Замалёўкі з натур

сучасная беларуская проза, сатыра, фантастыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Ваяка нябачнага фронту

Аднойчы вечарам пасля службы, павячэраўшы і адасобіўшыся ў кабінеце ў сваім доме, адзін саноўнік па імені Раман пасля паўгадзіннага роздуму прыйшоў да высновы, што яго ніхто не ведае.

Нешта пра яго, праўда, чулі краем вуха падначаленныя чыноўнікі, але нягледзячы на тое, што ён быў прызначаны іхнім начальнікам ужо як паўгода таму, у вочы яго не бачылі; бачыла адна з памочніц ягонага офісу, што на плошчы Незалежнасці ў Мінску, але каб яе папрасілі апісаць, які ён з аблічча, нізавошта не здолела б прыгадаць што-небудзь адметнае, а толькі няўцямна паціснула б плячыма, маўляў, чалавек як чалавек: вушы, нос, вочы, касьцюм. Бадай, адметнае, — каб захацеў, але не захоча, не спадзявайцеся, — прыгадаў бы карэспандэнт сталічнага тэлебачання, які браў у саноўніка інтэрв’ю на другі дзень пасля ягонага прызначэння на адказную пасаду, а таксама галоўны рэдактар вячэрняй газеты, які тое інтэрв’ю глядзеў, і мала таго, што глядзеў, а яшчэ нешта чыркаў алоўкам у нататніку. Яшчэ мог бы нешта прыгадаць адзін прыўладны спявак, які, калі не спяваў, сядзеў перад тэлевізарам з самай раніцы, а бывала, між іншым усё часцей, і ноч напралёт, так што жонка спевака пачала падазраваць нешта брыдкае, хаця дарэмна, бо нічым брыдкім, акрамя выглядвання самога сябе, спявак перад тэлевізарам не займаўся. Ну і, нарэшце, магла б нешта прыгадаць дзевяностагадовая бабулька з-пад Докшыцаў, якая жыла ў вёсцы адна, калі не лічыць ката з казою, таму ніколі не выключала тэлевізар, каб не здзічэць канчаткова, дык тая пазнала б саноўніка па голасу.

Зрэшты, саноўнік ніколі не быў фігурай публічнай. Адразу ж пасля сканчэння маскоўскага ўніверсітэту ён намёртва, як тупая сякера ў сукаватым палене, засеў ува ўладных кабінетах і часам толькі перабіраўся з аднаго ў другі, прычым усё большы, з усё цяжэйшай і даражэйшай мэбляй, а таксама прыгажэйшай і маладзейшай сакратаркай, падрыхтаванай для якіх заўгодна паслуг. Ува ўсіх кабінетах панаваў мяккі паўзмрок і расслабляючая цішыня, хаця справамі там займаліся пераважна цёмнымі і вусцішнымі, а менавіта: планіравалі забойствы, правакацыі, запалохванні крымінальным пераследам па сфабрыкаваных абвінавачаннях, рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных праціўнікаў і шараговых грамадзян, што без дай-прычыны трапілі ў жорны рэпрэсій — адным словам, усім тым, чым звычайна займаюцца тайныя службы таталітарных дзяржаў ва ўсім свеце. Няма дзіва, што вышэйпамянёныя справы не выходзілі са сцен кабінетаў, і нават там хаваліся ў сейфах альбо знікалі незваротна і назаўсёды, быццам іх ніколі і не існавала. Пры такой працы стаць публічнай асобай неяк не выпадала.

«Што ж гэта?», думаў саноўнік. «Калі так пойдзе далей, дык мяне не пазнае ўласная ахова, зблытае з кімсці і пойдзе за гэтым кімсці, а не за мной, так што і на вуліцу не выйдзеш. Альбо, напрыклад», думаў ён далей, «захачу я пайсці ў рэстаран, з’есці чаго-небудзь не дамашняга, а прыгатаванага дыпламаваным шэф-кухарам, які эскалоп, ці нешта іншае з мяса — і што? Зноў, атрымліваецца, бойся, каб не пераблыталі з якім-небудзь нуварышам? А потым болей: прачнешся аднойчы раніцай, а цябе жонка родная не прызнае. „Вой, хто вы!“, плясне рукамі. „І як сюды патрапілі?“ Пераканай яе потым, калі паспееш да таго, як яна міліцыю выкліча, што гэта ты — ейны муж! І дзеці не пазнаюць, калі выйдзеш з лазенкі, пачысціўшы зубы: „Мама, мама, тут нейкі чужы дзядзька швэндаецца!“ Хто ж я ёсць, а я ёсць, бо існую?»

