Краіна чакае навін пра вайну

Пераклад: 
сучасная украінская паэзія, вершы па-беларуску, украінская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка, пераклад

Ойча наш! Божа Украіны і Беларусі!..

(Отче наш! Боже Украни і Білорусі!..)

I ў днi, калi душы падпальвае змрок,
Калi цяжарнее жахам калоссе,
Прымаюць смерць і паэт, i прарок,
Каб меней у ворага куль засталося!
(Рыгор Барадулін)


Ойча наш!
Божа Украіны і Беларусі!

Падымаю тапік у імя тваё,
называю псеўда тваё,
кажу: здрасуце!
Выклікаюць вас хлопчык Рыгор і дзяўчынка Гера.
Гэта дакладна той, што есі на небесі?
Баюся пераблытаць у космасе пазыўныя
і патрапіць у царства аллаха ці іўдзеяў.

Ойча наш!
Божа Украіны і Беларусі!
У нас павалены вышкі, не ведаю, ці ты праслухаў
мае папярэднія выклікі, але чорт бы з імі.

Ойча наш!
Нейкая хуйня з уваходнымі.
Падае неба і людзі ляцяць уніз,
Прымі іх да сябе, яны перакажуць змест.

Ойча наш!
Няхай будзе царства, і сіла, і воля твая,
абы не стралялі ў нас.

Дай нам часу, шпрыцоў і жгутоў,
гемастатычных бінтоў,
дэкампрэсійную голку,
павязку туды, дзе было вока,
саляру, мяшкоў для загінулых,
браню шафёрам-парамедыкам,
каб давезлі жывыя здаровыя
ўсіх жывых і здаровых.

Ойча наш!
Божа Украіны і Беларусі!
Тэляць табе хлопчык Рыгор і дзяўчынка Гера.
Мы згодныя на любую тваю волю,
адно дай нам моцы перажыць яе.
Мы згодныя на любое царства тваё,
абы не было яно царствам нашых дыктатараў,
а збольшага прарвемся,
мы ўжо страляныя.

Хай будзе як на небе, так і на зямлі,
але не так, як пад Ілавайскам,
калі кроў і зямля змяшаліся,
не дай так, як пад Вясёлаю Гарою, калі душы
не маглі выпаўзці з-пад трупаў на Суд Страшны,
калі б не Малыш, Валькірыя і іхняя рыдлёўка,
былі б спазніўшыся да цябе.
Спазніліся б Коля, Паша, і нават Віця,
які прыходзіў у час
на першыя нудныя заняткі старой школы
у сяле Галасковічы.
Таму раздай Малышу, Валькірыі і іхнім рыдлёўкам
Шчасця, міласці і здравія на векі вечныя.

Ойча наш!
Гэта хлопчык Рыгор і дзяўчынка Гера.
Калі да цябе даляціць — мы ўжо састарымся,
вайна скончыцца, пачнецца новая, мы памрэм,
але, як бачыш, не губляем надзеі.
Наш час ляціць, нібы трос за вагай:
схапіць — палова бяды,
а спыніць захочаш — далоні у кроў сатрэш.

Я заняла нашу адзіную лінію,
танюткую чорную нітачку паміж сусветам і акопам,
выклікаю Бога свайго па «палёўцы».
Пакуль сепары не перабілі.
Пакуль ніхто не падслухаў.

Ойча наш!
Не дасылай нам хлеб надзённы,
бо ён псуецца без халадзільніка,
лепей дай нам цыгарэт з капсулай,
механіка з рукамі і загад з генштаба,
бо сядзім месяцамі без загаду.

Ойча наш!
Адпусці нам вэксалі нашыя!
Мы знайшлі тут карты і гулялі,
а не было чым разлічыцца,
бо дабравольцы — мышы царкоўныя,
у кантрактнікаў картка, таму
ніхто не прайграў і ніхто не выйграў.
Толькі Сашу-зэсэўшніку
на пагоны шасцёрак накідалі дзеля смеху.

