late evening blues

сучасная украінская паэзія, вершы па-беларуску, украінская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

late evening blues

ах якімі былі мы дурнымі й вясёлымі!
як усё нам давалася проста бяз высілкаў!
цэлы сьвет заваёўвалі як навасёлы мы
абжывалі прастору па самыя выселкі

як нічога ня знаеш усё можа радаваць
абыходзілі зь лёгкасьцю правілы строгія —
нат дзявятая брама і сёмая запаведзь
нам тады не здаваліся перасьцярогамі

пахкі гай алеандравы далі сунічныя
расьцьвіталі нібы нам выключна прызначаны
пробліск шчасьця вандроўніка і паляўнічага
мы ўважалі за нашу здабычу і спадчыну

толькі шчасьце здабытае — шчасьце забітае
не ўзьляціць угару не паскача галопам
застаецца нам смага адно ненасытная
бо заўсёды й паўсюль усяго недахоп нам

адамкнулі дзявятую браму дзясятую
а за ёю — ізноў турнікеты і дзьверы
разабраліся зь сёмай і восьмай пячаткаю
ну й чаго нам яшчэ? і куды ўжо цяпер нам?

ах якімі былі мы! ох што з намі сёньня!
ах і ох ох і ах для нас мантрамі сталі
адцьвітаюць бяз нас у маркоце бясплённай
алеандравы гай і сунічныя далі

zoom

гэты дом паўстае над тэрмальнымі водамі
на скале дзе заўжды зелянее трава
тут дарог не відаць, нават сьцежка ніводная
не адолее горны круты перавал

сонца кідае косы пагляд на паляну
дзе сутоньню глыбокаму наперакор
посуд так і стаіць на стале непрыбраным
хоць нікога жывога ня бачна вакол

толькі кірлі над ім мэдытуюць на ветры
ім згары ўсё відаць — берагі акіян
як гусьцее смугой стаючыся паветра
і паўзе між каменьня вячэрні туман

і скала, і будынак відочныя кірлям
і драбнюткаю сольлю пасыпаны стол
і пад ёй незавершаны шэраг чарнільны
незнаёмых
чужых
неразгаданых
слоў

after dark

уначы тут чуваць скрушны енк нябачнага птаха
сьвет яго беспрасьветна цёмны глухі парожні
мэтадычна і роўна гучыць той птушыны ахуй
безвыходнасьць такая што мусіць тычыцца кожнага

ён бранхітна сьвісьціць у грудзях пракураных бога
рэжа цішу нібы шчарбатыя ржавыя лёзы
я жыву тут даўно ды ніколі ня чуў такога
я даўно тут ня быў такі непапраўна цьвярозы

толькі лепш гэты сьвіст чым рулёны ранішняй прэсы
лепш такая журба чым штодзённыя сьпісы забітых
можа гэта й ня сьвіст а хутчэй лебядзіная песьня —
знак што сьвет разам зь летам ужо на парозе нябыту

толькі сутнасьць ня ў гэтым сутоньне ўсе сутнасьці тоіць
і ня так ужо важна хто там вагары націскае
на «to be ці ня быць» я сказаў бы што лепей другое
сьвет пачаўся са слова то хай хоць са сьвістам сканае

wait-wait-wait

маўчаньне ягнятаў на горнай сьцяжыне
туман даліною і ярам туман
чаканьнем пякучым каб быў не нішчымны
прыпраўлены жніўня дурман

фантомныя болі і рызыкі фактар
на чвэрць апусьцелы цярпеньня пацір
па лiнii лёсу праехаўся трактар
і лінію сьмерці правёў як пункцір

на ўсходзе — садом і на захадзе — ступар
і месяц у штопар і сонца за ім
на дне філіжанкі пакінуты цукар
і горкая роспач ва ўсім

чаканьне ёсьць прыступам вострай надзеі
што вецер спатканьне насустрач нясе
што ў першай жа сцэне апошняе дзеі
сустрэнецца ўсё нам і ўсе

ды ў кожным чаканьні — чаканная здрада
закон спадзяваньня як самападман
па ўсёй тэрыторыі божага саду
туман даліною і ярам туман

трансгрэсія

(трансгресія)

не бяжы форэсьце не бяжы
пачакай лола не гані
што за кайф бегаць удоўж мяжы
назаўжды ня вырваўшыся з гульні

я таксама бег колькі мог
і пакуль ня ўпаў — уцякаў
што было ўва мне — не зьбярог
тых хто быў у мяне — разагнаў

я цяпер ляжу — не чапай
у зямлю пусьціў карані
ды зь мяне не паўстане гай
і ня вырасьце куст ані

бо расту ня ўглыб і ня ўшыр
бо расту хіба ў нікуды
бо нішто мой арыенцір
за мяжою цьвердзі й вады

не бяжы форэсьце — пастой
не ляці лола бо крыл шкада
стане сьвет як некалі свой
не эфір ня цьвердзь не вада...

