З кнігі «Ромб» (2018)
Людзі на лёдзе
— р-р-рыба быр-р-р!!!
бадзёры крок
цыфэрблят шырыць
кава тушыць вагонь
без увагі стыне
— ліць эціл?
а зорка ня сьпіць,
штоноч стаіць
па-над чужынай,
рэтрансьлюючы непахіснасьць
— робім ромб!
— рубім німб!
Белы шум
Месяц
на донцы
колцам
абрысы хатаў
пад шумным
сьнегам
сям’я, быццам
карціна з пазлаў,
зьбіраецца на каляцы
праз гадзіну пасьля абеду
й да гадзіны перад вячэрай
галава працуе асабліва плённа:
чалавеку заўсёды нешта ня так — пастаянна ня тое надвор’е, грошай заўсёды няшмат / бо самае прыгожае не належыць чалавеку — гэта прырода ды ён сам, натуральна / толькі прымітыўны фаляса-цэнтрычны мозаг можа ўспрымаць лес як хаос / насамрэч, там жа дэталёвая прадуманасьць, гармонія найвышэйшага парадку, ускладнёная да бясконцага назіраньня й разуменьня! / лес любіць позірк архітэктара, багаслова, філёзафа, мастака / галінкі ў дрэваў могуць быць толькі такімі, вада цячэ аніяк інакш, вецер дзьме там і дзе трэба / лес значна ўтульнейшы за сад альбо парк
Хаўер
калі пачаўся буран,
пасажыры ўтаймаваліся —
супольна змоўклі, схавалі прылады,
не зрываліся на кандуктара,
не абмяркоўвалі вячэру,
не спрачаліся, ня біліся за сядушкі...
толькі зьнямела ды пільна, бы дзеці,
пазіралі празь лёд
Праз Трактарны
перараджаюся з хвіліны ў хвіліну
перапаўзаю з брамы ў браму —
берагі чыгункі выпраўляюць марудны ланцуг,
сонны
сонм
самоў без галавы й хваста
між велічэзных збудаў няпэўнага часу й прызначэньня
сярод гурбаў пяску, друзу й мэталаканструкцыяў
вяртлявыя трубаходы крыжуюцца з мастамі ў нікуды
за дратаванымі плытамі з чырвонымі пэнтаграмамі
паліцца смала, ліецца ў каналы бітум
уздоўж разграфітчаных гаражоў, скрозь пусткі, між бэтонных плітаў
па прыдушанай глебе, пустыя скрыні й дамы на зьбітым асфальце,
побач дзікія сьцежкі да алькаголікаў, што схаваліся ў ямінах,
бамжы ў бамбасховішчах,
ліхтары на слупах
нагадваюць пра дрэвы колішнія —
усё для нічога,
тут іншае неба
дождж змывае іржу
з вагонных шыбаў
Сьцяпянка
уваліўся нібы ў студню,
скрыпнуўшы дзьвярыма
прыгараднага вакзальчыкууууу
ууууууууууууууууууууууууу!!!...
за збудам бор густа цурчыць салаўямі
абапал шляхоў расквітаюць сэмафоры
вечар пахне лопнутымі пупышкамі,
а мае рукі — скурай двухдзённага дзіцяці
СШ
Сонца села,
пакінуўшы дрэвам
сівую пасму
стары настаўнік геамэтрыі
зь ядроным пахам таннага тытуню
пэцкае падручнік крэйдай
жоўтыя кончыкі пальцаў
зазналі перасячэньне паралеляў
* * * * *
Зямля кінула цень на неба,
Месяца завушніцай спакушаная
яна апраналася ў самае пярэстае —
шырокія капелюшы з чорным макіяжам
яна сьпявала ідучы проста па завулку
яе ведалі тутэйшыя —
да таго, як звар’яцець,
яна працавала настаўніцай
сьпеваў
* * * * *
раскусваю малекулы гарбаты —
застаецца зямлісты прысмак
фізыку падабалася геаграфіца
у настаўніцкую прапускаў наперад,
ацэньваючы прыцягальнасьць паўшар’яў,
а тым двум востраканечным вульканам
адразу паставіў 5
падпірала іх рукою,
абцягвала тугім станікам,
навісала імі над партай,
навочна дэманструючы
старарэчча Дняпра
Мядзьведзіха
