Выжывуць толькі дрэвы

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Дзьмухаўцы

цяпер мы лёгкія
як паветра
ляцім з менску ў менск
з кіева ў кіеў

нічога лішняга:
торбачка ўспамінаў
пляшачка эйфарыі
і квіток у адзін бок

размаўляем пра цэны ў ікеі
дзяцей і вайну
вянок каштуе 10-20 баксаў
на падгузьнікі зьніжкі

спрачаемся да крыві ў вачох
пра вецер перамен
што гадамі ганяе паветра
ў замкнёнай прасторы

як бы не ўсрацца
ад гэтага падарожжа?

у адной кішэні крымінальны кодэкс
у другой баксы
у трэцяй туалетная папера

Мы нікога не любілі, акрамя сябе

мае далёкія сваячкі
вера надзея і тая трэцяя
жывуць на вакзалах
зімуюць у цеплатрасах
жабруюць дзе пападзецца

раз у год запрашаем іх
за агульны сямейны стол
пахваліцца посьпехамі
праверыць ці жывыя яшчэ
ці ня ўмёрлі ў сваіх падарожжах

шчодры дзед адам усім налівае зь верхам
баба ева веганка і цьвярэзьніца
ставіць вазу з фруктамі
а вера надзея і тая трэцяя
дзеляцца гісторыямі
поўнымі аптымізму

насамрэч посьпех гэта не пра нас
абодва дзядзькі таксуюць
б’юць жонак з дзецьмі
хросная з хросным здымаюць хаты
набраўшы крэдытаў
брат адседзеў двойчы
сястра круглы год на заробках
бацькі гэта ўсё церпяць
адкладаючы найлепшае на потым

але нікчэмамі ў сям’і называюць
веру надзею і тую трэцюю
яна заўжды спазьняецца
забягае ў дом
і сьвеціцца нечым знутры

калі сядае за стол
усе раптам змаўкаюць
чутна толькі як трымціць
пустэча ў лямпачках сэрцаў

Сын бацькавага сябра, дачка мамінай сяброўкі

а мы ж казалі:
не жаніся не выходзь замуж
гуляй бухай ябі гусей
жыцьцё кароткае як прэлюдыя

але ж ты з дзяцінства гнеш сваё
ходзіш у шапцы
начуеш дома

нашто нам твае ўнукі і ўнучкі?
нашто шклянка вады перад сьмерцю?

не паказваем тваіх фотак родзічам
не хвалімся на працы
не складаем грошы на потым

мы ж казалі:
не сканчай універ
не купляй кватэру
з’едзь падалей паглядзі сьвет
пафарбуйся зрабі тату і пірсінг

зьмяні пол урэшце

хто як не ты пакажа як гэта —
выганяць бацькоў з магілы

Гаварыць, маўчаць, чуць галасы жывёл

(Алене Кіш)

палескія ільвы
прыходзяць на вадапой
зьзяючы жоўтай грывай
кладка між квяцістымі берагамі
вібруе ў такт цёмным хвалям

красуня ў чырвонай сукні
абдымае чырвоную антылопу
плывуць у чаўне ўсьмешлівыя хароны

пад слуцкам з хаты ў хаты
вандруе галеча
гандлюючы маляванымі дыванамі
на адным рай
на другім райцэнтр
на трэцім крывавыя плямы

ева каштуе яблык
адам вяртаецца з працы
дарогу закаханым
перабягае чорны лебедзь

сплюнь тры разы аленка
і намалюй на продаж
сьветлую будучыню
якая ніколі не здарыцца

Нацыянальная ідэя

(удасканаленая версія)

узяць лыжку гною і лыжку мёду
на кілаграм мірнага неба
моцна збоўтаць
і раздаваць бясплатна
на новы год і вялікдзень

іншыя сьвяты таксама пасуюць

паказаць сытае жыцьцё
забраць сытае жыцьцё
потым вярнуць
але з папраўкамі ў законах

пасадзіць дырэктараў цукровых заводаў
выпусьціць дырэктараў хлебазаводаў

у дзень незалежнасьці
на ўсебеларускім фуршэце
падняцца пад пладова-ягадны гімн
і выпіць за соль нацыі

