(эпіталама для тых, хто жыцьця ня ведае)
Intro
а) жаніх
Нарадзіўся ў Лунінцы.
Там бы і аддаў канцы,
падсеўшы на бырла ці голку.
Выцягнула цёлка.
б) нявеста
Рагачоўская красуня з вуліцы Цымермана.
Рост – 160. Вага – 90 кілаграмаў.
Другую палову шукала доўга.
З актыўнай мамінай дапамогай
адшыла дзясяткі два кавалераў.
Жыцьцё пачынала здавацца шэрым.
І раптам – ён! Прыгожы, зараза!
Здала сваю крэпасьць адразу.
І. Сьвята
Банкет праходзіць у сталовай школы №24:
жаніха зваць Валера, нявесту – Іра.
Госьці, быццам пад імі электрычныя лаўкі,
трасуцца ў чаканьні п’янкі.
Першы тост – ад бацькі маладога
(настаўніка фізкультуры, адстаўнога
прапаршчыка, алькаголіка):
– Сын, вясельле - гэта пачатак доўгага порнароліка!
Будуй ячэйку – ты ж у мяне мужык, арол!
Мама ад хваляваньня падае пад стол.
Ужо адкачаная нашатыром, кажа: – Мае вы дзеці,
вось цяпер я спакойна магу памерці!
Разносіцца звон кілішкаў і шклянак
між сальцісонаў, аліўе, крывянак,
катлет па-кіеўску, морквы карэйскай.
Нехта крычыць: – Увага! Слова – бацькам нявесты!
Абое – рабочыя трактарнага заводу,
людзі нешматслоўнай пароды.
– Дарагія, будзьце як усе, закусвайце агуркамі,
а там, глядзіш, і пенсія не за гарамі!
Далей тосты падымаюць дзядулі з бабулямі, браты зь сёстрамі –
танцы пачынаюцца недзе пасля восьмага.
Рэпэртуар -- Romantic hits, Сярдзючка…
– Ты мне на нагу наступіла, сучка! –
крычыць цётка Вера, старая дзева,
хапаючы за патлы сваячку з Крэва.
Мужыкі ледзьве яе адцягваюць, зачыняюць у сарціры.
У гэтым канцы стала ўсё сканчаецца мірам.
– Палітычная ты прастытутка, Вася! –
заяўляе дзед жаніха суседу, старшыні калгасу.
– Ды шо ты, бляць, разумееш!? Я – ўлада!
– Улада, ўлада, - хмыкае дзед, – кіль гаўна на грам мармеладу.
– Да пашоў ты нахуй, Пятровіч!
Лепей маўчы, калі праблем ня хочаш!
Ты бач, сядзіць тут, вэкае! –
саліруе Вася акурат у паўзе паміж трэкамі.
Ну і – пачалося (абразу ж церпяць адно мёртвыя) –
у старшыню паляцела пляшка, потым селядзечніца са шпротамі.
Нехта ў запале бойкі зачапіў локцем нявесту Іру,
за што атрымаў двума відэльцамі восем дзірак.
Нібы ў фільме пра японскія кланы,
счапіліся госьці з Карэлічаў з гасьцямі з Пружанаў.
Тамада, кухары, лабухі і прыбылы нарад міліцыі
занялі нейтральную пазіцыю.
Наняты аператар стаіць ля сценкі:
мае жалезныя нервы і нізкія расцэнкі.
Вока відэакамеры выхоплівае насы, пяткі,
валасатыя мужчынскія грудзі, жаночыя майткі.
На сталы энэргічна пікіруюць мухі.
Стаіць задуха. Раптам нехта крычыць – Спакуха!
У нас жа сьвята, а не разборкі.
Кідай нажы! Расьціскай кулакі! Горка! Горка!
Жаніх амаль топлес, у парванай кашулі,
падымае з падлогі цела сваёй красуні,
жывой, але злой і пакамечанай.
Цалуе каханую ў рот, шыю і плечыкі.
Празь пятнаццаць хвілін прыяжджае хуткая.
Забірае толькі хросную з Чашнікаў і дзеда з хутара.
Першая – са зламаным носам, другі – з адарванай барадой.
У рэшты хіба што лёгкія траўмы, папсаваныя касьцюмы і настрой.
II. Маналог сястры нявесты
Здымаю пакой у спальным раёне.
Працую ў краме, муж – на зоне.
Начальнік – задраў, жыцьцё – задрала.
Пайсьці б утапіцца, ды сьмеласьці мала.
Ня маю нармальных сябровак, сяброў,
яркіх будняў, нястрашных сноў,
віду з акна, дзе б ня гопнікі
штовечар сьпявалі, а конікі.
Вось тваё, мама, “будзь як усе”,
“працуй пакрысе, старэй пакрысе”,
“будзь паслухмянай, простай і ветлай”.
Дзякуй вялікі за ўтульнае пекла!
І пра каханьне – што маю я, мама?
Ані размоваў да ранку, ані пачуцьцяў цунамі,
ані нават пляшкі шампанскага з салямі.
Ня жыцьцё, а нейкае ўбогае арыгамі.
(Спавядаецца сястра Іна.
Год як саскочыла з гераіну.
Жыве без гарачай вады, банальнага траху
і невядома куды едзе дахам.
