усё ўключана
я нарадзіўся ў краіне
дзе радыёкропка была ўключаная
незалежна ад жаданьня жыхароў
і іх наяўнасьці
потым эстафету прынялі
тэлевізар
і даўбаёбы з ідэалагічных аддзелаў
цяпер кожны хоць у нейкім сьпісе:
феміністаў
тэрарыстаў
прэтэндэнтаў на магільную дзялянку
найменш прыдатных узялі на службу
найбольш настырных —
на аловачак
вельмі рэдка чую падумай
часьцей — уключы навіны
вырубі гэтую хуйню
у нас непалітычная акцыя
падключыся да нашага тарыфу
я нарадзіўся ў краіне
дзе многія так і не ўрубіліся
што адбываецца ўнутры і звонку галавы
п’юць ром-колу
чакаюць у прэзідэнты абстрактнага васю канкрэтнага Колю
жывуць на чужых хатах або ў крэдыт
калі ім кажаш алё ўключы мазгі
уключаюць дурачка
або парнуху
адрываюцца па поўнай езьдзяць за мяжу
п’юць ціха не выклікаючы падазрэньня
мову любяць але на бясьпечнай дыстанцыі
тусяць у вільні берліне варшаве
айчынных хіпсьцерскіх барах
пад рускае эрэнбі і гукі сэкса ў сарціры
маладыя прыгожыя амбітныя
жывуць хутка памруць павольна
спытайся ў іх хто такі кант акупант
дзед барадзед лу рыд —
вароцяць нос пускаюць у вочы дым
а заўтра зранку —
у офіс
у цэх
у супермаркет за апахмелам
у суботу — на лецішча саджаць бульбу
выбіваць на турніку дыван
гнаць тачку з замежжа
ляжаць і бачыць
як залатое жыцьцё пераяжджае
камбайнёр году
з чырвонай стужкай наўскос пуза —
такое сабе харакіры з нацыянальным калярытам
курапаткі
карп на тацы
глядзіць у жончына дэкальтэ
гучыць лёгкая нехаўтурная музыка
за акном казачны краявід
крыжы ілюмінацыя зорнае неба
рот за суседнім столікам
чвякае як багна пад нагамі
гучыць лёгкая некультурная размова
на задні двор грузавік падвозіць
мёртвую флору і фаўну
кіроўца апусьціўшы акенца
страляе недапалкам у патыліцу ночы
шэф-повар прыносіць фірмовую страву
курапаткі ў чырвоным віне
давай назавем іх тодар і вера
— прапануе жонка
за акном канец лістапада
нож на стале блішчыць
як дэфармаваная лёсам жалезная поўня
грае хіт пра чорнае аўто
стамлёная афіцыянтка за суседні столік
вязе на каталцы гіганцкі торцік
нож уваходзіць лёгка як куля ў цела
сьмех апладысменты
падобныя на аўтаматныя чэргі
чамусьці згадваецца байка
пра чорную труну на калёсіках
якая едзе і едзе
едзе і едзе
мы жывем у цудоўныя часы
культ асобы замянілі культам ежы
цяпер смачна есьці
можна каго заўгодна
алкаголь б’е ў галаву
пяшчотна з любоўю
уваходзіць у кроў варожым элементам
самы час адкінуцца на сьпінку крэсла
скрыжаваць ногі
папрасіць рахунак
выклікаць таксі
прачнуцца зранку ў бяспамяцтве
з болем у скронях
паўжывы —
як мільёны да мяне
а мог і здохнуць —
бывалі выпадкі
чучала
cраку сьвету
раптам абвясьцілі культурнай сталіцай
рабочым заводаў зрабілі клоўнскі грым
выгналі на вуліцы ствараць атмасферу
работнікам мэрыі выдалі музейныя касьцюмы
брыгадзіраў сьмерці
настаўнікам гісторыі — бутафорскія піпідастры
мабыць нагадаць
як хуёва ў нас з культурай
і элементарнай памяцьцю
на сярэднявечным дзядзінцы новае сярэднявечча
на месцы расстрэлаў элітная забудова
у найлепшыя гатэлі
засялілі нашчадкаў акупантаў
запусьцілі сьвяточную лагерную музыку
і прыгожыя словы пра духоўнасьць і незалежнасьць
мабыць так і трэба
мой дзед будаваў савецкую рэчаіснасьць