як растане сьвет бы падман
як усё разьляціцца ўшчэнт
«Run, — скажу тады, — Forrest! Run!»
«Rennt, — скажу тады,— Lola rennt!»

simple pleasure

а пайду я бадай — мне рабіць тут няма чаго
сузіраць гэта ўсё і балюча, і моташна
хоць адчаю ды шчасьця тут роўна прадбачана
доля волі й бязвольнасьці ўзважана хораша

а пайду я бадай — я гатовы да выхаду
без прамоў і пасьведчаньняў шуму ня робячы
ды ўсё-ткі дыктатам прымушаны дыхаю
я ў гушкалцы вечнай між шчасьцем і роспаччу

жыцьцё — незьнішчальная злая бясконцасьць
а сьмерць — неахайная служка няўвішная
я зь імі дзьвюма задаўбаўся ўжо — досыць!
я зь імі ўжо тут нарабіў столькі лішняга!

а пайду я бадай
хутчэй перарваць бы
гэты спадчынны цуд
прысьнёную дурасьць
тут кажуць яшчэ мае быць афтэрпаці
але безь мяне ўжо
прашу вас
прашу вас

genetic hero

ніхто пра сапраўдных ня чуў герояў
адно пра шаленцаў якія ў модзе
сапраўдныя не падрываюць устояў
іх учыніць не прымусіш подзьвіг

на амбразуру ня будуць кідацца
і не ратуюць з агню нікога
і не будуюць муроў бажніцы
і не гавораць ад імені бога

не сьцерагуць філязофскі камень
не расшыфроўваюць тайных знакаў
ціха жывуць сабе недзе між намі
як непародзістыя сабакі

героя лёгка пазнаць паводле
неўсьведамленьня геройскай ролі
гэтак бывае амаль заўсёды —
доля хавае сваіх герояў

і беражэ ад мутацый шкодных
іхных генаў скарб неацэнны
героі сапраўдныя адыходзяць
у будучыню адразу са сцэны

ды ўжо і

(та й вже)

вырасьлі дзеці зьніклі наведнікі
з блізкіх хто сьпіўся хто ўцёк а хто ёбнуўся
строіць стараюся з гэтага кепікі
але й бязь сьлёз не выходзіць напоўніцу

не пазнаю сябе ў люстрах па меры як
маска зрастаецца з тварам патрошачку
зрок нутраны яшчэ поўніцца вераю
але як сьню сустракаю нябожчыкаў

я паглынаю сьвятло і паветра
воды і землі вакольныя травы
я разрастаюся быццам павер’е
нават валодаю ўласнай дзяржавай

там сьлімакі з цвыркунамі й цыкадамі
ціхімі рытмамі ноч разьвярэдзілі
я распускаюся так мо і правільна
вырасьлі дзеці зьніклі наведнікі

all that jazz

хрыпіць саксафон са старога вінілу
ў пачатак адкручвае часу сьпіраль
і гук яго ліпкі зацёрты лянівы
паўзе як сьлімак у мінуўшчыны даль
тут не сантымэнты і не настальгія
а проста нэйронаў закінуты шлях
так ледзьве відочныя вулкі крывыя
прачнуцца зьнянацку ў туманных агнях

з імглы праступаюць забытыя твары
іх крокі чуваць мне і галасы
і ўсё так рэальна бы ў сьне альбо мары
і глуха гудуць сарцавыя басы
і трэмала клявіш шчымліва трапеча
і чыстым глісанда адказвае сакс
і блюз гэты ў сны пранікае штовечар —
усё неаспрэчна і ня проста так