І тут яго асяніла. «Я птушка! Ага! Вось у чым справа. Птушка, якая вольна і незалежна лятае па небе, кіруючы туды, куды ёй заманецца, сёння над Уральскімі горамі, заўтра над Балтыйскім морам, а паслязаўтра яшчэ недзе — можа, над пустыняй Сахарай.» І ён нават некалькі разоў паўтарыў пра сябе: " Я птушка, птушка.«

Пра гэта было так лёгка і прыемна думаць, што ён выйшаў з дому на ганак і, задраўшы галаву ўгору, стаў глядзець у неба. Яно было сіняе-сіняе і такое высокае, што ажно кружылася галава.

«Зараз я палячу», падумаў ён, саскочыў з ганку і, махаючы рукамі, як крыламі, пабег штомоцы па газоне — і калі ўжо адчуваў, што вось-вось адарвецца ад зямлі і залунае ў паветры, ляснуўся з усяго маху аб агароджу. Моцна выцяўшыся ўсім тулавам, ён упаў наўзнак і заплакаў. Але не ад болю, а ад горычы, якая перапаўняла ўсю ягоную натуру. Ён плакаў так, што неўзабаве вакол яго ўтварылася цэлая лужына слёз, якая праз нейкі час зрабілася сажалкай. І тады ён кульнуўся і паплыў у тоўшчы сваіх слёз, шукаючы глыбейшае месца, пакуль не знайшоў такое каля туі, у ямцы, дзе і стаіўся. А насамрэч: на халеру яму здалося тое неба, тая галавакружная вышыня і неабсяжная прастора, тая адбіраючая вочы сінь і, галоўнае, свабода? Ці не лепей яму тут, на дне, у ямцы, дзе цёмна, спакойна, прывычна і ўтульна, дзе час запавольваецца, спыняецца і нават рухаецца назад?

Так, ніякая ён не птушка, а мянтуз, рыба сямейства трасковых, тлусты, слізкі і хітры драпежнік са шматлікімі шчацінкападобнымі зубамі, якога так проста не абдурыш, не зловіш, прычапіўшы на кручок чарвячка, не выцягнеш невадам, не напалохаеш таптухай і, пагатоў, не возьмеш голымі рукамі.

Ён варухнуўся і яшчэ мацней прыціснуўся брушкам да дна.

Я не забойца

Адзін амапаўскі начальнік, палкоўнік, увайшоў у рэстаран «Камяніца», што на Першамайскай вуліцы — не-не, не арыштаваць каго, альбо пабіць, як вы адразу, напэўна, падумалі, а перакусіць, — і накіраваўся да найбліжэйшага свабоднага століка.

У зале, да гэтага даволі ажыўленай разнастайнымі гукамі і рухамі, раптам зрабілася ціха і мёртва, як на кладах.

«Што гэта ўсіх іх быццам паралюш стукнуў?», падумаў палкоўнік і, адсунуўшы крэсла, сеў за столік. Афіцыянт усё не падыходзіў і не падыходзіў. Пачакаўшы колькі хвілін, ён гаркнуў: —Афіцыянт!

Аднекуль збоку тут жа падляцеў афіцыянт з карткай меню ў руках і, спыніўшыся за тры крокі ад століка, дробна закалаціўся. —Ты гэта чаго? — зыркнуў на яго спадылба палкоўнік. —Ме-ме-ме, — застукаў зубамі афіцыянт. —Што «ме-ме?» — перадражніў палкоўнік. Замест адказу афіцыянт працягнуў картку.

—А, меню, — здагадаўся палкоўнік і махнуў рукой. — Не трэба мне ніякага меню. Прынясі двесце грам гарэлкі, якога-небудзь мяса з бульбай і салат з гародніны. —С-слухаюся, — выціснуў з сябе афіцыянт і знік. І тут палкоўнік адчуў, што ўсе, хто быў у залі, паглядаюць на яго — але не адкрыта, а крадком: адны з-пад рукі, прыкрыўшыся фужэрам з віном альбо шклянкай з сокам, другія патыліцамі ці шыямі, трэція локцямі і нават каленямі.

Гэта вывела яго з сябе.

—Што вырачыліся? — зароў ён. — Забойцу пазналі? Я не забойца, чуеце? —Вой! — усклікнула якаясьці поўненькая дамачка сярэдняга веку і, самлеўшы, спаўзла з крэсла пад стол.