А ворагам нашым не даруй —
яны забілі першымі.

Як нам дараваць, Госпадзі, як нам дараваць,
кожны снарад, кожны патрон іх, што падпісаны
нашымі імёнамі:
«это тебе укроп от людей донбасса»

Які ты нахуй Данбас з Уладзікаўказа?
Там ад часоў лагерных не бывала нашых!

Ойча наш,
Ты жа есі, якая тут пізда?
Ойча наш, дай загад і нармальных БК!
Хай жа адбудзецца воля твая на нашай зямлі.

Дай нам выдаткі на абхадныя лісты,
і ў трывожныя дні,
і ў цёмныя дні,
ад нячыстага мы й самі адратуемся.

І ад спакусы застрэліцца ўратуй
што на цывілцы, што на перадку,
бо некаторыя папёрліся сама за гэтым.

Ойча наш!
Выклікаюць цябе хлопчык Рыгор і дзяўчынка Гера.
Перадавай прывітанне Духу, Айцу і Сыну
на векі вечныя, плюс-плюс.
Канец сувязі.

Усявышні!
У нас тут падаюць вышкі.
Усявышні!
Я знаю, засталося крышку.
Пакінь мяне, калі хочаш
нагаварыцца ўжывую.

* * *

(... а потім смерть підіймає по той бік слухавку...)

... а потым смерць падымае па той бок слухаўку,
пытае, ці я пазнала яе па голасе.
Мы пагаворым, каб заспакоіць рукі,
так прасцей перціся скрозь павуцінне восені.

Усё, што складвалі ў памяць, у памяці згубіцца.
Стужка сарвалася, святло экрану знікае.
Вось як насамрэч было: дагуляліся старыя-бяззубыя,
і нехта, не дачакаўшы фіналу, канае,

іншы развейвае дні нібы гнілое проса,
вывучае як мапы абліччы на фатаграфіях,
нашэптвае нешта паперы... Ды смерць перабіла: «Досыць!
Потым памроіш, зараз яго пахавайма!»

Вецер сярпом сячэ дрэвы ўдоўж вуліцы,
смерць суцяшае: «На гэтым жыццё не спынілася.
Жыццё аббівае лапату і ў каўнер туліцца:
«Разбірайцеся самі.
Я сёння дужа стамілася».

Моўчкі дзялілі каньяк, цыгарэты стралялі,
Побач з пад’ездам на лаўцы сядзелі позна.
Нашто развітанне, калі ўсё роўна пабачымся.
Пра што гаварыць, калі вашы мовы — розныя.

Рэзкім уколам важнае, нібы голка ў рыхлым сене,
Нібы смерці побач няма і дома раскрытыя вокны.
Ныюць на скразняках сталёвыя скутыя дзверы.
Стужка парваная — зараз бы ўстаць і на выхад.
Але шчэ далёка да тытраў.

* * *

(Як ми зійшлися в одному загоні?..)

Як мы сышліся ў адным атрадзе?
ніхто не раскажа. Дый каго запытаць?
Навучанне кароткае: на полі бою
Кожны павінен умець чакаць.

Вайна трывае за межамі часу,
Кладзецца ў магілу з апошнім жаўнерам.
Ніхто не ўзгадае, калі пачалася.
Дый каго запытаць?

Над бліндажом раскрывіліся макі,
высокія, круглыя, нібы сігналы.
Сэрца раве пабітым сабакам,
вось зараз — праломіць метал.

Ціша, дзе мела б гудзець вайна.
Ці ў полі ці ў воку гусцеюць туманы?
Перамога ў баі, трапная нібы страфа,
не пачынаецца воклічам «мама!»

Мералі далі і каардынаты
гартныя ленты за лентамі.
Мы не па імені ведалі раненых —
па спісах медыкаментаў.

Чорна-чырвонае, як ноч ды агонь,
на сэрцы насіць, не губляць.
Хто нас падлічвае? Колькі было?
Каго запытаць?

Колькі працягнем памяць сваю,
як перабітую лапу?
Краіна чакае навін пра вайну
штодня а дзявятай.

