яшчэ адзін блюз уцекачоў
за гэтым лесам жывуць нелюдзі
часам прыходжу туды
падкарміць бяздомных сабак
але ўсё з’ядаюць чужыя дзеці
наша сям’я —
ўцекачы з суседняга мікрараёну
зьбегчы далей
не дазволіла настальгія
нас не любілі там
ня любяць і тут
але пакуль без наступстваў
бо ня знаюць куды біць і чым біць
з большым эфектам
нашы дзеці будуць сытыя
кашай з чужых галоў
нашы браты і сёстры будуць жыць
у паўзах між хваробамі і чужымі навінамі
нам няма куды бегчы далей
хіба што ў мясьціны
з больш мяккім кліматам і нянавісьцю
але і гэта ненадоўга
засынацьму там штоночы
на тваёй руцэ
як на падушцы бясьпецы
пасьля катастрофы
трохмэтровы помнік Пушкіну ў Берасьці
каго тут толькі не было
Мусаліні з Гітлерам гасьцявалі
Песьняры выступалі
Высоцкі бухаў
нават Венцлава швэндаўся
мімаходзь складаючы вершык
цэлыя дывізіі прыхадняў
сцалі і сралі пад гэтымі сьценамі
сонца ж рускай паэзіі
рабіла ўсё гэта далёка-далёка
ня ў нашых мясьцінах
помнік Пушкіну?
Міцкевіч у труне варочаецца
праверце
яшчэ й крычыць там:
курва! курва!
гэты бяспройгрышны ход
стопудова прыдумаў пад коксам
нейкі сучы сын з расейскай амбасады
у вольны час між фуршэтам Перамогі
і зборам аператыўнай інфы пра нас
а мы ж яшчэ ня вызначылі
каму канкрэтна біць у лыч
за помнік уласнаму гораду
а тут такая славянская хуйня —
культурная дыпламатыя
з нечалавечым тварам
адзінае супакойвае — тут можна біць без разбору
нават заплюшчыўшы вочы
як сьведчыць досьвед:
лютасьць лютасьцю выбіваюць
нам даўно няма пра што размаўляць
з вашай-та імперскай сківіцай —
хіба што хярню малоць
кажаце памылачка?
кажаце трэба наводзіць масты?
кажаце братэрства духоўнасьць?
дзяўчаты хлопцы
дайце ім яшчэ разок
сьвежае пакаленьне
старая моладзь зламалася
а ў гэтай новай
яшчэ ўсё наперадзе
курорты адчаю
вязьніцы ведаў
іх вочы блішчаць
як рыбіная луска
ў цёмнай вадзе
пакуль яшчэ вучацца рабіць выбар
між гамбургерам і хатдогам
сэксам і парнухай
спортам і кентам чацьвёрачкай
але
яшчэ трошкі
яшчэ трошкі
і зьнікнуць зьніжкі на дзіва
зьвініць у кішэнях
золата будучыні
юначыя сэрцы вібруюць
як вокны падчас землятрусу
рпц
жыла-была царква
на тры літары
гэтаму дала бо мацнейшы
гэтаму дала бо свой
а гэтаму за грошы
мела сваіх сьвятых
сваю бухгалтэрыю
з блэкджэкам і адвакатамі
заходзіла ў хаты
то з хлебам-сольлю
то з галаварэзам
то проста так —
здароўечкам пацікавіцца
таго прадала
таму здрадзіла
таго па галоўцы пагладзіла
гэтых з рукі прыкарміла
тым кашу заварыла
колькі часу мінула
не зьмянілася анічога
па-ранейшаму паўтарае:
прыходзьце грэшнікі
ўсіх прыму
хопіць на ўсіх маёй любові
кажа пад бразгат ланцугоў
і з трымценьнем у голасе
якому цяжка не паверыць
паэтаў як сабак
а майму сябру Моцару
не хапае аднога кроку да геніяльнасьці
да выхаду ў найвышэйшыя сферы
для выкананьня супермісіі
ён штодня выцягвае з галавы па літары
складае ў словы
фармуе іх у вершаваную масу —
выходзіць па-майстэрску
але каму яно трэба
хочацца катарсісу
і нечалавечай какафоніі
пад сярэдзіну ночы
ён намацвае патрэбнае месца ў алфавіце
нібы кропку G ў чарговай дзяўчыны
здаецца вось-вось
і ўзнагарода здасца герою
але наступае ранак
прачынаецца Саня
і думае: сука! зноў усё з пачатку
зноў будаваць стасункі
з гэтай клятай мовай
з крохкай надзеяй на ўзаемнасьць
у баях з адценьнямі
ад аптымізму і безвыходнасці
не хочацца заўважаць лішняга:
прусакоў у галаве
бервяна ў воку
сынкопы ў сэрцы
людзей навокал
усё што замінае
добра спаць
дрэнна жыць
шукаць вінаватых
і дзякаваць богу —
памянём ніякім словам
каб дабро заставалася дабром
зло — злом
а між імі заўжды вісела заслона
на вялізным люстры
нажаль час ад часу
прыходзіць нейкая сволач
падымае яе каб было ўсім відно
што сьляза дзіцяці — элемент прапаганды
а зброя ў кішэні — вяршыня гуманізму
у гэты кароткі момант ісьціны
не губляй часу —
вытры смаркі
папраў карону на нямытай галаве