Да яе кінуліся некалькі мужчын з розных месцаў і, выцягнуўшы з-пад стала, асцярожна паклалі спінай на падлогу.

—Доктара! — крыкнуў адзін з іх. — Выклічце доктара!

Але да іх ужо спяшалася, бегла цокаючы па падлозе абцасамі, прыгожая маладая жанчына: —Я тут, тут!

Палкоўнік счарнеў тварам. Адчуваючы сябе так, быццам лепш яму праваліцца скрозь землю, ён, не чакаючы афіцыянта, выйшаў з рэстарана, сеў у машыну і паехаў далей. На скрыжаванні Бядулі і Чапаева спыніўся на чырвонае святло. Адчуўшы нешта, як чуе небяспеку звер, палкоўнік павярнуў галаву направа.

З сіняй «таёты», што стаяла побач у крайняй правай паласе, на яго пільна, не міргаючы, быццам стараліся запомніць раз і назаўсёды, узіраліся тры пары вачэй: лысаватага мужчыны за стырном, падлетка, які падаўся наперад і выглядаў з па-за мужчыны, і сабакі на заднім сядзенні.

Палкоўніка нібы выцялі па твары, ён перагнуўся, і дацягнуўшыся рукою да кнопкі на дзверцах, апусціў шыбу і закрычаў: —Што, забойцу пазналі?

Тут загарэлася жоўтае святло, затым святлафор пырснуў зялёным, і «таёта», сарваўшыся з месца, паляцела наперад.

«Трэба іх дагнаць і сказаць, што я не забойца», падумаў палкоўнік, але замарудзіў; пакуль ён крануўся з месца, сіняя «таёта» як вадой разлілася. У палкоўніка памутнеў розум, праехаўшы ад скрыжавання па Бядулі метраў з двесце, ён спыніўся, выскачыў з машыны і закрычаў: —Я не забойца!

Людзі, якія ішлі па ходніку, шарахнуліся ўбакі і ў жаху пачалі разбягацца, хто куды. За якія паўхвіліны на ходніку не засталося нікога.

І тады, зароўшы, як паранены звер, палкоўнік падскочыў і ўзляцеў над горадам. Спачатку ён паляцеў вуліцай Бядулі, потым павярнуў у Вайсковы завулак і, падымаючыся ўсё вышэй і вышэй, выляцеў на людны праспект Незалежнасці.

Яго адразу ж заўважылі, спыняліся, задзіралі галовы і паказвалі пальцамі, сігналілі з праязджаючых па праспекце машын, высоўваліся з акон дамоў, выбягалі на балконы.

—Я не забойца! Я не забойца! Я не забойца! — крычаў ён.

Але яму ніхто не верыў.

Палец

У пятніцу, пад вечар, па Мінску папаўзлі злавесныя чуткі. Людзі шапталіся ў вагонах метро, трамваях і тралейбусах, дабіраючыся з работы дахаты, шушукаліся ў чэргах у крамах, спыняліся, каб перакінуцца двума словамі, у дварах і каля пад’ездаў. Казалі, што па горадзе на ровары ездзіць сярэдні палец. Маўляў, спачатку яго ўгледзелі каля аўтавакзала «Цэнтральны», дзе ён ледзь не да смерці напалохаў бабулю, што прыехала да дзяцей з вёскі з-пад Валожына, потым бачылі на праспекце Незалежнасці каля цырку, і што ездзіў ён там на адным коле, і, нарэшце, круціў васьмёркі на праезджай частцы вуліцы Прытыцкага насупраць кінатэатра " Аўрора ", замінаючы аўтамабільнаму руху, і пакуль з’явіліся выкліканыя абуранымі аўтаўладальнікамі даішнікі, знік, як іголка ў саломе, але хвілін праз дваццаць выкаціўся на Чырвонай каля Дому радыё.

—Як жа такое магчыма, — дзівіліся адныя, — чым ён круціць педалі і варочае рулём? —А ў яго ёсць маленькія ножкі і ручкі, якімі ён спрытна ўпраўляецца, — адказвалі ім другія. —Але чым ён глядзіць, калі едзе, — дапытваліся трэція, — дзе ў яго вочы? —А чорт яго ведае, — разводзілі рукамі чацьвёртыя, — можа, з дапамогай эхалакатара, ці яшчэ як.

