Рэалізм ІІ
(Реалізм ІІ)
фестываль у грузавым аэрапорце —
вершы на сценках таварных вагонаў і кантэйнераў
дакументацыя даследавання людажэрнага кейса
ў дзяўбанутым мястэчку
налепленая на правілы бяспекі
хэпэнінг у кабіне з заблакаванымі кнопкамі
штурваламі й рычагамі
грузчыкі ў форме нкус
пуза самалёта то раскрыецца то закрыецца
трохі апярэджваючы няспешны рытм павольнае музыкі
выстава на спружынках пад дахам
агромністага і поўнапарожняга як кітай ангару
смех вялікая пляшка бехераўкі
стылізаваная пад макет самалёта
мітусня бодзіарт памяшканняў якія не ацяпляюцца
прэзентацыя неба прэзентацыя зямлі
дыскусія рэек маўчанне ўзлётнае паласы
у трэндзе растрыбушаны парашут
што валочыцца па зямлі за спіною
і ты паміж небам і зямлёю
засеў на грузавым кране
радасна сціснуўшы абедзвюма нагамі
гак каб не грымнуцца ўніз
не жадаючы ведаць як мала засталося
да падзення ў рэалізм
Рамантызм
(Романтизм)
калі краявід стане мурам
упадзеш
і падаючы
хапайся за сосны за іхнія шчотачкі
мяккія археалагічныя
на шляху ў невядомае
да страху разбіцца аб рэчаіснасць
такая рамантыка —
зноўку лунаюць супрацьпастаўленні
ілюзій і рэалій
і зноўку тарыф за ілюзіі —
сустрэча з рэаліямі
зрэшты некаторыя кажуць:
чым болей падобных сустрэчаў
тым хутчэй скончацца рэаліі
не шкада такой валюты
а яшчэ некаторыя кажуць
што можна казаць не
«ілюзіі і рэаліі»
а «рэлюзіі»
гэта калі яны так жвава
пераключаюцца
што нарэшце зліваюцца
мне ж болей падабаецца
«іляліі»
хаця й напраўду
абое рабое
скрозь наздру лебедзя
пабачыў
сонца
гэта ўсё яшчэ восень
усё яшчэ возера
расце
Часовасць
(Тимчасовість)
Колькі цэлафанавых цэркваў!
Колькі драўляных палацаў!
Колькі знакаў часовага
У маёй краіне!
Папяровыя кветкі,
Дзверы з ваты,
Будынкі з шэрага тумана,
Будынкі з тумана колеру рудой цэглы,
Дзесяцівагонныя кібіткі
З разліку на тлум паветра,
Календары мінуўшчыны,
Адважныя вожыкі,
Азёры ў контратацы,
Енк назвы вуліцы,
Кола, зцыганенае з ромскага сцяга —
Усё танчыць факстрот часовасці.
Мы з краінаю
Зазіраем у будучыню,
Поўныя
Пэўнасці.
Бо ўсе ведаюць:
Няма нічога болей трывалага
За часовае.
* * *
(Я грав білими...)
Я гуляў белымі,
але правілы дыктавала яна,
мая яшчэ трохгадовая дачка,
дакладна вызначыўшы:
белыя фігуры стаяць на белых клетках,
чорныя на чорных.
Пры гэтым чорным дазволена
быць удвох на адной клетцы,
што яны ўвесь час і рабілі.
Калі мы, згодна з гэтымі правіламі,
усё расставілі,
у паветры завісла нямое імгненне,
а потым, на вачах у агаломшанага войска белых фігур,
дачка сваім цацачным конікам,
звычайным, не шахматным,
разнесла ўпухавую з дошкі
сваіх чорных,
і толькі пасля гэтага
дабіла паралізаваных белых.
Чым часцей гуляеш
у шахматы з малым дзіцёнкам,
тым лепей разумееш
механізмы гісторыі,
вайны ды палітыкі,
нібы гуляеш з
непахісна-смяшліваю Доляю,
нібы гуляеш з
Богам,
якога шчэ не пускаюць
нават у дзіцячы садок.
Калектыў
(Колектив)
куды усё апалае лісце
ад ветру пабегла —
туды і я
пабег
Рыфмаваная паэзія лягчэй запамінаецца
(Римована поезія краще запам’ятовується)
Му-му-му-му-му,
Мі-мі-мі-мі-мі,
Ну-ну-ну-ну-ну,
Ні-ні-ні-ні-ні.
А яшчэ кажуць,
што рыфмаваную сілабатоніку
цяжка
перекладаць.
Размова падчас прыборкі
(Розмова під час прибирання)
пра што задумаўся?