царыца прыроды
з карвалолам пад падушкай
цар прыроды
з расшпіленым прарэхам
глядзець да канца
зьняты на смартфон
выбух з грыбом у небе
выцьцём сірэн
і дзікімі крыкамі
праз тыдзень давядзецца сьцерці
бо не хапае памяці
на відэа карпаратыва
з цыцкамі бухгалтаркі
а там ёсьць чым падзяліцца
п’яны ўспамін пахне цудам
чужая трагедыя лёгка мімікруе
пад флэшмоб
дарагі дарагая
сэрфер па чужых жыцьцях
пакажы мне свой youtube-канал
і я скажу хто ты
дарагі дарагая
сьведка рэчаіснасьці
вырубі інтэрнэт
уключы мозг
у яго назьбіралася шмат пытаньняў:
куды насраў мімішны коцік
ці папросіць мама сэлфі перад сьмерцю
ці захоча закатаваны сабака
стаць героем лакальнага срача
ці пакажа хто самагубцы
ягоны твар за хвілю да
і як цяпер выглядае дранік
з’едзены ім зранку
калі доўга глядзець на экран
урэшце ўбачыш
гігабайты хуйні
і кілабайт цудоўнага імгненьня
недаступны для прагляду
балада пра будзільнік
я падымаюся а шостай раніцы
у найлепшыя гады жыцьця
у найгоршыя падымаўся а пятай
але гэта як параўноўваць
страшную бабу
са страшным мужыком
два гатункі гаўна
ці статуты дзьвюх партый
у краіне без палітычнай культуры
я мог бы і ня скардзіцца
проста бляць прамаўчаць
бо шмат хто з майго пакаленьня
падымецца хіба пры другім прышэсьці
іншыя працягваюць апускацца
ў дзіравых батыскафах лёсаў
на ўтульнае днішча
я мог бы заваліць рыла
але ідучы ў начным парку
з пляшкай вінішча
маўчаць нецікава
калі я быў маладзейшы —
падымаўся а дванаццатай
жыў хутка паміраў стабільна
ад позірку ў люстра бадуна каханьня
узьнёслага сораму за сяброў і дзяржаву
усё было цікавым і чужым
рукі шукалі за што б схапіцца
сэрца гудзела як трансфарматар
перад блэкаўтам
цяпер усё сваё ўсе свае
нават з гэтым хуем на экране
былі ледзь не братамі
трахалі тых самых дзевак
разважалі пра паэтыку Одэна
чырвоныя ногі фізрука
кінематограф 90-х
толькі ў яго цяпер ябло як у чорта
а я надзіва няблага яшчэ захаваўся
кладуся спаць
пускаю сьлязу —
будзе ў чым перад сьмерцю
прызнацца ўнукам
паднясуць мне шкляначку
скажуць — на дзядуля ўмаж і сьпі
ім падымацца а сёмай
рыхтаваць ранцы да найгоршага
начная школа
мы збольшага жылі ў цемры
сустракаліся вялі размовы
калі сонца будучыні зьнікала
недзе па-за межамі алфавіта
пад гарэлку і іншыя радасьці
вучыліся адно ў аднаго
мастацтву падзеньня
пуцяводная зорка пахуізму
сьвяціла праз фортку
мы йшлі да яе год за годам
ня робячы ані кроку
на стале між закускамі
ляжала зорная карта
чужых узьлётаў
ва ўсіх былі сем’і бацькі праца
вымушалі заняцца справай
узяцца за розум
мы ж глядзелі штоночы ў акно
прамаўляючы новыя тосты
нас лягчэй было адшукаць
у апошнім тралейбусе а не дома
колькі ложкаў чужых былі нам сваімі
колькі шафаў засялілі шкілетамі
мы не былі сябрамі
мы нават ня помнілі хто быў учора
але заўжды віталі ў кампаніі
новага неафіта
прафесары бесклапотнасьці
афіцыянты ў трэцім пакаленьні
амбітныя ідыёты
мамчыны рэвалюцыянеры
чыталі па губах
глядзелі не пад ногі
білі не ў морду а ў сэрца
паміралі немаладымі
расьцягваючы асалоду
усходняя еўропа
мама — лібералка:
любіць футболкі без ліфчыка
кіно ні пра што
сяброўства з вар’ятамі
тата — кансерватар:
роўны прабор крэпкія пальцы
піндосы рыбалка
жалезная хада гісторыі
кажуць:
сын, жыцьцё — складаная штука
сын, жыцьцё — простая штука
з такімі настаўнікамі
ведаю толькі адно —
людзі ёбнуліся на палітыцы
кожныя выбары
бацькоў забірае хуткая
краіна абірае будучыню
а я бяру
суседку Анжаліку
і суседку Вераніку
як і я
яны ня маюць ніякіх поглядаў
зранку ходзяць голымі па кватэры
дапіваюць з рыльца рэшткі алкаголю
гартаюць томікі паэзіі
і са сьмехам адрыгваюць
зваблівым перагарам
прадмова нянавісьці
укладаючы пальцы ў раны твае
як у сьвяточны гэфілтэ фіш
згадваю словы айца —
не забі без прычыны
не рабі так як хочаш каб рабілі з табой
янка маркс
якуб энгельс
францішак ніцшэ —
хто сэрцу твайму мілейшы?
