Са зборніка “Дасканалае няшчасьце” (1987)
ПАЦЫЕНТЫ
Двое хворых людзей
шпацыруюць па алеі парка
вакол псіхіятрычнай клінікі.
Трымаюцца за рукі,
як дзеці.
Паветра поўніцца сьпевамі птушак.
Чыстае неба над іх галовамі
перасякае срэбны самалёт
з гукам што нагадвае
непрыемны скрыгат,
калі па шклу праводзяць дыямэнтам.
Птушкі навосьлеп
кідаюцца наўцёкі.
Яна затыкае вушы
і прыгінаецца ля пня кляновага,
дрыжыць ад страху.
Ён задзірае галаву і мроіць,
што паляціць аднойчы некуды далёка
срэбным самалётам.
Калі гул рухавікоў
губляецца ў хмарах
яна зноў хапае яго за далонь.
Але ня хоча вяртацца,
баіцца дактароў.
Ён кажа: “Ідзі, ты хворая,
Цябе трэба лячыць”.
“А ты?”
“Я таксама хворы,
але мяне лячыць ня трэба”.
Са зборніка “Адмова супрацоўніцтва” (1989)
ПАЛЯВАЯ ПОШТА
напішы каханая
ці ідзе яшчэ тая вайна
я дагэтуль ня ўмею жыць пад гусеніцай танка
мова б’ецца за калючым дротам словаў
я б хацеў быць зараз
адной зь няправільных лічбаў лято
вайна – яна як жанчына
пра яе можна забыць
Са зборніка “Так” (1989)
***
Бачыў я труп казла
і труп сабакі побач.
Чарвякі бегалі туды-сюды,
як вечна і безнадзейна няўседлівыя дыпляматы,
эмісары сьмерці.
Цяпер ведаю, што такое
росквіт дзяржаваў.
З ІНШАГА ЎЗВЫШША
паручнік схілены над аплаткай гадзіньніка
яшчэ раз паўтарыў:
хлопцы мусім узяць гэтае ўзвышша
забудзьце на чвэрць гадзіны
пра Маці і дзяўчын
пра родныя вёскі і верных сабакаў
пра матацыклы дыскатэкі п’янкі
хай Бог беражэ вам галовы і яйцы
але і пра яго забудзьце
што такое пятнаццаць хвілін стасоўна ягонай вечнасьці
каўтнуў сьліну і зірнуў на сваіх хлапцоў
хлусілі вочы з-пад касак
што гатовыя ўмерці за ягоны кадык
гузікі зьзялі на сонцы
салдацкія гарлякі вызіралі з кустоў
сталі ў шарэнгу тварам да ўласнага баязьліўства
паручнік нагадаў: сто мэтраў і падай сто мэтраў і падай
і шырока замёў крылом ланцуг куранятаў падганяючы ў бой
сорак крокаў і салдаты драпалі з узбочча
раве паручнік лежачы з раструшчаным каленам:
няма ў вас ані Маці ані Бацькаў
ані дзяцей ані сабакаў
а вашыя жонкі з ксяндзамі ў бочных нэфах касьцёлаў
у рызьніцах і на алтарах
няма ўжо вашых дамоў і Бога няма
наперад наперад pro patria
не было мяне там
ляжаў я тады на ўзбоччы іншага ўзвышша
іншай кроўю пішучы
іншы верш
завершаны пытаньнем:
калі Бога няма – хто носіць тыя кулі?
Са зборніка “На мяне яшчэ можна паляваць” (1989)
DON'T LEAVE ME
Не пераставай мяне кахаць. Ні на сэкунду. Думай пра мяне
ранкам і ўвечары, за малітвай. Замест харчаваньня,
нават калі яшчэ больш пахудзееш. Калі ласка, глядзі
сэрыял "Dempsey and Makepeace", разглядай вітрыны з сукенкамі і прыкметы хваробы
на целе сваім – але не губляй мяне з поля зроку.
Соваючы пяцідзесяцікіляграмовыя мяхі з цэмэнтам, нашу на руках цябе.
Скочучы ў рытме песьні рэгі, скачу з табой у полымя.
Абгрызаючы пазногці, грызу іх ад тугі па табе.
Слухаючы прагнозы надвор’я, услухваюся ў твой голас.
Часам не хапае мне паветра –
тады ведаю, што на хвілю ты пра мяне забылася.