ну я ж паэта
дакладна не пра яблык пад канапай
так ты паэта
акурат таму і павінен думаць
пра яблык пад канапай
Дыяхромнасць
(Діахромність)
Гэтыя наіўныя, прамыя, нягнуткія і моцныя
людзі, кніжкі, дні і думкі
называюцца чорна-белымі.
Што, вядома, лухта.
Лепей назваць іх чорна-рудымі,
як чорна-рудое — усё і ўсе, хто ў святле вогнішча,
паміж пагрозлівых крылаў лесу,
пад напарсткам зорным,
у пакорнасці імперыі вадзяных пахаў.
Так, чорна-рудое ўсё пры святле вогнішча і ўсе,
а навокал вогнішча ўсе звычайна ж —
героі высокія,
ахвяры, расчаўленыя да памеру грыбоў,
спакушальнікі і пачвары,
з чорна-рудымі абліччамі,
Адухоўленыя;
Няма паміж імі цяплюткіх,
а калі й трапіцца назіральнік, што знерухомеў —
дык абавязкова святы ці мудрэц.
Памятаеш, як яно
ў чорна-рудых праменях побач з вогнішчам?
«Памятаю, вядома.
Калі ласка, дастань сваё чорнае сэрца
і абгарні ў рудое
валоссе маё».
* * *
(як хмара у сонячний день...)
як хмара ў сонечны дзень
рэкламуе лясок на ўзвышшы
так і камар
прарэкламаваў
твой маленькі пальчык на назе
амаль незаўважны
да сёння
Александрыя. Парк памераў
(Олександрія. Парк розмірів)
Цёплая зіма і халодны парк.
У лагчыне на вапняку
У расталым лёдзе
Дзяўчо варыць жэрдкаю чорны боршч.
Гукаў саставы лянівыя
Летуценна ў каланадзе йдуць,
Сосны расправілі крылы савіныя,
Не даюць пазразаць калонаў сваіх верх.
Вось структура вады,
Рызома палянаў,
Шчасцяў і нешчасцяў чаргаванне —
Яны гуляюць у бадмінтон
Праз рэчку, праз плот —
Ці ёсць сэнс заўзець?
Падносіць валанчык?
Вечныя ваганні тых, хто не ў гульні.
Ціхі акіян жвіру. Новая кніжка пахаў.
Дзяўчо варыць жэрдкаю чорны боршч.
Можа, будзе пелікану на калоне
Чым гадаваць дзяцей.
Ад кітайскага маста
Невядома куды ляціць пярсьцёнак долі.
Па-над зменлівымі рытмамі клавіятуры у самшытах,
Над паркам памераў, над паркам рытмаў.
* * *
(Цивілізація...)
Цывілізацыя —
вагіна амфітэатру,
дзе зараз пакуль што не льецца кроў,
не падаюць песні,
дзе сілаў не напіваюцца
блізкія, нібы поўнач, духі.
Тут зараз іншае,
тут зараз паўза,
і ў ёй, прычэпленая да цішы ночы,
гайдаецца свечка ў клетцы.
Гайдаецца і аганёк.
паглядзі, як міла ён
ледзь абганяе амплітуду клеткі.
Ты глядзіш, і свечка
таксама глядзіць на цябе,
ты сумняешся, пра што запытацца, і прапускаеш чаргу,
а яна —
яна чамусьці запытвае,
калі і як
пачынаюць пужаць ракіроўкі,
прапорцый змены,
змены колераў.
Чаму жахае чацвертае вока
на падбароддзі?
Рот на патыліцы?
Над сінім полем чорнае неба?
Не кажучы пра мазгі, апрастаныя ад чарапной клеткі.
Ты зноў прапускаеш ход,
цябе ад свечкі аддзяляе
толькі клетка, што маятнікам ходзіць,
падобная да свядомасці.
Што ж, і свядомасць адкідвае
прыгожы цень у сетачку,
нічым не горшы за цень клеткі
і свечкі
на схілах усё яшчэ ціхай
вагіны амфітэатра.
* * *
(жовтий чобіт...)
жоўты чобат
мой жоўты чобат
і раней вядома быў жыццядайным сімвалам
сусветным яйкам абутым на нагу
але цяпер
прыйшлі сейбіты-дэкламатары
накідалі пшаніцы
два зярняткі ўпалі на
жоўты чобат
і за ноч пачалі прарастаць
проста на мыску
і цяпер
наогул
цяпер я хадзячы
культ урадлівасці а
жоўты чобат
свеціць нават скрозь густы туман
калі на зямлю Божая дарога падае
прыхоўваючы ў левітацыі кропель
абліччы звярынца
свеціць чобат
свеціць жоўтае поле на назе
забыў зацеміць
верш мае назву
«Жоўты Чобат»