чыя рыдлёўка рые глыбей?
вораг мой надзея мая
бачу штоночы сьмерць тваю
засынаючы ў тыле
дзьверы майго дому заўжды адчыненыя
заўжды рады перакінуцца
парай прыязных словаў
пад пляшку цыкуты
і оду радасьці на тле размовы
мне даспадобы твае
недарозум недасэрца
недалёкасьць на адлегласьці стрэлу
гатовы абраць цябе ў парламент
каб мець навідавоку
глядзім адно на аднаго
драпежна цытуючы аўтарытэтаў
абмінаючы нязручныя месцы
у тумане будучыні не істотна
чый човен перакуліцца першым
галоўнае мець дастаткова спрыту
выкінуць зь яго лішніх
адольф лагерлёф
эмілі джугашвілі
хто народу твайму бліжэйшы?
чыя праўда спатоліць душу?
мы ляжам у розных ямах
нас купілі ў розных крамах
цябе за срэбра мяне за золата
морак мой вораг мой
дай прыгарну цябе
дай другую шчаку — пацалую
хто як не ты
паверыць мне з першага ўдару
ліфт шындлера
я сплю пяць гадзін у содні
рэшту ня сплю
час мінае ў развагах пра вечнае
рэжу каўбасу — думаю пра срэбраніцу і валынь
стаўлю ў духоўку мяса — згадваю пекла аўшвіца
уключаю радыё свабода
а на хвалі вяшчае радыё руанда
намагаўся дзяліцца сваімі праблемамі
з псіхіятрамі
але ў іх хутка сканчалася цярплівасьць
упэўнены такіх як я мільёны
але не ва ўсіх хапае словаў
і ўнутранага рэзерву
у царкве згадваю пра нявымкнуты прас
у сарціры — пра стыкс і жоўты пясочак у курапатах
калі мне кажуць — каб ты здох!
адчуваю за сьпінай крылы
выціраючы кроў з аблічча
гадамі апускаюся на гэтае дно
а нехта загадкавы стукае і стукае
згары
вымагаючы ня енчыць
зьмірыцца з лёсам
і паказаць пашпарт
у разгорнутым выглядзе
як сустрэцца з мёртвымі
мы занялі ўтульны столік
у цэнтры могілак
між высокімі дрэвамі
і магіламі Міколы і Ганны
пад лаўкай дагнівае леташняе лісьце
уначы над зямлёй тут бязлюдна
самае месца для таннага бухла
і таннай меланхоліі
Мікола напаўняе нам кілішкі
Ганна кажа тосты
нейкі жук на плячы
сочыць за працэсам
недзе там далёка
праз дарогу праз мяжу
сьпяць свае і чужыя людзі
цьвярозыя
жывыя
пахне каўбасой і цыбуляй
афіцыянт з суседняй магілкі
перадае прывітаньне родным
завываючы ў кустах
яшчэ пляшка
і мы ўбачым ўласныя хаўтуры
брацкія народы
ты мяне лайкнула
а я цябе не
на гэтым нечакана скончыўся
наш любоўны дыялог культур
спачатку ты пачала пісаць
які наш народ
сквапны на эмоцыі і ўзаемнасьць
нібы гэта было нейкай таямніцай
потым відаць дастала з паліцы
слоўнік нецэнзурнай лексікі
і панеслася
бо ты ж варочала нос
нават ад слова пеніс
ты ж вырасла ў сям’і сьвятара
што скажа бацька завёўшы фэйсбук?
як далёка завядзе яго цікаўнасьць?
далей ты стала хадзіць
на акцыі правых
пахарашэла
зьмяніўшы абцасы на берцы
пакуль ты там падымалася з кален
са сваім народам
я настойліва нагадваў
што ў такой позе
стаяць на локцях яшчэ больш нязручна
некалі цытавала мне Ўітмэна
а цяпер выключна нейкіх хуітмэнаў
я глядзеў на цябе як самец
а цяпер як малады антраполаг
з разбітым сэрцам
у майго народа культ гора
і пульт ад тэлевізара
у твайго таксама
пакуль мы пстрыкаем па каналах
вы рыеце новыя магілы
аднойчы па п’яні хацеў напісаць
што ўсё яшчэ кахаю
але ўратавала
сквапнасьць на эмоцыі
пагаўкай дарагая на разьвітаньне
мне не хапае эпіграфа
для дысертацыі пра братэрства
рамэа і рамэа
твой тата харошы
і мама нічога
мае бацькі таксама
гатовыя да гендэрных нечаканак
але ўсё адно прасьцей
знайсьці па джульеце
або атруціцца
як завяшчаў Шэксьпір
і лятэнтныя санітары нацыі