Са зборніка “Сумны ў люнапарках, сьмешны ў люнапарках” (1990)
КАХАНЬНЕ ПАСЬЛЯ ГАРЭЛКІ
зранку будзем аглядацца за слоікам з-пад агуркоў каб расолам
забіць пахмельле будзем маўчаць каб сябе зьберагчы ліхаманкава чысьціць зубы
доўга стаяць перад люстрам зь пенай на губах будзем цешыцца з сораму
зранку толькі спытаесься ці ня знаю дзе паклала гадзіньнік а я папрашу
каб уключыла радыё дыктар паведаміць у ранішніх навінах пра тысячы студэнтаў
што паехалі дадому на сьвяточныя вакацыі і змоўчыць пра нашу апошнюю ноч у інтэрнаце
зранку пачуемся такімі адзінокімі выйдзем на шумныя вуліцы
перетрасаючы кішэні ў пошуку страчанага часу і важнага квітка
вецер падбегне з пустымі рукамі як беспрацоўны паштар і радасна вырве
скамечаную паперку з пасьпешліва занатаванай непатрэбнай адрэсай
і гэтак добра будзе разьвітацца прытуліцца да халоднай шыбы аўтобуса і маўчаць
але цяпер гаворым шмат чарговыя прызнаньні прапускаюцца намі праз горла
настолькі лёгка як і чарговыя кілішкі і так цудоўна круццяцца словы
і адлятаем кудысьці ўгару ня знаючы нават што магчыма акурат цяпер мы робім новага чалавека
ДВАЦЦАЦЬ АДЗІН КРОК
ты толькі й хацеў што выразаць бясконца нязграбныя драўляныя фігуркі зь ліпы
робячы першы крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
цябе не запрашалі на суботнія прыёмы ці перарэзаць урачыста стужку і ніколі аніхто
не называў цябе: тата
робячы другі крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
калі ты плаціў за Каханьне ведай цябе падманулі бо гэта была раскоша гандлю
а не Каханьня
робячы трэці крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
ты быў апошнім зь дзясяткаў тысяч мужчын хто верыў што жонка ягоная некалі мела цноту
робячы чацьвёрты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
ты помніш тыя надзеі што валіліся па чарзе як загнаныя коні помніш тыя шанцы
пахаваныя пад падлогай у труне сьвітанку
робячы пяты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
гуляем з рэчаіснасьцю ў тэатар прыбеглі з насоўкай з плачам алтар будуем
перасоўваем каменьне з пап’е-машэ камэдыянты каты
робячы шосты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
патрапіўшы ў галечу ты паверыў што знаходзішся ў бясьпецы але ў тваім убостве
мы ўбачылі адменнасьць
робячы сёмы крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
празь пяць хвілінаў стаў ты роўным сярод нас хрост баявы прыняў але калі было патрэбна
памерці за радзіму ты чорную аплатку выплюнуў і мовіў папярхаючыся
кожным словам як затычкай
робячы восьмы крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
іншыя раны назвалі стыгматамі іншыя прозьвішчы выбітыя на граніце
робячы дзявяты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
Богам і Праўдай верыш дагэтуль што жонка твая хоць некалькі сэкунд была нявіннай
робячы дзясяты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
няма ані зьнявагі якой ты ня зьведаў ані міласьціны ў якой ты атрымаў адмову
робячы адзінаццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
калі ніхто не глядзеў ты бачыў усё быў па-за тым усім і маеш права
ў сабе быць пэўным
робячы дванаццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
ты пекла прайшоў і быццам гэтага мала яшчэ дванаццаць крокаў і кожны
няпэўны як апостал
робячы трынаццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
няма няма за што змагацца і куды ісьці
робячы чатырнаццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
для нас гуляньні мэгафоны карнавал а ціша твая гэта рыба ашалелая між прамоўцаў
лоўцаў у сеткі словаў
робячы пятнаццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
акварыюм акварыюм сьвет гэта акварыюм тэлевізар вадою поўны
робячы шаснаццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
вось твая Маці асуджаная на шэсьцьдзясят гадоў цяжкога рукадзельля Бацька твой
ператвораны ў машынку па вытворчасьці бабла і ты хто не прыняў удзел у той вайне
робячы сямнаццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
мы ўключылі камэру хочам каб ён ішоў на каленях прапануем грошы
падсоўваем губку прамочаную кока-колай
робячы васемнаццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
паэце ня вер ані спавядальніку ані Богу не давярай найбліжэйшым іх сумныя вочы
прычыняць табе найбольш болю
робячы дзевятнаццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
помніш тую жанчыну што ў паркавай алеі з пакорай вуснамі зьбірала сьлёзы
са шчок тваіх а побач крот ляжаў мёртвы помніш
робячы дваццаты крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
твае гарбылі разьбяныя засталіся дома як нежаданыя нашчадкі з драўляным
подзівам на тварах
робячы дваццаць першы крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
нікому апроч цябе не адолець такой стомы ні найбалбатлівейшаму прэзыдэнту
ні шлюсе найпрывабнейшай ані найлепшаму салдату
падаючы ўпершыню памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
ты павінен устаць павінен зрабіць гэта нібы ўстае за цябе нехта іншы
робячы першы крок памятай што ты наймацнейшы чувак у гэтым месьце
Са зборніка “Арытмія” (1993)
НОЧ №40
Я хацеў бы, каб яна вярнулася. Хацеў бы ёй сказаць:
“Я не пакрыўдзіў аніводнага народу. Не заклікаў да вайны.