калабокая мядзьведзіха
пярліну носіць
у сынхроне з пупышкамі
пад спадніцай
пуп цытрыны
сьпее сочны
навародак
пахне глебай ды хлебам,
цёплай вільгацьцю
ён ляжаў у тумане
покуль Поўня
вяршкі пампавала
ў грудзі маці
Арыгамі
бурагон выдзімае
кроплі з хмары —
прыгадалася
вільготнасьць
хатняга печыва
арыгамі
цяжарнае яблыні
ахінае малако дыму
зрэнкі каляровай карамэлі
высьвятляюць рысы згіну
Вячэра
ракавіны хакаюць
у вусьці крыніцы,
у такт жытнёвы позех
вабіць лазы лёзы
дуб-павук
шавеліць лесам,
сьцягнутым
сонечнай яечняй
мы ж п’ем, задыхаючыся,
халодны булён глею,
заядаючы травой
зь вечаровым бурштынам,
Месяца плаўкім сырам,
вяршкі растаюць
у асмуглай каве,
пракладаючы шлях
чумаку
Да Рыгі
па дарозе да Рыгі
вытанчаюцца сосны
даўгая Даўгава шырыцца,
намывае пяску ў валасы
густыя букеты жоўтае квецені
узорам на швэдрах зь вятрыскі
Еду ў Рыгу
па соль, па скрыгу!
тулавы труцца лупамі
да першых кропель
бурштыну
сок сасны
кісьля мурашніка
соль улоньня
кіпцюры голак
вецер трэплюць
са сьвістам
мох на даху
прышпільным —
пляц Сэрца,
пляц Лёгкіх,
пляц Страўніка...
яблычны прысмак
у скамянелым марыве
Навыварат
пад шатамі дуба суха й ціха
толькі шоргат птушыных крылцаў
грае струнамі лубіну
шматкроць перасекчы крыніцу,
каб выйсьці, адкуль прыйшоў,
пераніцаваць сябе, каб лес выплюнуў
па берагох кашлатых
ельніку краты
згінаюць цябе пад сабой
дзіковыя сьцежкі ў разрыты луг,
у канюшынавае поле, чорнае
з рыскамі рамонкаў
дробныя валошкі,
кусты з касьцельным пахам —
сырая непралазь, травяное сьлізгоцьце
асака пазначае алёс, мухамор — баравік
галіны сьцябаюць па твары,
тыцкаюць у вочы, зьбіваюць з ног
калідорамі прасекаў,
штучнымі шыхтамі елак
па зарослых каляінах на прасьветы!...
раптоўна знайшоўся
мокры ад дажджу й поту,
але не падмерзлы
акурат, калі смог
сьціраў пэйзаж за ракой
і подых на шкле ня высах
Кінагляд
I
плян сьціскаўся ды пнуўся:
дамы на дамы наплывалі
наездам аўто на аўто
мікрараёны, бы макраайсбэргі
церліся ракурсамі
зь небасхілу ўзьняліся
‘шчэ ўчора нябачныя
дахаў ды вежаў стоп-кадры,
пагоркі наконадні ніцыя
рака парушала абрысы
набліжаліся моры ў фокусе
звышманахромныя
сьветапогляд звужаўся
ў пункт гледжаньня,
раставаў у ваду
ў схопках ды потугах
II
празь лінзу
рэчаіснасьць
схлопваецца
ў супрацьфазе:
адна адную дублюе
люстэрка ў люстэрка,
між імі — вакуўм
шматкамэрнае вакно дажджу —
рэбрамі
расьсякае
погляд
размывае
выгляд
пятля забароненае сымэтрыі
III
гранёная панарама наяўнасьці
плыве да схаванага й далёкага цэнтру:
разьяжджаюцца куты дамоў
дарогі доўжацца
чым далей, тым вузей
растуць насы, вушы ды падбародкі
таму болей за фас кажа профіль
IV
дарослае стаўленьне да жыцьця:
праглядаць стужкі ў паўвока,
праслухоўваць плыткі ў паўвуха
тут знаёмае,
там зразумелае
выбіраць замест чорнае гарбаты зялёную
(быццам бы для лепшае канцэнтрацыі)
Сутока
I
пад тонкаю лускою абрынутае лістоты
скутая зямля выперла камяністыя хрыбетнікі,
растапырыла косткі камлёў
слаісты перакладзены рэльеф
шавеліць вусамі ды бакамі,
разводзіць хвалістыя бровы
праз крынічны тунэль —