згарнуўся клубком на вінілавых жорнах
у кола замкнуты сьпіралевы час
і круціцца круціцца сном бела-чорным
увесь той рыпучы затраханы джаз
стрымае дыханьне сухотны маэстра
каб кода сышла на пранізьлівы піск
ды тэму пачнуць ад нуля ўсім аркестрам
і ўзыдзе як сонца вінілавы дыск

old lovers

сьвет і бог навек разьвітаюцца
быццам даўнішнія каханкі

...доўгі цень паўзе па фіранцы
і зьнікае ў сьвятле ліхтарным
так нязручна ўсё й недарэчна
і хвіліны гадзінамі цягнуцца
быццам двое чакаюць трэцяга
каб той выправіў сытуацыю
на стале задыхаецца свечка —
недарэчны агарак рамантыкі
бо ў адчаі зьнікае вечнасьць
і любоў разьвязалі як бант які

так нязручна ўсё й недарэчна
прасьцірадлы волкія мулкія
раскіданыя ў сьпеху рэчы
да парогу праклалі вулку
сны ледзь бачныя ў шчыльным дыме
абарвуцца сынхронна ўранку
і прачнуцца яны чужымі
не сябры і ўжо не каханкі
дакрануцца сухімі губамі
і з палёгкаю кінуцца бегчы...

так і бог разьвітаецца з намі
пазьбіраўшы з падлогі рэчы

premonición

прадчуваньне любові як прадчуваньне вайны —
страх
баявая трывога
гендэрны поезд да зброі
ды вайна пакідае шанс
што хоць нехта выйдзе жывы
а каханьне не пашкадуе
ў сьпіс ахвяраў трапяць абое

à la guerre comme à la guerre:
хош — забі
хош — бяжы
хош — памры
пашанцуе — жыві
з удзячнасьцю за інваліднасьць
а каханьне
кажуць
трывае
самабольшае гады тры
і спачатку выносіць мозг
а пасьля ўсё што можа вынесьці

па вайне застаюцца руіны —
па каханьні выжара й пустэльня
пасьля яго ўжо чамусь
ніхто і ніколі
ніяк і нікуды
ды як прыйдзеш з вайны
то здымаеш крыжык нацельны
і чакаеш каханьня так
бы ў дзяцінстве чакаюць цуду

*premonición (гішп.) — прадбачаньне

бінарнасць

(бінарність)

мы ўвайшлі ў міжсэзоньне як пара дзяцей
заблукаўшы ў лясах між нязвыклае флёры —
двухгаловы ў чатыры нагі адысэй
уладар непакорны пустых калідораў

паасобку падобныя мы да людзей
але разам мы — монстр ненажэрны і хіжы
між сэзонаў і зон нас ня знойдзеш нідзе
а калі нават знойдзеш наўрад ці апішаш

бо няма такіх назваў і словаў няма
і ніхто ярлыкоў шчэ на нас не навесіў
спрабаваць нас злавіць — намагацца дарма
мы — нябачнае зло безыменнага лесу

мы ў чатыры рукі заграбастваем жар
і падвойным агнём выбухаем адразу
між удыхам і выдыхам наш каляндар
між уваходам і выхадам наш анабазіс

да чаго і куды б сьцежка нас ні вяла
мы зьнікаем, хаваемся ў пушчы глыбокай
застаюцца прымятыя зёлкі й зала
і на два галасы разьлягаецца моўкнасьць

Цалкам кніга Юрыя Іздрыка «Папяросы» ў перакладзе Алеся Плоткі рыхтуецца да выданьня ў выдавецтве «Галіяфы».

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Я ўжо не пішу вершаў
вершы — гэта лухта
Аднойчы адна жанчына мне сказала,
а мы, тыя, што ня пішуць,
нам што рабіць
Як выгаварыцца

Пераклад:
Макс Шчур

відавочна
што з нас аднойчы будзе
яшчэ адно пакаленьне бацькоў

якія ня ведаюць пра сьвет

ні халеры

Пераклад:
Алесь Плотка

добра
што мяне тут ніхто не ведае
пагана
што ўсе хочуць даведацца
хто я

Пераклад:
Алесь Плотка

У дзяцінстве ў мяне была кніжка з малюнкамі
там лісіцы былі і фазаны
такія ж, як тут

Гэта зона баявых нагадвае мне месцы,
што адышлі з гісторыяй

З сырой хаты вунь той
хутка выйдзе нябожчык дзядуля
і пакліча з сабою