Далей — болей. У суботу проста з раніцы сталі казаць, што бачылі палец на ровары то ў Малінаўцы, то ў Грушаўцы, а бліжэй пад палудзень, калі пачаўся традыцыйны жаночы марш за новыя, сумленныя прэзідэнцкія выбары, заўважылі яго на вуліцы Харужай. Між іншым, палец быў у балаклаве, як і амапаўцы, што атачылі з бакоў калону жанчын, не раўнаючы тыя фашысты яўрэяў па дарозе з чыгуначнага перону да брамы Бухенвальда альбо Асвенціма. Тым ня менш, зняўшы яго на смартфоны і адразу ж выклаўшы ў сеціва, яго апазналі: гэта быў палец дэпутата К.

Калі пачаўся хапун, палец не застаўся без удзелу: кінуў на газон ровар і рынуўся за амапаўцамі ў гушчу падзей. Ён бегаў за жанчынамі, прычым з нашмат большым імпэтам за маладымі і прыгожымі, хапаў іх за вопратку і валасы, падстаўляў ім ножкі, рваў з рук бел-чырвона-белыя сцягі, цягаў у аўтазак — увогуле, стараўся, як мог.

Трэба сказаць, што сам дэпутат К. ўвечары таго ж дня, гэта значыць, у суботу, у сваім тэлеграм-канале катэгарычна адкінуў якое-кольвек дачыненне сваіх сярэдніх пальцаў не толькі да разгону жаночага маршу, але і да язды па горадзе на ровары. На доказ ён выклаў там жа здымак абедзвюх рук, як мае быць, з сярэднімі пальцамі. Але тут у каментарах некаторыя асабліва дапытлівыя карыстальнікі сталі сцвярждаць, што гэта не рукі дэпутата К., а фотамантаж. Яны абгрунтоўвалі гэта тым, што рукі на здымках былі жылістымі, мазолістымі рукамі працоўнага чалавека, — а самае цяжкае, што рабіў за жыццё рукамі дэпутат К., дык гэта рэзаў на слётах бэрэсээмаўцаў мяса для шашлыкоў і падымаў чарку гарэлкі.

Праўда, у нядзелю, калі праходзіў двухсоттысячны марш, пальца на ровары нідзе заўважана не было.

Затое ў панядзелак дэпутат К. прыбыў на работу з загіпсаванай кісцю правай рукі. На пытанне, што здарылася, ён альбо адказваў ухіліста, хаваючы вочы, — маўляў, нічога страшнага, не варта непакоіцца, — альбо вёрз несусветную лухту. Так, напрыклад, дэпутату Д. ён расказаў, што скалечыўся ў гаражы, мяняючы свечы запальвання ў сваім новым " Мэрсэдэсе".

А вось па маіх звестках палец быў раніцай у нядзелю затрыманы гуртом маладых людзей у двары дома нумар 17 па вуліцы Гурскага, якія правялі з ім кароткую, але змястоўную прафілактычна-тлумачальную гутарку.

І апошняе: куды падзеўся ровар — невядома, хаця вядома, што яго шукала міліцыя. Зрэшты, шукала без розгаласу, таемна, цішком, інкогніта, каб не смяшыць людзей.

2020 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Я і кажу — бяда. Хіба, як калісь, у крамах усё чыста папрападае? Трэба было б запасціся сім-тым, пакуль тое-сёе есцека: запалак узяць, солі якую кілю, мыла таксама не зашкодзіць, як і пральны парашок. А галоўнае — крупаў не забыцца і цукру, бо дзе іх потым возьмеш, калі знікнуць?

Шустрая ты, Рудзеля, слова сказаць не даеш... А гэтыя Ягоркі ўсе паміж сабой розныя былі: адзін драўляны, другі залаты, а трэці каменны. Так іх і называлі, так і разрознівалі міжсобку.

— Цяпер гэты Тахелес — уласнасць нашага банка. А прыватнай уласнасці ў нашай краіне яшчэ ніхто не адмяняў. Гэтых мастакоў мы і з іншых памяшканняў паступова выцеснім. Дай толькі час. Нам спяшацца няма куды. Закон на нашым баку. І грошы таксама, — сказаў Гвіда і крыва ўсьміхнуўся.

— Што здарылася? — строга звярнуўся Міхайлавіч да спалоханых работніц, якія стаялі поруч, апусціўшы галовы.

— Не ведаем. Гадзіны тры ўжо бунтуюць. Ніяк супакоіць іх не можам, — заікаючыся ад страху, прамармытала адна з жанчын. — Крыху корму ім зменшылі, вокны некалькі разоў не адчынілі, дык яны адразу бунт паднялі.