масты замшэлых вольхаў,
скокнуў на той бераг — трапіў у тапіну
пад тонкаю лускою абрынутае лістоты
II
гадзіньнік, абмазаны жужалем,
самаўпэўнена даводзіць лічбы,
што труцца шчыльна
рысавым зернем у вораку
няўбраная кукуруза забранзавела
горыч зёлак засяроджвае
кісласьць актывізуе думак
насеньне,
загорнутае ў гліну,
як сала шмат,
нібы рыба
брухам
на імгненьне
прымяла водарасьці
зь літарных радкоў
ІІІ
крупка губляецца ў поўсьці коткі
няма чаго сябе шкадаваць
дзьме
хвалямі
ў дзьверы
сыплецца
цячэ
сьлізгоча
яблыкі набіваюць мех
да трэску
IV
абцерся дубовым лісьцем
пайшоў па ваду з катком
па тым баку сьцежкі,
па тым беразе крынічкі
сыплецца,
цячэ,
сьлізгоча
сьнег
дзьме
хвалямі
ў дзьверы
вецер
V
з жабкай на ручыцы ўзлазім угару
па прыступках карэнішчаў,
набухлых валунах
да сьветлае Поўні
вагонь серабрыць зубастыя дугі ельнікаў
перавернутую місу капішча
на крыжа рагу
ў міжкрыніччы
выгінальным
у сутоцы сутак
кожнае слова як скарачэньне цягліцы з потам
кожны склад патрабуе сьпеву без слухача
ясьней ды прасьцей за дуду
VІ
Сонца ды Поўня цяпер аднаго дыямэтру
толькі Поўня да нас тварам, а Сонца задам
разам з усім небам па тэрмінатары
ноччу — празрыста, удзень — зацягнута
восень раскрывае мапы,
дэманструе, як справы насамрэч
бамбардуе пладамі хаты,
струменіцца водар — набывае смак холад
на лецішчах поўныя ванны дажджу,
самотныя пэнсіянэры туляцца да печак,
разьбіраюць зьвезеныя з гораду рэчы —
ня лезь у нерад... мяне паперад!
Мой раён
(сачыненьне)
Слухай, браза! Я зь Велаза.
Мой раён
— гара на высьпе. Да цэнтру блізка. Адрэзаны ад Менску
рэйкамі ды рэкамі — зыгзагам Сьвіслачы ды Сьляпянкай,
роўналежна каторай насыпаны вал. Зьнізу колісь цыганы
атабарыліся. Барон жыў на Рабочым завулку, гандляваў
гарэлкай за бацькам усьлед. Зь местам злучае хіба тунэль,
разьвязка ды пара мастоў.
Ты ў горад? — Так!
Мой раён
трымае хрыбетнік — Партызанскі праспэкт. І ў дадатак
Фабрычная — вуліца простая, як ствол: ад чыгункі да
чыгункі, ад барака Кляшторнага міма камітэцкае будкі праз
Чортаву браму ды ў арку ля булачнай. Паралельна ляжыць
Трасьцянецкая з дамбай. І Серафімовіча да кірмаша на
скрыжаваньні, дзе сьсеклі разголую вярбу.
Штосьці яшчэ? — Так!
Мой раён
узыходзячага Сонца (!) мае ўласную чыгуначную станцыю
«Менск-Усходні», аўтобусную станцыю «Ўсходнюю».
Непадалёк — аўтавакзал «Усходні» й кола ад трамвайнага дэпо,
дзе здымалі багата кіно. Чым не правінцыйны гарадок? Мае
станцыю мэтро «Пралетарскую» са схаваным вэстыбюлем.
Падлеткамі падпрацоўвалі на разгрузцы кавуноў і дыняў.
747-ы кілямэтар? — Так!
Мой раён
‘шчэ гудзіць «Мотавэлам», што займае палову прасторы.
Падрэзаў пятлю ракі сабою. Дзе твая трафэйная гальваніка?
Да вайны тут мусіў быць «Беларусьфільм». Вятрыска даносіць
пахі какава-бабоў з «Камунаркі», брагі з дражджавога
камбінату ды лікёра-водачнага, гудкі цягнікоў і клёкат колаў
на Маскву, крыкі кірляў з лукавіны. Склад драўляных скрыняў
ад «Пекераўскага» заўжды сьмярдзеў рыбай, пакуль прылюдна
не згарэў. Там хаваліся ад бацькоў другагоднікі.
