Паэма М

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

падлеткамі бавілі час у мэтро / асабліва, калі халады
каталіся па лініі кругамі / туды-сюды
перабягалі з вагона ў вагон, з электрацыі ў электрацыю
спрабавалі гіпнозам змушаць пасажыраў да выхаду на пэўнай станцыі
ці папросту гулялі зь незнаёмцамі ў глядзелкі / махалі рукамі...

нам сьнілася нямала сноў
пра падземныя цягнікі з шыфраванымі нумарамі,
пра службовую лазьню,
 і сярод нашых мараў / мелася
 застацца на канцавой у ну́трах,
 каб зірнуць, што там да́лей —
 як саставы мяняюць рэйкі і шпалы
 ды накірунак руху

эмотр

у палітоне / па мэтрапалітэне
катакомбах, злучэньнях, камунікацыях,
па чатырохканцовай схеме
з выдранымі назвамі лякацыяў
 па зерні граніту, скрозь вітражы й вітрыны,
 адлюстраваньні й камэры перасьледу
 слухаю мантры пра асьцярожнасьць
 нам пагражаюць забытымі рэчамі,
 зь ліхтарнага лябірынту цыклёпамі
побач экраны, праектары, маніторы
зуд рэклямнае інфармацыі ды
саўковае анімацыі, танцы...
як жа тут будзеш уважлівым?

гукі ўразьлёт / б’юцца аб сьцены ў аскепкі
губляюць сэнс, толькі тон і настрой
рэха разносіць і множыць выцьцё / электрычных цмокаў,
загнаных у кола паміж палюсоў
 жабракі ды музыкі
 з горнамі ў глытках,
 з баянамі-лёгкімі
 пад таблічкамі —
 поўны ігнор
саступаю сядзеньне / цяжарным, інвалідам
вочы сыплюцца, як пялёсткі / як купюры на скразьняку
тут няма немясцовых / ды багата нямых,
што ў жэстах жорсткія

у рэгулярны пік — карагоды пінгвінаў
кішэнныя зборнікі й рабаўнікі
крыкі, залётныя галубы
дзеці з балёнікамі ці сьцяжкамі
 сьцены й скляпеньні мацуюць
 жылы ды косткі / старажылаў і мамантаў
 фамільныя склепы просяць новых ахвяраў штогод —
 самагубцы робяць адчайны крок,
 бо няма выхаду

мортэ

падземныя нэфы мерыць нешпар
зьвязаныя завучаным абрадам
прытрымліваем дзьверы / ў знак супакою
ўкладаем няшпарка ахвяры
ў турнікеты мясцовай валютай / для колазвароту
толькі грэх б’е па сьцёгнах
сьціскае ўнутраныя кішэні
рэвізоры-анёлы ў гневе

царква — цэх — цырк...

чакаем на цягнік
між шляхоў, між рэек,
між паўзамі ў рытме калянадаў
у цэнтры цемры — трохкутнік зьнічу
прыбыцьцё як прычасьце / з трубою вітальнай

машыністы-манахі ў тэпцях / перадаюць эстафэту
краты́-астранаўты ў глебавым космасе
вантробамі мкнуцца да Сонца / вандроўнікі
спрынт-пілігрымы паводле свастычнае трасы
насустрач нясуцца камэты ды зоркі

унутры мэтро — тромбы,
схаваныя лёхі з кляштара ў кляштар
ці наўцёкі з парлямэнту
праз вэнтыляцыю / каналізацыю / па кабэлях
у сховы з запасамі харчу

хрыст — храм — крама...

у рэклямах — абутыя ногі й танная ежа,
анонсы ўрачыстых канцэртаў / іконы нязнаных сьвятых
калі ўцелавіўся сямімільённы
яно пачало разрастацца грыбніцай
пупавіну мапай зматала
прыватныя хаты ўгары / абрынула

мэсія — мэса — месіва...

цяпер крочым калёнамі між калёнаў
шыхтамі ў шахты, у масіў масамі / паліраваны
ня вымеш паходні са столяў / цьмяна —
ужо ня счытваем выбітых лёзунгаў,
выбітных ідалаў, масянжовых вершнікаў
зьвестак зьверху ў вэстыбюлях

мэтрапаліт арцыдзяжурны
ружанец прыпыначных пунктаў / перабірае
эскалятар варочае звадак / спыняе — заводзіць
прыбіральшчыцы ўночы
наводзяць чысьцец у адхлані
уваход забаронены

эротм

хутчэй і глыбей / цераспалосіцай небясьпекі
у твань у бездань / ірвотнымі рвуся рыўкамі
прыступкамі ўгору / згары
стужкай крыві / на правы бок
праз стадолу пад зьвіслы каўчэг
ва ўвогнутасьці слупоў / леваруч
на масток для сустрэч / у фае за мур

вецер гудзіць у флейту лініі,
б’е па кляпанах мікравакзалаў
пускае сьліну й ваніты / нябачна
дзяўчаты імкліва мнуцца
бадзёраць стамлёных службоўцаў
па калідорах лібіда / дае рэзананс адтуліна
дрыжыць тэатар, вібруюць пяткі

у тэрмітніку жабы й ракі,
чэлесаногія на прычале
прыбывае транспарт —
 прамотвае перад тварам / гарэмы
 праплываюць фарэлямі профілі
 на выбар любыя фігурыны
 сядзельцы ўтаропіліся ў пупы вэртыкальшчыкаў
 тыя труцца міжсобку набухлымі геніталямі
дзяжурны міліцыянт,
вас ізноў выклікаюць

пустыя вагоны праносяцца з сорамам,
крыўдзячы часовых дабравольцаў андэрграўнду,
кароткатэрміновых жыхароў найніжэйшага гораду
тыя сьпяшаюцца моўчкі й без усьмешак
штурхаюць адно аднаго / садзяцца нага да нагі,
 абменьваючыся тэмпэратурай,
 справядліва разьмяркоўваючы ціск
 усярэдніваючы рост ды ўзрост
 аптымізуючы моц і мозг
 думкі цякуць з галавы ў галаву
не прыхінацца!