Не будаваў турэмных будынкаў, не ўціскаў слабых.
У зьвяроў і людзей не страляў, не пагарджаў Любоўю.
Калі бачыў сьвятло, ішоў за ім.
Ад цемры не ўцякаў.
Ня кідаў бомб і не ўжываў паралізуючых газаў.
Што я зрабіў, што ты сышла? Мае дробныя злачынствы ня вартыя аж столькі.”
Я хацеў бы скарыць народы, каб для яе здабывалі руду, вугаль
і дыямэнты, каб для яе будавалі храмы і перакідалі масты
празь бездані. Яна вернецца. Да гэтага спрычыняццца мае вершы,
мае мальбы, мая туга; усмокча яе гэтая паражнеча.
Са зборніка “Языкі агню” (1994)
ХОЦЬ І ТРЭБА ЗРАНКУ ЎСТАВАЦЬ НА ПРАЦУ, НЯ СЬПІМ І ЗГАДВАЕМ НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ВЫПАДКІ
Яны былі прыўкраснымі.
Былі жанчынамі.
Беручыся за справу нясьмела,
размаўляючы з імі пра духаў сьвятых, Бога і космас,
чытаючы ім свае вершы,
перш чым адважыцца на першы дотык, ад якога
да першага пацалунку было яшчэ шмат кілямэтраў трымценьня,
мы добра рабілі. Нават калі
мроілася нам
бесцырымоннае мацаньне грудзей, як мячыкаў футбольных,
ці траханьне “ззаду, стоячы і ў ботах”,
мы паводзіліся інакш.
Нясьпешна.
Асьцярожна.
Няўмела.
Са страхам.
Адлюстраваныя ў нашых вачах, бачылі сябе матылькамі.
Яшчэ прыйдзе да нас і за намі анёл з трубой.
Зробіць так, што выкінуць нас аднойчы з працы.
Забяруць кватэры.
Пакінуць нас жонкі.
Страшныя рэчы будуць дзеяцца.
І мы зноў станем свабодныя.
“МЭРЫЛІН МАНРО, ЯКАЯ ЦАЛУЕЦЦА З АДОЛЬФАМ ГІТЛЕРАМ” СЮЗАНЫ ВАЛЯДОН
Цалаваць Манро ўсё адно што цалаваць Гітлера
Тоўні Кэрціс
яшчэ ня позна пакладзі мяне на алтар Дрэздэна на лініі Мажыно
мне 15 праз год стану жонкай нейкага марака безнадзейная справа
а пакуль што хачу ў бяспамяцтве даўжэй пабыць не выпускай мяне з рук
буду пазіраваць табе для здымкаў на мяккім тле баварскіх краявідаў
прыцішу боль твой і калі краса нямецкай нацыі варыцца будзе ў сьцюжах
сталінградскага катла
стану паміж табой і партфэлем, які пакінуў пад сталом Штаўфэнбэрг
буду побач у тую кароткую хвілю калі Эва Браўн ужо на тым сьвеце
люблю твой позірк уладны невысокі рост рэдкую грыўку і вусікі
хоць і ласкочуць
абое як ніхто спазнаем хвілі трыюмфу і паразы натоўпу пакланеньне і
наймізэрнейшую сьмерць
дактары Мэнгеле і Корчак будуць апекавацца вывадкам нашых дзетак
заснуем вялікія швальні ў іх лянівыя габрэйкі нашывацьмуць
свастыкі на коўдры і падушкі
фільм у якім сыграем ніколі ня сыдзе з экранаў памяці іхняй
станеш прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Сьвету сьпяю табе Happy Birthday
працоўны народ Варшавы помнік табе паставіць як з шабляй ідзеш
у сьціплай шавецкай адзежы
хочаш стану над той рашоткай і вэнтыляцыйны павеў падкіне маю сукенку
толькі збамбардуй Галівуд зьнішчы сямігаловую гідру 20th Century Fox