Гэтае эсэ можа быць прычытанае як рэцензія на кнігу Ул. Арлова «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань» (Мінск, «Кнігазбор», 2018). Але яго можна прачытаць і як спробу зразумець, што такое мастацкая рэчаіснасьць, як яна канструюецца і з якога «матэрыялу» робіцца ў названай кнізе.
Пачну з колькіх неабходных заўвагаў агульнага характару. Час кнігі — пераважна «наш». Прынамсі, у яго нішто не трапляе з таго, што выходзіла б далёка за яго межы і было зусім невядома сёньняшняму чытачу. Але гэта «нашасьць» падманлівая. Бо ў любым мастацкім творы час «наш» толькі часткова: з тае прычыны, што мы ў ім нічога не выбіраем. А выбірае і задае ягоную хаду аўтар. Час, вядома, бывае і «гістарычным» у тым сэнсе, што аповед можа адсылаць у нейкую іншую эпоху. Але сутнасна гэта не мяняе справы: ягоным «канструктарам» і гаспадаром ўсё роўна застаецца стваральнік тэкста.
З мейсцам крыху інакш. Але найчасьцей гэта — памяць аўтара. Гарады і мясьціны ягоных падарожжаў, вандровак і перабываньняў. Альбо нараджэньня. Альбо жыхарства. Як і з часам, сцэна дзеяньня можа быць гістарычнай. І хоць, адрозна ад часу, мейсца — рэч звычайна лепш задакумэнтаваная, аўтарская свабода ў яго выбары і апісаньні надзвычай шырокая.
Гэткім чынам, відавочна, што мастацкая рэчаіснасьць — ня проста аўтарскі прадукт, яна — вынік амаль неабмежаванай свабоды ствараць: задаваць сыстэму каардынат, выбіраць сцэну, на якой будзе разгортвацца дзеяньне, канструяваць час, прастору, а таксама рабіць шмат што іншае.
Паглядзім цяпер, як і з якога «матэрыялу» будуецца літаратурная рэчаіснасьць.
Канструяваньне «героя» і «гістарычнасьць» часу
Зразумела, што ў літаратурным тэксьце мусіць быць герой, адзін альбо некалькі. Ён ці яна маюць дзейнічаць у нейкіх абставінах. А іхныя дзеяньні мусяць быць важнымі, цікавымі для нас.
...Адкрываецца кніга «Полацкай балядай». Полацак, як вядома, горад, дзе нарадзіўся аўтар, там прайшло ягонае дзяцінства. У гэтым жа горадзе некалі ўзорна выконваў сваю «нялёгкую працу» і кат Бальтазар, герой баляды.
Як гісторык, паэт адразу ж адсылае чытача да вядомага «факта» нашай гісторыі:
«у юнацтве кат Бальтазар
разам з вялікім князем і каралём
Янам Сабескім
ратаваў Еўропу ад туркаў (...)
цяпер ратуе Полацак ад злачынцаў»
Маштаб фігуры зададзены. І, як таго патрабуе жанр, у асобе колішняга палачаніна спалучаюцца гераічнае і мэсіянскае, адданасьць пакліканьню і важнасьць справы:
«ратаваў Еўропу ад туркаў (...)
цяпер ратуе Полацак ад злачынцаў»
(Другі твор кнігі, «Аркады Падуі», — між іншым, таксама пра земляка, Францішка de Poloczco. Але пра гэта ніжэй.)
Стыль «Полацкай баляды» выразны: лёгкая гіронія, шарм. У апісаньні «нялёгкай працы» — стылевая далікатнасьць. Праз гэта мяжа, што аддзяляе «факт» ад фантазіі, надзвычай тонкая, ледзьве заўважная. Але пачуцьці, памкненьні і перажываньні героя цалкам рэальныя і жывыя:
«кат Бальтазар другі тыдзень
катуе вядзьмарку Юсту
з Млынавага завулку
кату Бальтазару даспадобы Юста»
Як бачым, майстра робіць сваю справу не з заплюшчанымі вачыма. А далей пачуцьці Бальтазара набываюць яшчэ большую выразнасьць і глыбіню:
«кат Бальтазар пакутуе:
калі дапаможа Юсьце ўцячы
самога возьмуць на тартуры».
А «пяць гадоў таму пашкадаваў Адарку
удаву мечніка Няміры
сама і зрабіла сябе ўдавой»
Цікава, што гіронія дазваляе аўтару ствараць некалькі паралельных ліній аповеду, а таксама закладае магчымасьць нестандартных хадоў літаратурнага дзеяньня і нечаканай разьвязкі. Тое мы ўбачым ніжэй, калі вернемся да баляды. Тым часам зазірнем яшчэ ў колькі мейсцаў кнігі.