чыста сімвалічна
бо колькі той солі
колькі той нацыі

затое глядзіце колькі свабоды
хочаш — памірай ад сораму
на чыстых праспектах
хочаш — не памірай

вось ты бачу чымсьці незадаволены
а табе бачу вельмі весела
паверце гэта ненадоўга
тут наогул ня варта звыкаць
хоць да нечага

як казаў класік:
гэтая краіна
забівае нават без гераіну

Ветэран метафізічных франтоў

рукі цэлыя
ногі цэлыя

вось толькі на плячах не галава
а нейкі ўнітаз з карбідам

колькі нерваў загінула ў баях пад тваёй скурай?
куды зьнесла дах у апошнюю буру?

у адной руцэ даведка пра сьмерць
у другой квіток у пекла і мапа

вока нервова цікае
як таймер у бомбе

нават эколагі кажуць
што ўсім нам срака
а яны яшчэ тыя аптымісты

але ня ўсё страчана
заўжды можна зрабіць дзіця
скляпаць паветраны замак
замовіць піцу

галоўнае варушыць ягадзіцамі

гісторыя ня любіць слабакоў
шыбеніца ня любіць моцных

2000-я

канец сьвету так і не настаў
зрэшты як і лепшыя часы

тыя ж мянты
тыя ж панты

мы проста пражылі яшчэ дваццатачку
згубілі сяброў ілюзіі
памілаваліся бляць краявідамі

адкапалі днк дыназаўра
мумію сярэднявечнай вядзьмаркі
рэшткі загубленай цывілізацыі
і не адну сякеру вайны заадно

бухалі трахаліся
слухалі моцарта шансон сепультуру
а заадно кананаду пярдакоў
і рэальную кананаду

пакуль я ляцеў да сярэдзіны жыцьця
ты і не заўважыла як пахарашэла
канешне ва ўсіх расхісталіся нервы
як дзьверцы ў шафе
але хто зараз пахваліцца
стабільнай псіхікай і якаснай мэбляй?

хто папракне нас
што прасралі двухтысячныя
хай першы кіне камень
у акно бацькоўскай хаты

хаця
які ты сука першы

Выжывуць толькі дрэвы, але і гэта пад сумневам

нехта б’е геяў
другія дзяцей і жонку
трэція запасаюцца сьпіртам
і туалетнай паперай

у кожнага ў галаве свае страхі
свой прыватны апакаліпсіс

цікава хто пераможа
ў гэтай бітве падвідаў
што пра гэта кажуць пані Ванга
пан Настрадамус
які рэцэпт у таварыша Кашпіроўскага

хто выжыве
і перадасьць пакаленьням
бясцэнны досьвед
адкрываньня піва запальнічкай
нянавісьці да дзяржавы на службе ў дзяржавы

пакуль народ сядзіць на карантыне
атакуе аптэкі
рыхтуецца да пагромаў

пайду вазьму пляшачку херэсу
кавалачак мяса
сяду ў парку паглядзець
як нясьпешна і прыгожа
паміраюць дрэвы

як вецер перамен
засыпае жоўтым пясочкам
мясцовых алкаголікаў пад лаўкамі

як насьвіствае
ў пляшцы на століку
нешта такое
што хочацца ўзяць другую

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

раману адарвала руку

ёсьць сьведкі
ёсьць запіс камеры відэаназіраньня
але няма судзьдзяў
няма закону

стаіць рука ў сэрванце
у слоіку з фармальдэгідам
чакае лепшых часоў

зьняты на смартфон
выбух з грыбом у небе
выцьцём сірэн
і дзікімі крыкамі
праз тыдзень давядзецца сьцерці
бо не хапае памяці
на відэа карпаратыва

а яна хацела акурат таго што і атрымлівала
проста ўвагі
яна верыла што зьвяртацца да кагосьці гэта насамрэч быць зь ім
такі кшталт прафэсійнай дэфармацыі
«у праскай студыі з вамі Вольга Караткевіч»

Павіс лапкамі
дагары павук: кінуў
якар у нябыт