Іна ходзіць на курсы “нам – хярова”,
у гурток ананімных сьведкаў НЛА і Яговы.
Купляе прадукты бяз хіміі – толькі з гароду
і шторанку робіць прабежкі вакол хімзаводу).
ІІI. Кухня
Трэці дзень застольля
праходзіць у вузкай сямейнай кодле.
Кум Віталя
прывез торбу сала і карабель шмалі.
Трава – якасная, палёт – цудоўны.
У заначцы – блок цыгарэт “Космас” на лядоўні.
Бацька нявесты чытае з бадуна ранішнюю прэсу,
каментуе: – Сукі!... бляць!... ідзіце лесам!
Кінуўшы на перадавіцу левым вокам,
свае пяць капеек устаўляе брат Лёха:
– Калі мы прыйдзем да ўлады,
дазволім прадаваць 9 траўня на парадах
марыхуану па закупачных цэнах.
Па-другое, неадменным
правам кожнага грамадзяніна
абвесьцім тролінг уласнай краіны.
Па-трэцяе, міністрам культуры паставім алкаголіка,
міністрам эканомікі – гіпертоніка,
міністрам унутраных справаў – ухіліста,
міністрам замежных справаў – анархіста.
Замест радыёкропак забясьпечым кожную хату
дубальтоўкай, а перад выбарамі – яшчэ і гранатай.
Ну і – кажа Лёха, чухаючы прамежжа –
заадно адменім пашпарты і межы.
IV. Сямейныя размовы
Мама нявесты грэе на пліце катлеты.
Бабуля ня ў тэму згадвае: – У нас у гета
быў прыгожы аркестр і футбольная каманда.
А мой нарачоны (зямля яму пухам) каменданта
вучыў іграць на раяле і флейце.
Эх, тады я была найшчайсьлівейшая на сьвеце:
прыгожая, маладая, чарнавокая…
А цяпер – што? – сівая, кульгавая, адзінокая…
– Ай, ну што вы, бабы, цяміце? - перабівае сват, –
здраднікам быў твой хахаль. Наш атрад
такіх, як ён, страляў і вешаў!
– Тата, – кажа нявеста – маўчы, бо зарэжу.
– А я чытаў, – пераводзіць тэму жаніх, –
што ў дыктатараў, у іх –
па шэсьць пальцаў на нагах, а на срацы хвост.
– Валера, – хмурыцца сват, – завалі рот!
Усе на хвілю змоўклі. Нарачоныя шмыгнулі ў спальню.
За акном загудзеў першы транспарт сьвітальны…
І тут урубілася радыё. Дыктар кажа: – Гімн РБ
засьпявае аб’яднаны хор інвалідаў і КДБ.
V. Кароткая шлюбная песьня
– у панядзелак ідзем па шпалеры…
– ы-ых!.. – я прашу, не сьпяшайся, Вале-ера!..
– а знаеш, нам тата купіў ламінату…
– ы-ых!.. – Валера, які ж ты ўпарты!...
– калі будзе хлопчык, няхай будзе Янам…
– ы-ых!.. – а давай паспрабуем у ваньне…
ты бог! ты найлепшы за усіх кавалераў!..
– ы-ых!.. – ну Вале-ера! ну што за манеры!..
VI. Лагічнае завяршэньне
Доўга пацан паміраў у шлюбе –
чарговы трафей у вайне палоў.
Занесла яго, дурнога калюмба,
да бабы з племені тумба-юмба
родам з горада Рагачоў.
А ўсё пачыналася так прыгожа:
пальцы веерам, хвост стырчма.
Калянізатар яе міжножжа,
хутка папаў у палон варожы.
А шанцаў адтуль уцячы – няма.
Яны пражылі трошкі болей года –
у міры й гармоніі, нібы ў кіно.
Штоночы рабілі дзяцей, штосуботу
хадзілі зь сябрамі бухаць на прыроду,
купілі машыну маркі “Рэно”.
Яна рабіла зь яго чалавека,
прала шкарпэткі, варыла суп.
Ды хлопец пачаў заўважаць, як дзеўка,
дорачы сэкс, пацалункі, катлеткі,
паводзіцца быццам падступны сукуб.
Спачатку кінуў, пад ейным прымусам,
паліць і зь сябрамі набухвацца ўхлам,
пачаў галіць бараду і вусы,
хадзіць на нейкія стрэмныя курсы,
бо жонка бурчала: “іначай – ня дам”.
Зь перадавой, з халасьцяцкіх акопаў,
закінуты ў ціхі сямейны тыл,
пацан завяў як галінка кропа,
але дапёр: яшчэ трошкі і – жопа,
што баба выцягвае рэшткі сіл.
Хлопец цярпеў і марудзіў з бунтам,
бо – звычка, нясьмеласьць, стакгольмскі сіндром…
Усё адбылося будзённа і брудна:
на просьбу вынесьці сьмецьце – люта
вальнуў ёй па вуху памыйным вядром.
Паўсюль разьляцеліся бруд, недаедкі…
Каханьне памерла. Каханьне згніло.
На разьвітаньне сказаў ёй: “Дзетка,
бывай, і вытры морду сурвэткай”.
Няма таго, што чыстым раньш было.