Лёгкая, як сон дзяцінства, паэма «Мёд»:
«на цёплым срэбным бервяне
за бабулінай хатай
у высокай траве з рамонкамі
ямо свежы мёд з хлебам
я
Вова Патоцкі
Вова Таньчын
Нінка Тузава»
У цэнтры страфы, напачатку радка — «я» з маленькай літары. Як і ў астатніх тэкстах кнігі, знакі прыпынку адсутнічаюць. Вядома, іх мае расставіць чытач. Адпаведна свайму жаданьню, мастацкаму і эстэтычнаму густу, пачуцьцям, што выклікаюць прачытаныя радкі, ці нават проста — узроўню пісьменнасьці. Аўтар нічога не навязвае. Ён свабодны. У тым ліку і ад знакаў прыпынку.
Атрымліваецца надзвычай цікавы занятак: пасьля маленькага «я» паставім працяжнік, і вось — Вова Патоцкі, Вова Таньчын і Нінка Тузава. Усе ў адным «я», усе разам, як у дзяцінстве.
А гэта працяг паэмы:
«мёд яшчэ не куплёны
хлеб пякуць у печы
мне дваннаццаць гадоў
Нінцы на год болей
Вовам па чатырнаццаць
наша сьмерць
яшчэ не нарадзілася».
«Мёд яшчэ не куплёны, хлеб пякуць у печы» — гэта цывілізацыйная мяжа, якую перакрочыла наша генэрацыя. Хлеба сьпечанага ў печы ўжо даўно няма. Мёд толькі куплёны. Мяжа супала з завяршэньнем нашага дзяцінства. Батон за 13 капеек з малаком ці кефірам у шкляной бутэльцы — гэта ўжо ежа нашага амаль дарослага студэнцкага жыцьця ў горадзе.
«Мёд» — салодкая паэма-успамін. Але дужа балючы:
«Вова Патоцкі
паступіць у асьпірантуру
выйдзе ў вакно з інтэрнацкага пакоя
на адзінаццатым паверсе
не вытрымае гэтага сьвету»
+
«Нінка памрэ ад раку грудзей»
+
«на дваццаць пятым годзе
жыцьцё Вовы Таньчынага
замёрзне ўзімку»
+
«праз сорак тры гады пасля таго мёду
у мяне здарыцца інфаркт»
«Nulla dies sine linea» — «ні дня без радка». А гэта ўжо пачатак наступнай баляды «Алека». Дарэчы, калі паспрабаваць перакласьці гэты лацінскі выраз з дапамогай ангельскай мовы, атрымаецца прыкладна так: ніхто не памірае, не пакінуўшы па сабе наўпростую лінію. Гэта я на ўспамін пра «Мёд».
Салодкія мроі, альбо Перакрочваньне межаў
У тэкстах кнігі «мёд» разьліты ў шмат якіх мейсцах. Пакаштаваць яго ў выглядзе салодкіх мрояў (праўда, з дамешкам аўтарскай гіроніі) няма ніякай праблемы. Кароткі фрагмэнт з цытаванага твору-успаміну:
«любаваньне грудзямі
павялічвае жыцьцё мужчыны
у сярэднім на пяць гадоў
наконт уплыву
на жыццё уладальніц грудзей
зьвестак няма
досьледы працягваюцца
трэба даць гэтым вучоным
Нобеля»
Ці як ў «Валынскай баладзе» «Сура Шэйнбліт»:
«у гатэлі Мірабэлла
можна сказаць габрэечцы
давайце ўступім з вамі
у выпадковую сувязь
раптам высьветліцца:
ваша выпадковая сувязь
зусім невыпадковая
вы станеце маёй Мірай
лепей Бэллай
мы палётаем па-над Бярдзічавам
па-над Віцебскам
Адэсай
Парыжам
Ерусалімам
хто небудзь з Хамасу скажа
жыды дый лётаюць
зьбіць іх на х.й!»
Зазначу, што ўсе тэксты кнігі поўняцца самымі рознымі мастацкімі, літаратурнымі і гістарычнымі алюзіямі і адсыламі. І, як ні дзіўна, але паміж імі і шчодрымі мядовымі сцэнамі ёсьць нешта агульнае. Прынамсі, у адным і другім выпадку час ад часу парушаюцца межы ўмоўнасьцяў, забаронаў, разбураюцца псыхалягічныя стэрэатыпы і моўныя штампы.
Падсумую. Перакрочваньне межаў, іх размываньне, разбурэньне стэрэатыпных вобразаў і моўных штампаў, пашырэньне кантэксту з дапамогай рознага кшталту алюзій, прыхаванае альбо наўпростае цытаваньне зь некаторых вядомых тэкстаў, стварэньне паралельных ліній аповеду, канструяваньне «гістарычнасьці» часу, які да гісторыі мае адно ўмоўнае дачыненьне, — характэрныя адметнасьці тэкстаў кнігі Ул. Арлова (як, дарэчы, і той рэчаіснасьці, якую ён стварае). Нагадаю, што сам аўтар вызначыў свае баляды як народжаныя на «бязьмежжы жанраў». «Бязьмежжа» — слова двухсэнсоўнае: з аднаго боку, межаў няма, а з другога — яны ёсьць, але аддаленыя адна ад адной ці не зусім добра прамаркіраваныя.