Павольна, як першая ў згадках любоў,
згасае у шахце сонца.
Плачце, салдаты. Спынілася кроў —
спыняцца й слёзы.

Людзі, адрэсы, горад і век —
Зрыўкі душы, мэтлахі ночы.
Люстэрка і чорны чужы чалавек —
зіркае ў вочы.

* * *

(Повертаєшся на війну...)

Вяртаешся на вайну
нібы забыла нешта

Вяртаешся, каб сказаць:
тут нібы дома

У дзяцінстве ў мяне была кніжка з малюнкамі
там лісіцы былі і фазаны
такія ж, як тут

Гэта зона баявых нагадвае мне месцы,
што адышлі з гісторыяй

З сырой хаты вунь той
хутка выйдзе нябожчык дзядуля
і пакліча з сабою

Але ён не выходзіць —
беражэ мяне

І адлегласць расце паміж намі
з падвойнай хуткасцю

* * *

(Замикання вод — ...)

Замыканне вод —
хай ужо нават вада не рухаецца.
Цвердзю становіцца, касцянее вада жывая.
Тонкім палатном накрыває бачанні, музыку.
Нічога няма.

Толькі сляды — ад целаў, словаў, радасцяў, крананняў.
Хто мне верне цяпло, дзе іх знайсці?
Дзе ты, радасць?
Хто ты, радасць?

Страшная любоў твая, бо яна — надзея.

* * *

(Зоря щойнайперша стає коли сходить дим...)

Золак найпершы тады, калі сходзіць дым
густы, дужа ранні, нібы палатняныя ніці
разыходзяцца, з цела сарваныя, скінутыя.

І сыйдзе раса, і лёгка пяройдзе траву,
і знікне, нібы каханне, бо ўжо дзень настаў —
гэта не золак займаецца
гэта прыходзіць смерць

Бачыць: ляжаць, ляжаць на зямлі целы
Ведае: чакае ўсіх бо не ўсе жывыя
Будзе: нітка з праменяў нібы цеціва

Ты не маеш рукі — вось табе рука
Няма ў цябе галавы — вось табе галава
Ты не маеш долі — дык вось табе зноў

Шые золак, пальцы праколвае — так
у цемені лесу сэрца праколе ваяка
на аб шыпшыну не аб яліну не

адплывае каханне ад губ тваіх — берагоў
латае золак войска — і яна — надзея
пакуль апошні не адышоў ад зямлі

* * *

(По раціях тиша. І горло німе як дроти...)

Па рацыях ціша. І горла нямее дратамі.
Ні гуку, ні шуму. А значыць, ніхто не вернецца.
У галаву б’юцца словы цяжкімі кулакамі.

Вось бы столькі веры як сілаў — нічога няма.
Шукаеш целы ў зацішшы між боем і боем.
І словам-снарадам хоць раз абмяняцца з табою...

Ты чуеш, як поле скуголіць? Тонкае як голка
і вострае як успамін, маўчыць, усё ніяк не прарвецца
скрозь цела тваё, чалавечае важкае сэрца,

скрозь камяні маўчання. Далёкім тваім берагам
разбіць яго накрыж, нібы карабель Адысея.
І хваля, ў якой заміраеш, нясе і нясе і
ніяк не патопіць. Ніхто не наказвае: «Здохні».

* * *

(Старий про війну говорив мало, суцільні дрібниці...)

Стары пра вайну гаварыў мала, суцэльныя дробязі,
салдацкія байкі, ухваленыя членам парткаму.
Саюз паміраў, спехам хаваў свае тайны,
а дзед захрас у труне, нібыта крывы гваздок.

Трыццаць гадоў са ста дажывае на дзве краіны,
трымае нямую абарону там, дзе няма вайны.
Круціць у чэрапе ўспаміны, нагамі стаіць у магіле,
дый то не ў сваёй.

А раней святы чырвоныя — далонь да ілба,
дым айчызны салодкі клубіўся з люлькі важдзя,
вастрылі знамёны ды зубы на ворагаў.