прадзед ледзь у ёй выжыў
бацька проста жыў
усе чыталі газеты
некаторыя нават між радкамі
прабабка нарадзіла пару дзіцячых магіл
для міністэрства статыстыкі
гэта нязначная пагрэшнасьць
для міністэрства культуры яны ніхто
падручнае мяса ў нутры чучала
тры сімвалы веры
мае сябры-кансерватары
Пятро і Павал
любяць паўтараць у шумных кампаніях —
ня зьмешвайце гарэлку з півам
Бог усё бачыць
мы намагаемся прыслухоўвацца
як-ніяк здароўе нацыі
іншага здароўя ў нас няма
але найбольш
іх хвалюе праблема геяў
вам-та што — кажу я сябрам
нам асабіста нічога а вось нашы дзеці
яны ніколі не кажуць
пра якасьць школьнай адукацыі
сэнс жыцьця
сямейны гвалт
выміранне тыграў і
іншапланетную пагрозу
перакананыя:
іх дзеці толькі і думаюць
каб патрахацца і здрадзіць традыцыям дзядоў
што ж
думаць ніколі яшчэ не шкодзіла
асабліва маладым
асабліва ў бацькоўскай хаце
калі п’янка ў самым зеніце —
адны блююць з балкона
другія намацваюць у кішэні гандоны
пад нялёгкую д’ябальскую музыку —
пытаюся ў Пятра і Паўла:
вось вы зараз у гаўно
(не зьмяшаўшы гарэлку з півам)
скажыце шчыра
што вас яшчэ найбольш непакоіць?
Бог любіць троіцу
і яны адказваюць ва ўнісон
адказваюць шчыра
Э-Э-Э, БЛЯЦЬ мычаць яны
ледзьве стрымліваючы падступныя ваніты
што падняліся пад самы каўнерык
кашулю яны дарэчы
зашпільваюць на апошні гузік
Бельмандо
першага сакавіка
застаецца сем дзён да восьмага
гэтую мудрасьць выдаў мой сьціплы жанаты мозг
у ложку з невядомым чалавекам
невядомага полу
у гатэлі ці то Беларусь ці то Украіна
спраўдзіць было цяжка
дый якая розьніца
у нас жа безвіз і брацкія народы
чалавек
(хаця я сумняваўся нават у гэтым)
храпеў мацней за мяне
на століку ляжалі пульт ад тэлевізара устаўная сківіца і пляшка
тут я мушу ўдакладніць
што першай думкай ўсё-ткі была А-А-А!
таму я канешне ўзяў пляшку
ёбнуў і ўключыў тэлевізар
каб заглушыць у галаве вось гэтае а-а-а
на экране палітычны кілер Жан-Поль наш Бельмандо
акурат уцякаў з афрыканскага палону
я пайшоў у душ
пакуль я вярнуўся у норму
герой ужо пярдоліў на экране каханку і слаў букет жонцы
ВО! — падумаў я
БУКЕТ ЖОНЦЫ!
тое што трэба ў гэты загадкавы ранак
тым часам чалавек у ложку прачнуўся
кажа — мы ўчора ўсё дапілі?
па голасе з-пад коўдры я ледзь здагадаўся
што гэта жанчына
я выйшаў пад гатэль за дабаўкай
разважаючы
эх бельмандо-бельмандо
ня быў ты ва Ўсходняй Эўропе
у Берасьці мы такую паляну табе накрылі б
такую паляну —
сківіца б адвісла
і мішэнь для цябе ў нас ёсьць
і турма ня горш афрыканскай
люблю я кіно
і жонку люблю
праўда як бачыце
здараюцца эксцэсы
помню зайшоў на пошту
даслаў паштоўку
з прыгожай карцінкай букета
больш нічога не памятаю
толькі тое што блага было мне потым
у тым бляцкім гатэлі
у першы дзень вясны
з апошнім гандонам
на апошнім дыханьні
***
«Ідзіце ўсе нахуй» —
гэта быў бы ідэальны монаверш
калі б мы жылі не ў 21 стагоддзі
а скажам у часы Сталіна ці Людовіка XVI-га
цяпер трэба ў радкі ўвінціць падтэкст
алюзію спасылку на актуальную падзею
каб разумны адчуў метафізічную асалоду
а просты чалавек не прачытаў нават да другога слова
цяпер гэта і вершам не назавеш
так, чыстая экспрэсія
брудная праўда народа
ягоная
доўгая дарога дадому