пра японскія кланы,
счапіліся госьці з Карэлічаў з гасьцямі з Пружанаў.
Тамада, кухары, лабухі і прыбылы нарад міліцыі
занялі нейтральную пазіцыю.

Таго, што здольны вырабляць Цыклёп,
агораць Чалавецтва не змагло б,
ды ён ня мае аднаго трафэя:
Цыклёп па-людзку гаварыць ня ўмее.
Па гвалтам падпарадкаваным краі,
па трупах і ня трупах, што ў адчаі,   
як гаспадар, ён крочыць, рукі ў бокі,
ды з вуснаў бздуры выпускае толькі.

Пераклад:

Бачыш, поўня ў чорным небе?
Гэта – дзюрка сарцірная, браце,
від зьнізу.

І нібыта ж ямо тут цукеркі,
удыхаем водар азалій,
уздыхаем над  вершам,
карыстаемся мылам,
разважаем пра космас і шчасьце...

Пераклад:

Ледзьве адрозьніў сон ад явы,
ледзьве дадумаўся, што ён гэта ён,
ледзьве вырабіў рукою, што плаўніком была,
крэсіва і ракету,
здольны патануць у моры па калені,
замала сьмешны нават, каб сьмяшыць пустэчу,
толькі вачыма бачыць,
толькі вушамі чуе,
вяршыня ягонай мовы – умоўны лад,
розумам ганьбіць розум,
карацей:  амаль ніхто,
але яму свабода кружыць галаву, ўсёведа, апрычонасьць
ад тупога мяса,
гляньце на яго!

Пераклад:

Была пятніца, восьмае траўня. Набліжаўся ясны, пагодны вечар, сьвежы і зорны. Марк зь Янам сядзелі пад парасонамі вулічнай кавярні, дапіваючы па трэцім куфлі піва.

Яны пасябравалі адносна нядаўна – крыху больш года назад. На паседжаньні літаратурнай студыі пры рэдакцыі моладзевай газеты. Абодва выявіліся нявольнікамі паэзіі, таму і зараз, пасёрбваючы піва, вялі тую самую бясконцую размову, якая цягнулася між імі ўжо больш году.