Размываньне ідэнтычнасьцяў, альбо Ці можна знайсьці аўтара ў ягоных героях?
«Аркады Падуі» — яскравы прыклад толькі што адзначанай зьявы. Але тут мы перадусім маем справу з рухомай, размытай і, можна сказаць, дынамічнай ідэнтычнасьцю галоўнага героя, якая ўвесь час накладаецца на асобу з іншага часу, але з тым жа самым імем — Францішак:
«на донцы келіха сум па барока
у Францішка праблемы не існавала
не існавала самога барока»
Барока зьявіцца крыху пазьней, праз некалькі дзесяцігоддзяў пасьля таго, як у 1512 г. Францішак de Poloczco атрымае ступень доктара медыцыны ў Падуанскім ўнівэрсытэце. А пакуль:
«Францішак глядзіць Euronews»
і перажывае ранішнюю катастрофу, якая поўніцца гістарычна-літаратурнымі алюзіямі:
«Ціт Лівій у такія раніцы
раіў келіх віна з трыма савінымі яйкамі
дзе іх узяць пакутліва думаеш ты»
«пра яйкі пісаў і Стэндаль
Стэндаль любіў не на заўтра а на закуску»
Рухомасьць межаў ідэнтычнасьцяў, вобразаў і нават нежывых прадметаў — важны складнік унутранай дынамікі гэтага тэкста:
«на Pratto della Valle
статуі славутых падуанцаў
не зводзяць з цябе вачэй
статуі пакрыёма мяняюцца месцамі»
«адна статуя відавочна дыхае»
Мяняюцца мейсцамі ня толькі статуі, але і гістарычныя перыяды, гістарычныя фігуры:
«Францішак бачыў дучэ і Кляру Пэтачы»
Паміж рознымі вобразамі Францішка час ад часу зьяўляецца і цень аўтара:
«твая экскурсія сёння апошняя
пад партрэтам Францішка
катэдра Галілея
паўтары чалавечыя росты
у сярэдзіне можна схавацца
бюст Галілея не пярэчыць
табе робіцца горача
героі Джота
ужо валакуць цябе туды
дзе ўсё больш вынаходліва
ты хацела б застацца тут нанач?
Кармэн не зьбіраецца стаць беспрацоўнай
Кармэн круціць пальцам каля скроні
выходзіць за кітайцамі»
А вось і калыханка для дарослых:
«Кармэн не зьбіваецца з рытму
назва рытму увекавечаная на фрэсцы
De Poloczko
De Poloczko De Poloczko
Галілей хутка грымнецца з катэдры
De Poloczko De Poloczko
чаму табе мрояцца залацістыя хрызантэмы?
De Poloczko De Poloczko
(...)»
А гэта фінал, у якім «прачынаюцца» чытач і аўтар:
«з-за катэдры выходзяць
Марэля і Францішак
Францішак у доктарскай мантыі
у руцэ у Марэлі
залацістая хрызантэма»
У салодкіх мроях застаюцца Францішак (у доктарскай мантыі) і Марэля (з залацістай хрызантэмай у руцэ). Аўтару застаецца адно паставіць сваё імя і прозьвішча. Відавочна, яно не Францішак.
«Што ж гэта ўсё было? Што гэта за такі дзіўны фэномэн, падобны на сон, але ж ня сон?», — можа запытацца чытач. «Ці ня ёсьць у ім штосьці ад галюцынацый?»
Перадусім, адкажу на апошняе пытаньне: ад галюцынацый нічога няма. А дзіўны фэномэн — вынік надзвычай высокай канцэнтрацыі (мабілізаванасьці) творчай фантазіі, якая здольная бурыць звыклыя формы, прыводзіць іх у рух, зьмяняць контуры прадметаў, парушаць лягічныя сувязі. Нарэшце, паглыбляць аўтара і чытача ў імажынатыўны сьвет, які ў такія моманты падаецца больш рэалістычным за сьвет фізычных рэчаў. Гэта таксама і сьвет мрояў, у якім блытаецца час, пасьлядоўнасьць падзеяў, паўстае эфэкт déjà vu, зьнікае звыклая сыстэма каардынат. У некаторых выпадках (у выніку глыбокай засяроджанасьці, канцэнтрацыі) могуць зьяўляцца і візіі, устойлівыя «карцінкі».
Нарэшце, гэта шаманства, паэтычнае шаманства, калі з дапамогай рытмізаванай сылабікі, гукавых паўтораў і ўнутранай дынамікі верша ствараецца новая сытуацыя, альбо, больш дакладна, — новае поле суб’ектыўнай рэальнасьці. У гэтым новым полі рэальнасьці і ствараецца літаратурны тэкст.
(Працяг будзе)