Піць будзеш? — Так!
Мой раён
зьмяшчае кіно «Ракету», басэйн з гумовым стадыёнам, лазьню,
дзе скралі Ганчара, фотаатэлье зь нязьменным габрэем,
адзіную ў горадзе нотную бібліятэку, СШ імя Багдановіча,
музычную школу з джазавым ухілам, натарыяльную кантору
ды ДАІ, пральню, паліклініку, галубятню з часоў Алімпіяды,
ДК для выбараў, фабрыку для кабетаў, сталоўку для геяў,
амбасаду Ізраіля й пункт здачы шклатары.
Ты крайні? — Так!
Мой раён
захаваў бамбасховішчы ў кожным двары. Узоры
пасьляваеннае архітэктуры, пачынаючы ад палонных немцаў:
сталінскі ампір, хрушчоўкі, панэлькі, з абсыпанай кафляй
збуды. Ад зьнесеных баракаў застаюцца склепы. «Я жыву ў
жыдоўскім доме!» — лямантуе суседка. Усьцяж завулкаў ды
вулак — інтэрнаты для самотных кабетаў, садкі, стаянкі, пусткі,
стаянкі, садкі, пусткі... Па чыгунцы за дротам чаргуюцца базы,
СТА, саўны, СТА, базы, саўны... Развал — сыходжаньне, развал
— сыходжаньне... На паддашках і ў сутарэньнях — офісы,
офісы, офісы...
Грошы ё? — Так!
Мой раён
— алімпіец, сталіца дваровых гульняў. Адбівалі мінусы,
упячатвалі квадраты. Пырам моцна, шчотачкай дакладна, на
калена навесікам. Нажамі зямлю дзялілі. Нашы ды фашыкі.
Беглі тварамі праз разьвешаную бялізну. Стралялі гарохам,
пугачамі з насосаў, паліваліся бутэлькамі з-пад шампуняў.
Рабілі васьмёркі на ровэрах, сонейкі на арэлях. Ты — матала,
ты — на вэрах. Польскія гумкі з Чэрвеньскага па чарзе ў
роце мялі, дадавалі хто цукар, хто сочыва. Ішлі на рэкорды
— жавалі тыднямі, покуль ня нылі сківіцы. Прывозілі гільзы
з Азярышча, шчыльна набівалі сьцясанай з запалак сераю.
Мачылі газэты ў салетры. Несьлі ў далонях карбід.
Дасі запаліць? — Так!
Мой раён,
увогуле, колісь зваўся Тры Карчмы, зьяўляўся пасёлкам
«Камінтэрн» з палямі фільтрацыі. Гэта тут у школу
прызначылі дырэктарам аматара дзяцей, а хлапца, якому
цягнік адрэзаў ногі, забраў з сабой Клінтан. Гэта тут былы
вучань згвалціў клясную кіраўніцу проста на вуліцы, узімку,
пад вокнамі яе дома. Гэта тут абрубкі жаночых таполяў ды
паўночныя дубы. Гэта тут ставок у бэтонным колцы, злучоны
з Чорным морам. Гэта тут зь сярэдзіны праспэкту альбо маста
праз чыгунку бачны Чырвоны касьцёл і салюты на Дзень
гораду.
Ну, што ты тут?
Сок
з марлі
нябёсаў
цісьнецца
сок
у грунту мякіш
струменіцца
водар
угару
ноч дорыць
дзень доіць
сон сілкуе
будня боўдзіла
на дне дня —
човен ночы
варочае хвалі
сну:
вада праклала
сьцежку ўгару,
вядомая пера-Поўняй,
што адорвае долькамі
тыдзень і тысячаноч
слоі слоў у схоў —
ідзе дзе-нідзе-нь:
гудучыя дрэвы хіляцца пад заравою лавай
неба павісла на галінах
раніца дадае колеру ды рэзкасьці
варушыць лісьце й валасы немаўляці
дзіцятка распускаецца бы кветка
штогадзіну шырэй і ўразьлівей —
неадрыўна назіраем
за непаўторнасьцю моманту...
дарогі рог паглынае
сівер абяцае мора
і ні з кім ні пра што
ня хочацца гаварыць