А зараз — пялёстка хмары ляціць за высокім вакном,
дваццаць чатыры зоркі накрытыя трухлявым сукном,
і ўнукі — моўчкі ядуць, мала пытаюцца. Добрыя дзеткі.

* * *

(Зацвітає — жасмин, але пахне — метал...)

Зацвітае — язмін, але пахне — метал.
На пясчанай гары і смаркач — каралём.
Вісне ў тонкіх нябёсах з камення сцяна,
рукавамі віецца за бортам акна
блукаванка-дарожка, каторай ідзём.

Ліст на грудзі — упала старая рука.
Доўгі кут праразае скрозь голас у плоць.
І я чую: шчымлівая ўпотай-рака
скрозь карэнне імкнецца, дае драпака,
ці то дзёру дае мой Гасподзь?

Прачыняю павейкамі здымлены гусцеж.
Я занурваю рукі — старыя — у куст,
цень ягоны — планета? ці птах? ці Жывы?

Пераблытана сэрца — жыву? не жыву?
вось па ім у акіян заганяе раку,
нібы памяць — у дым.

* * *

(День минає однаково для лева і мурашини...)

Для льва і мурашкі дню аднолькава бегчы,
для дрэва і камянюкі, для маці і для малечы.
Дзіця складвае кубікі, лічба на кожнае грані:
у Петруся дзесяць яблыкаў, а Наста нічога не мае,
Таня старэйшая на чвэрць за Змітрака,
але кволыя яе шанцы.
Некалькі лічбаў на мордзе гадзінніка
Й мільярд гульнявых камбінацый.

Камянелі ў памяці формулы,
як пад партай жуйкі схаваныя.
Задавалі нам школа і спальнікі
з зорачкаю заданні:
лічылі галы у варотах, мянялі грамы на грыўны,
і на некалькі новых распадаўся нумар мабільны,
адкрыты ў радзільні рахунак закрые, звычайна, пятля.
Кіёск. І табло чырвонае адлік пачынае з нуля.

* * *

(Хвилюється озеро пам’яті. Кола ідуть...)

Хвалюецца возера памяці. Колы па вадзе.
Рыбка матляецца на залатым кручку,
б’ецца жылкаю на дзіцячай руцэ:
— Плыві, рыбка, вудаў людскіх сцеражыся!

Святло гайдае на чорных руках галінкі.
Віск дзіцячы сціхае пасярод гульні
(ціша захаплення, а не бацькоўскага грукату) —
самалёцік драўляны падняўся над морам націння
(і хутка тата палезе за ім у зараснік,
лаянку заглушыць выбух дзявочага смеху —

а ты на іншым краі стагоддзя забудзеш як дыхаць).

Спачатку дзень прагартаеш, нібы альбом,
згадкі парэжуць слізкім навостраным плаўніком.
Пачуеш голас (думала, такія не вяртаюцца) —

сэрца заб’ецца, нібы ў палёце, прычэпленае да кручка.
Упала сняжынка — хрусне хрыбет лятака,
але тата своечасова гукае і дзяўчо азіраецца.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Алесь Плотка

як хмара ў сонечны дзень
рэкламуе лясок на ўзвышшы

так і камар
прарэкламаваў
твой маленькі пальчык на назе
амаль незаўважны
да сёння

Пераклад:
Алесь Плотка

Хачу па-мацярынску абняць порнаакцёраў.
Хлопцаў.
У іх жа
Такі змучаны выгляд у гэтым кіно.
Трэба іх неяк суцешыць.
Цяжкая ў іх работа.

Пераклад:
Алесь Плотка

добра
што мяне тут ніхто не ведае
пагана
што ўсе хочуць даведацца
хто я

Пераклад:
Алесь Плотка, Макс Шчур

і скала, і будынак відочныя кірлям
і драбнюткаю сольлю пасыпаны стол
і пад ёй незавершаны шэраг чарнільны
незнаёмых
чужых
неразгаданых
слоў