пульсуе хада ў сьлізготкай цязе
за дзеўкай у вагон зайшла яна ж,
толькі старая
 ...а хо — застануся, мо...
 пакуль не рассунуцца весьніцы, трэ?
 наступная станцыя

трэмо

плюс — мінус — плюс...

дзьверы зачыняцца неасьцярожна
кропкі злучацца лініяй —
скон з канцом / зачын з пачаткам
зайграюць аб’ёмы, праёмы, выемы
па́лі штурхаюцца / лесьвіцы сыплюцца
лучацца пліты плято перагонамі
лякуны ў падцёках ды лужынах
 правілы ё,
 але мы ня ве...
 паперы нас
 папераджалі, але...
не прайсьці зь перагарам

апоры, парэнчы ды агароджы
для тых касякоў, шэрагаў, статкаў
яно вымагае парадку,
будуе схаваныя залі ды холы,
нішы, прыступкі й пасткі,
каб не кульнуцца зьнянацку,
каб птушка ня зьвіла гняздо

вышэй пераход
у павільён,
 дзе
за мэрам мэр / за мэтрам мэтар /
за грандам гранд / за нобэлем нобэль /
з мэтаю з сэнсам / скрозь болю боязь /
ды ласку лязгу / становісься раптам /
трупам на трапе / заплатай у падлозе

мінус — плюс — мінус...

нельга быць пэўным,
што едзеш у тым накірунку
тутака толькі пара бакоў
іншая мера, меней за нуль
 сьвет безь сьвяціла
 час прынцыпова застыў
 у дзень навечна падземны
 ні ўсходу ні захаду

вагон як пакой сьмеху й страху
суседзяў ацэньваем бокавым зрокам
у іх падглядаем газэты ды гаджэты —
на наступнай выходзім?
 толькі заўваж даўгія партрэты
 з намі імчыць паралельна
 скрозь сьцены тунэлю
 празрысты вагон / там нашыя здані...

ды як у цябе пуста бывае, ціха ды чыста
заўжды, нават узімку цёпла
так, зямля гарантуе надзейны прытулак
сваім грамадзянам

мроэт

пілёту-аратаму сьніцца
як на станцыі Сталіна стаў
дзе лазьня для супрацоўнікаў,
як мыльная пена цячэ між рэек,
балярыны ў белых туніках
на плятформе ладзяць імпрэзу —
грае аркестра й хор філярмоніі
на іншай — басэйн
парады й дэманстрацыі
са станцыі на станцыю
паўсюль гандлююць жывою рыбай
шашлыкі ў бліны абгортваюць
піва на розьліў з гарэлкай
кросы й ралі
клёны й клоўны
блюзьнеры ды блазны
паўстанцы й калябаранты
паводка з клязэтаў
яднае нацыю,
але пад раніцу
хтосьці сарваў стоп-кран —
прастору запоўніў духмяны
нібыта з прыступкаў на спуску туман
белы, але зь мільгаценьнем адценьняў, няўлоўным бляскам
пара гусьцела, тлусьцела ды шырылася бязгучна
ў гарлавіне тваёй да паловы на шостую

мотэр

цягнікі грукочуць з-пад зямлі
падземка высунула шчэлепы:
выдыхае ўсім страўнікам
праз вэнткіёскі, дзьвярыма матляючы,
пыл цэмэнту ды кафлі / колаў змазку
вільготная, як ніколі

матрыца мэтро — маціца
сыходзячы ў сутарэньні,
граем самі з сабою ў хованкі / наўзахапкі
купляем час і нерухомасьць у салёне
спрошчаны накрыс жыцьця / летапіс
транспартуемся ў трансе
 улазім у гэтую браму, каб вярнуцца праз тую
 зь небыцьця ў нябыт, ад улады ў лад / быццам бы
 у новую кропку на выбар
 навародкамі рушым са склепаў
 эвакуюемся зь іншасьвету
 пасынкамі з канторы сьмерці

яно — дно,
нязгоднае зь верхам / паводле канону
такое адно, зносіць поліс / сугучна з законам
яднае кішкою праз рот / скажае час і прастору
нястрашны абвал і патоп / нясе, перамотвае манатонна
махае празрыстымі крылцамі / выхадаў ды ўваходаў...

поезд далей не ідзе,
калі ласка, пакіньце вагоны

2010 — 2020

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

будзе бунт
рыхтуй бінт,
пан трыбун!

нацыі цана —
цанава
кроў пускае наноў

стары настаўнік геамэтрыі
зь ядроным пахам таннага тытуню
пэцкае падручнік крэйдай
жоўтыя кончыкі пальцаў
зазналі перасячэньне паралеляў

Як гучыць радок,
які падкрэсьлівае
лятак у небе?

зьняты на смартфон
выбух з грыбом у небе
выцьцём сірэн
і дзікімі крыкамі
праз тыдзень давядзецца сьцерці
бо не хапае памяці
на відэа карпаратыва